реклама
Бургер менюБургер меню

Кир Булычев – Выкраданне чарадзея (страница 65)

18

— А які цяпер час? — спытала, як бы апамятаўшыся, я.

— Другая гадзіна ночы...

— Ой, і праўда ж, — спахапілася я, што заседзелася. — Заўтра ж на працу...

Я паднялася, каб пайсці. І трэба ж — акурат на набярэжную, куды мне трэба было кіравацца, вывалілася аднекуль вялікая шумная кампанія падлеткаў. Я ўявіла на хвіліну, што яны могуць са мною зрабіць, калі траплю ім на вочы, — адна, у бязлюдным, амаль неасветленым парку, — і ад страху міжвольна сцепанулася.

— Можна я правяду вас, — паслужліва прапанаваў, быццам прачытаўшы мае думкі, незнаёмец.

Я паглядзела на яго больш уважліва — здаецца, нічога такога не было ў ім, каб баяцца, — і кіўнула галавою, згадзілася. І мы — я і незнаёмец, — не падымаючы адно на аднаго вачэй, паволі пайшлі насустрач шумнай кампаніі. Як толькі мы наблізіліся да падлеткаў, адзін з іх, расхрыстаны, кудлаты, убачыўшы мяне, закрычаў:

— Хлопцы, і шукаць нікога не трэба! Адной на ўсіх хопіць!

Мой праважаты імгненна змяніўся з твару. І не паспела я згледзець, як ён апынуўся ля крыкуна. Схапіў яго загрудкі, калатнуў, ды так, што аж нешта ў кішэнях у таго зазвінела — няйнакш манеты.

— Ану, смаркач, — прашыпеў ён, — прабачэння прасі!

І той, даволі рослы і, па ўсім відаць, дужы, спартыўнага складу падлетак, нейк ураз зніякавеў.

— Я пажартаваў, — залапатаў, вінавата заўсміхаўся ён. — Даруйце, перапіў...

Незнаёмец адпусціў крыкуна, вярнуўся да мяне. Я, каб не выглядаць выпадковай сустрэчнай, узяла яго пад руку, і мы пайшлі, не азіраючыся на кампанію. Кампанія таксама — а было падлеткаў чалавек з дзесяць, — прысаромленая, пайшла сваёй дарогай.

— Які вы смелы! — выказала незнаёмцу ўголас я сваё захапленне. (Прызнаюся, я марыла менавіта пра такога чалавека, калі думала, хто будзе ў мяне муж.)

— Ніякай смеласці тут няма, — сказаў незнаёмец. — Проста не люблю дрэні, не люблю, калі язык лішне распускаюць, п'яныя ці цвярозыя. Дарэчы, мяне завуць Анатоль Іванавіч, Толя...

— А мяне... Каця, — чамусьці засаромелася я.

— Ну вось, мы і пазнаёміліся, — як бы з палёгкай уздыхнуў Анатоль Іванавіч. — А то, на выпадак чаго, нават як зваць адно аднаго, не ведалі... Вы дзе жывяце? — спытаў ён, калі мы выйшлі з парку.

— Ды зусім блізка. Вунь там, у тым доме, — паказала я на дзевяціпавярховы дом, што бялеў па другі бок вуліцы.

— Адна?

— Так, адна... А што?

Анатоль Іванавіч збянтэжыўся, але на хвіліну, толькі на адну хвіліну.

— Гэта я... На ўсякі выпадак... І што — адгадаў? — усміхнуўся ён.

— Адгадалі, — усміхнулася і я.

Не, мне падабаўся гэты незнаёмец, што падсеў да мяне так нечакана на лаўку ў парку і назваўся Анатолем Іванавічам. І ад п'янай кампаніі падлеткаў абараніў, і... Прыемна было разам з ім дадому ісці. Асабліва калі пад руку я яго трымала — быццам з самым дарагім, блізкім чалавекам ішла. І расставацца... Не, не хацелася мне, ані не хацелася расставацца.

— Выбачайце, я затрымала вас... І паслухаць шум вадаспада... не дала... — прашаптала, павінавацілася я.

— Нічога, другі раз паслухаю... А што да затрымкі, дык я... Нікуды не спяшаюся.

— Вам што — хіба заўтра на працу не трэба?

