реклама
Бургер менюБургер меню

Эдгар По – Маска Чырвонае Смерці (страница 75)

18

– Прашу мне прабачыць, – сказаў тут доктар Зубдамус, мякка паклаўшы сваю руку на руку егіпцяніна, – прашу мне прабачыць, але ці магу я на хвілінку вас перапыніць?

– Канечне, сэр, – адказаў граф і замаўчаў.

– Мне толькі хацелася задаць вам адно пытанне, – сказаў доктар. – Вы казалі пра тое, што гісторык сам выпраўляе памылкі ў паданнях пра яго эпоху. Тады скажыце, прашу вас, колькі праўды звычайна заставалася ва ўсёй гэтай кабалістыцы?

– Уся гэтая, як вы правільна заўважылі, кабалістыка звычайна выяўляецца настолькі ж праўдзівай, як і факты ў кнігах, якія самі гісторыкі потым не перапісвалі: невядома ніводнае дэталі, якая так ці іначай не была б цалкам і дарэшты памылковай.

– Калі мы з вамі высветлілі, – працягнуў доктар, – што з часу вашага пахавання прайшло не менш за пяць тысяч гадоў, я ўпэўнены, што вашыя тагачасныя гістарычныя працы, а можа, нават паданні ўтрымлівалі шмат падрабязнай інфармацыі на тэму, цікавую для усіх, – тэму стварэння свету, якое адбылося, як вы, мабыць, ведаеце, усяго за тысячу гадоў да вашага нараджэння.

– Прашу прабачэння, сэр?.. – не зразумеў граф Хібанахібіё. Доктар паўтарыў сваю думку, але яму давялося шмат дадаткова тлумачыць, перш чым чужаземец змог яго зразумець. Урэшце апошні няўпэўнена сказаў:

– Згаданыя вамі ідэі, шчыра прызнаюся, для мяне зусім новыя. У мае часы я не ведаў нікога, хто б трымаўся незвычайнай фантазіі, нібыта сусвет (ці гэты свет, калі вам будзе заўгодна) увогуле калісьці меў пачатак. Помніцца, як аднойчы і толькі аднойчы я чуў ад аднаго мысляра штосьці аддалена да гэтага падобнае, звязанае з паходжаннем чалавечае расы. Дарэчы, гэты чалавек ужываў імя Адам, ці Гліна, пра якое вы гаварылі. Аднак ужываў ён яго ў шырокім сэнсе, кажучы пра адвольнае зараджэнне з урадлівай глебы (як зарадзіліся тысячы ніжэйшых відаў), адвольнае зараджэнне, паўтаруся, пяці вялізных чалавечых плямёнаў, што адначасова з’явіліся ў пяці асобных, але амаль роўных частках свету.

Тут мы ўсе паціснулі плячыма, а нехта з нас нават са шматзначным выглядам пастукаў сябе па ілбе. Містэр Сілк Бэкінгем, слізгануўшы поглядам спачатку па патыліцы, а потым па макаўцы Хібанахібіё, зазначыў:

– Такая працягласць чалавечага жыцця ў вашыя часы, а таксама адзінкавыя выпадкі пражывання яго, як вы казалі, па частках, мусілі напраўду моцна паўплываць на агульнае развіццё і назапашванне ведаў. А таму я мяркую, што мы можам вытлумачыць відавочнае адставанне ўсіх дасягненняў старажытнаегіпецкай навукі ад сучасных, асабліва ад дасягненняў янкі, надзвычайнай цвёрдасцю егіпецкіх чарапоў.

– Мушу прызнацца, – пачціва сказаў граф, – што я згубіў вашую думку. Скажыце, калі ласка, якія дасягненні навукі вы маеце на ўвазе?

Тут уся нашая кампанія хорам пачала падрабязна расказваць пра палажэнні фрэналогіі* і пра цуды жывёльнага магнетызму.

Выслухаўшы нас да канца, граф пераказаў некалькі анекдотаў, з якіх мы зразумелі: слава прататыпаў Галя* і Шпурцгайма* была ў зеніце і пасля закацілася ў Егіпце так даўно, што пра іх паспелі ўжо забыць, а цуды Месмера* былі напраўду вартымі жалю фокусамі ў параўнанні з дзівосамі фіванскіх мудрацоў, якія стварылі вошаў і мноства такога іншага.

