Кир Булычев – Выкраданне чарадзея (страница 62)
— Хі-хі, хе-хе, — хіхікаў нячысцік. — Вельмі проста. Вось немец цябе зараз згледзіць і стрэліць. І я... Хі-хі, хе-хе... Забяру тваю душу. Так, дарма. Яна ж, твая душа, немцу, можа, не трэба...
Немец зноў пайшоў, пацыбаў. І быў ужо зусім-зусім блізка. Нават дыханне яго — цяжкае, стоенае, насцярожанае — чуў Петрык. І быццам бачыў яго, Петрыка. Ва ўсякім выпадку так здалося Петрыку, калі ён падняў галаву, паглядзеў на немца.
— Ну дык як? — шаптаў, не адставаў нячысцік. — Жыць астанешся... Я праганю немца, не заб'е ён цябе... Маці знойдзеш. Вернешся дадому, у вёску. Канца вайны дачакаешся... У школу пойдзеш... Станеш вядомым чалавекам. Будзеш жыць так, што зайздросціць табе будуць...
— А далей? — скрозь зубы працадзіў Петрык.
— Далей... Паміраюць усе. І ты памрэш. А тады... Табе ўсё адно, дзе душы тваёй быць.
— А табе?
— Мне? О, чым болей у мяне душ, тым я багацейшы. Немец зноў спыніўся, яшчэ раз, цяпер пільней, уважлівей паглядзеў на выварацень. І націснуў на спуск — аўтамат рыгнуў агнём, кулі ўдарылі ў сухадрэвіну, з вываратня пасыпаўся сухі пясок, мох.
— Ну дык як, згода? — зашаптаў, быццам і сам спалохаўшыся стрэлаў, нячысцік. — Руку, руку давай... А то... Крыкну — і бясплатна душу тваю забяру. Чарга з аўтамата — і ты... Мёртвы, хі-хі, хе-хе...
І працягнуў сваю... Не, не, не руку, а лапу. З маленькімі чорнымі кіпцюрыкамі на пальцах, халодную, ліпкую... Нават не працягнуў, а як бы ўсунуў, улажыў Петрыку ў руку. І ён, не ўсведамляючы, што робіць — а можа, ад страху, немец жа зусім блізка стаяў! — сціснуў яе.
— Ну вось, даўно б так... А то... Хі-хі, хе-хе, — засмяяўся, захіхікаў зноў дробненька, але, адчувалася, здаволена нячысцік. — Глядзі цяпер, як немца я праганяць буду, цябе ратаваць...
І шустра скокнуў з-пад вываратня, бултыхнуўся ў ваду перад самым немцам, абдаўшы таго з ног да галавы пырскамі. Ад нечаканасці, жаху немец закрычаў, дзіка і па-вар'яцку прарэзліва, зноў пусціў з аўтамата чаргу.
Закрычаў, загалёкаў, але ўжо дзесьці зусім у іншым баку, у лазняку, і нячысцік.
Немец, відаць, не зусім цямячы, што здарылася, пастаяў яшчэ хвіліну-другую, выцер рукой вочы, твар і, павярнуўшыся, пацыбаў, як не пабег раптам назад, на лес, дзе было суха, чуліся галасы іншых немцаў.
А Петрык так і астаўся ляжаць ля вывернутай старадрэвіны.
«Ці не здалося ўсё гэта мне? — падумаў. — Немец... Нячысцік... Казак ад дзеда наслухаўся. Вось і ўявілася...»
Вечара, змяркання дачакаўся. А тады — дадому, у вёску, падаўся.
Маці, убачыўшы сына — жывога, здаровага, — схапіла яго на рукі, пачала цалаваць.
— А як жа гэта ты, сыночак, адстаў ад мяне? — плакала, галасіла яна. — І дзе, дзе ты быў, дзе хаваўся? Немцы ж па лесе хадзілі, людзей шукалі. І каго знаходзілі — забівалі, цесакамі рэзалі...
Петрык слухаў маці і не ведаў: расказваць ёй пра немца і нячысціка Карчоўніка ці... Лепш змоўчаць, ні ў чым не прызнавацца...
«Калі даведаецца, што нячысціку душу прадаў... Расстроіцца... А то і не паверыць, кпіць, смяяцца пачне... Скажа — якія цяпер чэрці...»
І не расказаў, не прызнаваўся, што адбылося там, у выгарах, калі хаваўся за старадрэвінай і проста на яго ішоў, цыбаў з аўтаматам у руках немец...
Ці то і праўда нячысцік — Карчоўнік — ва ўсім памагаў Петрыку, ці то сам ён урадзіўся такі шчаслівы — «у сарочцы», — аднак пасля той падзеі ў выгарах жыццё яго пайшло лёгка, без якіх бы там ні было непрыемнасцей і ўскладненняў. Немцы не прыязджалі больш у іхнюю вёску страляць і вешаць людзей, бо ў вёсцы спыніўся на пастой вялікі партызанскі атрад, Знайшоўся і Петрыкаў бацька — ён, як выявілася, быў камісарам гэтага партызанскага атрада. І ў перапынках між паходамі, баямі, калі вяртаўся дадому, у сваю хату, падкідваў высока, аж пад самую стоь, Петрыка, казаў:
— Ну і сынок, ну і малайчына ж расце ў мяне! Вось немцаў прагонім, як мы з табой зажывём тады!
Немцаў праганялі доўга. Было, што партызаны іх білі, было, што і яны партызан. Цэлы могільнік вырас на ўскраі сасонніку — там хавалі забітых у баях, а таксама тых, хто паміраў ад ран. Некалькі разоў спрабавалі немцы нападаць на вёску, хацелі вынішчыць партызан. Абстрэльвалі з самалётаў, з гармат. Аднак партызаны ўмела абараняліся. Нават пераходзілі ў наступленне. І ў рэшце рэшт прагналі немцаў — прыйшло доўгачаканае вызваленне.
Петрыкавага бацьку на фронт не ўзялі. Але не пакінулі і ў вёсцы — перавялі ў горад: там ён узначаліў спярша райком, потым вялікі завод. Пераехалі ў горад да бацькі і Петрык з мамаю. Пасяліліся ў камяніцы, хоць і ў маленькай, але ўтульнай кватэры.
Петрык пайшоў у школу. Ісам здзіўляўся, як лёгка яму давалася вучоба. Варта было паслухаць на ўроку настаўніка — і ў кніжку не трэба заглядваць, усё чысценька, да слова запамінаў. Навучыўся чытаць, пісаць, лічыць. Ды так, што ніхто з ім не мог ні ў чым зраўняцца. Сем класаў скончыў на пяцёркі. Ды і астатнія класы — восьмы, дзевяты, дзесяты — таксама на «выдатна».
— Гэта талент, незвычайны з яго вырасце чалавек, — казалі настаўнікі пра Петрыка бацькам. — Што ні даручыш, за што ні возьмецца — зробіць!
І праўда, не толькі галава была светлая ў Петрыка, але і залатыя рукі. Ён мог адрамантаваць прас і радыёпрыёмнік, гадзіннік і веласіпед, матацыкл. Іграў на баяне, на піяніна, на гітары. Умеў — і даволі прыгожа — спяваць. Быў чэмпіёнам школы і горада па плаванні, бегу на сто, дзвесце і пяцьсот метраў. Вышэй за яго ніхто не скакаў, лепей за яго ніхто не гуляў у футбол, валейбол і тэніс. Словам, усюды і ва ўсім ён паспяваў, паказваў спрыт, дамагаўся поспехаў.
Настаўнікі ставілі яго ў прыклад, многія яму зайздросцілі. Вядома, сярэднюю школу ён закончыў на залаты медаль. Куды ехаць вучыцца далей, Петрык (яго цяпер звалі ўжо Пятром, а сёй-той і Пятром Пятровічам) ведаў, бо даўно абраў сабе прафесію — захацеў стаць матэматыкам. Прываблівалі яго лічбы, у іх ён бачыў схаваны таямнічы сэнс. Складваць іх, дзяліць, множыць — гэта быў любімы яго занятак. Больш таго — ён, будучы яшчэ вучнем, знаходзіў у дзяленні, множанні, складанні, адыманні такія заканамернасці, якіх да яго ніхто не знаходзіў. А калі, можа, і знаходзіў, дык пра гэта ён, Пятро, не ведаў, не чуў. Рашыць самую складаную матэматычную задачу яму не было ніякай цяжкасці — рашаў, лускаў, раскусваў, як семкі, арэшкі, проста на хаду.
