реклама
Бургер менюБургер меню

Кир Булычев – Выкраданне чарадзея (страница 66)

18

— Не, — прызналася я.

— А вы падумайце. Можа, усё гэта знарок зроблена, з пэўным, так сказаць, сэнсам. Можа, каб чалавек у штосьці верыў і разам з тым баяўся? Вялікая сіла — вера. Але не меншая сіла і страх. І заўважце — заўсёды нехта прыдумваў на чалавека новую бяду, як толькі ён пазбаўляўся ранейшай, што яго мучыла. Ды і... Ураганы, землятрусы, вывяржэнне вулканаў, войны... Асабліва войны. Калі ў даўнія часы ваявалі чалавек з чалавекам, то потым пачалі ваяваць сям'я з сям'ёю, род з родам, паселішча з паселішчам, горад з горадам, княства з княствам, народ з народам, дзяржава з дзяржавай... А цяпер... Сусветныя войны. Пагражаюць ужо ўсім нам атам і вадарод, знішчэнне цывілізацыі, наогул усяго жывога на Зямлі і нават самой Зямлі... Што, усё гэта, думаеце, выпадкова? А можа, ёсць сіла, якая кіруе ўсімі дзеяннямі чалавека, не дае яму разняволіцца цалкам, аб'яднацца з усімі? Чалавек прыдумвае адно, а сіла тая зусім адваротнае... Раней усё добрае, казалі, тварыў бог, а нялюдскае, злое — чорт... Цяпер па-іншаму гэта называюць, але сутнасць адна — як толькі нешта прыдумае добрае чалавек, адразу ж быццам супрацьяддзе знаходзіцца. Прыклады? Вам прывесці прыклады?

— Не трэба, — адмоўна хітнула я галавою. — І так даволі. Дый сама я магу прывесці вам прыклады. Скажам, з тымі ж хваробамі. Як толькі адну людзі пачынаюць лячыць, новая, яшчэ больш страшная, узнікае. Але не пра гэта я хачу зараз гаварыць. Скажыце — няўжо і далей усё так будзе, як было?

— Што вы маеце на ўвазе?

— Ну, што ўсё тое самае будзе, што і было раней, толькі быццам у новых формах?

— Вядома. Інакш... Як толькі знікне сіла, знікне і антысіла, а значыцца, знікне і чалавек, жыццё. А так у змаганні, у барацьбе, яно і развіваецца, ад ніжэйшага да больш дасканалага, якаснага... Вы, відаць, чыталі ці чулі пра Вавілонскую вежу, як будавалі яе... Калі падняліся надта высока, адбылося між людзьмі неразуменне адзін аднаго. Запомніце — так будзе і далей. Паверце мне, не захочуць дапусціць, каб была поўная згода, узаемаразуменне між людзьмі, краінамі.

— Хто не захоча? — міжволі вырвалася ў мяне.

— Ну, тая сіла ці, правільней, сілы, бо яны выступаюцьу розных абліччах. Сутнасць жа іх адна — ім трэба трымаць чалавецтва ў пакоры, не даць людзям аб'яднацца, не даць, каб яны мірна жылі, думалі пра тое, пра што ім нельга думаць.

— Вы пачалі гаварыць трохі загадкава, я не ўсё разумею. Можна — ясней? — папрасіла я.

— Ясней? Што ж, — усміхнуўся неяк аж надта дабрадушна Анатоль Іванавіч, — давайце вернемся да таго, з чаго мы пачалі — з космасу, з іншапланецян... Калі вы верыце ў тое, што Зямлю наведвалі і наведваюць цяпер час ад часу іншапланецяне, дык вы думаеце, — з якой мэтай яны гэта робяць? Паглядзець на Зямлю, на людзей, і ўсё? О не! У іх ёсць мэты куды больш важныя. Ды і чалавек сам ці зямное стварэнне? А можа, ён прывезены з іншых планет? Ці бывалі вы калі-небудзь у лабараторыях вучоных — скажам, біёлагаў, батанікаў, хімікаў? Дарэчы, вы хто па прафесіі?

— Я... У бібліятэцы працую... Новыя кнігі, што паступаюць, апрацоўваю... Нумары стаўлю, картачкі запаўняю...

— А-а, цяпер я разумею, чаму вы чытаеце, не прапускаеце нічога, што пра космас пішуць. Дык паслухайце мяне, таварыш Каця. Вучоныя ў лабараторыях разводзяць у колбах розныя мікробы і мікраарганізмы, як, скажам, людзі на фермах кароў, свіней, курэй... А ці не здаецца вам, што і нас, людзей, нехта гэтак жа разводзіць па Зямлі? І над намі, людзьмі, таксама праводзіць розныя эксперыменты, вопыты?

