реклама
Бургер менюБургер меню

Кир Булычев – Выкраданне чарадзея (страница 19)

18

— Дыега! — на ўсялякі выпадак паклікаў Грэхаў. — Святаслаў!

Дынамікі маўчалі. Індыкатары прысутнасці наліліся жаўцізной — адзнака кароткачасовых перапынкаў сувязі.

— Што здарылася? — трывожна спытаўся Малчанаў, але ўжо і сам заўважыў благое. «Вадкасць» працягвала выпарвацца. Цяпер бруі пары набылі глыбокі сіні колер, і ў іх зазіхацелі яскравыя іскрынкі. Іскры павялічваліся, збіраліся ў вялікі шар і праціналі начны змрок, як маленькія маланкі, патрэсквалі і гудзелі, як пчаліны рой. Нарэшце іх стала гэтулькі шмат, што яны здаваліся вялізным вогненным вокам, зрэнка якога шалёна круцілася.

— Гравістралок! — ярасным шэптам вымавіў Малчанаў і скочыў да ўвагнутага люстра наводкі тыямата.

Ён спазніўся на секунду, можа, на паўсекунды. На скалах зашыпела, і Грэхаў кулём пакаціўся да супрацьлеглай сцяны рубкі: па танку, дакладней, па яго ахоўным полі як быццам стукнулі гіганцкім молатам, і ён адскочыў назад, загуў і завібрыраваў на амартызатарах. Грэхаў яшчэ толькі ўзнімаўся, чапляючыся за сценку, як ударыла другі раз. Ён тыцнуўся носам у нешта цвёрдае і на пэўны час страціў здольнасць штосьці кеміць.

Малчанаў усё ж дацягнуўся да пускальніка тыямата, Грэхаў зразумеў гэта з таго, што ў яго спачатку занылі зубы, а потым дынамікі данеслі скрыгат-лямант ускатурханай атмасферы. Пакуль ён вылупліваў мутныя ад слёз вочы, усё было скончана. Вішчаў лічыльнік радыяцыі (страшная ўсё-такі штука тыямат!), палову горста як языком злізала, а ля яго падножжа курчылася пакамечаная, але ўцалелая(!) «павуціна», якая згубіла свой рэжучы бляск.

— Удалы пачатак, — легкадумна прамовіў Грэхаў, выціраючы з губы і пад носам кроў. Малчанаў здушана прамармытаў нешта, злосна памасіраваў горла, паказаў некуды ўбок, і Грэхаў убачыў далёкія светлякі ліхтароў, што выпісвалі мудрагелістыя траекторыі пад час руху. Гэта вярталіся разведчыкі, ні пра што нават не здагадваючыся. Няўжо яны не чулі ляманту тыямата?! Вірт нешта ціха казаў, Сташэўскі маўчаў. Яны павольна спусціліся па схіле застылай лававай хвалі, разрэзваючы змрок шпагамі святла, выйшлі на асветленую пражэктарамі прастору, і тут Сташэўскі заўважыў знікненне вершаліны горста, мітуслівую «павуцінку», ды і дым яшчэ не разышоўся поўнасцю, і радыяцыя не спала. Ён застыў з паднятай нагой, потым штурхнуў Дыега ў плячо, і яны, не дбаючы пра захаванне годнасці, кінуліся да машыны.

У кабіне Сташэўскі акінуў няўважлівым позіркам ашаломленую фізіяномію Грэхава і, як быццам нічога не адбылося, сеў у крэсла. Увайшоў ураўнаважана-спакойны Дыега Вірт, прыжмурыўся на «параненага» і, сказаўшы: «Герой», — сеў побач з камандзірам.

— Гравістралок, — раптам прамовіў Малчанаў, як бы просячы прабачэння, Грэхаў аж вылупіў вочы. — Даруйце мне, Святаслаў! Я абавязаны быў папярэдзіць, даруйце.

На яго было шкода пазіраць, і Грэхаў адчуў да яго калі не прыязнасць, дык, прынамсі, павагу. Відаць, ён сапраўды мужны чалавек.

— А-а... — сказаў у адказ Сташэўскі бесклапотна. — Лухта. Сам вінаваты. Мне ж гаварылі, і неаднойчы, а я забыўся.

Ён павярнуўся да апаратуры сувязі, крутануў рукаятку павароту арыентаста, выклікаў Станцыю.

