Эдгар По – Маска Чырвонае Смерці (страница 86)
Усмешлівую Юлалі сваёй я не назваў.
Блішчэць ярчэй
Сярод начэй
Яе вачам, чым зорцы ў цішы стылай.
І месяца ззянне,
Туманнае ўбранне —
Пурпура, пярліны, бялілы —
Не ззяюць так ярка, як кудзеркі Юлалі мілай,
Зблякаюць ад золата локанаў Юлалі мілай.
Няма больш болю,
Тугі, нядолі:
Пад сілу ўсё вачам яе іскрыстым.
І дзень пры дні
Нібы ў агні
Астарта ў небе чыстым,
Бо Юлалі ў яго глядзіць паглядам прамяністым,
Бо Юлалі яго асвеціць позіркам празрыстым.
Лiнор
О смерці сон! Спрадвечны кон б’е чашу залатую!
Хай звоніць звон! Да Стыкса ён вядзе душу святую!
О, Гай дэ Вэр, у смерць павер! Быць гору з гэтых пор!
Тужы цяпер, о кавалер: сышла твая Лінор!
Мы заспяваем за спачын, абрад мы справім свой —
Сышла найлепшая з жанчын, памерла маладой.
Быў двойчы жорсткі смерці чын – спачыла маладой.
«Няшчасныя! не дух жывы – багацце вабіць вас!
На смерць багаславілі вы яе ў журботны час!
Як рэквіем цяпер спяваць, абрад як справіць свой
Вам, хто спаганіў сэрцы злом, а языкі – маной,
Вам, хто наблізіў смерць яе, нявіннай, маладой?»
Peccavimus,[123] ды плач суціш, хай нашыя псальмы
Да Госпада імкнуць – яе не патрывожым мы.
Пайшла ад нас яна ў свой час, ды шчасця ёй стае,
А ты – яе жаніх – як мніх, маліся за яе.
Яна ўжо прах, і ў сэрцы жах і горыч ты адчуў:
Жыццё не згасла ў валасах, ды згасла ўжо ўваччу,
Жыццё шчэ ззяе ў валасах, ды смерць жыве ўваччу.
«О, прэч! Святло ў душы, і тло – гук вашых галасоў!
Пяю з анёлам вам на злосць пэан былых часоў!
Хай сціхне звон! Бо наўздагон яе святой душы
Імчыць напеў – і ён заспеў каханую ў цішы.
Туды, найдалей ад бяды, ад д’яблавых пагроз
Ляці – і ўвойдзеш у палац Уладара нябёс,
Адрынь адчай – бо прыме ў рай цябе Ўладар нябес!»
Крумкач
Неяк змрочным часам ночы, калі я заплюшчыў вочы,
Разбіраючы прарочы сэнс старых пажоўклых кніг,
Раптам стук пачуў праз стому, ціхі стук у дзверы дому,
Быццам нехта невядомы прыпыніўся каля іх.
«Гэта нейкі госць, – я мовіў, – прыпыніўся каля іх,
Там, каля дзвярэй маіх».
Быў, я помню, снежань слотны, у каміне неахвотна
Гаснуў жар, і цень дрымотны варушыўся ў зборках штор.
І чакаў я час світання, як збавення, бо чытанне
Не прынесла мне адхлання ў смутку вечным па Лінор,
Па святой, якой анёлы кажуць там цяпер «Лінор», – <
Безыменнай тут з тых пор.
Неакрэслены, трывожны шолах штор, іх зморшчкі кожнай,
Нейкім жахам прыварожным да сябе прыкуў мой слых,
І стаяў я, спалатнелы, паўтараючы нясмела:
«Гэта нейкі госць спазнелы там, каля дзвярэй маіх,
Гэта нейкі госць спазнелы прыпыніўся каля іх,
Там, каля дзвярэй маіх».
І сябе пераканаўшы, што там госць, і страх суняўшы,
«Сэр, – я мовіў, – або лэдзі, выбачайце, што на міг