— Пра гэта я не думала, — чамусьці спалохалася, ах сцепанулася я.

— А вы падумайце. Падумайце і яшчэ пра адно — ці не тыя ж іншапланецяне гэта робяць?

— Навошта ім гэта?

— А гэта ўжо іншая справа, мы не можам пра тое меркаваць, як не могуць меркаваць і мікробы, навошта іх разводзяць вучоныя. Мэта, вядома, ёсць, але мы яе не ведаем, не здольны пакуль што ведаць — вось у чым загвоздка. І робіцца ўсё, каб гэтага мы і не ведалі. Можа, дзеля вопыту, эксперыменту якога... А можа — тыя разводзяць нас і дзеля іншага, скажам, як мы разводзім кароў, свіней, птушак розных... І не цела ім наша трэба, а інфармацыя, вопыт, веды нашы? Бо ўсё ж у чалавеку так зроблена, каб працавала на набыццё вопыту, інфармацыі, ведаў. І калі чалавек памірае, не можа быць, каб набытае за жыццё проста так гінула. Прырода вельмі эканомная, і каб тое, дзеля чаго жыў, уласна, чалавек, знікала разам з яго смерцю?.. Не думаю. Раней казалі, калі чалавек памірае, астаецца жыць яго душа. У індусаў — душа пераходзіць жыць у іншыя жывыя істоты, у іншых народаў — яна раствараецца ці ляціць на неба. А можа, гэта... Вопыт, інфармацыя, веды ўлятучваюцца? Жывёла, птушкі ды і мы не ядзім усё, што расце на зямлі, як правіла, выбіраем зярняткі. А можа, і самае каштоўнае і ў нас — тыя ж зярняткі — інфармацыя, вопыт, веды паступаюць кудысьці, хто іх збірае ці харчуецца імі, га?

— А створанае чалавецтвам — адкрыцці розныя, кнігі, кіно, тэатр, радыё, тэлебачанне? — задумалася я.

— Гэта дробязі, яны даюцца чалавеку, каб ён бавіў час, трохі весялей жыў, не думаў пра сваю смерць. Бо калі і гэта ў чалавека забраць — надта ж сумна будзе яму жыць, смерці чакаць. Ды і часу будзе шмат, каб думаць. А робіцца ж усё, каб чалавек менш думаў якраз пра незямное і больш — пра зямное.

— Паслухаеш вас... — паглядзела я з недаверам на Анатоля Іванавіча. — Дык і жыць не захочацца.

— Зямным — так. Але ж ёсць жыццё — вы верыце ў тое — не зямное. Вось бы туды як-небудзь пранікнуць, паглядзець, што там? Ды і на Зямлю, на людзей паглядзець як бы збоку, га? Што, можа, скажаце, не хочацца таго? І не толькі вам гэта хочацца. А многім. Таму і касмічныя караблі будуюць, таму і палёты ў космас пачалі...

— І што, тое, што вы сказалі... Ну, на Зямлю, людзей як бы збоку паглядзець... Магчыма?

— Не ўсім. Адным магчыма, другім не. Некаторыя ж... І цяпер гэта могуць зрабіць.

— Як? — Я аж з лаўкі падхапілася. — Хто гэтыя некаторыя? І вы... Што вы пра іх ведаеце? Ды і... Хто вы?

— Вам заўтра на працу рана ісці, — напомніў Анатоль Іванавіч, таксама падымаючыся з лаўкі. — Таму... Спынім на гэтым сёння размову, адкладзём на другі раз.

— На калі? — спытала я.

— На калі хочаце.

— А вы не едзеце нікуды з горада?

— Пакуль не.

— Тады... Давайце заўтра сустрэнемся. Тут жа, — сказала, прапанавала я.

— Добра, заўтра дык заўтра...

Анатоль Іванавіч узяў мяне пад руку, зноў правёў да таго дома, дзе я жыла, упусціў у ліфт і... Мы рассталіся.

Назаўтра, як толькі змерклася, я зноў заспяшалася ў парк. Анатоль Іванавіч гэты раз апярэдзіў мяне — ён ужо сядзеў, над нечым глыбока задумаўшыся, на лаўцы пад старымі таполямі, калі я прыйшла на набярэжную. Зноў было цудоўнае цёплае надвор'е, выплыў месяц, ды і зоры надта ж густа высыпалі — быў жнівень месяц, а ў жніўні, як вядома, заўсёды ярка свецяць зоры. І многа іх — быццам усё неба імі вышыта, праколата, расквечана.

— Пра што вы задумаліся? — спытала я, набліжаючыся да лаўкі, дзе сядзеў Анатоль Іванавіч.