Тут я спытаў у графа, ці ўмелі яго землякі вылічваць час зацьменняў. Ён досыць пагардліва ўсміхнуўся і адказаў, што ўмелі.

Гэта крыху мяне збянтэжыла, але я працягваў распытваць яго пра астранамічную навуку егіпцянаў, пакуль адзін з нашае кампаніі, які дагэтуль ні разу не адкрыў рота, не шапнуў мне на вуха, што па гэтым пытанні мяне нашмат лепей пракансультуе Пталямей (і хто гэта такі?), а яшчэ нейкі Плутарх у працы «De facie lunae».[121]

Тады я спытаў мумію пра запальвальныя шкельцы, лінзы і ўвогуле пра вытворчасць шкла, але не паспеў нават скончыць пытанне, як маўклівы ўдзельнік зноў ціха крануў мяне за локаць і дзеля ўсяго святога папрасіў лепш зірнуць у працы Дыядора Сіцылійскага*. Граф жа замест адказу пацікавіўся, ці маем мы мікраскопы, якія дазволілі б нам выразаць камеі, што рабілі егіпцяне. Пакуль я думаў, што адказаць на гэтае пытанне, маленькі доктар Зубдамус даў вельмі незвычайнага маху:

– А паглядзіце на нашую архітэктуру! – усклікнуў ён да вялікага абурэння абодвух падарожнікаў, якія пачалі шчыкаць яго амаль да сінякоў, але без ніякае карысці. – Паглядзіце на фантан, што на Боўлінг-Грын* у Нью-Ёрку! – захоплена працягваў ён. – Ці, калі ён занадта велічны для сузірання, успомніце на імгненне Капітолій у Вашынгтоне*!

І добры маленькі доктар пачаў вельмі падрабязна апісваць усе элементы будынка, які толькі што згадаў. Ён патлумачыў, што адзін партал упрыгожаны не менш як дваццаццю чатырма калонамі пяці футаў у дыяметры на адлегласці дзесяці футаў адна ад адной.

Граф адказаў, што ён, на жаль, не можа цяпер прыгадаць дакладныя памеры любога значнага будынка ў горадзе пад назвай Азнак*, закладзеным калісьці ў цемры часу і руіны якога пры жыцці графа ўсё яшчэ можна было пабачыць у шырокай пустэльні на ўсходзе ад Фіваў. Аднак калі гаварыць пра парталы, то яму прыгадваецца, што адзін такі, прыбудаваны да пасрэднага палаца ў Карнаку* (гэта штосьці накшталт прыгарада), складаўся са ста сарака чатырох калонаў трыццаці сямі футаў па акружнасці на адлегласці дваццаці пяці футаў адна ад адной. З боку Ніла да палаца можна было пад’ехаць па алеі даўжынёй дзве мілі, утворанай сфінксамі, статуямі і абеліскамі вышынёй дваццаць, шэсцьдзесят і сто футаў. Сам палац, наколькі ён памятае, быў дзве мілі ў даўжыню і штосьці каля сямі па акружнасці. Муры яго былі ўсярэдзіне і звонку багата распісаныя іерогліфамі. Ён не можа дакладна сказаць, ці змясцілі б сцены гэтага палаца пяцьдзясят ці шэсцьдзесят Капітоліяў доктара, але ён упэўнены, што з некаторымі цяжкасцямі туды можна было б увапхнуць іх штук дзвесце-трыста. І ўсё ж палац у Карнаку быў досыць нязначным будынкам. Тым не менш ён, граф, з усёй шчырасцю не можа адмовіць фантану на Боўлінг-Грын у арыгінальнасці, раскошнасці і выбітнасці, як казаў пра яго доктар. Нічога такога, ён вымушаны адзначыць, ніколі не бачылі ні ў Егіпце, ні дзе-небудзь яшчэ.

Я спытаў у графа, што ён можа сказаць пра нашыя чыгункі.

– Нічога асаблівага, – адказаў ён. Яны досыць ненадзейныя, нядбайна зробленыя і нязграбна пакладзеныя. Іх нельга нават параўноўваць, скажам, з шырокімі, роўнымі, наўпростымі дарогамі з жалезнымі латакамі, па якіх егіпцяне транспартавалі вялікія храмы і цэльныя абеліскі вышынёй сто пяцьдзясят футаў.

Я згадаў пра нашыя вялізныя механічныя сілы.

Ён пагадзіўся, што нешта пра гэта чуў, але пацікавіўся, якім чынам я справіўся б з задачай падняць пяты арак хаця б аднаго з невялікіх палацаў Карнака.

Я вырашыў не пачуць гэтае пытанне і пацікавіўся, ці ўяўляе ён, што такое артэзіянскі калодзеж, але ён проста падняў бровы, тым часам як містэр Глідан пачаў мне люта падміргваць і зашаптаў, што, маўляў, адзін такі быў зусім нядаўна знойдзены інжынерамі, якія рабілі свідравіну, шукаючы ваду ў Вялікім Аазісе*.

Я ўспомніў пра нашую сталь, але чужаземец толькі задраў нос і пацікавіўся, ці можна з дапамогай нашай сталі выконваць каменярэзныя працы – такія, як на абелісках, што, дарэчы, былі зробленыя выключна меднымі разакамі.

Гэта настолькі нас збянтэжыла, што мы вырашылі разнастаіць свае нападкі і звярнуцца да метафізікі. Быў прынесены асобнік «Даела»*, адкуль мы зачыталі частку-другую пра нешта досыць няўцямнае, але акрэсленае бостанцамі як «вялікі рух прагрэсу».

Але граф толькі і сказаў, што «вялікія рухі» ў яго час здараліся ледзь не кожны дзень. Што ж да прагрэсу, то некаторы час ён прыносіў-такі пэўныя нязручнасці, але надта далёка не пайшоў.

Тады мы загаварылі пра каштоўнасці і значнасць дэмакратыі і паспрабавалі, хоць і з сур’ёзнымі цяжкасцямі, уразіць графа тымі разумнымі перавагамі, якімі мы карысталіся, галасуючы як душа пажадае і не маючы над сабой караля.

Граф слухаў нас з відавочнай цікавасцю: выглядала, што нашыя словы яго добра павесялілі. Калі мы скончылі, ён зазначыў, што калісьці даўно ў іх адбывалася нешта падобнае да гэтага. Трынаццаць егіпецкіх правінцыяў вырашылі раптам зрабіцца свабоднымі і паказаць прыўкрасны прыклад усяму чалавецтву. Яны склікалі сваіх мудрых мужоў і зляпілі самую выштукаваную канстытуцыю, якая толькі магчымая. Некаторы час яны някепска спраўляліся, вось толькі саманадзейнасць іх была надзвычайнай. Калі гэтыя трынаццаць штатаў аб’ядналіся з астатнімі пятнаццаццю ці дваццаццю, усё скончылася, выліўшыся ў такую гнюсную і невыносную дэспатыю, якая толькі магла існаваць на Зямлі.

Я спытаў, як звалі іх узурпатара. Наколькі памятаў граф, яго звалі Натоўп.

Не ведаючы, што казаць далей, я ўзвысіў голас і пашкадаваў, што егіпцяне не ведалі пары.

Граф паглядзеў на мяне са здзіўленнем, але прамаўчаў. А маўклівы джэнтльмен з усяе моцы пхнуў мяне локцем у рэбры і прашаптаў, што я ўжо дастаткова паказаў свае здольнасці, здзівіўшыся толькі, як нават такі дурань, як я, можа не ведаць, што сучасны паравы рухавік заснаваны на вынаходніцтве Герона, апісаным Саламонам дэ Ко*.

Параза нашая падавалася непазбежнай, але, на шчасце, доктар Зубдамус, сабраўшыся з думкамі, прыйшоў нам на дапамогу і пацікавіўся, ці могуць егіпцяне скласці нашым сучаснікам сур’ёзную канкурэнцыю ў такім важным пытанні, як адзенне.