Эдгар По – Маска Чырвонае Смерці (страница 61)
І ён надышоў, гэты дзень; дню, трэба сказаць, папярэднічала доўгая бяссонная ноч нецярплівасці; але вось развіднела – і пацягнуліся бясконцыя, незлічоныя гадзіны «да першай дня». Але нават Стамбулу, як гаворыцца, аднойчы будзе крэс, быў крэс і гэтаму пакутліваму чаканню. Прабіла гадзіну. Ледзь аціхла рэха ўдару, як я ўвайшоў у гатэль Б. і папрасіў паклікаць сябра.
– Нямашака, – адказаў служка – лёкай Толбата.
– Ня-ма-ша-ка? – перапытаў я, адступіўшы на колькі крокаў. – Мушу сказаць вам, шаноўны, што гэта абсалютна немагчыма і недапушчальна. Містэра Толбата не можа не быць. Што вы маеце на ўвазе?
– Толькі тое, сэр, што містэра Толбата няма ў апартаментах, вось і ўсё. Ён выехаў у С. адразу пасля сняданку і прасіў перадаць, што не вернецца ў горад раней чым праз тыдзень.
Я скамянеў ад жаху і раз’юшанасці. Я намагаўся гаварыць, але мой язык адмаўляўся слухацца. Нарэшце я выйшаў вонкі, збялелы ад гневу, у думках пасылаючы ўсё Толбатава племя ў найжарчэйшыя мясціны Апраметнай. Было відавочна, што мой абавязальны таварыш, гэты оперны маніяк, выкінуў з галавы нашую сустрэчу, не паспелі мы прызначыць яе. Зрэшты, ён ніколі не быў чалавекам, які надта трымаецца свайго слова. Але не было рады, утаймоўваючы, як мог, сваё злаванне, я панура сунуўся па вуліцы, завязваючы марныя размовы з кожным стрэчным, спрабуючы выпытаць нешта пра мадам Лаланд. Як я выявіў, ведалі яе ўсе, многія толькі з выгляду – яна гасцявала ў горадзе адно пару тыдняў, і ўсяго некалькі асобаў маглі пахваліцца асабістым знаёмствам з ёю. Гэтыя людзі, аднак, лічылі сваё знаёмства павярхоўным і не маглі – або не хацелі – узяць на сябе місію прадставіць мяне ёй падчас фармальнага ранішняга візіту. Пакуль я, поўны адчаю, гутарыў пра адзіны аб’ект маіх думак з трыма сябрамі, здарылася так, што аб’ект гэты мінаў нашую кампанію.
– У імя ўсяго святога, вось і яна! – ускрыкнуў першы сябар.
– Рэдкая красуня! – заявіў другі.
– Анёл на зямлі! – заключыў трэці.
Я абярнуўся. У дрожках, што паволі набліжаліся да нас па вуліцы, сядзела чароўная здань оперы ў кампаніі маладой дамы, якая тады была з ёй у ложы.
– Яе спадарожніца таксама выглядае даволі няблага, – сказаў той з тройцы, хто пачынаў першым.
– Неверагодна – ніяк не завяне: мастацтва здзяйсняе цуды. Клянуся, яна выглядае лепей, чым пяць гадоў таму ў Парыжы. Усё яшчэ прыгажуня, га, Фруасар, я хацеў сказаць, Сімпсан?
– Усё яшчэ? – быў мой адказ. – А чаму не? Але ў параўнанні са сваёй сяброўкай яна як свечка поруч з Мілавіцай, святляк поруч з Антарэсам*.
– Га-га-га, Сімпсан, у вас дзівосны дар рабіць адкрыцці – і вельмі арыгінальныя, я вам скажу.
Мы развіталіся, і адзін з тройцы пачаў напяваць вясёлы вадэвільчык, з якога я ўлавіў адно радкі:
Падчас гэтай сцэнкі, аднак, здарылася рэч, якая суцешыла мяне, хоць і падагрэла маю ўсёабдымную жарсць. Калі дрожкі мадам Лаланд міналі нашу кампанію, я заўважыў, што яна мяне пазнала і, больш за тое, недвухсэнсоўна дала гэта зразумець, надзяліўшы самай анёльскай з усіх магчымых усмешак.
