реклама
Бургер менюБургер меню

Эдгар По – Маска Чырвонае Смерці (страница 66)

18

– Ідзі к шорту тады! – пракрычаў Анёл Надзвычайнасцяў. З гэтымі словамі ён дастаў востры нож і перарэзаў вяроўку, за якую я трымаўся. Так выйшла, што мы праляталі акурат над маім домам (які падчас маіх падарожжаў быў цудоўненька адбудаваны). Я ўпаў галавой уніз у комін і ляснуўся ў камін у сталовай.

Ачуняўшы пасля такога аглушальнага падзення, я зразумеў, што цяпер недзе чатыры гадзіны раніцы. Я ляжаў у тым самым месцы, куды зваліўся з шару. Мая галава была сярод попелу, а ногі – на аскепках століка сярод рэшткаў дэсерту, змяшаных з газетамі, разбітым шклом, перакуленымі бутэлькамі і пустым гарлачыкам з-пад кіршэнвасэру. Так мне адпомсціў Анёл Надзвычайнасцяў.

“Ты – той чалавек”

Я – Эдып, што разгадаў загадку Грукатаўна. Зараз я растлумачу вам – бо толькі я магу гэта зрабіць – таямніцу машынерыі, што спарадзіла грукатаўнскі цуд, унікальны, сапраўдны, няўхільны і няўмольны цуд, які паклаў пераможны канец нявер’ю грукатаўнцаў і навярнуў у старэчую праведнасць нават тых, хто раней думаў толькі пра плоць і выхваляўся сваім скептыцызмам.

Гэта здарылася (і мне варта выбачыцца за магчымую легкаважнасць тону) летам 18** году. Містэр Барнабас Таўкачыні, адзін з самых багатых і паважаных гараджанаў, некалькі дзён як знік, і абставіны знікнення прымушалі запасочыць злачынства. Містэр Таўкачыні конна выехаў з Грукатаўна ранняй суботняй раніцай, і гэта дазваляла меркаваць, што кіруецца ён у горад *** за пятнаццаць міляў адсюль і вернецца тым жа вечарам. Але праз дзве гадзіны пасля ягонага ад’езду конь вярнуўся без гаспадара і без седлавых сумак, прытарочаных на спіну ўранку. Конь быў увесь у брудзе, а на баку ў яго зеўрала рана. Усё гэта, натуральна, выклікала вялікую трывогу ў сяброў зніклага, і калі ў нядзелю раніцай той так і не з’явіўся, усе гуртам падняліся і выправіліся на пошукі цела.

Рэй у пошуках вёў неразлучны сябар містэра Таўкачыні – містэр Чарлз О’Міл, альбо, як яго называлі ўсе без выключэння, “Чарлі О’Міл” альбо “мілы Чарлі О’Міл”. Было гэта дзіўнае супадзенне альбо менавіта імя незаўважна паўплывала на характар уладальніка, я так і не зразумеў. Але бясспрэчна тое, што няма чалавека на імя Чарлз, які не быў бы чулым, смелым, праўдзівым, добрым і таварыскім хлопцам, чый звонкі крыштальны голас заўсёды прыемна слухаць і які ніколі не адвядзе вачэй, нібыта гаворачы: “У мяне чыстае сумленне, я не баюся нікога і абсалютна не здольны на подласць”. Карацей, усіх гэтых прыязных і бесклапотных статыстаў жыццёвае сцэны заўсёды завуць Чарлзамі.

Дык вось, “мілы Чарлі О’Міл”, хаця і прыехаў у Грукатаўн не больш як шэсць месяцаў таму ці штосьці каля гэтага, хаця ніхто нічога пра яго не ведаў да таго, як ён пасяліўся побач, – гэты самы Чарлі без цяжкасці перазнаёміўся з усімі паважанымі жыхарамі гарадка. Кожны з іх пазычыў бы яму ў любы момант хоць тысячу без усялякіх распісак. Што да жанчын, то не было нічога, што яны не зрабілі б, каб яму дагадзіць. А ўсё таму, што пры хрышчэнні ён атрымаў імя Чарлз і, адпаведна, адкрыты твар, які служыць, як той казаў, найлепшай рэкамендацыяй.

Як я ўжо згадваў, містэр Таўкачыні быў адным з самых паважаных і, бясспрэчна, самым багатым жыхаром Грукатаўна, а “мілы Чарлі О’Міл” сышоўся з ім так блізка, нібыта быў яго родным братам. Двое старых джэнтльменаў жылі ў суседніх дамах, і хаця містэр Таўкачыні рэдка бываў у доме “мілага Чарлі” (калі ўвогуле бываў) і ўжо тым больш і падумаць не мог, каб застацца там на абед, гэта зусім не перашкодзіла названым джэнтльменам вельмі цесна пасябраваць – зрэшты, пра гэта я ўжо гаварыў. А вось “мілы Чарлі” і дня не прапускаў, каб разы тры-чатыры не зазірнуць да суседа – спытаць, як той маецца. Ён вельмі часта заставаўся на сняданне альбо гарбату і амаль заўсёды – на абед, а колькасць віна, угаворанага прыяцелямі на іх пасядзелках, вылічэнню наўрад ці паддаецца. “Мілы Чарлі” асабліва паважаў шато-марго, і містэр Таўкачыні проста расцвітаў, назіраючы, як сябрук высмоктвае далікатны напой кварту за квартай. І вось аднойчы, калі віно ўжо крыху пацясніла ў галаве здаровы сэнс, ён звярнуўся да прыяцеля, пляснуўшы яго па спіне:

