Эдгар По – Маска Чырвонае Смерці (страница 63)
– Згода! – закрычаў я з усёй палкасцю, на якую быў здольны ў той момант. – Згода! Я з радасцю пагаджаюся! Дзеля вас я ахвярую ўсім. Сёння я буду насіць гэты ларнет як ларнет, каля сэрца, але заўтра, як толькі ўзыдзе сонца дня, у які я буду мець шчасце назваць вас сваёй жонкай, я надзену яго на… на нос і буду насіць не здымаючы, у менш рамантычным і модным, але больш зручным выглядзе, які вам даспадобы.
Пасля гэтага мы пачалі абмяркоўваць дэталі нашага заўтрашняга прадпрыемства. Толбат, як я даведаўся ад нарачонай, толькі што вярнуўся ў горад. Я мусіў неадкладна знайсці яго і арандаваць фурманку. Вечарына мела скончыцца не раней за другую ночы; у гэты час фурманка павінная была стаяць каля дзвярэй; тады ў развітальнай мітусні мадам Лаланд зможа незаўважна ў яе сесці. Мы тут жа заедзем да святара, што ўжо будзе чакаць нас; ажаніўшыся, мы развітаемся з Толбатам і выправімся ў падарожжа на Усход, пакінуўшы свецкім салонам горада каментаваць наш учынак як ім заманецца.
Склаўшы такі план, я неадкладна развітаўся і выправіўся шукаць Толбата, але па дарозе не змог утрымацца ад спакусы зайсці ў першы-лепшы гатэль, каб разгледзець мініяцюру, што і здзейсніў з карыснай дапамогай акуляраў. Выява была казачна прыгожай! Гэтыя вялікія зіхоткія вочы! Гэты горды грэцкі нос! Гэтыя цёмныя раскошныя валасы! «Ах! – сказаў я сабе, – які дакладны візэрунак маёй каханай!» Я перавярнуў партрэт і знайшоў надпіс: «Эжэні Лаланд у веку дваццаці сямі гадоў і сямі месяцаў».
Я знайшоў Толбата дома і тут жа апавёў яму пра сваё шчасце. Ён, зразумела, быў агаломшаны, але як найпрыязней павіншаваў мяне і прапанаваў любую дапамогу, якая ў яго сілах. Карацей, мы ажыццявілі наш план: а другой ночы, праз дзесяць хвілінаў пасля вянчання, я сядзеў у закрытай фурманцы поруч з мадам Лаланд – я хацеў сказаць, місіс Сімпсан, і коні неслі нас з горада на паўночны захад.
Толбат вызначыў, што ехаць нам трэба ўсю ноч, і таму першы прыпынак варта зрабіць у К., вёсцы за дваццаць міляў ад горада, дзе мы зможам паснедаць і адпачыць перад тым як працягваць вандроўку. Такім чынам, роўна а чацвертай ранку фурманка падляцела да дзвярэй галоўнай карчмы. Я падаў руку маёй ненагляднай жонцы і тут жа замовіў сняданак. Пакуль ён гатаваўся, нас правялі ў маленькую гасцёўню, і мы селі.
Ужо амаль развіднела, хоць не да канца. Захоплена гледзячы на анёла поруч са мной, я раптам падумаў, што гэта першая магчымасць з моманту знаёмства са знакамітай прыгажуняй мадам Лаланд сузіраць гэтую прыгажуню зблізу і ў дзённым святле.
– А цяпер,
– Гэта так! – адказаў я. – У вас выдатная памяць, і магу вас упэўніць, мая прыўкрасная Эжэні, з майго боку няма намеру ўхіляцца ад выканання таго, што вы працытавалі. Глядзіце. Вось! Яны мне нават да твару, ці не так?
Кажучы гэта, я надаў ларнету форму акуляраў і асцярожна прыладзіў на адпаведнае месца. У гэты момант місіс Сімпсан, паправіўшы капялюшык і склаўшы рукі на грудзях, выпрасталася на стуле ў нейкай нацягнутай, неграцыёзнай і нават непрыемнай позе.