Што да нашага афіцыйнага знаёмства, я мусіў пакінуць усялякія спадзевы на гэта да моманту, калі Толбату заманецца вярнуцца з правінцыі. Цягнучы час, я спраўна наведваў усе папулярныя месцы свецкіх збораў і ў выніку, у тэатры, дзе я пабачыў яе ўпершыню, я меў шчасце пабачыць яе зноў, яшчэ аднаго разу абмяняўшыся з ёй позіркамі. Здарылася гэта, аднак, праз два тыдні. Усе два тыдні я штодня заходзіў да Толбата ў гатэль і штодня заходзіўся ў прыступе нямой ярасці ад вечнага «яшчэ нямашака» з вуснаў яго лёкая.
Вось жа, у вечар, пра які будзе гаворка, я быў у стане, блізкім да шаленства. Мадам Лаланд, якая, як мне сказалі, была парыжанкай – нядаўна з Парыжу, – магла туды нечакана вярнуцца – да прыезду Толбата, – і тады я страціў бы яе назаўсёды. Думаць пра гэта было невыносна. Вялося пра маё будучае шчасце, і я пастанавіў дзейнічаць як сапраўдны мужчына. Таму пасля заканчэння п’есы я пайшоў за дамай да яе дому, запомніў адрас і наступнага ранку даслаў ёй падрабязны ліст, у якім разнасцежыў сваю душу.
Я пісаў напорыста, вольна – пісаў жарсна. Я не хаваў нічога – нават сваіх слабасцяў. Я спасылаўся на рамантычныя абставіны нашай першай сустрэчы – у тым ліку на позіркі, якімі мы абмяняліся. Я дайшоў да таго, што выказаў упэўненасць ва ўзаемнасці нашых пачуццяў; гэтая ўпэўненасць, а таксама моц маёй прыхільнасці, паводле маіх словаў, апраўдвалі мае недаравальныя ў іншых абставінах паводзіны. Па-трэцяе, я казаў пра свой страх, што яна пакіне горад да таго, як я атрымаю магчымасць быць ёй прадстаўленым. Я скончыў гэтае самае палкае пасланне з тых, што калі-кольвек выходзілі з-пад пяра пісьменных, шчырым аповедам пра свае грашовыя справы – сваю заможнасць – і прапанаваў ёй руку і сэрца.
Я чакаў адказу ў агоніі прадчуванняў. І праз пэўны час, які падаўся мне стагоддзем, адказ прыйшоў.
Так, ён сапраўды прыйшоў. Як ні рамантычна ўсё гэта гучыць, я сапраўды атрымаў ліст ад мадам Лаланд – прыгожай, багатай небажыхаркі мадам Лаланд. Яе вочы – яе боскія вочы – казалі праўду ад усяго яе высакароднага сэрца. Як сапраўдная францужанка, якой яна і была, яна падпарадкавалася шчырым памкненням розуму – высакародным імпульсам сваёй натуры, якія змаглі пурытанскія ўмоўнасці свету. Яна не адрынула маёй прапановы, яна не вярнула майго ліста неадкрытым. Яна нават накрэсліла мне адказ, трымаючы пяро сваімі харошанькімі пальчыкамі. Вось ён:
Эжэні! Я цалаваў гэтую шляхотную нататку мільёны разоў і, думаю, здзейсніў з ёй безліч іншых дзівацкіх рытуалаў, якіх цяпер ужо не прыгадаю. А Толбат усё не вяртаўся. О, каб жа ён хоць крыху здагадваўся, як ён катуе сябра сваёй адсутнасцю, ці не кінуўся б ён, добрая душа, аблегчыць мае пакуты? І паколькі ён усё не ехаў, я напісаў яму. Ён адказаў. Яго затрымлівалі неадкладныя справы – але неўзабаве ён мусіў быць. Ён прасіў мяне быць цярплівым: стрымліваць памкненні, чытаць кнігі супакаяльнага зместу, не піць нічога мацнейшага за рэйнскае віно і шукаць паратунку ў філасофіі. Ідыёт! Калі ён не мог прыехаць сам, чаму, у імя найвышэйшага розуму, чаму ён не далучыў да свайго адказу рэкамендацыйны ліст? Я напісаў яму зноў, молячы аб такім лісце. Мой ліст вярнуў той самы лёкай з наступнай зробленай алоўкам прыпіскай. Падонак выпраўляўся ў правінцыю да свайго гаспадара:
Пасля гэтага лішне казаць, што я ў думках нанізаў гаспадара на пару са служкам чарцям на вілы. Але злаваць не было сэнсу, а нараканні не суцяшалі.
