Эдгар По – Маска Чырвонае Смерці (страница 64)
Наступным ранкам на вуліцы мая прапрабабка сустрэла Толбата, свайго даўняга знаёмага па Парыжы; натуральным чынам размова перайшла на маю асобу. Ёй апавялі пра мой кепскі зрок, бо гэты мой недахоп быў відавочны ўсім, хоць я пра гэта зусім не здагадваўся. І мая добрая старая сваячка з расчараваннем сцяміла, што памылялася, мяркуючы, нібы я пазнаў яе. І што я проста выглядаў дурнем, публічна захапляючыся ў тэатры незнаёмай бабцяй. Каб пакараць мяне за такую непрыстойнасць, яна ўступіла ў змову з Толбатам. Ён наўмысна пазбягаў мяне, каб я не мог пазнаёміцца з прабабкай. Мае вулічныя роспыты пра «мілую ўдаву мадам Лаланд» усе, зразумела, адносілі на адрас маладой дамы, і такім чынам можна было лёгка патлумачыць размову з трыма джэнтльменамі, якіх я сустрэў неўзабаве пасля візіту ў гатэль Толбата, як і іх намёкі на Нінон дэ Ланкло. Я не меў магчымасці разгледзець мадам Лаланд зблізку пры дзённым святле, а на яе музычнай імпрэзе мая дурная адмова скарыстацца ларнетам надзейна адсунула мяне яшчэ далей ад адкрыцця яе сапраўднага веку. Калі «мадам Лаланд» запрасілі спяваць, гэта датычыла маладзейшай дамы, і гэта яна ўзнялася на запрашэнне; мая прапрабабка, каб не выкрываць маёй аблуды, таксама ўзнялася і суправадзіла сваячку да піяніна ў вялікай гасцёўні. Калі б я вырашыў пайсці за ёй, яна б пераканала мяне заставацца там, дзе я быў; але праз мае намеры датрымлівацца рамак прыстойнасці гэтага не спатрэбілася. Канцэрт, які я так упадабаў і які пацвердзіў юнасць маёй каралевы, выканала мадам Стэфані Лаланд. Ларнет старая падарыла мне, каб узмацніць эфект розыгрышу, у якасці іскрынкі анекдота. Гэты падарунак паслужыў нагодай для сапраўды дзейснага для мяне ўроку аб шкодзе прытворства. Ну і лішне казаць, што свае старэчыя лінзы мадам Лаланд замяніла на дзве іншыя, больш прыдатныя для маіх вачэй. Яны і сапраўды карэктавалі мой зрок як найлепей.
Святар, які быў злучыў нас фатальнымі вузамі, выявіўся зусім не святаром, а добрым таварышам Толбата. Ён жа граў ролю фурмана: замяніўшы рызу на шэры плашч, ён спрытна кіраваў дрожкамі, якія звезлі «шчаслівую пару» з горада. Толбат сядзеў поруч з ім. Такім чынам, прайдзісветы бачылі развязку і пацяшаліся, сочачы ў прачыненае акно задняга пакоя таверны за фіналам драмы. Думаю, мне давядзецца выклікаць абодвух на дуэль.
Нягледзячы на тое, што я, да маёй вялікай палёгкі, не пабраўся з уласнай прапрабабкай, я ўсё-ткі пабраўся з мадам Лаланд – мадам Стэфані Лаланд, з якой мяне клапатліва звяла мая старая сваячка, зрабіўшы мяне да таго ж спадкаемцам усяго свайго майна, калі яна памрэ, – у сэнсе, калі яна ўвогуле калі-небудзь памрэ. І нарэшце: я назаўжды зарокся пісаць мілосныя лісты і, куды б ні йшоў, нашу на носе АКУЛЯРЫ.
Анёл Надзвычайнасцяў
Экстраваганца
Быў халодны лістападаўскі вечар. Я толькі што скончыў зусім не сціплы абед, у якім не апошняе месца займалі цяжкія для страўніка
калі маю ўвагу забраў наступны абзац: «Шматлікія і нечаканыя дарогі, што вядуць да смерці. Лонданская газета паведамляе пра смерць у надзвычайных абставінах. Чалавек бавіў час гульнёй «Смяротная зацяжка», у якой неабходна, глыбока ўдыхнуўшы паветра, выдзьмуць доўгую іголку, замацаваную ў бляшанай трубцы, і трапіць у мішэнь. Ён змясціў іголку не тым канцом і, набіраючы паветра, каб дзьмухнуць памацней і стрэліць ёю, уцягнуў іголку сабе ў горла. Яна ўвайшла ў лёгкія, і праз некалькі дзён ён сканаў».
Прачытаўшы гэта, я немаведама чаму раззлаваўся. «Гэты артыкул, – усклікнуў я, – паскудная мана, бессаромная ліпа, бязглуздая чмутня нейкага нікчэмнага пісакі, які нават для Эдэму сфабрыкуе катастрофу-другую. Такія людзі, ведаючы пра надзвычайную легкавернасць эпохі, скіравалі ўсю сваю дасціпнасць на выдумлянне неймаверных выпадкаў і надзвычайных, як яны кажуць, здарэнняў. Але розуму, схільнаму да аналізу (як мой, дадаў я ў дужках, па звычцы глыбакадумна наморшчыўшы лоб), да сузірання, на якое я здольны як ніхто, адразу зразумела: чароўнае памнажэнне гэтых «надзвычайных здарэнняў» і ёсць самым надзвычайным. Я, са свайго боку, надалей не збіраюся верыць таму, што нясе адзнаку выключнага».