– Божа мілы шчыры!!! – закрычаў я амаль у той жа момант, калі дужка акуляраў кранулася майго ўзносся. – Божа мой! Ды што з гэтымі акулярамі? – Тут жа сарваўшы іх з носа, я працёр іх ядвабнай хусткай і надзеў зноў.
Але калі ў першы момант я адчуў нешта, што можна назваць здзіўленнем, у другі здзіўленне перарасло ў шок; шок быў надзвычайны, шок быў жудасны, я нават магу сказаць, я быў у жаху. Што, дзеля ўсяго агіднага, гэта значыла? Як я мог паверыць сваім вачам? Як? – вось у чым пытанне. Гэта што… гэта што… румяны? А гэта – гэта зморшчкі на твары Эжэні Лаланд? О Юпітэр і ўвесь пантэон багоў і бажкоў! Што… што… што сталася з зубамі? Я з сілай шпурнуў акуляры аб падлогу, ускочыў на ногі, устаў пасярод пакоя насупраць місіс Сімпсан, упёршы рукі ў бокі, ашчэраны, з пенай на вуснах, нямы і бездапаможны ад жаху і ятры.
Як я ўжо казаў, мадам Эжэні Лаланд – я маю на ўвазе, Сімпсан – гаварыла па-ангельску не нашмат лепей, чым пісала, і з гэтай прычыны зазвычай не карысталася нашай моваю. Але лютасць можа кінуць жанчыну ў любыя скрайнасці; у дадзеным выпадку яна кінула місіс Сімпсан у вельмі экзатычную скрайнасць распачаць маналог на мове, якой яна амаль не разумела.
– Б’ен, мсьё, – сказала яна пасля паўзы, дэманструючы скрайняе здзіўленне. – Б’ен, мсьё – што ц’япер? Што ёсь такой? ‘Эта з вамі такой танесь дэ сэнт Віт? Калі вы не кахай мяне, зачшэм купляй свінь у мяшок?
– Ведзьма! – закрычаў я, хапаючы ротам паветра. – Ах ты, гнюсная старая падла!
– Падла? Старая? Не вельмі вам старая, трэба сказаць! Няшмат дні балей за восемдзесят дува!
– Восемдзесят два! – выгукнуў я, адсоўваючыся да сцяны. – Восемдзесят дзве тысячы бабуінаў! На мініяцюры напісана дваццаць сем гадоў і сем месяцаў!
– Ус’ё ёсь рэзон! Слюшна! Але партрэт малявай рана п’яйсят п’яць гадоў. Калі я жаню за мой другі муш мсьё Лаланд, тады партрэт малявай для мая дош ад першы муш мсьё Муасар.
– Муасар! – сказаў я.
– Так, Муасаррр, – сказала яна, – перадражніваючы мой пранонс, які, трэба сказаць, быў не на вышыні. – І што ц’япер? Што вы ведай пра Муасар?
– Нічога, старое ты пудзіла! Нічога я не ведай, толькі тое, што меў далёкага продка з гэткім прозвішчам.
– ‘Эткі празвішч! І што н’е ёсь так з ‘эткім празвішч? Вельмі б’ен празвішч, як і Вуасар – таксам вельмі б’ен празвішч! Мая дош, мадэмуазэль Муасар, ёсь Вуасар – бо жаній мсьё Вуасар, і ‘эта таксама вельмі рэспектабль празвішч!
– Муасар? – ускрыкнуў я. – І Вуасар? Гэта вы пра што?
– Як пра што? Пра Муасар, і Вуасар, і калі ўжо мы аб тым казай, Круасар і Фруасар. Дош маёй дош, мадэмуазэль Вуасар, яна жаній мсьё Круасар, а ўнушк маёй дош, мадэмуазэль Круасар, у свой чарга жаній мсьё Фруасар, вы будзеш казай ‘эта н’е рэспектабль празвішч?
– Фруасар! – сказаў я ў амаль запамарочным стане. – Вы кажаце, Муасар, Вуасар, Круасар і Фруасар?
