реклама
Бургер менюБургер меню

Эдгар По – Маска Чырвонае Смерці (страница 60)

18

Я разглядаў гэтую каралеўскую постаць сама меней паўгадзіны, нібы аслупянеўшы; і ўвесь гэты час я напоўніцу адчуваў моц і праўдзівасць усяго, што калі-кольвек было прамоўлена ці праспявана пра «каханне з першага позірку». Тое, што я перажываў, не было падобна ні да аднаго пачуцця, што я зазнаваў дагэтуль у прысутнасці самых слаўных прыгажуняў. Неадольнае і, змушаны прызнаць, магнетычнае прыцягненне душаў прыкавала, здаецца, не адно мой зрок, але ўсю моц думак і пачуццяў маіх да незямнога аб’екта перада мною. Я бачыў – я адчуваў – я ведаў, што я глыбока, шалёна, незваротна закаханы – і гэта я яшчэ не бачыў твару багіні. Жарсць, што апанавала мяне, была такой нясцерпнай, што, думаю, калі б яшчэ не ўбачаны тварык выявіўся абсалютна звычайненькім, для мяне мала што змянілася б, калі б змянілася ўвогуле; такая ўжо гэта анамалія: сапраўднае – з першага позірку – каханне. І так мала залежыць яно ад чагосьці па-за намі: нам адно здаецца, што гэта вонкавыя абставіны раскладаюць мілосны агонь і падтрымліваюць яго.

І пакуль я стаяў саляным слупом у гонар гэтай цудатворнай іконы насупраць, раптоўны пошум у залі змусіў яе крыху павярнуць галоўку да мяне, і такім чынам я быў узнагароджаны ўсім яе профілем. Яго прыгажосць нават пераўзышла мае чаканні – і ўсё-ткі штосьці ў ім – я не мог патлумачыць сабе, што менавіта, – расчаравала мяне. Я сказаў «расчаравала», але гэта не зусім тое слова. Мае пачуцці суцішыліся, і адначасова я перажыў нечуванае ўзнясенне. У іх было менш узрушэння і больш разлітага экстазу – экстатычнага спакою. Гэты кшталт пачуцця спарадзіла, відаць, тое, што перада мной быў твар Мадонны, які нёс на сабе пячатку шчаслівага мацярынства; і раптам я зразумеў, што прычына не толькі ў гэтым. Было штосьці яшчэ – нейкая недаступная мне таямніца, – нешта ў манерах, выразе твару, што адначасова абудзіла маю трывогу і расцвяліла маю цікаўнасць. Так што я перабываў у такім душэўным стане, калі чуллівы юнак гатовы на самыя экстравагантныя ўчынкі. Калі б дама была адна, я, без сумневу, уварваўся б у яе ложу і рызыкнуў загаварыць з ёй; але, на жаль, ёй складалі кампанію нейкі джэнтльмен і надзіва прыгожая жанчына, з выгляду на некалькі гадоў за яе маладзейшая.

Я пракруціў у галаве тысячы спосабаў, што дазволілі б мне быць прадстаўленым старэйшай за мяне даме, ці, для пачатку, хаця б лепей разгледзець яе. Я б мог прасунуцца бліжэй у яе бок, але ў залі, перапоўненай, як таго вечару, гэта здавалася немагчымым. У той жа час няпісанае, але суворае правіла бон тону, апошнім часам пашыранае ў свеце, забараняла мне скарыстацца тэатральным біноклем для такіх мэтаў, нават калі б я меў шчасце мець яго, а я не меў – і з гэтай прычыны перабываў у адчаі.

Нарэшце я даўмеўся звярнуцца да свайго таварыша.

– Толбат, – сказаў я, – у вас пры сабе тэатральны бінокль. Дайце яго мне, калі ласка.

– Тэатральны бінокль? Не! Нашто гэта мне, па-вашаму, тэатральны бінокль? – і ён нецярпліва павярнуўся назад да сцэны.

– Але Толба-а-ат! – працягнуў я, торгаючы яго за плячо, – паслухайце сюды, дружа. Зірніце на тую ложу.

– Гэтую?

– Не, суседнюю… Ці сустракалі вы калі-небудзь такую красуню?

– Анягож, харошанькая – адказаў Толбат.

– Цікава, хто яна?