Доўгі час, пакуль арыентаст абмацваў неба, відэом сувязі адно мігцеў няяркім блакітам, патрэсквалі дынамікі прыёмнай прылады ды паляскваў аўтамат перашкод, спрабуючы розныя частоты. Нарэшце відэом мігнуў, разгарэўся, і ў ім паступова праявіўся такі знаёмы Грэхаву стомлены твар з яскравымі губамі, трошкі ўзнятым носікам і ўмольнымі вачыма. Ён замёр.

«Паліна! Паліна... Каханне маё і жыццё маё... і боль мой... Праз усе цуды космасу і будзённасць працы, жыцейскія дробязі і буйныя падзеі, страты і набыткі я пранёс твой погляд з сабой. Я моцны чалавек і да шмат чаго прывык у гэтым шчодрым на сюрпрызы свеце, але я слабею, калі цень адчужэння, часам уяўнага, з'яўляецца ў тваіх вачах, былая ўпэўненасць пакідае мяне, як кроў параненае цела... Чалавек жывы чалавекам, і няхай хто-кольвек дакажа мне іншае. Я жывы ўсімі сябрамі сваімі, але больш за ўсё я жывы табой... Мы так і не пагаварылі на Станцыі, хоць Дыега зрабіў усё, каб мы сустрэліся. Гэта, вядома, ён пастараўся, каб ты апынулася тут, ля Тартара. Не без ведама Сташэўскага, пэўна ж. Хітрыя і добрыя мае сябры, вам не зразумець, мабыць, што для Паліны я толькі што ўваскрос. А да гэтага быў год адзіноты, год маёй смерці, уяўнай — для мяне, сапраўднай — для яе...»

Дыега скасавурыўся на Грэхава і сказаў:

— Прывітанне сувязістам. Што новага, Паліначка? Палініны губы заварушыліся, але гуку не было. Відэом пакрыўся рабізной перашкод, ачысціўся, і замест жаночага твару ў яго ўплыў твар Кротаса, з няправільнымі дробнымі рысамі, не надта ветлівы, з вострым позіркам трохі касых вачэй.

— Новаўтварэнне, — сказаў Сташэўскі ў нос і бязгучна чхнуў. — Праз эпіцэнтр нам не прайсці, дайце найкарацейшы шлях.

— Гэтак блага? — прахрыпеў дынамік скрозь выццё суправаджальнай перашкоды.

— Не прайсці нават з гефамі, я глядзеў. Паведаміце як найдакладней, дзе мы завязлі.

— Хвілінку... — Кротас скасавурыўся і стаўся падобны на камбалу з носам. — Вы зараз... на паўночным схіле хрыбта, побач з перавалам Шэрага Прывіду. Да карабля ад вас усяго восемдзесят дзевяць кіламетраў па прамой... Але калі па гэтым перавале не прайсці, дык найкарацейшы шлях праз другі.

— Другі — гэта Звілісты?

— Так.

— Дзякуй... — задумаўся Сташэўскі. — Да Звілістага недзе каля ста кіламетраў? Трохі зашмат... Ну а калі праз Тора-Ора?

— Ты ж ведаеш... там стаіць...

— Горад, ведаю. Затое мы сэканомім гадзін шэсць-сем. Гэта не так ужо блага, як ты думаеш?

За экранамі загаварылі адразу некалькі галасоў. Кротас, адказваючы, адмоўна паківаў галавой і зморшчыўся. Гаварыць і пераконваць яму было цяжка, ён выдатна разумеў Сташэўскага, рызыка была вялікая, але і Святаславу прымаць рашэнне было нялёгка, Грэхаў цудоўна гэта бачыў. — А новага нічога? — упаўголаса спытаўся Малчанаў.

Кротас паглядзеў на яго адным вокам з экрана, крутнуў галавой. Начальнік аддзела быў у горшым становішчы, як яны, ён мог толькі чакаць.

— Прыйдзецца ісці праз Горад, — сказаў Сташэўскі, падводзячы вынік невясёлых сваіх разважанняў, і дадаў, як бы просячы прабачэння: — Хутка раніца, і, магчыма, прабіцца праз перашкоды мы не зможам, то вы ўжо не надта непакойцеся... З гары танк вам бачны, вось і назірайце.

