реклама
Бургер менюБургер меню

Кир Булычев – Выкраданне чарадзея (страница 30)

18

— Мужыкі, хопіць ваяваць! — аклікнула іх Вілюсава жонка. — Гарбата стыне.

— З жанчынамі, зразумелая рэч, не паваюеш! — пажартаваў Вілюс. — Яны загадваюць своечасова есці, своечасова спаць... Буры некалі прайгралі вайну з ангельцамі толькі таму, што цягалі з сабой манаткі і сваіх жонак...

Ягоныя словы перарвала сухая пстрычка. Неверагодна гучная была гэтая пстрычка, відаць, таму, што ніхто не чакаў яе ў гэтай цішыні.

Вілюс узняў галаву.

На другім краю выспачкі, кроках у дваццаці, стаяў яго сынок і сціскаў у руцэ гранату. Хлопчыкаву постаць асвятляла трапяткое полымя вогнішча.

Над вогнішчам як бы застыў вялізны цемнакрылы матылёк. Крылы яго ўжо лізнуў зыркі агонь, а матылёк падаў і ўсё не мог упасці, павіс у паветры. Матылёк не махаў крыламі, і полымя не займалася яскравей. Матыльку было страшна — так доўга падаць у пякучае сонца.

Вецер зусім сціхнуў, і было цёмна вакол. А іскрынка, што вылецела з вогнішча, гарэла без трэску, роўным агнём, як падвешаны на парашуце ліхтар, такі зыркі на фоне чорнага неба.

Пасля пстрычкі мінула хвіліна, другая, трэцяя.

Граната павінна была ўзарвацца праз тры секунды. Вілюс ведаў гэта, кідаў такія гранаты ў арміі, з глыбокага акопа, і ледзь паспяваў нагнуцца, выпусціўшы яе з пальцаў, як асколкі са свістам праносіліся над брустверам... А зараз ён не мог варухнуцца, кінуцца да малога. Тры секунды — вельмі многа і вельмі мала, але трэба паспець...

І чалавек у заляпанай граззю салдацкай вопратцы, відаць, ведаў гэта на памяць. Кінуўся да здранцвелага дзіцяці, вырваў з рукі гранату і, амаль не замахваючыся, шпурнуў яе ў балота.

Адразу ж узляцеў слуп вады і глею. Рэха выбуху не вярнулася назад.

Гарбата была гарачая. Салдат піў не спяшаючыся, сціскаючы ў далонях кубак, быццам грэў азяблыя рукі. А вечар быў цёплы, і вогнішча гарэла горача. Ад мокрай вопраткі салдата ішла пара.

Жанчыны прапаноўвалі салдату кілбасы, нарэзанага скрылікамі кумпяка, але той адмовіўся, толькі папрасіў яшчэ вару. Дастаў з кішэні галету, жаваў яе, раз-пораз макаючы ў гарбату. І жанчыны замоўклі, баючыся пакрыўдзіць салдата перабольшанай увагай, не ведаючы, як яму аддзячыць.

Цішыня доўжылася; усім стала нават ніякавата.

А Вілюс даўно ўжо хацеў спытацца, што тут робіць салдат і як ён гэтак незаўважна і, галоўнае, своечасова апынуўся на выспачцы. Вілюс нават падумаў, што гэта актор, што дзе-небудзь паблізу, можа, ля ўзарванага моста, атабарылася здымачная група, ставіць фільм пра вайну; але чалавек так рашуча схапіў гранату... Як сапраўдны салдат — умець трэба.

— Трэба ўмець... — услых падумаў Вілюс.

— Служба, — адказаў салдат.

— Служыце, значыцца?

— Ваюем... Усе ваюем. Ды лепш тым, што наступаюць. Адступаць вельмі ўжо цяжка...

