Кир Булычев – Выкраданне чарадзея (страница 63)
Кажуць, чалавек хутка да ўсяго прывыкае. Асабліва да добрага. І Пятро прывык. Ды так, што і як жыць па-іншаму не ўяўляў. Дзіўным нават здавалася — як гэта чаго-небудзь хацець і не мець? Сутыкнуўся з гэтым ён яшчэ ў школе, калі Лінін ухажор — таксама дзесяцікласнік, толькі з паралельнага класа, неяк падышоў да яго, Пятра, і быццам папрасіў:
— Не збівай з тропу Ліну... Табе што?.. А я яе... З маленства, можна сказаць, ведаю...
— Дык і што? — не зразумеў, здзівіўся Пятро.
— Але ж ты зачмурыў ёй галаву...
— Зачмуры ты...
— Яна ж адна... З двума... Не можа яна...
Вось тады і задумаўся Пятро. Ну рэчы, няхай... Яны могуць быць аднолькавыя. Як пеналы тыя ж з алоўкамі, што прывёз з Нямеччыны бацька Косці Верамейчыка. І кожны, каму што падабаецца, можа набыць сабе, купіць. А як быць з дзяўчынаю, калі яна падабаецца і табе і некаму яшчэ?.. Ды... Не аддаваць жа Ліну таму, каму яна таксама падабаецца. І Пятро не аддаў. Наадварот, яшчэ больш зблізіўся з ёй. А на трэцім курсе ўніверсітэта і зусім жаніўся, узяў яе сабе ў жонкі. І добра зрабіў, не памыліўся. Пра такую жонку, як Ліна, толькі марыць можна. Усё, усё ў ёй Пятру падабалася, ні ў чым ён не бачыў, не знаходзіў заганы. А галоўнае, слухмяная яна, нават у дробязях не пярэчыла мужу, выконвала ўсе яго жаданні. І казаць нічога не трэба было. Варта падняць вочы, паглядзець — яна ўміг здагадвалася, што трэба.
— Хвіліначку, зараз, — казала яна, і тое, што яму хацелася, тут жа з'яўлялася.
І прыгажуня, якая прыгажуня! Валасы светлыя, ільняныя, вочы — блакітныя, вусны — поўныя, сакаўныя, што вішні. І сама зграбненькая, станістая, нічога нідзе лішняга няма. Думаў, калі народзіць дзіця, — зменіцца, распаўнее. Аж не. Быццам і не раджала — асталася такой жа, як і да родаў была. Ані не змянілася. Ні знешне, ні ў характары. І дзіцё — маленькая кволенькая Наташка — нічога, здаецца, у сям'ю не прынесла іншага, акрамя радасці. Асабліва жонцы — нудзілася ж яна адна дома, без працы седзячы. Бо ён, Пятро, заняты ўсё быў, вечна са сваімі лічбамі ды формуламі важдаўся. А яна, Ліна, іншы раз рабіць не ведала што. А цяпер, з нараджэннем Наташкі, у Ліны свой клопат ды і занятак быў — то хадзіць, гаварыць Наташку вучыла, то ў дзіцячы сад, у школу вадзіла. Ды і ўрокі ж разам рыхтавалі, яду гатавалі, у хаце прыбіралі.
Калі ён, Пятро, дадому вяртаўся, усё, што б ні рабілі, кідалі, да яго беглі.
— Во, і татка наш прыйшоў, — радаваліся яны і памагалі яму і разуцца, і распрануцца. Потым вялі на кухню, кармілі. І расказвалі, расказвалі ўсё, што ўдзень у іх было, чым займаліся, куды хадзілі, якія адзнакі ў школе атрымалі. Зноў жа нічога ніякага не было такога, што б засмуціла ці з-за чаго б ён перажываў. Рабілі Ліна і Наташка тое, што яго радавала. Нават адзнакі са школы прыносілі толькі выдатныя.