Апошняй маёй надзеяй была мая прыроджаная дзёрзкасць. Дагэтуль яна служыла мне добрую службу, і я вырашыў зноў ужыць яе на сваю карысць. Да таго ж пасля гэткага ліставання што такога непрыстойнага, у рамках дазволенага, я мог здзейсніць, каб мадам Лаланд палічыла гэта недапушчальным? Атрымаўшы ліст, я ўзяў за звычку сачыць за яе домам і такім чынам даведаўся, што шарай гадзінай яна мае завядзёнку выпраўляцца на шпацыр па публічным парку, на які глядзелі яе вокны, у суправаджэнні адно мурына ў ліўрэі. Тут, у раскошным цені дрэваў, у паўзмроку ліпеньскага вечара, я прычакаў момант і наблізіўся да яе.
Каб служка нічога не сцяміў, я зрабіў гэта ўпэўнена, так, нібыта мы старыя знаёмыя. З прысутнасцю духу сапраўднай парыжанкі яна адразу ўключылася ў гульню і, вітаючы мяне, працягнула чароўную маленькую ручку. Слуга адразу запаволіў хаду; нашыя сэрцы, перапоўненыя каханнем, нарэшце змаглі пачаць бясконцае і шчырае сумоўе.
Паколькі мадам Лаланд гаварыла па-ангельску нават менш спрактыкавана, чым пісала, мы маглі разумецца адно па-французску. На гэтай салодкай мове, такой прыдатнай для мілосных справаў, я з уласцівым мне імпэтам і палкасцю адкрыўся ёй і з усім красамоўствам, на якое быў здольны, пераконваў яе пагадзіцца неадкладна стаць маёй жонкай.
На маю нецярплівасць яна адказала ўсмешкай. Яна завяла старую песню пра «што скажуць людзі» – забабон, які так часта стае на шляху да шчасця, даючы шчасцю сысці назаўжды. Па яе назіраннях, я ўскрай неабачліва даў сваім сябрам зразумець, што прагну нашага знаёмства, – то бок што мы яшчэ не знаёмыя, а значыць, не можам утаіць час, калі гэта адбылося. І потым яна зазначыла, пачырванеўшы, наколькі гэты час непрацяглы. Неадкладны шлюб быў бы памылкай, нагодай для плётак, гэта было б занадта. Усё гэта яна прамовіла з чароўнай наіўнасцю, якая прывяла мяне адначасова ў захапленне і адчай, але змусіла пагадзіцца. Яна нават жартам звінаваціла мяне ў паспешлівасці – у непрыстойнасці. Яна нагадала мне, што я нават не ведаў, хто яна, якія перспектывы, сувязі мае, якое становішча займае ў грамадстве. Яна, хоць і насуперак сваім пачуццям, маліла мяне добра абдумаць маю прапанову і назвала маё каханне апантанасцю – фантомам, хвілінным насланнём, хімернай ды эфемернай крэатурай хутчэй уяўлення, чым сэрца. Усе гэтыя рэчы яна прамовіла ў мяккіх прыцемках, што ўсё гусцелі вакол нас, а потым адным пяшчотным поціскам сваёй боскай ручкі ў адзін салодкі міг абрынула сцяну аргументаў, якую толькі што збудавала.