Эдгар По – Маска Чырвонае Смерці (страница 81)
Агонь, што ў іх здабыў,
Для сэрца, што спазнала боль,
Святлом адзіным быў.
Хай хутка зблякне чырвань шчок
І зменіцца твой твар,
Яны раздзьмулі вугалёк
Маёй душы ў пажар,
Маёй! – бо чырвань шчок тваіх
Падгледзеў я ў вясельны дзень.
Да шчасця вёў цябе жаніх,
Кахання ззяў прамень.
Да***
Не страшна, што зямны мой шлях
Няшмат зямнога меў.
Гады кахання на вачах
Хвілінны знішчыў гнеў.
Ды не магу стрымаць я слёз,
Няшчасны, як жабрак,
Бо ты аплакваеш мой лёс,
Хаця я ў ім – мінак.
Самотны
Я быў з дзіцячае пары
Інакшым, чым мае сябры,
Бо не любіў я іх забаў,
Іх простых радасцяў не знаў,
Мой смутак іншы меў выток,
І шчасця светлага глыток
Спазнаў адзін, любіў адзін
Тады – бег ранішніх гадзін
Жыцця загадкаю адной
Акрэслены быў незямной,
Што з глыбіні дабра і зла
Мяне ў жыцці маім вяла —
З рэк, што рвуцца на прастор,
З бурых стромаў, дзікіх гор,
Сонца ў строях залатых
На шляхах адных і тых,
З бліскавіц, што між нябёс
Стрэлы шлюць сваіх пагроз —
Навальнічныя агні,
З воблака, што ў вышыні
На нябесным чыстым дне
Дэманам здаецца мне.
Раманс
Раманс, спявак лясоў панылы,
Драмаць аматар, склаўшы крылы
Ў лістоты дрогкасці зялёнай
Ля прахалоды прыазёрнай,
Мне чыюком быў каляровым —
Птушкай, знаёмаю з дзяцінства,
З ягоных спеваў навучыўся
Я абяцадлу й першым словам,
Калі ляжаў падоўгу ў пушчы,
У неба ўпяўшы зрок відушчы.
Хістае столь нябесных сфер
Сучаснасць крыламі нястрымна,
З-за ейных грыфаў угары мне
Няма калі блукаць цяпер —
Адно сачу, калі дзе грымне.
Калі ж нядоўгі супакой
Зляціць на дух турботны мой,
Каб з лірай, рыфмаю застацца
Я мог сам-насам, як ізгой,
Душа лічыла б святатацтвам
Не затрымцець сваёй струной.