Эдгар По – Маска Чырвонае Смерці (страница 59)
Прысутнічаў рэктар універсітэта Абра-Ка-д’Абры. Ён меркаваў, што ў Фракіі поўню называлі Бендыдай*, у Егіпце – Бубастыдай*, у Рыме – Дыянай, а ў Грэцыі – Артэмідай.
Прысутнічаў султан са Стамбула. Ён не мог не думаць, што анёлы выглядаюць як коні, пеўні і быкі, што хтосьці на шостым небе мае семдзесят тысяч галоваў і што зямлю трымае нябеснаблакітная карова з бясконцай колькасцю зялёных рагоў.
Прысутнічаў Дэльфінус Паліглот. Ён расказаў нам, што здарылася з васьмюдзесяццю трыма страчанымі трагедыямі Эсхіла*, пяццюдзесяццю чатырма творамі Ісэя* і трыста дзевяноста адной прамовай Лісія*, ста васьмюдзесяццю трактатамі Тэафраста*, восьмай кнігай Апалонія* пра канічныя сячэнні, гімнамі і дыфірамбамі Піндара* і сарака пяццю трагедыямі Гамэра Малодшага*.
Прысутнічаў Сэмюэл Сэнт-Самацвет Сапфірны. Ён адукоўваў нас адносна ўнутраных агнёў і трацічных фармацыяў, адносна рэчываў газападобных, вадкіх і цвёрдых, адносна турмаліну і мергеляў, жалезняку і вапняку, гіпсу і туфу, стэатыту і трагладыту, адносна цынку і цынкавай падманкі, слюды і шыферу, цыяніду і лепідаліту, гематыту і трэмаліту, сурмы і турмы, марганцу і чаго яшчэ вам заўгодна.
Прысутнічаў я. Я гаварыў пра сябе, пасля зноў пра сябе і яшчэ крыху пра сябе, пра насалогію, пра сваю брашуру і пра сябе. Я задзіраў нос і гаварыў пра сябе.
– Які розум! – сказаў прынц.
– Чароўна! – сказалі госці, і наступным ранкам яе светласць Божа-Барані нанесла мне візіт.
– Ты будзеш заўтра ў Элмаку*, маё золатка? – запытала яна, патрапаўшы мяне па шчацэ.
– Слова гонару, – адказаў я.
– А нос пакажаш? А то некаторыя кажуць, прыйду, а самі і носа не паказваюць, – удакладніла яна.
– Каб мне з носам застацца, – упэўніў я.
– Тады вось табе, курносік, мая візітоўка. Ці магу я быць упэўненая, што ты хочаш туды пайсці?
– Ды ўсім сэрцам хачу, дарагая герцагіня.
– Фі, не! А ці ўсім носам?
– І носам, нават усімі мухамі, што ёсць у ім, мая даражэнькая, – сказаў я і, скрывіўшы нос, адразу апынуўся ў Элмаку.
Людзей там было – нос да носа.
– Ён ідзе! – закрычаў хтосьці на лесвіцы.
– Ён ідзе! – закрычаў хтосьці вышэй.
– Ён ідзе! – закрычаў хтосьці яшчэ вышэй.
– Ён прыйшоў! – абвесціла герцагіня. – Прыйшоў, носік мой каханенькі! – тут яна схапіла мяне за рукі і тройчы пацалавала ў нос.
Гэта адразу зрабіла сенсацыю.
–
–
–
Сцярпець гэта было немагчыма. Я раз’юшыўся. Я рэзка павярнуўся да курфюрста.
– Сэр, – сказаў я, – вы макака.
– Сэр, – адказаў ён, хвілінку падумаўшы, –
Большага я нават не жадаў. Мы абмяняліся візітоўкамі. Наступным ранкам пад Чок-Фармам я адстрэліў яму нос і паехаў да сяброў.
– Быдла! – сказаў адзін.
– Дурань! – сказаў другі.
– Ідыёт! – сказаў трэці.
– Асёл! – сказаў чацверты.
– Вар’ят! – сказаў пяты.
– Ёлуп! – сказаў шосты.
– Шыбуй адсюль! – сказаў сёмы.
Такі прыём мяне проста забіў, і я паехаў да бацькі.
– Бацька мой, – спытаў я, – што ёсць асноўнай мэтай майго існавання?
– Сын мой, – адказаў ён, – гэта ўсё яшчэ вывучэнне насалогіі, аднак, трапіўшы ў нос курфюрсту, ты застаўся з носам. У цябе цудоўны нос, гэта сапраўды так, аднак у Краўважэрта цяпер цудоўнага носа няма. Ты даў маху, а ён зрабіўся героем дня. Я ўпэўнены, што ў Абра-Ка-д’Абры слава наўпрост прапарцыйная памерам носа, аднак – о Божа! – хто можа параўнацца са знакамітасцю, у якой носа ўвогуле няма?
Акуляры
Калісьці было модна высмейваць так званае «каханне з першага позірку»; але людзі Пачуцця, гэтак жа як і людзі Думкі, ніколі не ставілі пад сумнеў яго існаванне. І сапраўды, актуальныя даследзіны ў галіне таго, што можна назваць этыкамагнетызмам альбо магнетаэстэтыкай, сведчаць: найбольш натуральныя і, адпаведна, найбольш глыбокія і найменш фальшывыя эмоцыі чалавека – тыя, што ўспыхваюць у сэрцы нібы па нейкім электрычным імпульсе – то бок найбольш яскравыя і трывалыя з душэўных прыхільнасцяў родзяцца вокамгненна – у літаральным сэнсе гэтага слова. Прызнанне, якое я маю намер зрабіць, паслужыць яшчэ адным звяном і без таго бясконцага ланцуга доказаў рацыі вышэйсказанага.