— Зусім вы мяне разбэсцілі, — казаў, смяяўся іншы раз Пятро. — Поспехі, кругом адны поспехі... І ў мяне і ў вас...
— Так яно і павінна быць, — падтаквала мужу жонка, Ліна. — Хто дбае, той і мае.
— Яно быццам, — згаджаўся з жонкаю Пятро. — І ўсё ж... Не ва ўсіх усё так гладка, як у нас.
— Бо не ўсе такія, як мы, — усміхалася Ліна. — І ты ў нас малайчына, і Наташка во. Ды і я ж...
Ліна пачынала весела, бесклапотна смяяцца. Смяяўся і ён, Пятро.
Ад радасці, што ўсё ў іхняй сям'і ідзе на лад, ва ўсім ёсць толк, згода, поўнае разуменне...
І не заўважылі, як Наташка вырасла. Школу скончыла, ва ўніверсітэт паступіла. Не на матэматыку, вядома, хоць матэматыка і ёй давалася лёгка. З усіх навук і прафесій выбрала яна прыродазнаўства.
— Чалавецтва дасягнула ва ўсім небывалых поспехаў, — казала, пераконвала Наташка бацьку. — І поспехі якраз найбольшыя ў тэхніцы, фізіцы. Атам вунь рашчапілі, прыручылі. І ў будучым чалавецтва будзе імкнуцца абараніць усё жывое ў прыродзе, не даць, каб яно загінула. Гэта ў першую чаргу датычыць расліннага, жывёльнага і птушынага свету, вады, зямлі, паветра... Сёння мы не ўяўляем яшчэ, што чакае нас у будучым. Асабліва ў сувязі з адкрыццём энергіі атама... Таму ўся ўвага чалавецтва павінна быць накіравана зараз на захаванне таго, што створана прыродай і яшчэ не забруджана, не знішчана. І прыродазнаўчыя навукі вельмі ж перспектыўныя...
Пятро думаў над словамі дачкі. І згаджаўся з ёю. Сам жа быў вучоны і сёе-тое ведаў. І выбар дачкі ўхваляў.
— У разумных бацькоў — дзеці разумныя, — казаў ён.
Сярэднюю школу Наташка скончыла з залатым медалём, таму ніяіх складанасцей пры паступленні ва ўніверсітэт у яе яе ўзнікла. Ніякіх складанасцей не ўзнікла ў яе і потым, калі вучылася. Наадварот, ужо з першага курса яе заўважылі выкладчыкі, бо вылучалася яна сур'ёзнасцю, кампетэнтнасцю. Першыя навуковыя працы, што напісала Наташка, на студэнцкім конкурсе атрымалі прэміі і былі адзначаны дыпломамі...
Мела Наташка поспех і ў хлопцаў. Ад іх проста адбою не было, хадзілі за ёй цугам. Але яна выбрала сабе таго, хто ёй найбольш падабаўся, — вясковага хлопца, свайго аднакурсніка Язэпа. Язэп быў родам з Палесся, недзе з тых мясцін, што і Пятро. Бацькі ў яго былі звычайныя калгаснікі. Ды і сам ён знешне нагадваў калгасніка — быў сціплы, сарамяжлівы, нават гаварыць па-гарадскому добра не ўмеў і ўсё ж, як ні дзіўна, спадабаўся Наташцы. Не цярпела яна вышкаленасці, ведала, за знешнім лоскам часта хаваецца пустата. А ў Язэпа нешта было такое, чаго ні ў кога не было. Да таго ж ён пісаў вершы, быў па натуры паэт, рамантык...
І ў сваім выбары, як хутка пераканаліся бацькі, Наташка не памылілася. У Язэпа гэтак жа, як і ў Пятра Пятровіча, былі залатыя рукі. Ён хутка навучыўся вадзіць машыну, рамантаваць усё, што прыходзіла ў нягоднасць. Рослы, плячысты, з густым чорным чубам, ён рабіў уражанне на кожнага, з кім сустракаўся, хто яго бачыў. Вершы, што ён пісаў і даволі актыўна друкаваў, хваліла прэса. Так што з часам з яго мог вырасці і паэт.
