Эдгар По – Маска Чырвонае Смерці (страница 68)
Далейшае развіццё падзеяў прадказаць няцяжка. Містэр Мак-Вісус пад гучныя праклёны ўсяго гарадка паўстаў перад крымінальным судом, і ланцужок ускосных доказаў (разарваць яго стала яшчэ цяжэй дзякуючы некаторым дадатковым выкрывальным фактам, утойваць якія ад суду містэру О’Мілу не дазволіла абвостранае пачуццё справядлівасці) выглядаў так бясспрэчна і абсалютна пераканаўча, што прысяжныя не сыходзячы з месца адразу ж агучылі вердыкт: “вінаваты ў забойстве з абцяжарвальнымі абставінамі”. Неўзабаве няшчаснаму вынеслі смяротны прысуд і змясцілі ў акруговую турму, дзе ён мусіў чакаць няўмольнай кары закона.
А “мілы Чарлі О’Міл” сваімі высакароднымі паводзінамі заслужыў яшчэ большую прыязнасць добрапрыстойных грукатаўнцаў. Яго палюбілі мацней разоў у дзесяць, і натуральным вынікам гасціннасці, з якой яго ўсюль сустракалі, стала тое, што воляй-няволяй ён змушаны быў адступіць ад найстражэйшай эканоміі, якой трымаўся праз сваю беднасць, і пачаў часта збіраць у сябе невялікія кампаніі, дзе панавалі дасціпнасць і весялосць – безумоўна, крыху азмрочаныя выпадковымі згадкамі пра сумны і нешчаслівы лёс, які выпаў пляменніку незабыўнага сябра, якога страціў шчодры гаспадар дому.
Адным пагодным ранкам гэты высакародны стары джэнтльмен быў прыемна здзіўлены, атрымаўшы ліст наступнага зместу:
Шаноўны сэр, у адпаведнасці з даручэннем, дадзеным фірме два месяцы таму нашым паважаным кліентам, містэрам Барнабасам Таўкачыні, мы мелі гонар паслаць вам сёння раніцай двайную скрыню шато-марго маркі “Антылопа” з фіялетавай пячаткай. Нумар і маркіроўка скрыні ўказаныя на палях.
P.S. Скрыню даставяць фургонам на наступны дзень пасля атрымання вамі гэтага ліста. Просім засведчыць нашую павагу містэру Таўкачыні.
Рэч у тым, што пасля смерці містэра Таўкачыні містэр О’Міл страціў усялякую надзею на абяцанае шато-марго і таму расцаніў яго атрыманне цяпер як боскай воляю спасланы яму своеасаблівы падарунак. Душа ягоная ўзвесялілася неймаверна, і ад радасці, што проста біла цераз край, містэр О’Міл надумаў зладзіць назаўтра
Доўгачаканы наступны дзень прыйшоў у дом містэра О’Міла разам з вялікай і выключна рэспектабельнай кампаніяй. Сабралася як найменш палова гарадка (і я там быў), але, да немалой прыкрасці гаспадара, шато-марго прывезлі позна: да гэтага часу госці паспелі аддаць амаль усё належнае раскошнаму пачастунку “мілага Чарлі”. Урэшце яна прыбыла – жудасна вялікая скрыня, скажу я вам. Кампанія ўжо была ў найлепшым з добрых настрояў, таму ўсцягнуць скрыню на стол і неадкладна яе растрыбушыць пастанавілі
Сказана – зроблена. Я таксама прыклаў руку да дзейства, і праз імгненне скрыня ўжо стаяла на стале паміж бутэлькамі і шклянкамі, вельмі нямногія з якіх ацалелі ў няроўнай сутычцы з ёй. “Мілы Чарлі”, які добра-такі наклюкаўся і празмерна расчырванеўся, з пацешнай фанабэрыяй сеў на галоўнае месца і ярасна закалаціў па стале графінам, заклікаючы кампанію да парадку “падчас цырымоніі ўскрыцця цела скарбу”.
Пасля некалькіх гучных заклікаў суняцца госці ўрэшце паслухаліся, і, як часта здараецца ў такіх выпадках, у пакоі запанавала абсалютная і шматзначная цішыня. Просьбе дапамагчы ададраць вечка скрыні я падпарадкаваўся з найвялікшай ахвотай. Я ўставіў у шчыліну долата і некалькі разоў асцярожна стукнуў па ім малатком. Раптам вечка адляцела, і тварам да гаспадара дому, рэзка падскочыўшы, сеў акрываўлены, пакрыты ранамі і ўжо са слядамі гніення труп містэра Таўкачыні. Некалькі імгненняў ён маркотна ўзіраўся згаслымі напаўсатлелымі вачыма ў твар містэра О’Міла, а потым павольна, але выразна і ясна вымавіў: “Ты – той чалавек!”, пасля чаго, нібы цалкам задаволены сказаным, пераваліўся праз край скрыні, раскідаўшы рукі па стале.
