реклама
Бургер менюБургер меню

Кир Булычев – Выкраданне чарадзея (страница 32)

18

— Шво замазана. Значыцца, вечка не ссунута.

Асад схіліўся побач і правёў далоняй па шурпатай паверхні саркафага:

— Колькі ж яму гадоў? Здаецца, цімурыдскіх часоў.

Калі знаходку ачысцілі ад гліны, Султан, павольна абыходзячы саркафаг, пераклаў надпіс, які яго апаясваў:

— «Мір праху высокавучонага Шамсібека, Ісмаілавага сына, забітага дэрвішамі ў ноч месячнага зацьмення восьмага дня месяца хамола 835 года хіджры... Алах разважыць, чыя праўда... Збудавана гэтая грабніца загадам наймудрэйшага, найдабрэйшага Ўлугбека, Шахрухавага сына, у трыццаць дзевяты год яго ўладарання...»

Праз некалькі дзён у Акадэміі навук Узбекістана адбылося абмеркаванне булакбашскіх знаходак.

— Дарагія калегі, — сказаў Султан Умрзакаў, — мне выпаў гонар расказаць вам пра самае выдатнае археалагічнае адкрыццё нашага часу.

Зала адгукнулася на гэтыя словы ўзбуджаным гулам.

— У адным з саркафагаў, знойдзеных у Булакбашы, выяўлена цела (яно цудоўна захавалася) вучонага Шамсібека, што загінуў ад рук рэлігійных фанатыкаў, сучасніка і, мяркуючы па некаторых дадзеных, супрацоўніка вялікага астранома Ўлугбека. Пры пахаванні труп забітага быў пагружаны ў мёд, апрача таго, з саркафага было поўнасцю выпампавана паветра. У суседнім захаванні знойдзены рэшткі Шамсібекавай жонкі, да таго ж у яе грабніцы выяўлена ўнікальная ядвабная хустка, што вельмі нагадвае сучасны фалак — абавязковую прыналежнасць пасагу нявесты. Але калі знаёмы нам усім фалак уяўляе сабой сіметрычна размешчаны па блакітным фоне россып кветак або каляровых колаў, то малюнак хусткі з саркафага Махфузы надта нагадвае схему руху планет вакол Сонца. Пра гэта сведчыць, на мой погляд, тое, што ў цэнтры гэтага «фалака» — залатое сонца з промнямі, а не стылізаваная кветка, як на сучасных фалаках. І магчымыя «планеты» размешчаны вакол гэтага сонца не сіметрычна, а так, як маляваў іх на сваёй гелеацэнтрычнай мадалі Капернік. Да таго ж памеры гэтых планет адносна адна адной дакладна адпавядаюць нашым сённяшнім уяўленням пра велічыню планет Сонечнай сістэмы...

Прафесар біяхімічнага інстытута Ахмад Закіраў казаў пра тое, што Шамсібекаў саркафаг уяўляе сабой невядомы да гэтага спосаб захавання ў мёдзе... Гісторыя ведае, што цела Аляксандра Македонскага, які памёр у Вавілоне, было дастаўлена на бацькаўшчыну ў незвычайнай ванне з мёдам, але знаходак, падобных да булакбашскай, мы яшчэ не сустракалі. Адразу, як адчынілі саркафаг, мёд меў празрыста-жоўты колер, але праз некалькі ж хвілін пашарэў і крышталізаваўся. Шамсібекавы вантробы, у тым ліку і кішэчнік, з вялікім умельствам былі таксама запоўнены мёдам, так што ў нашым распараджэнні мелася абсалютна нятленнае цела чалавека, што памёр амаль шэсць стагоддзяў назад.

Аналіз мёду выявіў, што ў яго склад уведзены нейкі кансервант, які пакуль не паддаецца вызначэнню.