— Ды ўсё пра тое ж, — усміхнуўся, як мне здалося, трохі стомлена Анатоль Іванавіч. — Вы задалі мне ўчора некалькі пытанняў, на якія я вам не адказаў, бо пазнавата было. Ды і... Не ведаю, ці варта вас спакушаць далей гэтымі... іншапланецянамі... Можа, лепш з вамі павесці размову пра больш зямное, патрэбнае вам. Вы ж... — паглядзеў ён на мяне, — такая маладая, прыгожая... Вам радавацца, жыць зямным трэба...

— Але я не знаходжу радасці ў зямным, — прызналася я. — Начальніца ў мяне... Вы б ведалі, якая мегера. Ад мужчын, з якімі я сустракалася, на кіламетр нясе цыгарэтамі, гарэлкаю... І кожны глядзіць на цябе, каб хутчэй... Словам, узяць, што яму трэба. Ды і ў крамах, на вуліцы, у кіно... Не тое... Раздражняюся толькі, злую... Ніхто мяне не разумее...

— А тыя, іншапланецяне, думаеце, зразумеюць?

— Не ведаю. Але... Хацелася б, каб зразумелі. Бо тут, на Зямлі... Мяне некаторыя дзівачкай называюць. Увесь час я адна, з кнігамі, картачкамі... Уся і радасць, што на лаўцы вось тут, ля вадаспада, пасяджу. Ды цяпер вось з вамі душу адводжу...

— Ну, калі так... Але ж, — задумаўся на хвіліну Анатоль Іванавіч, — я мушу вас папярэдзіць... Ва ўсякім выпадку з майго боку было б злачынствам, каб я гэта не зрабіў... Словам, тыя, хто ўступае ў зносіны з іншапланецянамі, космасам, парываюць сувязь з Зямлёй, ім на Зямлі няма чаго ўжо рабіць, нецікава... Гэта лішнія людзі тут, усё зямное іх не хвалюе...

— Я, здаецца, вам казала ўжо, што мяне і цяпер мала што цікавіць і хвалюе. Пра космас жа, іншапланецян я магу чытаць і думаць, правільней, мроіць гадзінамі, суткамі, — прызналася я.

— Што ж, тады... Давядзецца мне скарыстаць свае сувязі, да сяго-таго пад'ехаць, з сім-тым пагаварыць. — Анатоль Іванавіч памаўчаў, падняў вочы, паглядзеў неяк загадкава і сумна-сумна на мяне. — У вас круціцца на языку, зноў вы хочаце запытаць, хто я? — сказаў ён з усмешкаю.

— Так, вы адгадалі мае думкі, — кіўнула я галавою.

— Я ўчора абяцаў вам адказаць на ваша пытанне. І адкажу. Выбачайце, што адкажу не адным словам. Справа ў тым, што я хачу, каб вы мяне зразумелі. Дык вось, паслухайце... Я вам гаварыў, што тыя, хто над намі, у чыёй поўнай уладзе мы, — помніце, як мікробы ў колбе! — зацікаўлены трымаць нас у поўнай пакоры, каб мы рабілі толькі тое, што ім трэба. А мы, людзі, імкнёмся да самастойнасці, бунтуем, выходзім з падпарадкавання. І каб такое не здаралася, а калі і здаралася, дык не часта, яны, тыя, умешваюцца ў наша жыццё, некаторых мецяць... І гэтыя, мечаныя, быццам іхнія людзі — пранікаюць у лабараторыі вучоных. Ды і ў іншыя арганізацыі, установы... Словам, усюды, дзе ёсць нейкія чалавечыя згуртаванні. Іх задача — не даваць, каб сярод людзей быў лад, мір, была згода, сварыць, натраўляць адзін на аднаго, зрываць тое, што задумана, падбухторваць дурняў супраць разумных... Раней казалі: чорт, нячысцік у яго ўсяліўся ці — чорт, нячысцік паблытаў... І недалёка ад ісціны былі, бо гэты самы чорт ці нячысцік усяляецца то ў аднаго, то ў другога, ён то сварыць, то мірыць, пакуль не дамагаецца таго, што тым трэба... Ды гэта — папраўкі па ходзе, карэктывы, што ўносяць тыя, што над намі... А ёсць жа сярод людзей мечаныя, у задачу якіх уваходзіць увесь час зрываць усё, што мяркуецца ці плануецца іншымі, шкодзіць, сварыць. Няшчасныя гэта людзі! І галоўнае — яны самі не разумеюць, хто яны, чаму такія. Адны называюць іх зайздроснікамі, другія — няўжыўчывымі характарамі ці проста паганымі людзьмі... А гэта — мечаныя, праз каго тыя, што над намі, праводзяць свае ідэі, свае планы...