— А Наташка разбіраецца ў людзях, — казаў, круцячы галавою, іншы раз жонцы Пятро Пятровіч. — Ведала, каго выбіраць, за каго выходзіць замуж.
А калі Наташка зацяжарала, а потым і нарадзіла ўнучка, Славіка, — бацькі і зусім былі на сёмым небе ад радасці.
— Ну і малайцы ж, ну і малайцы ж! — усклікалі яны, хвалілі і дачку і зяця.
Неяк сталася так, што чым далей жыў Пятро, чым рабіўся больш і больш вядомы, тым усё менш і менш бываў дома. Мала што праца адрывала, розныя сходы, пасяджэнні, дык забіралі нямала часу і грамадская работа, абавязкі, даручэнні, што так і сыпаліся адусюль. А паездкі? Іх было столькі, што хоць наймай каго, хоць разарвіся. То ў Маскву, то ў Ленінград, то ў Кіеў трэба, то ў іншыя гарады. Запрашалі на сустрэчы, канферэнцыі, «круглыя сталы» і розныя замежныя навуковыя ўстановы. Першы раз, калі паехаў у Балгарыю, было нават цікава. Хоць, здаецца, і не так далёка гэтая краіна ад Беларусі, і славяне там жывуць, аднак паглядзець было на што. І Шыпка, і старадаўнія манастыры і цэрквы, ды і прырода была зусім іншая — горы, укрытыя зелянінаю, вялізныя абсягі вінаграднікаў, сады... І людзі там надта ж дабрадушныя, ветлівыя, ласкавыя, асабліва калі даведваліся, што госці — з Савецкага Саюза. А ўжо калі аднойчы спусціліся ў «механу», дзе можна было і выпіць, і закусіць, і паслухаць старадаўнюю музыку, — і зусім быў развесяліўся Пятро...
За Балгарыяй была Амерыка. Адзін пералёт і то заняў амаль паўсутак. Прызямліліся ў Ню-Ёрку, у аэрапорце Кенэдзі. Сустрэлі яго і яшчэ двух вучоных, што разам з ім прыляцелі з Савецкага Саюза, амерыканскія калегі. І некалькі дзён быў Пятро быццам сам не свой — усё тут было інакшае, не такое, як на радзіме. Уражвалі архітэктура, дарогі, дысплеі, наогул дасягненні навукі і тэхнікі. Уражвала і багацце — чаго толькі не прадавалася ў крамах! І ўсё ў адмысловай прывабнай упакоўцы, на любы густ і за любыя грошы! Праўда, як хутка пераканаўся Пятро, багацце такое ў крамах таму, відаць, і сабралася, што не кожны мог усё, што хоча, купіць. Многія людзі ледзь-ледзь зводзяць канцы з канцамі. А ёсць і такія — і іх шмат, што і зусім галадаюць, — сноўдаюцца, як цені, па парках, скверах. Гэта — бяздомнікі... Дзіўна, але калі яны, савецкія вучоныя, сустракаючыся са сваімі амерыканскімі калегамі, пыталі, як гэта такое можна, каб, маючы такія багацці, людзі галадалі, тыя махалі рукамі, ат, маўляў, кожны жыве паводле сваіх грошай і так, як хоча... Усіх, маўляў, не пашкадуеш, усіх не навучыш, як жыць. Няхай кожны думае і дбае сам пра сябе...