Салдат засяроджана глядзеў на цёмна-бурую, у цемры зусім чорную ваду балотнага акна і думаў: яна пабурэла не толькі ад усюдыісных часцінак жалеза, што тояцца ў зямлі. Міналі стагоддзі, а ў балотах танулі закаваныя ў жалеза рыцары, радзелі разнамоўныя полчышчы. Толькі ж за апошнія паўстагоддзя двойчы пракаціўся па балоце вогненны віхор, штораз пакідаючы ў ім частку сваёй бясконцай лютасці. Лютасці, якую душылі не балоты.

— А мне чагось падумалася — вы тут на здымках. — Вілюс засмяяўся, яму чамусьці сталася лягчэй, калі даведаўся, што салдат — сапраўдны салдат і проста выканаў свой абавязак. Ды і акторы — народ інтэлектуальны, з імі і размова іншая, ды і абыходжанне не тое. Пачуваешся ніякавата, калі гутарыш са славутасцямі. — Хоць фільмы пра вайну — таксама рэч добрая. Людзі павінны ведаць пра вайну, пра салдацкую прафесію. — Вілюс на хвіліну запнуўся, падумаўшы, што не гэтак выказаўся. — Але, тады нічога не забудзецца. Зараз багата добрых карцін пра вайну. — Папраўдзе, Вілюс не любіў фільмы пра вайну, хадзіў на іх рэдка, хіба што на адзначаныя на фестывалях. Але зараз, калі салдат выратаваў яго сынка, не з рукі было казаць інакш.

Вілюс паглядзеў на чарнавата-бурую ваду і падумаў, што вайна скончылася даўно. Калі пачаць успамінаць, давядзецца згадваць вельмі шмат чаго, а ўсё было так даўно, што хутка нідзе на нашай зямлі не застанецца гранат, якія не ўзарваліся, — іх знішчыць час...

— У кіно вайну паказваюць, — сказаў салдат.

— Глядзець страшна, — дадаў Вілюс.

Зоркі мігцелі цьмяна, па-восеньску. За кругам, акрэсленым полымем вогнішча, застыла напружаная цемра, толькі дзе-нідзе ўсыпаная нерухомымі агеньчыкамі — адлюстраванымі свяціламі.

— Мне пара, — сказаў салдат і паглядзеў на зоркі. — Пара.

— Пераначавалі б з намі, — прапанаваў Вілюс. — Месца хопіць, спальны мяшок знойдзецца. Куды вы цяпер пойдзеце — цемра суцэльная, яшчэ ў дрыгву патрапіце.

— Трэба. — Салдат устаў. — Служба, пазніцца не выпадае.

Салдат ступіў у цемру. Чорны сілуэт растварыўся ў тумане. Мільгануў яшчэ раз, закрываючы адлюстраванне зорак у вадзе, і знік. Як бы і не было чалавека.

— Я тут не заблукаю.

Гэтыя словы прагучалі выразна, быццам сказаныя побач, і людзі на выспачцы ўздрыгнулі.

Мужчынам не спалася. Леглі яны разам з усімі, праварочаліся з боку на бок добрую гадзіну, але сон не ішоў. Зараз яны сядзелі ля пагаслага вогнішча. Пойдуць папаліць — так сказалі жонкам.

Вілюс дыміў ужо не першай цыгарэтай, усё паварочваючыся да намёта, што цямнеў у густым тумане. Зрэдку апаноўвала неадольнае жаданне зірнуць на сынка, ён уставаў і, падкраўшыся да намёта, прыслухоўваўся. Усярэдзіне было ціха. Сынок спакойна соп, напэўна, так і не зразумеўшы, што яму пагражала гадзіну назад.

— Агідная работа ў гэтага салдата, — сказаў Вілюс. — Нават памыліцца нельга.

— Як у час ён паспеў... — відаць, у дзесяты раз паўтарыў Рычардас.

— У час...

