Эдгар По – Маска Чырвонае Смерці (страница 84)
Будзь тою, кім была заўжды,
Кім не была – не будзь.
Нястач не будзе ў пахвальбе:
Твае краса і годнасць —
Нагода праслаўляць цябе,
Любоў жа – неабходнасць.
Да Зантэ
Прыўкрасны востраў, падарыла кветка
Табе імя дзівоснае красы.
Як шмат абудзіш ты, былога сведка,
Ўспамінаў пра шчаслівыя часы!
Як шмат разваг пра сонечныя мары!
Як шмат надзей, якія сёння – прах.
Ды прыгажуні больш не цешаць чары:
Яе няма на гэтых берагах!
Яе няма! – гучыць журботна й востра
І ўсё змяняе! Больш няма яе
І памяці няма! Кляну, о востраў,
Расквечаныя берагі твае!
О гіяцынтава-пурпурны Зантэ!
«Isola d’oro! Fior di Levante![122] »
Закляты замак
У даліне, дзе ўрачысты
Хваласпеў-харал гучаў,
Маляўнічы й прамяністы
Замак велічна паўстаў.
Розуму была там воля
Над усім, І не асланяў ніколі
Лепшых земляў серафім.
Гордых вымпелаў палотны
Замкавы вянчалі дах
(Дзень згубіўся той зіхотны
У вяках).
Там ветрык лёгкі над мурамі
Шукаў забаў —
Сабе, гуляючы сцягамі,
Няўлоўны водар забіраў.
Хто ішоў праз дол спагадны,
Бачыў – там агонь не цьмеў —
Духаў танец пад суладны,
Меладычны лютняў спеў.
Там, у велічнай паставе,
Сын каралёў,
На троне ў асляпляльнай славе
Сядзеў уладца тых краёў.
Рубіны й перлы сноп праменняў
Слалі з замкавых дзвярэй,
З іх струменіў і струменіў,
І іскрыўся ўсё мацней
Хор галасоў; дзівоснай сілы
Яны былі, Іх песня караля хваліла —
Не будзе лепшай на зямлі.
Ды змрочны дэман, скруха злая
Яго пазбавіла стальца.
О, плачце, бо яго адчаю
Ужо не прычакаць канца,
І слава болей не паўстане —
Бліскучы шчыт;
Яна – няяснае паданне,
Што адышло ў нябыт.
І хто пабачыць у трымценні
Чырвонае святло ў акне,
Дзе так бязладна скачуць цені, —
Той спешна замак абміне.
Імкнецца вонкі жах суцэльны —