– Майн Гот, ну ты і турань! – адказаў адзін з самых дзіўных галасоў, якія мне даводзілася чуць. Спачатку я палічыў, што ў мяне звініць увушшу: так здараецца, калі вып’еш крыху зашмат, – але добра падумаўшы, я зразумеў, што такія гукі хутчэй можна пачуць, б’ючы палкай па пустой бочцы; на гэтым бы я і спыніўся, калі б гукі не складаліся ў словы. Я па прыродзе не нервовы, да таго ж некалькі келіхаў лафіту дадалі мне смеласці, таму я не адчуў ніякага хвалявання, спакойна падняў вочы і агледзеў пакой у пошуках няпрошанага госця. Аднак зусім нікога не знайшоў.
– Так-та-ак! – працягнуў голас, пакуль я аглядаў пакой. – Фы налісаліся як швіня, калі не заўфашылі мяне, а я сусім тут.
Тут я здагадаўся паглядзець проста перад носам: і сапраўды, насупраць мяне за сталом сядзела істота, якая не паддавалася класіфікацыі, хаця апісанню – цалкам. Яе тулавам была бочка ці то для віна, ці то для рому, ці нешта такога кшталту, і выглядала гэтае тулава сапраўды фальстафаўскім. Знізу былі прымацаваныя два кадоўбчыкі, якія мусілі замяняць ногі. Замест рук віселі рыльцамі ўніз дзве даволі доўгія бутэлькі. Галава пачвары была рыхтык гесенская пляшка і нагадвала табакерку з дзіркай пасярэдзіне вечка. Гэтая пляшка з лейкай, ссунутай набакір, нібы кавалерыйская фуражка, глядзела дзіркай на мяне; праз гэтую дзірку, якая, здавалася, моршчылася, як рот педантычнай старой дзевы, істота шыпела і хрыпела, лічачы, відавочна, гэтыя няўцямныя гукі зразумелымі словамі.
– Я башу, – сказаў ён, – што фы напіліся як швіня, бо сеціце там і не башыце, што я сяшу тут, і я башу, што фы дурны, як фарона, таму што не ферыце натрукаванаму ў труку. Гэта прафда – кошнае слофа прафда.
– Ды хто вы, дальбог? – з годнасцю, хаця і крыху разгублена, прамовіў я. – Як вы сюды трапілі? Пра што вы ўвогуле?
– Як я трапіў сюты, – адказала фігура, – не фашая спрафа, хафару я ўфогуле пра тое, пра што ўфогуле хачу хафарыць, а хто я такі, тык я прыйшоў, каб фы самі гэта пабачылі.
– Вы п’яны бадзяга, – сказаў я. – Я зараз пазваню і загадаю лёкаю выкінуць вас на вуліцу.
– Хе-хе-хе! – засмяяўся госць. – Ухіхі! Фы не зробіце гэтага.
– Не зраблю? – абурыўся я. – Што вы маеце на ўвазе? Чаго не зраблю?
– Не пасфоніце, – адказаў ён, спрабуючы пасміхнуцца сваім гнюсным ротам.
Пасля гэтых словаў я паспрабаваў падняцца, каб спраўдзіць сваю пагрозу, але нягоднік без спеху перагнуўся праз стол і ўдарыў мяне па ілбе рыльцам адной з бутэлек так, што я паваліўся назад у фатэль, з якога ўжо напалову падняўся. Я быў вельмі здзіўлены і на момант разгубіўся. Тым часам ён працягваў.
– Фось башыце, – сказаў ён. – Лепш сяціце ціха. А цяпер я фам скажу, хто я! Гляціце! Слухайце! Я – Анёл Натсфычайнасцяў!
– І надзвычайны, дальбог, – рызыкнуў я ўставіць. – Я заўсёды думаў, што ў анёлаў ёсць крылы.
– Крылы! – раззлавана ўскрыкнуў ён. – Што мне рабіць з крыламі? Майн Гот! Я фам што, курыца?
– Не-не! – адказаў я, спалохаўшыся. – Якая ж вы курыца! Безумоўна, не!
– Тады сяці ціха і пафоць сябе тобра, а то зноў кулака паспытаеш. У курыца ёсць крылы, і ў сафа ёсць крылы, і ў чарцяня ёсць крылы, і ў Фэльзефул ёсць крылы. Анёл не мае крылы, а я – Анёл Натсфычайнасцяў.
– І вашая справа да мяне…
– Мая спрафа! – выкрыкнула пачвара. – Ты няфыхафаны шчанюк, калі пытаешся ў тшэнтльмэна і анёла пра яго спрафу!
Такой манеры гаварыць я не мог вытрываць нават ад анёла і таму, сабраўшы ўсю сваю мужнасць, схапіў сальнічку, якая стаяла пад рукой, і кінуў яе ў галаву нязванаму госцю. Аднак ці то ён адхіліўся, ці то я не пацэліў, але я здолеў толькі разбіць шкло гадзінніка на каміннай паліцы. Што да анёла, то ён, як і раней, выказаў сваё стаўленне да майго ўчынку трыма паслядоўнымі ўдарамі па ілбе. Гэта змусіла мяне падпарадкавацца, і, сорамна сказаць, ці то ад болю, ці то ад прыкрасці ў мяне выступілі на вачах слёзы.
– Майн Гот! – прамовіў Анёл Надзвычайнасцяў, якога відавочна змякчыла сузіранне маіх пакутаў. – Майн Гот, гэты шалавек ці фельмі п’яны, ці фельмі засмушоны. Не трэба піць такое моснае фіно, трэба распафляць. Фыпі гэтага, пуць харошы хлопшык і не плаш, ну не плаш!