Але самае сенсацыйнае паведамленне зрабіў біяфізік Джагангір Аліеў:

— Прысутныя тут ведаюць, што ў нашым інстытуце ўжо шмат гадоў ідзе праца па стварэнні элаломы — электроннага робата, здатнага «здымаць» з клетак кары галаўнога мозгу ўвесь свет думак і пачуццяў чалавека. Да сённяшняга дня наша задача ўяўлялася нам вузка-практычнай — дапамагчы крыміналістам узнаўляць па «ўспамінах» загінуўшых карціну злачынства. Гэтае абмежаванае прымяненне элаломы дыктавалася прычынамі фізіялагічнага характару — клеткі чалавечага мозгу пачынаюць распадацца праз некалькі ж гадзін пасля смерці, і аднавіць карціну жыцця загінуўшага магчыма толькі ў тым выпадку, калі яго мозг будзе замарожаны пасля смерці альбо захаваны яшчэ якім-небудзь чынам... Першыя доследы, якія мы правялі, дазволілі даведацца пра думкі і зрокавыя вобразы людзей за некалькі секунд да іх гібелі. Элалома можа пакуль успрымаць толькі самыя яскравыя ўражанні, якія ляжаць на паверхні мозгу і належаць да апошніх момантаў яго жыцця. Для таго каб пранікнуць далей, у глыбіню бачанага і асэнсаванага чалавекам, нам трэба прарабіць яшчэ вялізную працу... Шамсібекаў мозг захаваўся дастаткова добра, і гэта дае нам надзею на аднаўленне калі не ўсіх, то самых важных абставін яго жыцця, што найбольш моцна адбіліся ў свядомасці вучонага. Нашаму электроннаму мозгу патрэбна каласальная колькасць энергіі, яе льга супаставіць адно з энергіяй, якую спажываюць наймагутныя прыспяшальнікі элементарных часцінак. Поспех працы залежыць ад таго, ці палічыць Акадэмія навук магчымым выдаткаваць нам на стварэнне дасканалай элаломы неабходныя сродкі.

Пасля гарачых і бурных спрэчак акадэмія дазволіла эксперымент.

Праз два месяцы новая элалома была ў асноўным зманціравана. Яе апаратура змяшчалася ў некалькіх залах падвальнага паверха інстытута. Джахангір Аліеў, асветлены россыпам рознакаляровых агнёў, што бегалі па пультах кіравання, хадзіў з памяшкання ў памяшканне, усюды знаходзячы сабе справу. Усе апошнія дні перад доследам ён спаў урыўкамі, а пра ежу ўспамінаў толькі тады, калі жонка нагадвала яму пра гэта па тэлефоне. Твар вучонага асунуўся, на лбе прарэзаліся глыбокія складкі. Сябры казалі яму: «Ты, відаць, рыхтуешся стаць наступным аб'ектам эксперыментаў для элаломы? Плюнь на ўсё і выберыся на які тыдзень у горы — адаспіся, пагультайнічай...» Джахангір з усмешкай адмахваўся: «Вось скончым з працай — на два месяцы ўцяку ў асабістае жыццё. Тады абцугамі мяне з санаторыя не выцягнеце».

Нарэшце надышоў дзень, калі Аліеў змог далажыць, што элалома готовая да доследу.

— Вы мяркуеце пачаць у бліжэйшы час? — спытаўся прэзідэнт акадэміі.

— Мы можам распачаць дослед хоць зараз. Але без спецыяліста па гісторыі сярэдневяковага Ўсходу не абысціся. Элалома «здыме» ўсе ўражанні і вобразы Шамсібекавай свядомасці ў адваротным парадку, і ўзнаўляць іх мы будзем пасля запісу ў ячэйках памяці электроннага мозгу, «пракручваючы» ў храналагічнай паслядоўнасці. Вось тут і неабходны знаўца гісторыі мусульманскага свету — бо ж тое, што для Шамсібека была звыклая паўсядзённасць, для нас, незнаёмых у дэталях з варункамі тагачаснай рэчаіснасці, можа быць абсалютна незразумелае... Я прапаную, каб групу ўзначаліў акадэмік Джамшыд Акбараў, які можа скаардынаваць нашы ўражанні. А дзённік эксперыменту весці будзе малады пісьменнік Тулкун Мансураў...