Ва ўніверсітэце, куды паступіў, яго з першага курса захапіла вышэйшая матэматыка. Ужо на другім курсе ён напісаў працу, якую надрукавалі ў студэнцкім навуковым зборніку. Гэты зборнік нейкім чынам трапіў за мяжу, і адтуль пачалі на яго імя прыходзіць лісты — пісалі вучоныя, выказвалі захапленне працай маладога свайго калегі. На трэцім курсе студэнта матэматычнага факультэта Пятра Пятровіча Каравая ўжо ведалі ў многіх краінах. А на пятым курсе разам з дыпломам аб заканчэнні ўніверсітэта ён атрымаў пасведчанне аб прысваенні яму навуковай ступені кандыдата матэматычных навук. Патрабавалася два гады, каб Пятро Пятровіч Каравай стаў доктарам, а потым праз вельмі кароткі час і членам-карэспандэнтам, акадэмікам.
Само сабой, і асабістае жыццё складвалася ў Пятра Каравая як найлепей. Яшчэ ў школе ён закахаўся ў дзяўчыну, Ліну. У Ліны, праўда, быў ухажор, яна сябравала з ім з маленства. Але Пятру варта было пабыць з Лінай некалькі гадзін, і яна забылася на сябра маленства — закахалася, як кажуць, па самыя вушы ў Пятра.
— Як убачу цябе, — прызналася аднойчы Ліна, — на ўсё забываю. Ты, і толькі ты ў маіх вачах, у маіх думках. Быццам заваражыў чым... Гіпноз, нейкая няйнакш магічная сіла ў цябе...
Гэтую магічную сілу ці гіпноз адчуваў у сабе і сам Пятро. Варта было яму чагосьці захацець — і яно з'яўлялася. Упершыню ён адчуў гэта яшчэ ў школе. Неяк Косця Верамейчык, з якім Пятро сядзеў за адной партай, прынёс у школу пенал каляровых алоўкаў. Ды не абы-якіх, а замежных, прывезеных бацькам з Нямеччыны. Алоўкі былі як алоўкі, а вось пенал... Нейкі быццам касцяны. І як, як размаляваны! Цэлая карціна — і высокі дом са светлымі вокнамі, і бабкі, што за столікам вяжуць карункі, і дзеці гуляюць у мяч... А якія там намаляваны звяры, птушкі, рыбы!..
Захацелася, вельмі захацелася мець такі пенал Пятру. І, уяўляеце, скупеча Косця падарыў яго яму.
— А як жа ты? — здзіўлена глядзеў на Косцю Пятро.
— Бацька не адзін, а два такія прывёз... І калі табе падабаецца, бяры...
Далей — болей. Дарылі яму ці ўзнагароджвалі за выдатную вучобу, спартыўныя поспехі, іншыя рэчы, якія яму падабаліся, якія ён хацеў мець. Нават здаралася: сёе-тое і знаходзіў — на вуліцы, у траве. Ці бацька, маці яму куплялі. І заўсёды якраз тое, што ён у кагосьці бачыў і чаго так прагнуў, хацеў.
Пра тое, што гэта сюрпрызы Карчоўніка, той яму спрыяе, дапамагае, — не думалася. Пра Карчоўніка Пятро і зусім забыў. Ці мала што магло прыблюзніцца яму, малому, ад страху, калі ляжаў за старадрэвінай, хаваўся ад немцаў? Дык і верыць? Ну, падалося тады... Але ж чэрці, нячысцік... Казкі гэта, выдумка, прычым адсталых людзей, такіх, якім і быў дзед Максім. Пражыў увесь свой век у вёсцы, нідзе, нават у горадзе, ні разу не быў, не ўмеў ні чытаць, ні пісаць. А фантазія... Фантазія ў яго, мабыць, была. Вось і выдумаў. Ды і не сам ён мог пра чарцей і нячысцікаў выдумаць, а перадалося ад бацькоў, дзядоў. А ён паспяшаўся ўнуку ўсё, што сам ведаў, перадаць... Прызнайся, скажы цяпер каму-небудзь у горадзе пра чарцей ці нячысцікаў — засмяюць жа. І правільна. Няма нідзе ніякіх чарцей. Ёсць тое, што мы бачым, адчуваем. Усё ж астатняе... Выдумка, плод фантазіі, галавы...