реклама
Бургер менюБургер меню

Эдгар По – Маска Чырвонае Смерці (страница 57)

18

Апускаючыся, як той казаў, па шкале арыстакратычнасці, я знайшоў больш змрочныя й глыбокія тэмы для разважанняў. Я бачыў габрэйскіх вулічных гандляроў з ястрабінымі вачыма, якія глядзелі з твараў, дзе ўсе іншыя рысы былі пазначаныя пакорлівым прыніжэннем; дужых прафесійных жабракоў, што злосна касавурыліся на больш прыстойных з выгляду просьбітаў, якіх толькі нясцерпная роспач выгнала ў змрок ночы па міласціну; хвараблівых і страхотных інвалідаў, на якіх смерць ужо паклала сваю цвёрдую руку, якія, няпэўна валочачы праз натоўп свае кволыя целы, умольна зазіралі кожнаму ў твар, нібыта шукаючы нейкага неспадзяванага суцяшэння, нейкай страчанай надзеі; сціплых маладых дзяўчат, што вярталіся пасля доўгай і позняй працы ў панурыя дамы і сціскаліся, больш ад страху, чым ад абурэння, пад позіркамі нахабных нягоднікаў, якіх было не абмінуць, каб яны не прыціснуліся сярод натоўпу; вулічных жанчын самага рознага веку й гатунку – неаспрэчную прыгажуню ў найлепшым жаночым веку, што нагадвае Лукіянаву* статую, з абліччам з пароскага мармуру, але з поўным гнюснага бруду нутром – агідную й безнадзейна пагіблую пракажоную ў лахманах – паморшчаную, завешаную аздобамі, абмазаную пудрамі й памадамі старую чапялу ў апошнім намаганні вярнуць маладосць – зусім малое дзіця з няспелымі формамі, спрактыкаванае праз багаты досвед ва ўсіх страшных манернасцях свайго рамяства, ахопленае шалёным памкненнем параўнацца ў заганах з старэйшымі; незлічоных і неапісальных п’яніцаў – адных у палапленым рыззі, што маўкліва хісталіся на бакі, з пабітымі тварамі й тусклымі вачыма – другіх у цэлым, але брудным адзенні, з крыху няпэўнай фанабэрлівай хадою, з тоўстымі гарачымі вуснамі і з прыязнымі расчырванелымі тварамі – іншых, чыё адзенне некалі было добрае, а й цяпер яшчэ было старанна выгладжанае шчоткай – людзей, якія йшлі пругкаю хадою, але твары ў якіх былі смяротна бледныя, вочы жахліва-дзікія й чырвоныя, якія, праціскаючыся скрозь натоўп, чапляліся дрыготкімі пальцамі за ўсё, што трапляла ім пад руку; апрача ўсіх гэтых – пірожнікаў, насьбітоў, вугальшчыкаў, смецяроў; катрыншчыкаў, малпаводаў і складальнікаў баладаў, тых, хто гандляваў імі і тых, хто спяваў; абадраных рамеснікаў і знясіленых работнікаў усіх гатункаў, і ўсё гэта было поўнае шумлівай і бязладнай жывасці, якая рэзала вуха і ад якой балела ўваччу.

Чым глыбейшая рабілася ноч, тым больш паглыблялася й мая цікаўнасць да відовішча, бо не толькі матэрыяльна змяніўся агульны характар натоўпу (яго далікатнейшыя рысы знікалі з адступленнем са сцэны больш прыстойнае часткі гараджанаў, грубейшыя ж, наадварот, рабіліся штораз больш выразныя, бо позняя часіна выцягвала з дзённых логваў самую розную гнюсоту), але й святло газавых ліхтароў, напачатку кволае ў ягоным змаганні з апошнімі промнямі дня, паволі бралася ў сілу й пакрывала ўсё навокал сутаргавай бляклай свеценню. Усё навокал было цёмнае і ўрачыстае – як той чарнадрэў, з якім параўноўваюць стыль Тэртуліяна*.

Зачараваны дзівоснымі гульнямі святла, я захапіўся разгляданнем асобных твараў; і хоць хуткасць, з якою зіхоткі сусвет мільгаў за вакном, дазваляла мне кінуць толькі адзін позірк на кожны твар, усё ж здавалася, што ў тым маім асаблівым стане душы й розуму я часта быў здольны нават за найкарацейшае імгненне беглага позірку прачытаць гісторыю доўгіх гадоў.