Туман згушчаўся, кропелькі, што плавалі ў паветры, рабілі вільготнай вопратку, але мужчыны не адчувалі ні сырасці, ні холаду. А за Нёманам глуха грукацелі выбухі, па небе блукалі промні пражэктараў — няяркія, размытыя, як светлыя палосы, вычарчаныя на кепскай паперы. Грозна ракацелі цяжкія самалёты. Відаць, там праходзілі манеўры, і тысячы чалавек — салдаты, афіцэры, генералы — не спалі гэтай ноччу.

— Нават уначы чалавеку выспацца не даюць!.. — буркнуў Вілюс.

— Бывае, гэтыя заняткі патрэбны і ў мірны час... А цябе, пэўна, мала старшына ганяў.

— Я санітарам быў, — агрызнуўся Вілюс.

Рычардас змаўчаў.

— Лепш бы зусім не было армій! — сказаў Вілюс.

— Можа, і не будзе калі-небудзь. Забудуць людзі пра вайну. Стануць...

— Журналістамі!.. — таропка ўставіў Вілюс, узрадаваўшыся магчымасці змяніць размову. І чаму ён сам не кінуўся тады да малога?..

Удалечыні ўсё грукаталі выбухі, а начныя птушкі на балоце маўчалі.

— Гэта ўжо хто кім пажадае... — працягнуў Рычардас.

У баку моста раптоўна шугануў сліпучы слуп полымя. Белае ненатуральнае святло азарыла балота; і мужчынам падалося, што каркас моста ажыў, узняўся ў паветра і застыў — у адно імгненне.

Даляцела запозненая выбуховая хваля.

— Няўжо... памыліўся? — прашаптаў Вілюс.

— Напэўна, вучэбная грукнула. Або звер нейкі на міну напароўся, — спакойна запярэчыў Рычардас.

— Заўтра з самай раніцы ідзём адгэтуль.

— Ды ўжо ж, пасля гэтага журавіны збіраць не станеш... Такое ўражанне, быццам на фронт трапілі.

— Якое шчасце, што можна ісці спаць і заўтра мірна прачнуцца, — уміхнуўся Вілюс.

Гэты выбух быў апошні. Сталася зусім ціха. Пагаслі промні пражэктараў — адначасна, разам з рэхам выбуху.

Зноў танюткім галаском піскнула івалга і тут жа змоўкла, вырашыла, што не пасуе ёй, дзённай птушцы, спяваць сярод начы.

Да шашы было далёка. Гужам ішлі яны вузкай сцяжынай, пратаптанай цераз поле, і Вілюс крочыў апошні. Дзеці хутка ўціхамірыліся, але потым сталі ныць, і маткі моўчкі цягнулі іх за рукі, быццам баючыся спазніцца. А спяшацца не было куды.

Нарэшце паказалася шаша. Здалёку свяціўся аўтобусны прыпынак, адзначаны жоўтым дыскам.

Дошка з раскладам аблупілася. Але Рычардасу ўдалося неяк разабраць, што аўтобус на Вільню прыйдзе праз гадзіну. Ён азірнуўся.

Вілюс стаяў убаку і глядзеў некуды ўдалеч.

— Паслухай... — сказаў, падышоўшы да яго, Рычардас. — Не, бадай, не варта...

— Ды кажы.

— Лухта, — махнуў рукой Рычардас. — Праўда, часам усялякае глупства ў галаву лезе. Нават дзіўна... Давай пагуляем, чаго тут тырчаць...

Вілюс паслухмяна пайшоў за Рычардасам.

Крочылі яны ўскрай шашы. Прайшлі даволі далёка, але Вілюс ні пра што не пытаўся — куды яны ідуць, што хацеў сказаць Рычардас. Бадай, Вілюс нават не заўважыў, як далёка яны адышлі ад прыпынку.

— Мне ўвесь час здаецца, што я ўжо бачыў гэтага салдата, — нарэшце загаварыў Рычардас. — Сапраўды дзіўна.