– Святыя анёлы, вы што, не ведаеце? «Яе не ведаць – значыць быць нікім»*. Гэта ж знакамітая мадам Лаланд, першая красуня, ва ўсім горадзе пра яе гавораць. Да таго ж надзвычай багатая ўдава і выгадная партыя – нядаўна з Парыжу.

– Вы з ёй знаёмы?

– Так, маю гонар быць.

– Вы прадставіце мяне?

– Зразумела – з вялікай прыемнасцю; калі вам заўгодна?

– Заўтра, а гадзіне дня, я зайду па вас у гатэль.

– Цудоўна. А цяпер памаўчыце, калі можаце.

Мне нічога не заставалася, як паслухацца Толбата, бо ад таго моманту ён нібы аглух і не рэагаваў на мае рэплікі, наўсуцэль захоплены падзеямі на сцэне.

Я ж тым часам не зводзіў вачэй з мадам Лаланд і ўрэшце меў шчасце пабачыць яе твар анфас. Ён быў надзвычай гожанькім: вядома ж, маё сэрца падказвала мне гэта яшчэ да таго, як Толбат задаволіў маю цікаўнасць на гэты конт, і ўсё-ткі нешта няўцямнае не давала мне спакою. Урэшце я вырашыў, што мяне бянтэжыла пэўная сумесь самавітасці, маркоты, ці, слушней сказаць, стомы, якая пазбаўляла яе існасць драбка маладосці і свежасці, каб надаць ёй анёльскай пяшчоты і велічы, што, вядома ж, дзесяцікротна павялічвала яе цікавасць для маёй жарснай і рамантычнай натуры.

Паядаючы даму вачыма, я з трымценнем прачытаў па ледзь прыкметных зменах у яе паводзінах, што яна заўважыла мой неадчэпны позірк. Але я быў у поўным захапленні і не мог адвесці ад яе вачэй нават на хвілю. Яна адвярнула твар, і я зноў мог бачыць адно дыхтоўны абрыс патыліцы. Праз некаторы час, нібы цікавячыся, ці я ўсё яшчэ гляджу на яе, яна крадком зноў павярнула твар да мяне і зноў напаткала мой палымяны погляд. Яе вялікія цёмныя вочы тут жа апусціліся, і густая чырвань заліла шчокі. Але, да майго глыбокага здзіўлення, я заўважыў, што яна не толькі не адвярнула галаву другі раз, але выцягнула з рыдыкюля ларнет, узняла яго, паднесла да твару – і ўважліва вывучала мяне праз яго на працягу некалькіх хвілінаў.

Калі б мяне працяла маланкай, я не быў бы агаломшаны так моцна – але толькі агаломшаны, ні ў якім разе не абражаны ці непрыемна здзіўлены, хоць гэткі смелы жэст з боку любой іншай жанчыны мусіў бы выклікаць крыўду ці агіду. Але гэта было зроблена з такой вытрымкай, з такой апрычонасцю, з такім спакоем, з такой выхаванасцю, што ў гэтым не было і ценю бессаромнасці, і душа мая поўнілася багомленнем і фасцынацыяй.

Я заўважыў, што, падняўшы ларнет першы раз, яна нібы задаволілася кароткім сузіраннем маёй асобы і ўжо адводзіла сваю прыладу, калі раптам, прыспетая нечаканай думкай, узняла яе зноў і цягам некаторага часу засяроджана разглядала мяне – сама меней, клянуся, гэта доўжылася пяць хвілінаў.

Жэст, такі незвычайны ў амерыканскім тэатры, прыцягнуў усеагульную ўвагу і паслужыў прычынай няяснага хвалявання, шэпту ў залі; на нейкае імгненне я сумеўся, чаго нельга было сказаць пра мадам Лаланд.

Задаволіўшы сваю цікаўнасць – калі гэта была цікаўнасць, – яна дала ларнету павіснуць на руцэ і спакойна вярнула сваю ўвагу сцэне; цяпер яна была да мяне ў профіль, як і раней. Я працягваў пільна сузіраць яе, цалкам усведамляючы ўсю непрыстойнасць гэтага. Праз пэўны час я заўважыў, што яе галава пакрысе зрушылася ў мой бок, і хутка я ўпэўніўся, што дама, робячы выгляд, што сочыць за сцэнай, насамрэч крадком вывучае мяне. Лішне казаць, як шакавалі маё ўяўленне гэткія паводзіны гэткай фантастычнай жанчыны.

