реклама
Бургер менюБургер меню

Кир Булычев – Выкраданне чарадзея (страница 61)

18

— Уключы...

«Але павінна быць рашэнне гэтай задачы, якога мы тады не бачылі».

— Канечне, канечне, — шапнуў Скрут, думаючы, што іх апарат вельмі марудна здымае гук. Ён трывожыўся: няўжо лёс не пашле гэтаму адважнаму магутнаму чалавеку поспех, няўжо дарэмныя былі яго пакуты?

Скрут хваляваўся, як ніколі яшчэ ў жыцці. А голас у шлемафоне гучаў роўна, непадуладны ніякім няўдачам. З дня ў дзень чалавек коратка кідаў у мікрафон: «Нічога новага». Ён, відаць, многа працаваў, бо ўсё радзей і радзей трапляліся ў запісе разважанні. А можа, ён бярог энергію батарэй — яны ж, як і робат, не былі невычэрпныя.

— Больш не магу! — нервова выгукнуў Балаш і пайшоў да выхаду.

— Мы мусім даслухаць, — сказаў яму Скрут. — Для нас мае значэнне не сутнасць яго адкрыцця, а сам факт.

Яны ўжо нічога не чакалі ад асуджанага на марудную смерць. Яны думалі аддаць яму даніну як чалавеку. А ён здзівіў іх зноў.

«Здаецца, усё. Я ведаю формулу».

Трэба быць вялікім матэматыкам, каб толькі запомніць з аднаго разу гэты доўгі рад інтэгралаў, лічбаў і знакаў. Чалавек прачытаў яе, потым, падумаўшы, паўтарыў больш павольна, нібы даючы слухачам магчымасць удумацца ў яе сэнс. І раптам прамовіў з сумненнем: «Ці ўсё гэта?»

— Усё! Усё! — крыкнуў Балаш, быццам чалавек мог яго пачуць. — Людзі на Зямлі вывелі тваю формулу...

Доўгае шыпенне ў навушніках было адказам Балашу. Чалавек маўчаў. Можа, думаў, можа, у яго не стала ўжо сілы, каб сказаць апошняе, развітальнае слова, а можа, ужо лічыў гэта слова наогул неістотным, непатрэбным.

Маўчанне шлемафонаў было невыносным. Але ні Скрут, ні Балаш не адважваліся выключыць апарат. Ім здавалася, што тым самым яны дачасна абарвуць жыццё гэтага мужнага чалавека. Прайшла, напэўна, гадзіна. Вяршыні гор пасвятлелі — пачынаўся дзень.

— Трэба вяртацца, — сказаў Балаш, — мы безнадзейна познімся.

— Яшчэ крышачку... — папрасіў Скрут.

Балаш паківаў галавой, адчуваючы і сам, што не можа пайсці адсюль, не дачакаўшыся канца.

Патушылі ліхтар. Ранішняе святло, лёгкае, свежае, пранікла праз зроблены Скрутам уваход у пячору. Прамень сонца крануў гермашлем чалавека, і твар яго нібы ажыў, разгладзіліся пакутлівыя складкі. Скрут усхапіўся, навёў кінаапарат. І тут шлемафоны ажылі.

«Вось цяпер, здаецца, усё».

Зноў прагучала доўгая формула, пасля паўзы чалавек паўтарыў яе. Для гэтага ён знайшоў сілы. І гэта, відаць, былі яго апошнія намаганні. Апарат даў сігнал, што запіс скончаны.

— Хто ён? — спытаў Скрут, думаючы над тым, чаму гэта пасвятлеў твар Балаша. — Няўжо мы не знондзем дзе-небудзь тут яго імя?

— Не ведаю. Але ён выратаваў нас. Ён зазірнуў глыбей, чым мы. Не ведаючы яго адкрыцця, мы на адваротным шляху паўтарылі б лёс яго карабля.

Скрут не быў ні фізікам, ні матэматыкам. Ён не мог зразумець формулы, знойдзенай гэтым чалавекам. І яго зусім зараз не хвалявала, што яны маглі не вярнуцца. У далёкім космасе людзі гатовы і да гэтага.