Аповед мой вымагае дакладных аўтабіяграфічных звестак. Я зусім яшчэ маладзён – мне няма і дваццаці двух. Прозвішча маё на дадзены момант даволі банальнае і нават плебейскае – Сімпсан. Я кажу «на дадзены момант», бо такое прозвішча ў мяне ад нядаўна – я афіцыйна ўзяў яго менш за год таму, каб атрымаць вялікую спадчыну, якую пакінуў мне далёкі крэўны мужчынскага полу, Адольф Сімпсан, эсквайр. Умовай тэстаменту было тое, што я мушу ўспадчыніць і прозвішча памерлага; толькі прозвішча, не імя. Імя, а дакладней, імёны мае – Напалеон Банапарт.
Прозвішча Сімпсан я прыняў ускрай неахвотна, бо па праве ганарыўся сваім родавым імем – Фруасар, свята веруючы, што паходжу ад несмяротнага аўтара «Хронік»*. Дарэчы, пра імёны: у прозвішчах маіх непасрэдных продкаў меў месца шэраг займальных гукавых супадзенняў. Мой бацька быў нехта Фруасар з Парыжу. Яго жонка – мая маці – якая пабралася з ім у пятнаццаць гадоў, – у дзявоцтве насіла прозвішча Круасар; яна была старэйшай дачкой банкіра Круасара, чыя жонка, у сваю чаргу, выйшла замуж шаснаццацігадовай і была старэйшай дачкой чалавека, якога звалі Віктор Вуасар. Гэты Вуасар, як ні дзіўна, быў жанаты з дамай, што да таго мела падобнае прозвішча – Муасар. Яна таксама выйшла замуж амаль дзіцем, і яе маці нейкі Муасар павёў пад вянец, калі нявесце было ўсяго чатырнаццаць. У Францыі такімі раннімі шлюбамі нікога не здзівіш. Вось жа, Муасары, Вуасары, Круасары і Фруасары – і ўсё гэта мае продкі па простай лініі. Я ж, як я ўжо сказаў, зрабіўся Сімпсанам, падпарадкоўваючыся закону і з такой унутранай агідай, што пэўны час нават вагаўся, ці прымаць спадчыну пры такіх раздражняльных і бязглуздых юрыдычных варунках.
Што да асабістых якасцяў, то я, безумоўна, чалавек адораны. Ніякіх дэфектаў не маю. Наадварот, я станісты, і дзевяць дзясятых усяго свету назавуць мой твар прыгожым. Рост мой складае пяць футаў адзінаццаць дзюймаў.[89] Мой волас чорны і кучаравы. Мой нос вельмі нават нішто сабе. Мае вочы вялікія і шэрыя; і хоць бачаць яны так кепска, што гэта прыносіць мне плойму нязручнасцяў, па іх выглядзе гэтага аніяк не скажаш. Слабасць зроку, аднак, заўжды раздражняла мяне, і я пераспрабаваў усе сродкі – апроч акуляраў. Малады і прывабны, я, натуральна, адпрэчваў гэты аксэсуар і ўсялякім чынам пазбягаў ім карыстацца. Нішто не надае маладому твару болей занудства ды нейкага старэчага ханжаства. Манокль жа, у сваю чаргу, – атрыбут піжонаў ды снобаў. Пакуль што я з пераменным поспехам абыходзіўся і без таго, і без другога. Зрэшты, годзе пра дэталі, тым больш што яны малаважныя. Дадам яшчэ для поўнай карціны, што ў мяне тэмперамент сангвініка: я чалавек палкі, імпэтны, поўны энтузіязму і ўсё сваё жыццё быў адданым заўзятарам жанчынаў.
Аднойчы зімовым вечарам я падняўся ў ложу тэатра П., на пару з маім сябрам па прозвішчы Толбат. Давалі оперу, анонсы абяцалі рэдкае відовішча, таму заля была забітая публікай. Мы прыйшлі акурат у час, каб заняць зарэзерваваныя для нас месцы ў першым шэрагу, прабрацца да якіх тым не менш было няпроста.
Дзве гадзіны запар таварыш мой, апантаны меламан, быў зліўшыся са сцэнай у адно цэлае; я ў гэты час забаўляў сябе, разглядаючы бамонд, які збольшага складаўся з гарадской эліты. Нацешыўшыся гэтым заняткам, я быў гатовы звярнуць свае вочы на прымадонну, калі раптам іх спыніла і прыкула да сябе постаць у адной з прыватных ложаў, што дагэтуль заставалася па-за маёй увагаю.
Пражыві я хоць тысячу гадоў, я ніколі не забуду моцнага пачуцця, з якім я аглядаў гэтую постаць. Гэта была найчароўнейшая з кабетаў, якіх я калі-кольвек сустракаў. Твар быў павернуты да сцэны такім чынам, што пару хвілінаў я не мог бачыць яго цалкам, але форма была боскаю, ніякае іншае слова не перадасць напоўніцу яго выдатных прапорцыяў, і нават слова «боскі» здаецца да смешнага мізэрным, калі я пішу яго.
Жаночыя вабноты, чары жаночай грацыі заўжды былі сілай, з якой я не мог змагацца, але тое была ўвасобленая грацыя, мой ідэал, уцелясненне маіх самых смелых і самых апантаных відзежаў. Постаць, якую канструкцыя ложы дазваляла мне бачыць амаль цалкам, мела рост крыху вышэйшы за сярэдні і, без значнага перабольшання, сягала каралеўскай велічы. Яе формы былі цудоўна налітымі, пастава – перфектнаю. Абрысам яе галоўкі, бачнай толькі ззаду, магла б пазайздросціць сама грэцкая Псіхея, і элегантны капялюшык з тканіны