Тое, што адбылося потым, немагчыма апісаць. Цісканіна ля дзвярэй і вокнаў усчалася страшная, а многія моцныя хлопцы ад скрайняга жаху самлелі проста ў пакоі. Але пасля першага выбуху шалёнай панікі ўсе позіркі скіраваліся на містэра О’Міла. І хоць бы я пражыў тысячу гадоў, я ніколі не забуду таго выразу смяротнай агоніі на ягоным жахліва бледным твары, яшчэ хвіліну таму румяным ад віна і трыюмфу. Некалькі імгненняў ён сядзеў застылы, як мармуровая статуя, а яго жудасна пусты позірк, скіраваны ўнутр, здавалася, засяроджана сузіраў мізэрную і нікчэмную душу забойцы. Урэшце, нібыта вяртаючыся ў вонкавы свет, злачынца з раптоўным бляскам у вачах рэзка ўскочыў з крэсла і цяжка наваліўся на стол, так, што дакрануўся да трупа, і з ягоных вуснаў палілася блытаная і жарсная споведзь з усімі падрабязнасцямі жахлівага злачынства, за якое містэр Мак-Вісус быў увязнены і асуджаны на смерць.
А расказаў злачынца наступнае. За сваёй ахвярай ён ехаў амаль да самай сажалкі і там стрэліў у каня з рэвальвера, забіў вершніка ударам дзяржальна, забраў ягоны партманэт і, думаючы, што конь мёртвы, з вялікай цяжкасцю адцягнуў яго да зарасцяў ажыны ля сажалкі. Цела містэра Таўкачыні ён звёз на ўласным кані і закапаў яго ў зацішным месцы далёка ў глыбіні лесу.
Камізэльку, нож, партманэт і кулю ён падкінуў, каб адпомсціць містэру Мак-Вісусу, і зрабіў так, каб акрываўленыя кашулю і шыйную хустку містэра Таўкачыні знайшлі ў ягонага пляменніка.
Па меры заканчэння аповеду, ад якога халадзела кроў, забойца гаварыў усё больш перарывіста і глуха. І калі ўсе паказанні былі вычарпаныя, ён падняўся, адхіснуўшыся ад стала, і ўпаў мёртвы.
Спосаб, з дапамогай якога было вырванае гэтае своечасовае прызнанне, быў, нягледзячы на сваю дзейснасць, вельмі просты. Празмерная прыязнасць містэра О’Міла заўсёды выклікала ў мяне агіду, і падазраваць яго я пачаў адразу. Я прысутнічаў пры тым, як містэр Мак-Вісус яго ўдарыў, і выраз д’ябальскай злосці на ягоным твары, хоць і знік амаль адразу, упэўніў мяне, што пры першай жа магчымасці гэты чалавек бязлітасна адпомсціць. Таму я змог паглядзець на хітрыкі “мілага Чарлі” зусім пад іншым вуглом, чым добрыя грукатаўнцы. Я адразу заўважыў, што ўсе знойдзеныя выкрывальныя доказы так ці іначай былі звязаныя з ім. Але канчаткова зразумела мне ўсё стала пасля таго, як містэр О’Міл знайшоў кулю ў целе каня. У адрозненне ад грукатаўнцаў, я не забыў, што на жывёліне былі дзве раны: першая з’явілася, калі куля ўвайшла ў яе цела, другая – калі выйшла. Калі куля, якая прайшла навылёт, апынулася ўнутры трупа, то ясна, што яе падкінуў той, хто яе знайшоў. Акрываўленыя кашуля і шыйная хустка пацвердзілі падазрэнні, выкліканыя куляй (што да крыві, то яна па ўважлівым аглядзе аказалася не чым іншым, як цудоўным кларэтам). Калі я ўсё гэта абдумаў, ды яшчэ і заўважыў потым узрослую шчодрасць і гэтак жа ўзрослыя выдаткі містэра О’Міла, я ўпэўніўся ў сваіх падазрэннях, якія зусім не аслабелі ад таго, што я нікому пра іх не расказваў.
У той жа час я ў адзіночку старанна шукаў цела містэра Таўкачыні – шукаў, са зразумелых прычынаў, у месцах, найбольш аддаленых ад тых, якімі вадзіў сваіх прыхільнікаў містэр О’Міл, і праз некалькі дзён натрапіў на стары высахлы калодзеж, амаль цалкам схаваны ажынавымі кустамі. На яго дне я і знайшоў тое, што шукаў.
А яшчэ выйшла так, што я падслухаў размову двух сябрукоў, у якой містэр О’Міл змудрыўся выдурыць у шчодрага гаспадара абяцанне падараваць яму скрыню шато-марго. Гэтым я і скарыстаўся. Я здабыў тугі кавалак кітовага вуса, запіхаў яго ў глотку трупа, а труп паклаў у старую скрыню з-пад віна, пастараўшыся сагнуць цела так, каб сагнуўся і кітовы вус. Такім чынам, мне давялося моцна націскаць на вечка, прыбіваючы яго цвікамі. Я ведаў, што варта толькі іх выцягнуць – і вечка адляціць, а цела выпрастаецца.
Падрыхтаваўшы скрыню, я яе падпісаў, пранумараваў і паслаў, пра што было расказана вышэй, а потым напісаў ліст ад імя вінагандляроў, чыім кліентам быў містэр Таўкачыні. Таксама я наказаў свайму служку падвезці скрыню да дзвярэй містэра О’Міла толькі пасля таго, як я падам яму знак. Што да словаў, якія мусіў вымавіць труп, то тут я быў упэўнены ў сваім таленце чэрававяшчальніка: з яго дапамогай я і разлічваў вырваць у забойцы прызнанне.
Здаецца, тлумачыць больш няма чаго. Містэр Мак-Вісус быў вызвалены з вязніцы, атрымаў дзядзькаву спадчыну, зрабіў высновы з усяго, што здарылася, пачаў новае жыццё і пражыў яго спакойна й шчасліва.