Ён сабраў батарэі, далучыў да іх аварыйную батарэю са свайго скафандра і падключыў да ўстаноўкі, якая ўначы свяціла чырвоным агеньчыкам. Потым заварыў прарэзаны надоечы ўваход у пячору і пабег даганяць Балаша.

Барыс Сачанка. Карчоўнік

Напачатку была казка. Казка пра тое, як чалавек прадаў чорту душу і з дапамогай нячыстай сілы нажыў вялікія багацці, займеў усё, чаго прагнуў, хацеў, і калі, здавалася, сама б жыць і радавацца... Словам, прыйшоў чорт і пачаў патрабаваць аддаць тое, што чалавек яму прадаў — душу... Казка была доўгая, яе расказваў Петрыку ў адзін з шарых асенніх вечароў, седзячы на печы, дзед Максім...

Дзеда забілі немцы. Ён памкнуўся быў ратаваць сабаку, Рэкса, па якім, уваліўшыся ў двор, пусцілі чаргу з аўтамата чужынцы, калі той з брэхам адчайна кінуўся на іх, хочучы няйнакш стрымаць, не пусціць. Кулі прашылі дзеду грудзі, перабілі ногі, і ён, не ўстояўшы на ганку, упаў, зваліўся проста тварам у снег...

Сабаку, упрогшыся ў саматужкі, маці завезла ў той жа дзень некуды ў лес і закапала. А дзед, нейкі аж занадта суровы, з нежывымі, ашклелымі вачыма і складзенымі на грудзях касцістымі, жылістымі рукамі, нерухома ляжаў на лаве яшчэ вечар і ноч, пакуль не змайстравалі яму са свежых габляваных дошак дамавіны, не палажылі яго туды і не павезлі на могілкі. Там, на пагорку, пад старою карыстаю сасною, дзеда пахавалі, паставіўшы на яго магіле высокі дубовы крыж...

У хаце і на двары адразу ж пацішэла. Не гаўкаў, не званіў ланцугом, сюды-туды бегаючы, гойсаючы, Рэкс, не кашляў, не гаварыў сам з сабою, седзячы на печы ці сноўдаючыся па хаце, дзед. Ды і маці неяк пазмрачнела, сцялася — не смяялася, не спявала, як, бывала, раней. Рабіла ўсё, нават размаўляла, ціхенька, быццам хворая. І плакала, плакала — шкада ёй было і дзеда, свайго бацькі, і сабакі Рэкса. Прывыклі ж, без іх сям'я была няпоўная. А тут, як на тое, яшчэ завея ўсчалася, да такая, што свету божага не стала відаць. У коміне быццам чэрці пасяліліся — выла, гуло, гігікала, свістала, падкідала ўюшку. Ды і на двары, за хатаю, ведзьмы баль спраўлялі — ліха ведае што рабілася — віхурыла, несла снегам, мяло, засыпала сцежкі-дарожкі. Выйсці па патрэбе за хлеў і то не заўсёды ўдавалася. З ног збівала, холадам да самых касцей працінала, ледзяніла. Давялося ўнесці ў хату ражку...

І так сумна, нецікава жылося аж да самай вясны, пакуль сонца не пачало зазіраць у вокны, снег не растаў...

З прыходам вясны, цяпла зачасцілі ў вёску немцы. Прыедуць, згоняць людзей да сельсавета — ён называўся ўжо воласцю, аддадуць розныя распараджэнні, загады — і паедуць. А калі распараджэнні і загады пачалі не выконвацца, парушацца, немцы не на жарт раззлаваліся — узяліся палохаць, страшыць людзей, а потым і страляць, вешаць. І людзі, каб не трапіць пад кулі ці на вісельню, не чакалі больш дома немцаў, не сядзелі ў хатах, а як толькі чулі, што едуць ворагі, уцякалі хто куды, шыліся ў балоты, альсы, лясы — яны, на шчасце, акружалі вёску з усіх бакоў. І не выходзілі ўжо адтуль, не вылазілі, пакуль не ад'язджалі чужынцы. А ўжо тады, часцей за ўсё пад вечар, як цямнела, змяркалася, кіраваліся, краліся да сваіх хат...

