Эдгар По – Маска Чырвонае Смерці (страница 85)
Пачвараў плынь жывая.
Там можна рогат чуць пякельны,
А ўсмешак – не бывае.
Цішыня
Бываюць рэчы без увасаблення
З жыццём падвойным сутнасцяў двайных.
Святло і гліна, рэчыва і цені
Даюць пачатак існаванню іх.
Дзве Цішыні ёсць – берага і мора,
Душы і цела – першая жыве
У землях суму, у густой траве,
У краі згадак пра былое гора;
Яе не бойся. Ёй імя – «Учора».
Такая Ціша ўвасабленне мае,
І сілам зла не авалодаць ёй.
Калі ж аднойчы лёс жыццё зламае,
І стрэнеш эльфа на мяжы пустой
(Цень Цішы, што выходзіць у дарогу,
Дзе не было людзей), даверся Богу!
Чарвяк-пераможца
Глядзі! Растала ўшчэнт нуда
Пасля гадоў панылых,
Сядзіць анёлаў грамада
Прыўкрасных і двухкрылых,
Бо ставяць сённяшняй парой
Спектакль мрой, хімераў —
Вось залунаў над залай рой
Мелодый вышніх сфераў.
Акторы церпяць ад навал,
Хоць маюць вобраз Божы, —
Марыянетак карнавал —
Ды хто ім дапаможа,
Калі ў руках таемных сіл
Масткі, кулісы, хоры?
З іх чорных кондаравых крыл
Злятае гора.
О, варта драму нам пачаць,
Вам не сысці нікуды!
Усе за прывідам імчаць,
А ён – падман, аблуда.
Імчыш, самлелы і глухі,
А вынік – той жа самы,
Вар’яцтва, вусціш і грахі —
Сюжэт спрадвечнай драмы.
Але зірні! Вось з-за куліс
Паўзе пачварны вораг!
Яго бясформенны абрыс
Палохае бадзёрых.
І не спыніць яго нічым —
Глытае ўсіх без меры,
І плача кожны серафім,
І румзае ў партэры.
Святло знікае і масткі,
Акторы, маскі, сцены.
Завесу – саван свой цяжкі —
Здымай хутчэй са сцэны!
Анёльскі голас, быццам здзек,
Абвесціць п’есу тую:
На сцэне – драма «Чалавек»,
Чарвяк там трыюмфуе.
Юлалі
Жыў доўгім часам —
З бядой сам-насам —
І ў сэрцы боль нясцерпны панаваў
Пакуль красуню Юлалі нявестай не назваў,