Зграбна сеў на бюст Палады, не губляючы манер,
Як глядач – у свой партэр.
Вось дзівосы ў мой закутак! І на хвілю сціх мой смутак,
І спытаўся я: «Чаму так абадраны твой каўнер?
Кіпці ворагаў пасеклі? (Тых, што ўрэшце ў жаху ўцеклі?)
Як цябе завуць у пекле, дасканалы грэнадэр?
Як цябе Плутон у пекле называе, грэнадэр?»
Адказаў Крумкач: «Не вер!»
Я застыў у захапленні ад птушынага маўлення,
Хай крылаты мой аратар быў далёка не Гамэр,
Ды не кожны дзень у госці птах заходзіць да кагосьці,
Хай не першай маладосці, але важны кавалер!
Не заўжды на белы мармур сядзе чорны кавалер
З рэдкім іменем «Невер»!
Госць жа, з выглядам суровым, не азваўся больш ні словам,
Бы зрабіцца мармуровым і напраўду меў намер,
У нямоце занурыўся – і самоце я скарыўся:
«Зранку, як мае сябры ўсе, знікне й гэты візітэр,
Як усе мае надзеі, знікне й гэты візітэр!»
Паўтарыў Крумкач: «Не вер!»
Адказаў ён так дарэчна, што прамовіў я сардэчна:
«Гаспадар яго, бясспрэчна, быў пакутнік і блюзнер!
Быў іх лёс настолькі дрэнным, што ліліся скаргі трэнам,
І зрабіліся рэфрэнам боль і роспачы надмер,
Кожны дзень гучалі ў скаргах боль і роспачы надмер:
«Больш не вер! не вер! не вер!»
Хваляванне больш не трэсла, хоць надзея не ўваскрэсла.
Я бліжэй пасунуў крэсла, нібы крочыў за бар’ер
Немагчымых супадзенняў, сеў – і доўга летуценіў:
«Што прынёс мне з царства ценяў гэты вусцішны кур’ер?
Што прарочыць мне злавеснай вечнай вусцішы кур’ер,
Прамаўляючы «не вер»?
Толькі змучаны спачынам, скуты страхам беспрычынным,
Я сядзеў пад крумкачыным позіркам, што пёк і жэр.
Бо душа ўсё памятае: тут раней сядзела тая,
Што цяпер не завітае з вышыні нябесных сфер,
Не прысядзе, завітаўшы з вышыні нябесных сфер,
Тут каханая, не вер!
Раптам у салодкім дыме пахі робяцца густымі,
Цені робяцца святымі і сыходзяць са шпалер…
Я сказаў: «У падарунак шле мне Госпад паратунак,
Забыцця гаючы трунак – мне, што звыш усякіх мер
Пра нябесную Ленору памятае дацяпер!»
Адказаў Крумкач: «Не вер!»
«Будзь ты д’яблам ці прарокам, ці з’явіўся ненарокам,
Ды катуеш сэрца змрокам, быццам тысячы сякер!
Ці ў тваёй, крумкач, уладзе загаіць душы бязладдзе,
Ці мне лекі ў Галаадзе дасць твой сябра Люцыфер?
Ці бальзам у Галаадзе дасць мне чорны Люцыфер?»
Адказаў Крумкач: «Не вер!»
Будзь ты д’яблам ці прарокам, ці з’явіўся ненарокам,
Дзеля Бога на высокім троне тагасветных сфер,
Адкажы душы ў спагадзе, ці сустрэне ў райскім садзе
Тую, у чыім паглядзе – толькі неба? Не блюзнер,
Ці сустрэнемся з Ленорай? Дзеля неба, не блюзнер!
Адказаў Крумкач: «Не вер!»
«Праз цябе гаворыць бездань, значыць – згінуць і табе, здань!
Прэч у цемру да пачвараў, вурдалакаў і мегер!
Хай не плямяць твае пёры светлай памяці Леноры,
Згінь туды, дзе змрок, і зморы, й пекла вогненны ашчэр!
Веру, што цябе чакае пекла вогненны ашчэр!»
Адказаў Крумкач: «Не вер!»
Так трываю страх і вусціш я ля мармуру, на бюсце ж —
Госць, якога не адпусціш, бо ўладарыць ён цяпер:
Беручы душу ў аблогу, кінуў цень на ўсю падлогу,