реклама
Бургер менюБургер меню

Эдгар По – Маска Чырвонае Смерці (страница 87)

18
Я заснуў і вас, як брата, не пусціў адразу ў хату, Дый пастукаліся надта ціха вы ў дзвярох маіх», — Дзверы я штурхнуў… нікога, толькі цемра каля іх, Там, каля дзвярэй маіх. Я ўзіраўся ў прадчуванні немажлівага спаткання У ахутаны маўчаннем і цямрэчаю прастор, Ды пачуў у непрабуднай цішы толькі водгук скрутны, Толькі водгук ледзьве чутны слова ціхага «Лінор?» — Гэта я шапнуў, і цемра прашаптала мне: «Лінор?», Прашаптала, як дакор. І, гаруючы ад страты, я вярнуўся ў жальбе ў хату, Як знячэўку стук зацяты зноў пачуўся і аціх. «Так, – я мовіў, – мне не сніцца: стукнуў нехта ў аканіцу, Трэба вызнаць таямніцу незвычайных стукаў тых. Гэта вецер – вось разгадка таямнічых стукаў тых, Вецер ля вакон маіх». Ды калі акно шырока разнасцежыў я – са змроку У пакой крумкач звячэлы, быццам прывід дзён сівых, Увайшоў хадою цвёрдай і пратупаў з пыхай лорда Ля мяне ў паставе гордай проста да дзвярэй маіх, І на бюст Палады ўзбіўся там, каля дзвярэй маіх, Сеў панура і заціх. Чапурыстасць і паважнасць чорнай птушкі нехлямяжнай Змусілі мяне ўсміхнуцца цераз сум: «Хоць і абдзёр У сутычцы нейкі вораг на тваёй макушцы пёры, Ты не страціў смелы нораў, змрочны дух начных пячор, Як Плутон цябе мянуе ў нетрах тых начных пячор?» Крук пракрумкаў: «Nevermore!» Хоць адказ начнога птаха на душу мне ўпаў, як плаха, Быў бы дзень – не меў бы страху, а цяпер – які выбор, Калі ноч і бездарожжа, калі, быццам дух варожы, Уваходзіць крук нягожы і сядае насупор На скульптурны ўзгруд Палады, над дзвярыма, насупор, Крук з мянушкай Nevermore. А тым часам крук пануры знерухомеў на скульптуры, Бы душу ўсю ўклаў у слова страшнае, як прыгавор. «Як сябры мае, – ледзь чутна я шапнуў, – крумкач прыблудны Знікне заўтра ў каламутным цемрыве начных пячор, Як мае надзеі, знікне ў цемрыве начных пячор». Крук пракрумкаў: «Nevermore!» Напалоханы адказам, я ачуўся не адразу І прамовіў: «Несумненна, слова гэтае – паўтор Скаргі нейкага нябогі, што пад гнётам лёсу злога Праз усю сваю дарогу паўтараў, нібы дакор, На хаўтурах мар, да скону паўтараў, нібы дакор, Толькі слова «nevermore». Так разважыўшы, з усмешкай я на крэсла сеў без спешкі Тварам да жудлівай птушкі, спінаю да цьмяных штор, На падушку сеў у крэсла і задумаўся над сэнсам Слова, што прынёс злавесны, змрочны дух начных пячор. Што паведаміць хацеў мне змрочны дух начных пячор Гэтым словам «nevermore»? Так раздумваў я ў маўчанні над прароцтвам незвычайным Птаха, што паглядам жорсткім на мяне глядзеў ва ўпор. У святле сядзеў няісным каганца і ненаўмысна На падушку прыхіліўся – так мяне адолеў змор. Ах, ніколі на падушку не прыхіліцца Лінор Ля мяне, о nevermore! І здалося, пасмы дыму паплылі перад вачыма І за спінай серафімы павыходзілі з-за штор. «Хлус! – я ўсклікнуў. – Без сумнення, дзіўнае тваё з’яўленне — Боскі знак майго збавення ад жалобы па Лінор! Дай мне зелля, каб забыцца, каб не помніць пра Лінор!» Крук пракрумкаў: «Nevermore!» «О вястун, – я ўсклікнуў, – птушка проста ты ці д’яблаў служка!