Эдгар По – Маска Чырвонае Смерці (страница 93)
Яе думак суцішыўся тлум,
Думак сумных суцішыўся тлум.
Там, дзе сцежка да лесу збягае,
Склеп стаяў, лісця чутны быў шум —
Ціхі, смерцю азмрочаны шум.
Запытаў я: «Сястра дарагая,
Хто тут спіць пад густы гэты шум?»
Быў адказ: «Улялюм! Улялюм!
Тут спачыла твая Улялюм!»
І тады маё сэрца змярцвела
І заслала мой розум імгла,
Непрагляднага болю імгла,
І згадаў я кастрычнік знямелы,
Ноч, якая бы сёння была, —
Ноч начэй, калі любае цела
Паглынула магілы імгла.
Што ж за сіла мяне захацела
Звабіць зноў і сюды прывяла?
О, я ўспомніў, як сцежка нясмела
Гэтым лесам туманным вяла,
Стаў Абэр абмінула нясмела
І ў пракляты лес Ўір прывяла!
Мы з Псіхеяй усклікнулі: «Гэта
Дух спагадны ці хітры вядзьмак,
Чулы дух ці зламысны вядзьмак,
Каб схаваць гэтых пустак сакрэты,
Каб заблытаць дарогу ўсяляк,
Пераплесці сцяжыны ўсяляк,
Нам спаслаў прывід грэшнай планеты
З лімбу – душаў блукаючых знак,
Гэтай грэшнай зіхоткай планеты
З пекла – душаў блукаючых знак!»
Званы
І
Чую бомаў чысты звон,
Срэбны звон!
Колькі радасці імклівай нам цяпер прарочыць ён!
Як звіняць званочкі звонка,
І смяюцца ў цішыні
Зоры тонка, тонка, тонка,
І ў нябёсах – зораў гронкі,
Крышталёвыя агні!
Мерных зыкаў пералівы —
Сагаў даўнія матывы
У іскрыстых перазвонах, што гучаць, нібыта сон,
Цераз край б’е ясны звон,
Наўздагон
Разаб’ецца – і смяецца дзёрзкі звон!
ІІ
Чую я вясельны звон,
Свята звон!
Колькі светлае надзеі нам цяпер прарочыць ён!
Золата яго гучання
Адзначае ноч кахання!
І ўрачысты хваласпеў,
Шчасця поўны,
Палка ў гэты час гарэў
Для пяшчотнае галубкі, што сустрэў
Часам поўні!
Як звіняць усе званы,
Пра любоў пяюць яны, І пра сны
Той вясны,
Што спазнаем мы адны,
Пра запал, што абудзіў
Найдзівоснае між дзіў,