2

Да медрэсэ[4] падышоў, ведучы на павадку каня карабаірскай пароды, малады чалавек у новым ядвабным халаце. Спыніўшыся, ён зачаравана агледзеў гмах. Велізарнае збудаванне з чатырма купаламі і двума мінарэтамі захапіла яго. Прыгадаліся бацькавы словы: «Калі мінеш султанаў палац, убачыш — яны стаяць адно проці аднаго — медрэсэ і ханаку[5]. Іхняй красе, як гавораць мудрыя, зайздросціць само неба...» Вандроўніку здавалася, што бірузовыя купалы медрэсэ зліваюцца з пранізлівым блакітам вечаровага неба і што агромністы будынак, пакрыты павуціннем арнаментаў, падтрымлівае не толькі гэтыя купалы, але і ўвесь купал неба. І мроілася: пад яго цяжарам напружана гудзе зямля. Паліва на сценах і мінарэтах палымнела ў праменні заходу...

Юнак накіраваўся насустрач статнаму барадачу ў доўгім халаце, з вялікай белай чалмой на галаве, які выйшаў з медрэсэ. З пашанай павітаўшыся, вандроўнік пачуў у адказ прамоўленае нараспеў прывітанне і тады сказаў:

— Шаноўны, не палічыце за дзёрзкасць, але мне хацелася б пабачыцца з адным выхаванцам медрэсэ...

— З кім менавіта?

— З мулой[6] Абдулвахабам.

— Абдулвахабам?! — Барадач спахмурнеў і нейкім новым позіркам агледзеў юнака з галавы да ног. — Хто ён вам? Ці не брат?

— Не, мы проста аднавяскоўцы. Хачу перадаць яму вестку ад бацькі.

— Абдулвахаба тут няма, — сказаў мужчына пасля нядоўгай развагі.

Малады чалавек пытальна пазіраў на яго.

— Ваш зямляк выявіў чорную няўдзячнасць... — неахвотна пачаў барадач. — Ён быў варты шыбеніцы, але, дзякуй Усявышняму, вялікі султан памілаваў яго... Не вучобе аддаў ён перавагу, а лайдацтву... Абдулвахаб пайшоў з медрэсэ.

— Ён вярнуўся дахаты?

— Вы можаце знайсці яго ў ханацы.

— Тут? — хлопец кіўнуў у бок ханакі, насупраць медрэсэ.

— Не, сюды ён не зазірае. Пашукайце яго на ўскраіне...

Да вечаровай малітвы яшчэ заставалася трохі часу, і малады чалавек вырашыў перш за ўсё дамовіцца наконт месца ў караван-сараі. Адыходзячы ў Самарканд, ён разлічваў, што яму паспрыяе Абдулвахаб: зямляк у чужым горадзе — немалая падмога. Цяпер жа даводзілася абыходзіцца сваімі сіламі...

Землі іхніх бацькоў былі побач. Але ўгоддзі Абдулвахабавага бацькі ў некалькі разоў большыя. На ягоных палях рабілі шмат жыхароў кішлака. А па перадгор'ях — ад Андзіжана да Оша — пасвіліся ягоныя статкі... Шамсібек вучыўся з Абдулвахабам у адной школе; баеў сын ужо тады не вызначаўся рупнасцю і кемлівасцю. Але тым не менш, выконваючы бацькаву волю, ён накіраваўся ў сталічнае медрэсэ. Уладкаваўшы сына, Байбува вярнуўся ў свой кішлак вельмі задаволены. З той пары яго нашчадка клікалі не іначай як «мула Абдулвахаб»...

Пакінуўшы каня ў стайні, малады чалавек заняў адзін з верхніх пакояў. Потым спусціўся ў двор і, памыўшыся з меднага кумгана, накіраваўся на малітву.

Дарогай ён разглядваў усіх сустрэчных у надзеі сустрэць знаёмы твар. Але Абдулвахаба не было відаць ні на вуліцы, ні ў шматлюднай мячэці.

Прачытаўшы малітву, юнак правёў далонямі па твары і разам з усімі стаў прабірацца да выхаду. Каля мінарэта ён убачыў двух дэрвішаў і рушыў да іх у надзеі даведацца пра свайго школьнага таварыша. Ён ужо адкрыў рот для прывітання, як адзін з дэрвішаў усклікнуў: