Эдгар По – Маска Чырвонае Смерці (страница 74)
Я, напрыклад, быў цалкам упэўнены, што ўсё так і мае быць, і толькі пасунуўся трошачкі назад, падалей ад кулака егіпцяніна. Доктар Зубдамус вельмі пачырванеў і, узіраючыся ў твар муміі, засунуў рукі ў кішэні штаноў. Містэр Глідан пагладзіў бараду і паправіў каўнер кашулі. Містэр Бэкінгем апусціў галаву і засунуў вялікі палец правай рукі ў левы куточак рота.
Некалькі хвілінаў егіпцянін сувора разглядаў яго і ўрэшце насмешліва зазначыў:
– Містэр Бэкінгем, чаго вы маўчыце? Вы чулі мае пытанні ці не? І дастаньце палец з рота!
Містэр Бэкінгем адразу ж злёгку скалануўся, дастаў вялікі палец правай рукі з левага куточка рота і ў якасці кампенсацыі ўклаў вялікі палец левай рукі ў правы куточак вышэйзгаданай адтуліны.
Не атрымаўшы адказу ад містэра Бэкінгема, мумія раздражнёна павярнулася да містэра Глідана і безапеляцыйным тонам у агульных выразах запатрабавала ад яго прыкладна таго ж самага.
Містэр Глідан грунтоўна адказаў ёй на размоўнай егіпецкай, і калі б у нашых амерыканскіх друкарнях не было такога сур’ёзнага недахопу іерагліфічных шрыфтоў, я з вялікай асалодай змясціў бы гэтую выбітную прамову ў арыгінале.
Тут я скарыстаюся магчымасцю і ўдакладню, што ўся наступная размова з муміяй вялася на старажытнаегіпецкай мове пры пасярэдніцтве (калі справа датычыла мяне і іншых сябраў-дамаседаў нашае кампаніі), пры пасярэдніцтве, паўтаруся, перакладчыкаў містэра Глідана і містэра Бэкінгема. Гэтыя джэнтльмены гаварылі на матчынай мове ўсіх муміяў з непаўторнай хуткасцю і вытанчанасцю, але я не мог не звярнуць увагу на тое, што час ад часу (калі з’яўлялася неабходнасць закрануць нейкія цалкам сучасныя і, натуральна, цалкам невядомыя нашаму госцю паняцці) два падарожнікі былі змушаныя тлумачыць нейкія адмысловыя значэнні ледзь не на мігах. Так, напрыклад, у адзін момант містэр Глідан не мог патлумачыць егіпцяніну паняцце «палітыка» да таго часу, пакуль не намаляваў вугольчыкам на сцяне карбункуланосага джэнтльмена з падранымі локцямі, які выступаў з прамовай, адставіўшы назад левую нагу, правую руку са сціснутым кулаком выцягнуўшы наперад, з вачыма, вырачанымі ў нябёсы, і з ротам, адкрытым пад вуглом дзевяноста градусаў. А містэр Бэкінгем ніяк не мог патлумачыць вельмі сучаснае паняцце «сухі закон», пакуль згодна з парадай доктара Зубдамуса не дастаў з-пад палы і, моцна пачырванеўшы, не паказаў чужаземцу пустую флягу.
Зразумела, прамова містэра Глідана круцілася ў асноўным вакол тае вялікае карысці, якую прыносіць навуцы раскручванне і ўскрыццё муміяў. З гэтай прычыны ён выбачыўся за ўсе нязручнасці, якія давялося сцярпець, у прыватнасці, муміі на імя Хібанахібіё, і скончыў лёгкім намёкам (бо іначай акрэсліць яго вагу наўрад ці магчыма), што калі з ўсімі гэтымі нязначнымі падрабязнасцямі скончана, надышоў самы час працягнуць запланаваныя даследаванні. На гэтых словах доктар Зубдамус падрыхтаваў свае інструменты.
Што да апошняй прапановы прамоўцы, то тут у Хібанахібіё былі пэўныя сумневы, прыроды якіх я так канчаткова і не зразумеў. Але прабачэнні яго задаволілі: падняўшыся са стала, ён паціснуў рукі ўсёй кампаніі.
Скончыўшы гэтую цырымонію, мы адразу ж заняліся выпраўленнем пашкоджанняў, нанесеных нашаму госцю скальпелем. Мы зашылі рану на скроні, забінтавалі нагу і наляпілі цэлы дзюйм чорнага пластыру на нос.
І тут мы заўважылі, што граф (здаецца, менавіта такі тытул меў Хібанахібіё) злёгку дрыжыць – без сумневу, ад холаду. Доктар адразу ж скіраваўся да свайго гардэробу і хутка вярнуўся з чорным фракам наймаднейшага крою, парай клятчастых нябесна-блакітных панталонаў са штрыпкамі, ружовай кашулькай у палоску, шырокай гафтаванай камізэлькай, белым плашчом, тросцю з гнутай ручкай для шпацыраў, капелюшом без палёў, ботамі з лакаванай скуры, саламянага колеру лайкавымі пальчаткамі, маноклем, накладнымі бакенбардамі і гальштукам, завязаным двайным «гордыевым» вузлом. Праз неадпаведнасць памераў графа і доктара (у прапорцыі два да аднаго) падчас адзявання егіпцяніна мы сутыкнуліся з некаторымі праблемамі, але калі ўсе яны былі вырашаныя, сябра нашага можна было лічыць адзетым. Містэр Глідан падаў яму руку і правёў да зручнага фатэля каля каміна, а доктар тым часам пазваніў, каб прынеслі цыгары і віно.
Размова хутка ажывілася. Найбольшую цікавасць, натуральна, выклікала тое, што Хібанахібіё нейкім дзівосным чынам да гэтага часу застаўся жывы.
– Мне падаецца, – заўважыў містэр Бэкінгем, – што вы даўно ўжо мусілі памерці.
– З чаго б гэта? – вельмі здзіўлена пацікавіўся граф. – Мне ж не нашмат больш за семсот гадоў! Мой бацька пражыў тысячу і тым не менш памёр пры ясным розуме.
Тут пасыпаліся пытанні і падлікі, у выніку чаго зрабілася відавочным, што егіпцянін значна недаацаніў свой узрост: ён праляжаў ў іліфійскіх катакомбах пяць тысяч пяцьдзясят гадоў і яшчэ некалькі месяцаў.
– Але мая заўвага, – зазначыў містэр Бэкінгем, – ніякім чынам не датычыць вашага ўзросту на момант пахавання. Магу дапусціць, што вы, па сутнасці, яшчэ досыць малады; мая думка абумоўленая працягласцю таго часавага прамежку, цягам якога вы, паводле вашых жа сведчанняў, праляжалі ў асфальтавых смолах.
– У чым, у чым? – удакладніў граф.
– У асфальтавых смолах, – паўтарыў містэр Бэкінгем.
– А-а, гэта… Я, здаецца, разумею, пра што вы. Пэўна, іх таксама можна выкарыстоўваць. Але ў мае часы мы наўрад ці ўжывалі штосьці апроч хлорнай ртуці.
– Вось чаго мы зусім ніяк не можам зразумець, – сказаў доктар Зубдамус, – дык гэта таго, як вы, памерлы і пахаваны ў Егіпце пяць тысяч гадоў таму, сёння выявіліся вельмі нават жывым – і выглядаеце проста цудоўна.
– Калі б я быў, як вы кажаце, памерлым, – адказаў граф, – больш чым верагодна, што цяпер я б такім і заставаўся. Я бачу, вы ў гальванізме пакуль яшчэ зусім дзеці і не можаце з яго дапамогай дасягнуць таго, што лічылася ў старыя часы рэччу самай звычайнай. Уся справа ў тым, што ў мяне здарыўся каталептычны прыпадак, і добрыя мае сябры вырашылі, што я альбо памёр, альбо блізкі да гэтага, таму яны мяне тут жа забальзамавалі – спадзяюся, вы добра ўяўляеце сабе асноўныя прынцыпы бальзамавання?
– Не тое каб зусім…
– Ох, ну якое безнадзейнае невуцтва! Але не магу ж я цяпер занурацца ў дэталі. Хаця трэба патлумачыць, што ў Егіпце набальзамаваць па сутнасці значыла спыніць на няпэўны час усе жыццёвыя функцыі, залежныя ад працэсаў у арганізме. Я ўжыў тут слова «жыццёвыя» ў самым шырокім сэнсе, які ўлучае не толькі фізічнае, але і духоўнае, і вітальнае быццё. Паўтаруся, што ў нас асноўны прынцып бальзамавання – гэта імгненнае спыненне і захаванне навечна ўсіх жыццёвых функцыяў, залежных ад працэсаў у арганізме. Карацей кажучы, у якім стане знаходзіўся чалавек падчас бальзамавання, у такім ён і застаецца. Я меў шчасце нарадзіцца з крывёй Скарабея і таму быў забальзамаваны жывым, такім, якім вы цяпер мяне бачыце.
– З крывёй Скарабея? – усклікнуў доктар Зубдамус.
– Так. Скарабей быў эмблемай, ці сімвалам, аднаго выбітнага і вельмі арыстакратычнага роду. Нарадзіцца з крывёй Скарабея – значыць проста належаць да адной з тых сем’яў, якія мелі сваёй эмблемай Скарабея. Гэта я так метафарычна выказаўся.
– Але як гэта звязана з тым, што вы засталіся жывым?
– Ну, у Егіпце прынята перад бальзамаваннем даставаць у мерцвяка вантробы і мозг, і толькі род Скарабея не трымаецца гэтае традыцыі. А таму, калі б я не быў Скарабеем, то пазбавіўся б вантробаў і мозгу, без якіх, між іншым, жыць досыць нязручна.
– Ага, зразумела, – сказаў містэр Бэкінгем. – Значыць, усе няўскрытыя муміі, што трапляліся нам, належалі да роду Скарабея?
– Без сумневу.
– А я думаў, – сціпла заўважыў містэр Глідан, – што Скарабей быў адным з егіпецкіх багоў.
– Адным з егіпецкіх чаго? – усклікнула мумія, ускочыўшы.
– Багоў! – паўтарыў падарожнік.
– Містэр Глідан, мне напраўду дзіўна чуць ад вас такія словы, – сказаў граф, зноў сядаючы ў фатэль. – Ніводны народ на зямлі ніколі не прызнаваў існаванне больш чым аднаго бога. Скарабей, Ібіс і іншыя былі для нас (а для кагосьці іншага – іншыя стварэнні) усяго толькі сімваламі, ці пасярэднікамі, праз якіх мы ўслаўлялі Творцу, занадта велічнага, каб звяртацца да яго наўпрост.
Тут павісла паўза. Праз некаторы час доктар Зубдамус працягнуў размову:
– Згодна з вашымі тлумачэннямі, зусім не выключана, – сказаў ён, – што ў катакомбах ля Ніла могуць ляжаць і іншыя жывыя муміі сямейства Скарабея?
– Без усялякіх сумневаў, – адказаў граф. – Усе Скарабеі, выпадкова забальзамаваныя жывымі, застаюцца жывымі дагэтуль. І нават забальзамаваныя жывымі спецыяльна маглі быць забытыя сваімі павернікамі і дагэтуль ляжаць у трунах.
– А ці не маглі б вы патлумачыць, – папрасіў я, – што вы маеце на ўвазе пад словамі «забальзамаваныя жывымі спецыяльна»?
– З вялікай прыемнасцю, – адказаў егіпцянін, няспешна агледзеўшы мяне праз манокль, бо гэта быў першы раз, калі я насмеліўся звярнуцца да яго з пытаннем.
– З вялікай прыемнасцю, – паўтарыў ён. – У мае часы сярэдняя працягласць чалавечага жыцця складала прыкладна восемсот гадоў. Людзі рэдка паміралі, не дажыўшы да шасцісот, – хіба толькі ад няшчаснага выпадку, – і рэдка жылі даўжэй за дзесяць стагоддзяў. Восемсот гадоў лічыліся сярэднім тэрмінам. Пасля таго як быў вынайдзены той прынцып бальзамавання, пра які я ўжо расказаў, нашым філосафам прыйшло ў галаву задаволіць вартую павагі цікаўнасць, а да таго ж пасудзейнічаць развіццю навукі, пражываючы гэты тэрмін па частках. Для гісторыі, напрыклад, такі досвед проста неабходны. Уявім сабе гісторыка, які дасягнуў пяцісотгадовага ўзросту, напісаў кнігу, уклаўшы ў яе шмат намаганняў, і пасля быў старанна забальзамаваны, пакінуўшы сваім павернікам указанні праз некаторы час ажывіць яго – ну, скажам, гадоў праз пяцьсот ці шэсцьсот. Вярнуўшыся да жыцця па сканчэнні гэтага тэрміну, ён абавязкова ўбачыць, што яго вялікую працу ператварылі ў набор маргіналіяў, так бы мовіць, у літаратурную арэну для супярэчлівых гіпотэзаў, загадак і прыватных спрэчак усёй хеўры раздражнёных каментатараў. Ён убачыць, што гэтыя гіпотэзы, распаўсюджаныя ў выглядзе анатацыяў ці выпраўленняў, да такой ступені зацямнілі, сказілі і знішчылі першапачатковы тэкст, што аўтару даводзіцца шукаць яго днём з агнём. Робіцца зразумелым, што не варта было даваць сабе клопату з гэтым даследаваннем. Пасля таго як кніга цалкам перапісаная, гісторыку ставіцца ў абавязак неадкладна выправіць з пазіцый уласнага досведу і ведаў паданні сённяшняга дня пра эпоху, у якую ён жыў. Дзякуючы такому перапісванню і самавыпраўленню, за якое час ад часу бяруцца асобныя мудрацы, нашая гісторыя яшчэ не ператварылася ў чыстую казку.