– Вось што я табе скажу, мілы Чарлі: ты, далібог, наймілейшы хлопец, якога я толькі ведаў у жыцці. І калі табе ўжо так падабаецца заліваць глотку менавіта гэтым віном, то каб мяне чэрці парвалі, калі я табе не прывалаку вялізную скрыню шато-марго. Каб мяне трасца трэсла, – у містэра Таўкачыні была заганная схільнасць да моцнага слоўца, хаця ён рэдка заходзіў далей за “каб мне тры пагібелі і адна трасца” альбо “каб мне зарвала ды залажыла”, – каб мяне трасца трэсла, – сказаў ён, – калі я сёння ж не пашлю ў горад па двайную скрыню найлепшага віна, што ў іх ёсць, і не ўвапру табе, далібог! І каб ні слова мне тут – я сказаў і дуды ў мех! Так што сачы – прыедзе ў адзін з гэтых пагодных дзянёчкаў, акурат тады, калі найменш чакаць будзеш.

Я адзначаю такі прыступ шчодрасці ў містэра Таўкачыні адзіна каб паказаць вам, якія блізкасць і згода панавалі ў сяброўскіх стасунках гэтых джэнтльменаў.

Таму, калі нядзельнай раніцай ні ў кога не засталося сумневаў, што містэр Таўкачыні стаў ахвяраю злачынства, не было чалавека больш занепакоенага, чым “мілы Чарлі О’Міл”. Калі ён даведаўся, што конь вярнуўся без гаспадара (і без седлавых сумак гаспадара таксама), у крыві ад пісталетнай кулі, што наскрозь прабіла грудзі беднай жывёліне, ледзь яе не забіўшы, – ён пабялеў так, нібыта толькі што страціў бацьку альбо любімага брата, і затрымцеў, і задрыжаў усім целам, як у ліхаманцы.

Спачатку трывожная вестка так ашаламіла яго, што ён не мог нават зварухнуцца, не кажучы ўжо пра тое, каб прапанаваць план дзеянняў, і таму доўга спрабаваў угаварыць астатніх сяброў містэра Таўкачыні не падымаць шуму, кажучы, што лепей крыху счакаць – хаця б тыдзень-другі, ну ці месяц-другі, пакуль усё само не высветліцца або пакуль містэр Таўкачыні сам не вернецца і не растлумачыць, чаго гэта ён адпусціў каня паперадзе сябе. Вазьму на сябе смеласць сцвярджаць, што такое жаданне памарудзіць і пацягнуць час можна вельмі часта назіраць у людзей, прыгнечаных вялікай бядой. Іхны розум нібы дранцвее, і яны жахаюцца нават думкі пра дзеянне і ні пра што не мараць так, як пра тое, каб ціхамірна ляжаць у ложку і, як сказалі б дамы паважанага веку, “бяду-гора песціць” – гэта значыць абдумваць свае непрыемнасці.

Грукатаўнцы ж, усе да адзінага, былі такой высокай думкі пра мудрасць ды праніклівасць “мілага Чарлі”, што большасць схілялася да таго, каб з ім згадзіцца і не падымаць шуму, пакуль “штосьці само не высветліцца”, як выказаўся паважаны стары джэнтльмен. І я думаю, што так бы ўсе і зрабілі, калі б не вельмі падазронае ўмяшанне пляменніка містэра Таўкачыні, юнака вельмі несамавітых звычак і даволі сапсаванага нораву. Гэты самы пляменнік, прозвішча якога было Мак-Вісус, не захацеў слухаць ніякіх довадаў пра “ціхае ляжанне”, а настойваў на тым, каб неадкладна распачаць пошукі “цела забітага”. Так-так, менавіта гэта ён і сказаў, і містэр О’Міл не прамінуў заўважыць, што “словы гэтыя як найменш дзіўныя”. Назіранне “мілага Чарлі” ашаламіла ўсіх, і нават чулі, як адзін з гараджанаў не пасаромеўся спытаць, “як гэта малады містэр Мак-Вісус настолькі падрабязна знаёмы з абставінамі, звязанымі са знікненнем яго заможнага дзядзечкі, што насмельваецца сцвярджаць, выразна і недвухсэнсоўна, што сваяк яго забіты?” Зараз жа пасля гэтага ў кампаніі ўспыхнула сварка папалам з лаянкай, у якой асабліва выдзяляліся “мілы Чарлі” з містэрам Мак-Вісусам. Апошняе, зрэшты, нікога не здзівіла, бо паміж гэтымі двума вось ужо тры ці чатыры месяцы не было і намёку на прыязнасць, а аднойчы дайшло аж да таго, што містэр Мак-Вісус збіў з ног дзядзькавага сябрука – нібыта за празмерную вольнасць, якую той дазволіў сабе ў доме містэра Таўкачыні, дзе жыў і ягоны пляменнік. У адказ на гэта “мілы Чарлі”, сцвярджалі грукатаўнцы, прадэманстраваў узорную цярплівасць і міласэрнасць сапраўднага хрысціяніна. Ён падняўся, прывёў у парадак адзенне і не выказаў нават памкнення адпомсціць, адно прамармытаў нешта наконт “хуткай адплаты пры першай зручнай магчымасці” – натуральная і цалкам даравальная ўспышка гневу, якая нічога не значыць і, несумненна, тут жа забываецца, даўшы выхад эмоцыям.