Прыціснуўшыся лобам да шыбіны, я сядзеў, падрабязна аглядаючы натоўп, калі раптам перада мною з’явіўся твар (струхлелага старога чалавека гадоў шасцідзесяці пяці або сямідзесяці) – твар, які спыніў і захапіў усю маю ўвагу, дзякуючы абсалютнай непаўторнасці ягонага выразу. Нічога, што б хоць найдалей нагадвала гэты выраз, я ніколі яшчэ не бачыў. Я добра памятаю, што маёй першай думкай, калі я ўбачыў яго, было, што Рэц*, паглядзеўшы на яго, не вагаючыся выбраў бы гэты твар для сваіх партрэтных уцелаўленняў д’ябла. Калі я паспрабаваў за кароткую хвіліну майго арыгінальнага агляду прааналізаваць значэнне, схаванае ў гэтым твары, перада мною няясна й блытана паўсталі вобразы вялікае разумовае сілы, абачлівасці, скупасці, хцівасці, стрыманасці, хітрасці, крыважэрнасці, злацешнасці, весялосці, празмернага страху, глыбокай – скрайняй роспачы. Я быў дзівосна ўзрушаны, спалоханы, зачараваны. «Якая дзікая гісторыя, – сказаў я сам сабе, – запісаная ў гэтай душы!» Тады ў мяне ўзнікла нясцерпнае жаданне прасачыць за гэтым чалавекам, даведацца пра яго болей. Паспешліва накінуўшы плашч і схапіўшы капялюш і кій, я выбег на вуліцу й пачаў прадзірацца праз натоўп у той бок, куды, як я пабачыў, пайшоў стары, бо ён ужо знік з вачэй. Не без цяжкасці праз нейкі час я ўсё ж заўважыў яго, наблізіўся й пайшоў за ім, захоўваючы асцярожнасць, каб не прыцягнуць ягонае ўвагі.

Цяпер я мог добра яго разгледзець. Ён быў з выгляду вельмі кволы. Вопратка на ім, агулам кажучы, была брудная й падзертая; але калі час ад часу на яго падала зыркае святло ліхтара, было відаць, што ягоная бялізна, хоць і брудная, была пашытая з дыхтоўнае тканіны; і, можа, мяне падмануў мой зрок, але праз прагал у шчыльна зашпіленым і відавочна пазычаным з чужога пляча roquelaur’ы,[79] у які ён быў загорнуты, я заўважыў дыямент і кінжал. Гэтыя назіранні падагрэлі маю цікаўнасць, і я вырашыў ісці за незнаёмцам, куды б ён ні скіраваўся.

Было ўжо зусім цёмна, і над горадам павісла шчыльная сырая смуга, якая хутка абрынулася густым зацяжным дажджом. Гэтая змена ў надвор’і дзіўным чынам паўплывала на натоўп, у ім распачаўся новы розрух, а над ім павырасталі незлічоныя парасоны. Калыханне, штурханіна й гамана ўзмоцніліся ўдзесяцёра. Што да мяне, дык я не надта зважаў на дождж – з увагі на старую гарачку, што хавалася недзе ў глыбінях майго арганізма, вільгаць была мне нейкай небяспечнай прыемнасцю. Абвязаўшы рот хусткай, я ішоў далей. Паўгадзіны стары, змагаючы ўсе перашкоды, ішоў напрасткі па вялікай вуліцы; я ішоў зусім побач, баючыся згубіць яго з вачэй. Ні разу не азірнуўшыся назад, ён мяне не бачыў. Пасля ён павярнуў на папярэчную вуліцу, якая, хоць і густа напоўненая людзьмі, была ўсё ж не такая тлумная, як тая, з якой ён толькі што сышоў. I тут адразу заўважылася перамена ў ягоных паводзінах. Цяпер ён ішоў павольна й не так мэтанакіравана, як перад тым, – больш нерашуча. Некалькі разоў ён перайшоў сюды-туды вуліцу без ніякае бачнае мэты; навокал усё яшчэ было так людна, што падчас кожнага з гэтых пераходаў я мусіў трымацца блізка ад яго. Вуліца была вузкая й доўгая, ён ішоў па ёй гадзіну, за якую натоўп паступова паменшаў да той колькасці, якую звычайна можна пабачыць на Брадвеі каля Парку – такая вялікая розніца ў жыхарстве паміж Лонданам і найбольш людным горадам Амерыкі. Яшчэ адзін паварот вывеў нас на ярка асветлены пляц, перапоўнены жыццём. Да старога зноў вярнуліся старыя манеры. Угнуўшы галаву, ён кідаў навокал дзікія позіркі з-пад броваў. Упарта й неадступна ён ішоў далей. Я, аднак, здзівіўся, калі заўважыў, што, абышоўшы пляц, ён зноў пайшоў па сваіх слядох. Яшчэ больш я быў уражаны, калі ён паўтарыў тую самую праходку некалькі разоў – адзін раз ледзь не выкрыўшы мяне, калі нечакана павярнуўся.