– Так, – сказала яна, абапершыся на спінку крэсла і свабодна выцягнуўшы ніжнія канцавіны. – Так, Муасар, і Вуасар, і Круасар, і Фруасар. Але мсьё Фруасар, ён быў вельмі вялік, як у вас казай, дурань, вельмі вялік асёль, проста як вы, бо з’ехай з la belle France у эты глюп Amérique, і калі ён прыехай с’юды, ён зрабій вельмі глюп, вельмі, вельмі глюп сын, так я чуй, але яшэ не май плезір сустракай яго, і мая амі, Стэфані Лаланд, таксама не май плезір. Яго празвішч Напалеон Банапарт Фруасар, вы што сказай, ‘эта таксама не рэспектабль празвішч?
Ці то працягласць яе прамовы, ці то яе эмацыйнасць увяла місіс Сімпсан у стан надзвычайнага афекту; з цяжкасцю скончыўшы, яна, нібы апантаная, падхапілася з крэсла, абрынуўшы разам з сабой на падлогу вялізнае кубло крыналіну. Скрыгочучы ўстаўнымі сківіцамі, яна размахвала рукамі, закасаўшы рукавы, трэсла кулаком перад маім тварам і скончыла спектакль, садраўшы з галавы капялюшык, а разам з ім – вялізны каштоўны парык з раскошных чорных валасоў. Усё гэта яна з енкам ляснула аб падлогу і пачала таптаць, а потым усчала на парыку энергічнае фанданга ў шалёным прыступе раз’ятранасці і экзальтацыі.
Я між тым у жаху апусціўся на вызваленае ёй крэсла. «Муасар і Вуасар!» – паўтараў я ў задуменні, пакуль яна рабіла адно са сваіх па, і «Круасар і Фруасар!» – пакуль яна рабіла другое.
– Муасар, і Вуасар, і Круасар, і Напалеон Банапарт Фруасар! Ты, гнюсная старая змяюка, гэта я, гэта я – чула? Гэта я! – закрычаў я, даючы пеўня. – Гэта я-я-я-я! Я Напалеон Банапарт Фруасар! І я толькі што ажаніўся з уласнай прапрабабкай, каб мяне вечна перуном секла!
Мадам Эжэні Лаланд, ілжэ-Сімпсан, былая Муасар, і сапраўды была маёй прапрабабкай. У маладосці яна была прыгажуняй і нават у восемдзесят два захавала велічнасць паставы, разную форму галавы, чароўныя вочы і грэцкі нос юнай паненкі. З дапамогай жамчужнай пудры, румянаў, накладных валасоў, устаўных зубоў і крыналіну, а таксама дзякуючы самым здатным парыжскім мадысткам, яна ўмудралася захоўваць свой пачэсны пасад між не першай свежасці красуняў французскай сталіцы. У гэтым яе і насамрэч з поўным правам можна было параўнаць са слаўнавядомай Нінон дэ Ланкло.
Яна была неверагодна багатай і, застаўшыся другі раз удавой пасля бяздзетнага шлюбу, прыгадала, што ў Амерыцы ў яе ёсць я, і з мэтай адпісаць мне ўсё сваё майно выправілася ў ЗША разам з далёкай і неверагодна мілай сваячкай свайго другога мужа – мадам Стэфані Лаланд.
У оперы ўвагу маёй прапрабабкі прыцягнулі мае паводзіны, і, сузіраючы мяне ў ларнет, яна была ўражаная нашым з ёй фамільным падабенствам. Зацікаўленая гэтым і да таго ж ведаючы, што спадкаемца ў дадзены час знаходзіцца ў горадзе, яна распытала свайго спадарожніка на мой конт. Джэнтльмен, які яе суправаджаў, ведаў мяне і сказаў, хто я такі. Атрымаўшы пацверджанне нашага сваяцтва, яна ўзнавіла свой агляд – агляд, што падбадзёрыў мяне на жывапісаныя мной раней бязглуздыя паводзіны. Яна вярнула мне паклон, падумаўшы, што я выпадковым чынам дазнаўся, кім яна мне даводзіцца. Калі, падмануты сваім слабым зрокам і моднымі штукамі што да веку і чараў незнаёмкі, я з такім энтузіязмам пацікавіўся ў Толбата, хто яна такая, ён вырашыў, што я маю на ўвазе маладую красуню, і, адпаведна, сказаў мне чысцюткую праўду, маўляў, гэта «знакамітая ўдава мадам Лаланд».