Неяк, уцякаючы ад немцаў, Петрык адстаў ад людзей і нават ад маці. Балота, лазняк яму перашкодзілі. Убіўся быў у такую гушчэчу, заглуш, што не пралезці. Паспрабаваў крычаць, але тут жа спахапіўся, апомніўся: немцы ж могуць пачуць... Сяк-так выбраўся на сухое, на лес... Але... Нікога з аднавяскоўцаў там ужо не было, нават след прастыў. Заплакаў у роспачы...

Маці вучыла яго: калі здарыцца нешта падобнае — адстанеш ці адзін астанешся, каб не губляўся, шыўся ў лазняк, у балоты. І Петрык, успомніўшы матчын наказ, не пайшоў на лес шукаць людзей, а вярнуўся назад, у лазняк, у балота. І не астаўся там з краю, а пашыўся ў выгары. Вада там была халодная, аж ногі зводзіла. Ды і глыбока, да самых пахаў, шыі, месцамі даходзіла. Пагрэбаўшыся між карчоў і купін і змарыўшыся, Петрык, як толькі ўбачыў паваленую, вывернутую з карэннем старадрэвіну, дабраўся да яе і залёг.

«Далей не папаўзу, — вырашыў. — Схаваюся за камель. Ці за карані, голле».

Так і зрабіў. Але... Што гэта? Раптам зачаўкала багна, заплюхала вада — пачуліся няйнакш чыесьці крокі. Падняў галаву. І... убачыў нечакана для сябе немца — ён, наставіўшы перад сабою аўтамат, у касцы, накінутай на плечы плямістай плашч-палатцы, цыбаў асцярожна па вадзе проста на яго, Петрыка. У страху і як бы нейкім здранцвенні пашыўся бліжэй да вываратня. І там, у зарасніках травы і малінніку, стаіўся, прыпаў усім сваім целам да камля.

Немец ішоў і ішоў, набліжаўся і набліжаўся да яго, Петрыка. Крок, яшчэ крок... Вось ён спыніўся, пастаяў, паглядзеў, ці няма нідзе нікога, і зноў — цыб, цыб...

Аж потам халодным абдало Петрыка. «Што рабіць?» Кінуцца ўцякаць адсюль? Але куды? Дый немец убачыць жа, паласне з аўтамата. Як па Рэксу. Як па дзеду... І ля вываратня быць, чакаць, калі немец падыдзе зусім блізка, убачыць... Таксама ж...

Немец не збочваў — цыбаў і цыбаў, набліжаўся і набліжаўся. Ужо ён, Петрык, бачыў яго доўгі кручкаваты нос, вялікі губаты рот...

І тут раптам адбылося неверагоднае, цуд нейкі, дый годзе. З-пад вываратня выпаўзла нешта жывое. Рыжае, вёрткае, рухавае. З востранькай, як у мышкі, пыскай, жвавымі хітрымі вочкамі, загнутымі касцістымі рожкамі, вілястым куртатым хвосцікам... І худое-худое.

— Не бойся мяне, хлопчык, — сказала, шапнула яно ціхенька, лагодненька. — Я — Карчоўнік. Інакш — чорцік, што жыве ў карчах. Хі-хі, хе-хе... — засмяялася яно.

Успомніў Петрык — расказваў яму пра такіх калісьці дзед Максім.

— Што табе трэба ад мяне? — насцярожыўся Петрык, халадзеючы ад жаху — мала таго што немец цыбае, ідзе проста на яго, дык яшчэ і нячысцік гэты, Карчоўнік, аб'явіўся.

— Душа твая, — сказаў гэтак жа ціхенька, лагодненька нячысцік. І губы свае — сінія, тонкія — аблізаў.

— Купіць яе хочаш? — паглядзеў проста ў вочы чорту Петрык.

— Ага, — пакруціў куртатым хвосцікам чорт.

— Не ўдасца, — рашуча хітнуў галавою Петрык і перавёў вочы на немца, які раптам зноў спыніўся, застыў, быццам пачуўшы галасы, няйнакш прыслухаўся.

— Не ўдасца, кажаш? Хі-хі, хе-хе, — захіхікаў, засмяяўся дробна, нядобра нячысцік. — І купляць не давядзецца, дарма забяру...

— Як гэта — дарма? — здзівіўся Петрык, бо ведаў, чуў ад дзеда: чэрці проста так, дарма, душу не бяруць, а купляюць.