— Я ў адпачынку.

— І нікуды не едзеце, у горадзе будзеце?

— Пагляджу, падумаю. Адпачынак мой толькі пачынаецца... Заўтра першы дзень.

— А вы... Пуцёвак ніякіх нікуды не бралі?

— Можа, яшчэ вазьму, паеду куды-небудзь. Гэта не ад аднаго мяне залежыць.

— А ад каго? Вы што — жанаты, сям'ю маеце? Ці, можа, маці, бацька старыя, нямоглыя?

— Не, я гэтакі ж адзінокі, як і вы. Зноў я здзівілася, аж плячыма павяла.

— Адкуль вы ведаеце, што я адзінокая?

— Не ведаю, а здагадваюся, — усміхнуўся Анатоль Іванавіч. — Калі б вы былі не адзінокая, не сядзелі б так позна на лаўцы ў парку. А каб і сядзелі, дык не адна...

Была, была логіка ў разважаннях Анатоля Іванавіча. Разумны, здагадлівы ён. І лішняга нічога сабе не дазваляў. Паводзіў, словам, не так, як іншыя мужчыны і хлопцы — не лез абдымацца, цалавацца, хоць быццам я першая ўзяла яго пад руку, вяла побач з сабою, і мне гэта падабалася. І не толькі гэта — сам Анатоль Іванавіч падабаўся. Інтэлігентны, далікатны, выхаваны. І разам з тым... Рашучы, смелы. «Такі ў крыўду нікога не дасць, — падумала я. — Вось бы бліжэй з ім пазнаёміцца... А потым... І замуж за такога выйсці». Анатоль Іванавіч быццам здагадаўся, пра што я думаю, пачуў мяне.

— Дык што, заўтра зноў сустрэнемся? — сказаў ён, правёўшы мяне ў пад'езд дома, дзе я жыла, і выклікаўшы ліфт.

— Дзе? — прашаптала я, ласкава акінуўшы вачыма Анатоля Іванавіча.

— Там жа, ля вадаспада, на лаўцы... Прыйшоў ліфт, і я ўскочыла ў яго, забыўшыся пажадаць Анатолю Іванавічу добрай ночы і падзякаваць... За ўсё, усё падзякаваць...

Назаўтра, ледзь змерклася, я заспяшалася ў парк. На маё шчасце, тая, як я яе называла, «мая» лаўка, што стаяла пад старымі таполямі і на якой я заўсёды сядзела, калі прыходзіла да вадаспада, была незанятая. І я, апусціўшыся на тое самае месца, што і ўчора, калі да мяне падышоў Анатоль Іванавіч, зноў, слухаючы, як мерна і быццам з сумам падае з вышыні плаціны вада, думала пра розныя касмічныя цуды, пра іншапланецян... Цікава, няўжо гэта праўда, што пішуць некаторыя вучоныя? Загадкавыя малюнкі і надпісы на вечках саркафагаў, што знойдзены ў самых розных месцах? Сляды гіганцкага касмічнага аэрадрома Наска? Намаляваныя — ну рыхтык касманаўты — у шлемах, з антэнамі — у пячорах, цэрквах, на скалах — людзі і разам з тым быццам не людзі? Дый гэтыя лятучыя неапазнаныя аб'екты — «талерачкі», — што час ад часу з'яўляюцца ў небе — іх бачаць лётчыкі і пастухі, жыхары вёсак і гарадоў? Больш таго — «талерачкі» гэтыя садзяцца на Зямлю, з іх выходзяць жывыя істоты, абмацваюць глебу, збіраюць каменні, ірвуць траву і ламаюць голле — няйнакш вывучаюць. І людзей, што здараюцца паблізу, з сабой забіраюць. Адных вяртаюць назад на Зямлю, а іншых... Цікава, няўжо самі тыя людзі на Зямлю вяртацца не хочуць? Ці іх... Не выпускаюць?..

Я падняла вочы, паглядзела на неба, на зоры, што іскрыліся, гарэлі ў небе. Іх, як мне здалося, было больш, чым нават учора, — тысячы, мільёны, мільярды...

