реклама
Бургер менюБургер меню

Эдгар По – Маска Чырвонае Смерці (страница 76)

18

Граф зірнуў на штрыпкі сваіх панталонаў, потым узяў адну з фалдаў фрака, паднёс яе да самых вачэй і разглядаў так некалькі хвілінаў. Калі ён урэшце выпусціў яе, яго ўсмешка спакваля распаўзлася ад вуха да вуха, аднак не магу прыгадаць, каб ён штосьці адказаў.

Тут мы павесялелі, і доктар, з вялікай важнасцю падышоўшы да егіпцяніна, пажадаў дазнацца, ці можа даць ён зуб, што яго супляменнікі здолелі калі-небудзь наладзіць вытворчасць «Пігулак Зубдамуса» ці «Таблетак Брандрэта»*.

З глыбокім трымценнем чакалі мы адказу – але марна. Адказу не было. Егіпцянін пачырванеў і апусціў галаву. Ніколі трыюмф не быў такім поўным, ніколі параза не прымалася з такім жалю вартым выглядам. Шчыра кажучы, я не мог нават глядзець на прыгнечаную мумію. А таму ўзяў свой капялюш, суха пакланіўся графу і выйшаў.

Вярнуўшыся дадому, я ўбачыў, што ўжо пятая гадзіна, і тут жа скіраваўся ў ложак. Цяпер дзесяць гадзінаў ранку. Я на нагах з сямі, заняты напісаннем гэтай памятнай нататкі на карысць мае сям’і і ўсяго чалавецтва, якіх я больш ніколі не ўбачу. Мая жонка – змяя. Папраўдзе кажучы, мне дарэшты абрыдла і гэтае жыццё, і гэтае дзевятнаццатае стагоддзе ўвогуле. Я ўпэўнены, што ўсё ідзе кепска. Да таго ж мне страшна цікава, хто будзе прэзідэнтам у 2045-м. А таму як толькі я пагалюся і праглыну кубачак кавы, то адразу ж скіруюся да доктара Зубдамуса і папрашу забальзамаваць мяне на пару стагоддзяў.

Вершы

Тамерлан

У час смяротны суцяшэнне, Стары, цяпер не для мяне! Я не ў вар’яцкім захапленні, Што спіша ўлада на зямлі Грахі, што не з яе пайшлі. Час мроіць ці кахаць? Ды не! Агонь агнёў назваць надзеяй? А тая жарсць адно буцвее: Каб мог я жыць надзеяй, Божа! З крыніцы боскае святой, Цябе не зваў бы дурнем, можа, Ды гэта лёс, стары, не твой… Спазнай жа духу таямніцу, Што ў сорам з дзікай пыхі ўпаў. О сэрца палкае! Драбніцу Твайго змарнення я прыняў, Прывялай славы, дзе спакон Брыльянтамі зіхцеў мой трон… Ах, пекла! Ні яно, ні прах Мяне не змусяць зведаць жах — А ў сэрцы боль па першацвеце, Па сонечным мінулым леце! Я чую голас у цішы — Праз пустату маёй душы. Гучыць у ёй, нібы заклён, Хаўтурны векавечны звон. Я не заўсёды гэткі быў: Карону, ўсю ў агні, здабыў Прымусам. Хіба ж не з такім, Як мой, захопніцкім імпэтам Быў Цэзарам здабыты Рым? Уладны дух трыюмфаваў Над родам чалавечым гэтым, Як над адной са звыклых з’яў. Што ж, гадаваўся я ў гарах: Над галавою ў час начны Таглай развешваў туманы, Яе зарошваў – і працяг Жыцця мне ўжо на ўсе часы Кудлаціў бурай валасы. Раса лілася на мяне У пекле вусцішнай начы З нябёсаў (у спазнелым сне); І, сполахамі плюючы, Агонь з-за хмар, што, як сцягі, Віселі, так шугаў здалёк І ўлады відмам вабіў зрок, І гул грымот праз берагі Каціўся нада мною з весткай Пра бітву люду, й голас мой Гучаў – дурны, дзіцячы! – рэзка (О, з неўтаймоўнасцю якой — Аж ад яе нямеў язык), І вырастаў трыюмфу крык! Гулі вятры, лілі дажджы Ў мяне над голай галавой; Зацьміўся зрок, слых, розум мой, Ды людзі мне, што ні кажы, Маглі даць лаўры; і напад