Так ён практыкаваўся яшчэ гадзіну, пад канец якой насустрач нам траплялася ўжо значна менш мінакоў, чым спачатку. Дождж не пераставаў; у паветры пахаладнела; людзі разыходзіліся па дамах. Нецярпліва махнуўшы рукою, мой вандроўнік звярнуў у параўнаўча пусты завулак. Па гэтым завулку, даўжынёю чвэрць мілі, ён памкнуў так хутка, як нельга было й спадзявацца ад такога старога чалавека, і мне давялося прыкласці нямала намаганняў, каб не адстаць ад яго. Праз колькі хвілінаў мы выйшлі да вялікага й люднага базару, з наваколлем якога незнаёмец быў, відаць, добра знаёмы. Там зноў я пабачыў яго такім, як і на самым пачатку, ён бязмэтна сноўдаў сюды-туды сярод мора гандляроў і пакупнікоў.

Паўтары гадзіны ці каля таго, што мы прабылі ў гэтай мясціне, я мусіў ужыць усю маю асцярожнасць, каб не згубіць старога й разам з тым не прыцягнуць ягонае ўвагі. На шчасце, на нагах у мяне былі гумовыя галёшы, і я мог рухацца зусім бязгучна. Ні разу ён не заўважыў, што я за ім назіраю. Ён уваходзіў у адну крамку за другой, ні да чога не прыцэньваўся, не казаў ні слова і глядзеў на ўсе тавары дзікім і пустым позіркам. Я быў да таго здзіўлены ягонымі паводзінамі, што цвёрда пастанавіў, што мы з ім не расстанемся, пакуль я хоць у нейкай меры не задаволю сваю цікаўнасць адносна гэтага чалавека.

Гадзіннік гучна прабіў адзінаццаць удараў, і наведнікі пачалі паспешліва пакідаць базар. Нейкі крамнік, зачыняючы аканіцы, штурхануў старога, і я ўбачыў, як усё цела ягонае моцна здрыганулася. Ён паспяшаўся на вуліцу, на хвіліну неспакойна азірнуўся і з неймаверным спрытам пабег незлічонымі крывымі бязлюднымі завулкамі, пакуль мы зноў не апынуліся на вялікай праезнай вуліцы, адкуль пачалося нашае падарожжа – дзе стаяў гатэль Д. Вуліца, аднак, мела ўжо зусім іншы выгляд; яна ўсё яшчэ блішчала ў святле ліхтароў, але ліў моцны дождж, і людзей на ёй было вельмі мала. Незнаёмец быў цяпер бледны. Ён у задуменні зрабіў пару крокаў па нядаўна яшчэ людным праспекце, пасля, глыбока ўздыхнуўшы, павярнуў у бок ракі і, паблукаўшы бясконцымі кружнымі дарогамі, выйшаў нарэшце да аднаго з галоўных тэатраў. Ён ужо зачыняўся, і тлум публікі выліваўся з дзвярэй. Я пабачыў, як стары разявіў рот, нібы каб глынуць паветра, і кінуўся ў натоўп; мне падалося, што невыносная пакута, якая адбівалася на ягоным твары, крыху сунялася. Ён зноў угнуў галаву і зноў стаўся такім, якога я ўбачыў яго напачатку. Я заўважыў, што ён увайшоў туды, куды скіравалася большасць гледачоў – але наагул я так і не здолеў спасцігнуць непрадказальнасць ягоных дзеянняў.