Паглядзеўшы на мяне такім чынам недзе з чвэрць гадзіны, гэты чысты аб’ект маёй жарсці звярнуўся да джэнтльмена, які суправаджаў яе, і па позірках суразмоўцаў я беспамылкова вызначыў, што гавораць яны пра мяне.

У выніку мадам Лаланд зноў павярнулася да сцэны і некалькі хвілінаў, здавалася, уважліва сачыла за спектаклем. Праз пэўны адцінак часу яна, аднак, прывяла мяне ў экстаз, другі раз абярнуўшыся; ларнет, што да таго вісеў на руцэ, зноў быў накіраваны на мяне, і, выклікаўшы паўторнае перашэптванне ў залі, яна ўзялася аглядаць мяне з ног да галавы з тым самым дзівосным халаднакроўем, якое было так усхвалявала маю натхнёную душу.

Гэткія нечуваныя паводзіны, пасяліўшы ўва мне ліхаманку захаплення, наўсуцэль ап’яніўшы мяне каханнем, хутчэй падбадзёрылі, чым збянтэжылі мяне. У мілосным шале я забыўся на ўсё, апроч велічнай красуні, якая апанавала мой зрок. Прычакаўшы момант, калі заля, здавалася, была занятая адно операй, я нарэшце злавіў позірк мадам Лаланд і зрабіў хуткі, лёгкі, але выразны паклон.

Яна расчырванелася – потым адвяла вочы – потым паволі і асцярожна азірнулася, відаць, правяраючы, ці мой дзёрзкі жэст быў кім-кольвек заўважаны, – потым нахілілася да джэнтльмена, які сядзеў поруч з ёй.

Цяпер я адчуваў усю скандальную недарэчнасць свайго ўчынку і быў перакананы, што наступствы не змусяць сябе чакаць; карціны заўтрашняй дуэлі прамільгнулі ў маёй галаве. І які ж вялікі камень зваліўся з майго сэрца, калі я пабачыў, што яна проста моўчкі перадае суседу праграмку; і няхай шаноўны чытач хоць крышачку ўявіць, якім быў мой шок – маё бязмежнае здзіўленне, – які вэрхал ап’янення ўсчаўся ў сэрцы й душы, калі праз імгненне, зноў неўпрыкмет азірнуўшыся, яна паглядзела сваімі бліскучымі вачыма проста ў мае і з лёгкай усмешкай, што прыадкрывала яе бялюткія жамчужныя зубы, двойчы выразна і недвухсэнсоўна прыязным чынам схіліла галаву.

Не мае сэнсу апісваць тут маю радасць, маё ўзрушэнне, бязмежны экстаз майго сэрца. Калі можна звар’яцець ад шчасця, то гэта быў акурат такі момант. Я кахаў. Кахаў упершыню – так мне тады здавалася. Гэта было найвышэйшае, абсалютнае каханне. «Каханне з першага позірку» – і гэты першы позірк быў ацэнены і вернуты.

Так, вернуты. Як я мог сумнявацца ў гэтым хаця б хвіліну? Як яшчэ можна было патлумачыць паводзіны гэткай прыгожай, багатай і, несумненна, культурнай, бездакорна выхаванай дамы з гэткім статусам у свеце і гэтак паважанай усімі, якой, безумоўна, была мадам Лаланд? О так, яна кахала мяне – яна адказала на маё палкае каханне гэткай жа бяспамятнай, няспыннай, бурлівай палкасцю – гэткай жа бурлівай, як мая ўласная! Мае прыўкрасныя фантазіі і летуценні былі, аднак, перапыненыя падзеннем заслоны. Заля ўстала, тут жа ўсчаўся звычайны ў такіх выпадках гармідар. Спехам развітаўшыся з Толбатам, я з усіх сілаў паспрабаваў як мага шчыльней наблізіцца да мадам Лаланд. Паколькі натоўп не дазволіў мне здзейсніць гэтага намеру, я спыніў пераслед і выправіўся дадому; свой адчай з той нагоды, што мне не ўдалося крануцца і акрайчыка яе сукні, я ўтаймоўваў думкай, што наступнага дня Толбат прадставіць мяне ёй належным чынам.