«А што, — падумала я, — чаму гэта на адной нашай Зямлі жыццё магчыма, а на іншых планетах немагчыма? Тыя выключныя ўмовы, што стварыліся для нараджэння і існавання жыцця, маглі ўзнікнуць і ў іншых месцах. А калі так, то жыццё існуе і яшчэ дзесьці. І, можа, яно там на больш высокім узроўні развіцця. І калі мы толькі пачынаем асвойваць космас, то тыя, больш развітыя істоты, даўно яго асвоілі. І лятаюць да нас на Зямлю... Ды і ляталі... Вось чаму і сляды ранейшых прылётаў іншапланецян цяпер вучоныя ў самых розных месцах знаходзяць. А тое, што ў кантакты яны вельмі ж асцярожна з чалавекам уступаюць, дык гэта і не дзіўна... І мовы, відаць, не ведаюць, бо і не адна ж мова ў нас, а сотні... Дый хвароб нашых зямных, мікробаў баяцца... А можа, ім і не трэба асабліва ў кантакты ўступаць, тэхніка, навука развіты так, што і без кантактаў усё бачаць і ведаюць...»

Словам, задумалася я над рознымі касмічнымі праблемамі і зноў не заўважыла, калі да лаўкі падышоў Анатоль Іванавіч — у новым, яшчэ больш элегантным, як учора, касцюме, белай накрухмаленай кашулі, з «матылём» замест гальштука на шыі.

— Я вам не перашкодзіў? — спытаў ціха, амаль шэптам Анатоль Іванавіч.

— Ой, што вы, — узрадавалася я. — Сядайце, разам паслухаем шум вадаспада. Ды і пагаворым...

— Пра што? — неяк загадкава спытаў Анатоль Іванавіч. — Пра космас, іншапланецян?

І ўсміхнуўся, мабыць, убачыўшы, як мяне ўсю перасмыкнула — адкуль ён ведае, што мяне цікавіць, займае мае думкі?

— Зноў вы спытаеце, чаму я ведаю, пра што вы думаеце, пра што пагаварыць хочаце? Не здзіўляйцеся, космас хвалюе, займае цяпер не адных вас. Чаму? І пішуць пра гэта шмат, ды і... Быццам разняволіўся чалавек, крылы ў яго выраслі, увесь у палёце... Раней ён бачыў толькі тое, што ў яго пад нагамі было. Зямлю сваю бачыў. А цяпер, калі спадарожнікі розныя лётаюць, касманаўты, Месяц, планеты Марс і Венеру асвойваем... Думкі многіх скіраваны ў космас. Чалавеку, бачыце, няўтульна стала на Зямлі, цесна, адзінока, ён захацеў «общения» з іншымі жывымі істотамі, шматвяковы сум па іншых разумных жывых істотах раптам адчуўся з небывалай сілай... Яно і не дзіва. Раней чалавек верыў у бога, у нячыстую сілу, баяўся іх... А цяпер ведае: няма бога, няма нячыстай сілы... Усё матэрыяльна, ясна, ніякіх загадкавых з'яў... А калі нешта нейкае загадкавае з'яўляецца час ад часу, ён імкнецца пазнаць, вытлумачыць, навукова абгрунтаваць... Зямля асвоена, вось і імкнецца чалавек у космас, каб асвоіць і яго. І не без поспеху — за якіх некалькі дзесяткаў год зроблена многае. Інстытуты цэлыя, лабараторыі менавіта на гэта працуюць. І як, як, скажу вам, працуюць! Ніхто нічога не шкадуе — ні грошай, ні іншых сродкаў... На што-небудзь больш надзённае не хапае, а на космас... Усяго, усяго хапае... І вынікі... Вынікі, як вам вядома, ёсць... І яны будуць куды большыя, калі толькі сілы і розум усяго чалавецтва накіраваць на гэта — на асваенне космасу.

— Дык і трэба гэта зрабіць, — не ўтрымалася, падказала я.

— Хэ, — засмяяўся Анатоль Іванавіч. — Так не адна вы, а многія кажуць. І не толькі кажуць, а і хочуць. Але ж... Вы, пэўна, ведаеце, што ёсць сіла і антысіла, прыцягненне і адштурхоўванне, дабро і зло, любоў і нянавісць, жыццё і смерць... Вы калі-небудзь думалі пра гэта — чаму так?