реклама
Бургер менюБургер меню

Эдгар По – Маска Чырвонае Смерці (страница 82)

18

Санет да навукі

Навука! Ты заўжды сухой была, Дачка былых часоў з паглядам пільным, Раскрыеш сумных ісцін два крыла, Як грыф, што вее холадам магільным. Паэт цябе не любіць. Ты – лавец Яго душы, што марыць пра блуканні, З нябёс яго спускаеш у чысцец І смелыя спыняеш парыванні. Гамадрыяду гоніш ты з гаёў, Дыяну пазбаўляеш калясніцы, Наядаў больш не стрэць ля ручаёў — Бяздомным, ім няма куды сяліцца. І гоніш эльфаў з траваў, а мяне — З-пад тамарында, дзе лунаў я ў сне.

Да ***

Бы ў садзе, дзе ў палоне мрой На птушак ладжу ловы, — Злятае з вуснаў словаў рой, Спяваюць птушкі-словы. З нябёсаў сэрца твой пагляд Упаў, нібы зляцела Да мёртвых зорка ў змрочны сад, На розум мой змярцвелы. Твая душа – душа!.. Я сплю, І сны мне будуць сніцца Пра ісціну, што не куплю, І танныя драбніцы.

Калізей

Рэліквія былых стагоддзяў Рыму! Загадка, што цяперашнім часам Пакінулі вякі багацця й моцы! Урэшце я, схадзіўшы сто дарог, Спазнаўшы смагу доўгай пілігрымкі І прагу веды, што душу пячэ, Укленчыў, ціхамірны і пакорны У цені велічы тваёй і піў З твае раскошы змрочнае і славы! Прастора, час і згадкі пра былое! О ноч і спусташэнне! Цішыня! Цяпер твае я адчуваю чары, Мацнейшыя за веду, што адкрыў Іўдзейскі Цар у Гефсіманскім садзе, І таямніцы, што халдэям зоры Ніколі не здалелі б патлумачыць. Дзе паў герой – там падаюць калоны. Дзе золатам блішчэў калісь арол, Цяпер кажан вартуе цішу ночы. Дзе з пасмамі матрон гуляўся вецер, Цяпер дзядоўнік з ветрыкам гуляе. Дзе на стальцы каштоўным уладар Калісь сядзеў, цяпер у ззянні поўні Спяшаецца ў свой мармуровы дом Старая яшчарка развалін даўніх. Ды пачакайце! Гэтыя аркады, Руіны, спрэс абвітыя плюшчом, Патрэсканыя фрызы і пілястры, Антаблементы, гэты пыл гадоў І камяні – усё, што нам пакінуў Няўмольны і ўсёразбуральны час Ад велічнага некалі калоса? «Не ўсё, – прашэпча рэха, – не, не ўсё! Гучаць адвеку нашыя прароцтвы, І мудрыя пачуюць спеў руін — Спеў Мемнана, што звернуты да сонца!