Кротас ківаў пры кожным слове, і твар у яго быў нейкі няшчасны, добра было відаць, што ён кепска адпачываў і наўрад ці еў, і Грэхаў падумаў, што дарма Сташэўскі згадаў пра неспакой. Неспакой — падмурак чакання, а для людзей на Станцыі яно сталася асновай існавання. Да той пары, пакуль яны не дойдуць да карабля і не даведаюцца, чаму ён маўчыць.

У відэом уціснуўся славуты нос Лявады і яго рыжая шавялюра.

— Мы тут падрыхтавалі яшчэ два «панцыры» з танкамі. Экіпажы гатовыя стартаваць у любы час.

— Не трэба, — сказаў Сташэўскі грубавата, а Малчанаў красамоўна павярнуўся. Ні ў кога не было гарантый, што і гэтыя дэсантныя караблі не змоўкнуць пад час пасадкі, як зоркалёт. Да таго ж у выпадку непрадбачаных цяжкасцей яны маглі і не паспець.

Па відэому заструменіліся белыя зігзагі і раскалолі выяву.

— Што там яшчэ? — незадаволена павярнуўся Сташэўскі.

— «Цікаўнікі», — лаканічна адгукнуўся Дыега Вірт, тыцкаючы пальцам у неба.

Грэхаў таксама ўбачыў іх. Адзін нагадваў сваім свячэннем медузу, двое іншых — мудрагелістыя камбінацыі зіхоткіх жыл.

Сташэўскі выключыў апаратуру сувязі і скасавурыўся на пульт тыямата. Сувязі ўсё роўна не будзе, пакуль побач баражыруюць гэтыя фасфарысцыруючыя камяні. Іх выпраменьванне стварае перашкоды ў любым дыяпазоне хваляў, у чым выратавальнікі ўпэўніліся яшчэ пад час пасадкі.

«Цікаўнікі» не «нападалі», пакружлялі на значнай вышыні, з нязменным эскортам «павуцін», і неўзабаве пайшлі, растварыўшыся ў зелянявым мігценні неба без зор.

— А я ні разу не быў у Горадзе, — сказаў раптам з пэўным здзіўленнем Малчанаў. Хацеў яшчэ нешта сказаць, але паглядзеў на Сташэўскага і перадумаў. Няўжо ён і праўда не быў у Горадзе? — падумаў Грэхаў з недаверам. — Або гаворыць наўмысна для нас, каб супакоіць, падбадзёрыць?» Грэхаву, натуральна, таксама не даводзілася знаёміцца з Горадам, але наслухаўся ён такіх гісторый больш як дастаткова.

Сташэўскі махнуў рукой, Грэхаў павялічыў абароты матораў, і танк палез на стромкі чырвона-карычневы бок каменнага кража.

3

Ён выключыў акустычныя прыёмнікі, і прыглушанае мармытанне рухавіка змоўкла, стала зусім ціха. Толькі ў кабіне зрэдку хто-небудзь шамацеў вопраткай ды рыпелі рамяні крэслаў.

Дарогі як такой не было. Танк ішоў беражком свежага разлому, потым вухнуў некуды ў цясніну і хвілін дваццаць шлёпаў гусеніцамі па плыткай рэчцы з зіхатлівай смарагдавай вадой.

Потым пайшла параўнальна роўная паверхня — столападобнае плато, на сярэдзіне якога машына з ходу ўляцела ў воблака шызага дыму. У гэтым дыме не дапамог нават лакатарны зрок — чарговы цуд прыроды, і Грэхаў кіраваўся толькі стрэлкай арыентаста, каб машына ішла дакладна па прамой. Такія дымныя падушкі яны праязджалі ўжо, памеры іх не перавышалі некалькіх кіламетраў. Абазначалі яны спуск у плыткую, але шырокую варонку, надзіва роўную. Растлумачыць іх прызначэнне не змог і адзіны «ветэран» у танку — Малчанаў.

Калі танк выязджаў з дыму, яго моцна трасянула. Грэхаў узняў вочы і ўбачыў над сабой гіганцкую белую «сетку», што павольна адплывала ў дым. І зараз жа гучна зашалясцелі дынамікі прыёмніка, дзесьці ўнутры яго загаварылі, зашапталі сотні галасоў, разабраць якія выразна ён не змог. Калыхаючыся, край «павуціны» яшчэ пэўны час свяціўся скрозь дым, потым растварыўся ў сіняй смузе. Змоўк і шэпт.