За Амерыкай быў Парыж, потым Берлін, Варшава... З кожнай замежнай камандзіроўкі Пятро, як правіла, прывозіў сувеніры. І так удала іх выбіраў, купляў, што ўсе, хто бываў з ім, здзіўляліся. У спадарожнікаў заўсёды грошай не хапала, а ў яго яны заставаліся, іншы раз мяняў на свае, каб не мець на мяжы ніякіх непрыемнасцей. Калі што-небудзь падабалася яму, хацелася купіць, заўсёды выйсце знаходзілася — то, даведаўшыся, адкуль пакупнік, збаўлялі цану, то знаходзіўся ганарар за працу, якую ў гэтай краіне выдалі ці збіраліся выдаваць. Сам сабе аж не верыў, як шанцуе яму нават у замежных камандзіроўках. Не паспееш падумаць, як тую ці іншую рэч знайсці і купіць, а яна, як кажуць, ужо ў чамадане, дамоў едзе. Дарэчы, з пакупкамі прыкладна тое самае і дома, на радзіме, было. Як толькі нешта трэба, дык яно і з'яўлялася. То сам выпадкова купіць, то жонка дадому ці дачка, Наташка, прынясе. Таму ў кватэры Пятра Пятровіча ўсё было даведзена да ладу, падагнана па апошнім, як кажуць, піску моды. Па апошнім піску моды апраналіся і Наташка, і ён сам, і жонка, Ліна. Нават Язэп, зяць, і то з таго дня, як пачаў жыць у іх, апранаўся, бы дэндзі... Само сабой, вядома, была ў Пятра Пятровіча машына, свая, уласная, і службовая, была непадалёку ад горада драўляная двухпавярховая дача... Пры дачы былі гарод і сад, дзе чаго толькі ні расло! Справа ў тым, што Наташка выношвала ў галаве цэлую тэорыю, як чалавецтва з часам загубіць само сябе, забруджваючы, атручваючы паступова наваколле — паветра, ваду, яду... Таму на дачы іншых угнаенняў, акрамя арганікі, не прымянялі. Каб дагледзець па-належнаму сад і гарод, давялося наняць жанчыну з суседняй з дачай вёскі і садоўніка. Ды і сам Пятро, яго жонка Ліна, Наташка, а потым і Язэп не цураліся зямлі — таксама і з рыдлёўкай, і з капаніцай, і з граблямі завіхаліся. Была яшчэ адна слабасць у Пятра Пятровіча — з кожнай паездкі ён прывозіў нешта для сванго гарода ці саду — то дрэва, якое не расло ў Беларусі, то расліну нейкую, кветку. І рэдка што не прыжывалася ў яго. Таму не толькі чужым людзям, але і самім, самому было цікава пахадзіць па гародзе і садзе, паглядзець, як што і дзе расце. Ды і пакаштаваць на смак гародніну, садавіну, пачаставаць гасцей тым, чаго тыя яшчэ не бачылі, не елі... А гасцей у Пятра Пятровіча бывала нямала. І сваіх, мінскіх, калег па сумеснай працы і проста знаёмых, ды і тых, што прыязджалі з усяго, можна сказаць, свету. Сам Пятро Пятровіч ездзіў, і да яго таксама ездзілі... І рэдка хто, пабываўшы ў Пятра Пятровіча, пакідаў яго дачу ці дом, каб не здзівіцца, не пахваліць гаспадара і гаспадыню за гасціннасць, дабрыню. Бо што-што, а прыняць, пачаставаць гасцей Пятро Пятровіч умеў і любіў. Стол у яго сервіраваўся, як у самых шыкоўных рэстаранах. Былі там і ікорка, чорная і чырвоная, і сяўружка, асятрынка, і бялужын бок, і засмажанае проста ў вясковай печы парася, і... Ды лепш не пералічаць! І напоі былі і свае, і заморскія, прычым заўсёды самых лепшых гатункаў і ў дастатковай колькасці. Зноў жа — праблемы, якія існуюць у многіх — што-небудзь адмысловае купіць, дастаць, — у Пятра Пятровіча не існавала. Куплялася, даставалася ўсё неяк само сабой, лёгка, быццам нават выпадкова. І якраз тое, што трэба было ў тых ці іншых абставінах, умовах...