Як бы там ні было (бо гэтыя абставіны ўсё адно ніяк не датычаць нашага здарэння), вядома, што грукатаўнцы, збольшага ўпэўненыя містэрам Мак-Вісусам, вырашылі ўрэшце разысціся па ваколіцы, каб адшукаць зніклага містэра Таўкачыні. Дакладней, гэта яны спачатку хацелі так зрабіць. Калі ж канчаткова пастанавілі, што пошукам быць, усе, натуральна, хацелі разысціся ў розныя бакі, разбіўшыся на групы дзеля як мага больш грунтоўнага агляду мясцовасці. І я, шчыра кажучы, забыў, якімі такімі майстэрскімі развагамі “мілы Чарлі” ў выніку ўпэўніў зборню, што такі план дзеянняў – самы неразважлівы. Карацей, упэўніў ён усіх, апроч містэра Мак-Вісуса, і шукаць усё ж вырашылі разам – з “мілым Чарлі” на чале.

Што да апошняй дэталі, то лепшага правадыра, чым “мілы Чарлі”, знайсці было немагчыма: усе ведалі, што ў яго вочы рысі. І хаця ён завёў грукатаўнцаў ва ўсе магчымыя глухія дзіры і куты, хаця ішоў сцежкамі, пра існаванне якіх зусім побач ніхто ніколі не падазраваў, хаця пошукі цягнуліся амаль тыдзень, не спыняючыся ні ўдзень, ні ўначы, ніякіх слядоў містэра Таўкачыні гараджане знайсці не змаглі. Гм, хаця я сказаў “ніякіх слядоў”, гэта не варта разумець літаральна, таму што сляды – у пэўным сэнсе – былі. Дарогу няшчаснага джэнтльмена грукатаўнцы прасачылі па слядах ад падковаў ягонага каня (з асаблівым кляймом) і прайшлі ад гарадка мілі тры на ўсход, апынуўшыся на дарозе, што вяла ў ***. Тут след паварочваў на бакавую сцежку, што бегла праз лес і зноў выводзіла на дарогу, скарачаючы маршрут на паўмілі. Ідучы па адбітках падковаў, гараджане набрылі на сажалку, напалову схаваную зарасцямі ажыны справа ад сцежкі, а на беразе сажалкі і так амаль нябачны след згубіўся зусім. Па мясцовасці было бачна, што тут адбывалася нейкая барацьба і хтосьці нібыта цягнуў сцежкаю нешта вялікае і цяжкое, нашмат большае і цяжэйшае за чалавечае цела, а затым утапіў гэта ў затоцы. Дно старанна прамацалі, але нічога не знайшлі. Засмучаныя няўдачай гараджане ўжо сабраліся былі сыходзіць, калі нейкая вышэйшая сіла падказала містэру О’Мілу ідэю адвесці з сажалкі ўсю ваду. Прапанову прынялі з ухвальнымі воклічамі, і не адзін адвесіў мноства кампліментаў кемнасці і праніклівасці “мілага Чарлі”. Многія гараджане выправіліся на пошукі з рыдлёўкамі, думаючы, што давядзецца, магчыма, выкопваць труп, таму ваду адвялі лёгка і хутка. І як толькі пачало віднецца дно, роўненька пасярод глею ўсе заўважылі камізэльку з чорнага аксаміту, у якой ледзь не кожны вокамгненна пазнаў уласнасць містэра Мак-Вісуса. Камізэлька была ўся падраная і запэцканая крывёй, і сярод шаноўнага таварыства знайшлося некалькі чалавек, якія ясна прыгадалі, што яна была на гаспадару акурат той раніцай, калі містэр Таўкачыні ад’язджаў у ***. А потым знайшліся іншыя, гатовыя, калі спатрэбіцца, пад прысягай пацвердзіць, што рэшту ўсяго таго векапомнага дня названага прадмету адзення на містэру Мак-Вісусу не было. І не знайшлося нікога, хто засведчыў бы, што містэр М. насіў гэтую камізэльку пасля знікнення містэра Таўкачыні.