реклама
Бургер менюБургер меню

Эдгар По – Маска Чырвонае Смерці (страница 56)

18

Калі я ачуняў, маім першым памкненнем было расказаць сябру пра тое, што я бачыў і чуў, але пачуццё агіды, якое я наўрад ці магу вытлумачыць, было настолькі моцным, што я прамаўчаў.

Аднойчы ўвечары, дні праз тры ці чатыры пасля здарэння, мы з сябрам былі разам у тым самым пакоі, дзе мяне наведала відзежа, – я сядзеў на тым жа месцы ля акна, а ён разваліўся побач на канапе. Выкліканыя месцам і часам успаміны падштурхнулі мяне расказаць пра здарэнне. Ён выслухаў мяне не перабіваючы і спачатку шчыра рассмяяўся, а пасля вельмі пасур’ёзнеў, быццам больш не сумняваўся ў маім вар’яцтве. У гэты момант я зноў убачыў удалечыні пачвару і з крыкам жаху паказаў на яе. Ён уважліва ўгледзеўся, але пачаў запэўніваць, што нічога не бачыць, хаця я падрабязна апісаў, як яна спускаецца па бязлесым схіле.

Я быў бязмежна ўзрушаны, бо палічыў відзежу прадвесцем мае смерці ці, што яшчэ горай, вар’яцтва. У адчаі я адкінуўся назад у фатэль, схаваўшы твар у далонях. Калі я адкрыў вочы, відзежа знікла.

Тым часам да гаспадара вярнулася яго звычайная разважлівасць, і ён падрабязна распытаў мяне пра выгляд фантастычнага стварэння. Застаўшыся цалкам задаволены маімі адказамі, ён глыбока ўздыхнуў, быццам камень зваліўся ў яго з душы, і са спакоем, які падаўся мне амаль бесчалавечным, працягнуў размову на некаторыя тэмы спекулятыўнай філасофіі. Памятаю, як між іншым ён вельмі настойваў, што асноўнай прычынай усіх чалавечых памылак ёсць схільнасць розуму да перабольшання ці пераменшання значнасці нейкага прадмета праз недакладнае вызначэнне адлегласці. «Так, напрыклад, – сказаў ён, – каб дакладна вызначыць уплыў дэмакратыі на чалавецтва, трэба абавязкова ўзяць пад увагу аддаленасць эпохі, калі яна ўсё чалавецтва ахопіць. А тым не менш ці можаце вы назваць мне хаця б аднаго аўтара, які піша пра формы кіравання і лічыць, што гэтую тэму ўвогуле варта абмяркоўваць?»

Тут ён, змоўкшы на хвілінку, падышоў да кніжнай шафы і выцягнуў пачатковы курс прыродазнаўства. Потым, папрасіўшы мяне памяняцца з ім месцамі, каб яму было лягчэй разбіраць дробны шрыфт, ён заняў маё месца ў фатэлі ля акна, разгарнуў кнігу і працягнуў размову ў тым самым тоне.

– Калі б вы так падрабязна не апісалі пачвару, – сказаў ён, – я, магчыма, не змог бы паказаць вам, што гэта такое. Дазвольце мне зачытаць школьнае апісанне аднаго з прадстаўнікоў роду Sphinx, сямейства Crepuscularia,[75] атраду Lepidortera,[76] класа Insecta, то бок інсектаў. Вось яно: «Чатыры перапонкавыя крылцы, пакрытыя каляровымі лускавінкамі з металічным бляскам; рот у выглядзе закручанага хабатка, які ёсць працягам сківіцаў, па баках яго – рудыментарныя жавалы і пушыстыя шчупікі. Ніжнія крылцы злучаныя з верхнімі жорсткімі валаскамі; доўгія вусікі прызматычнай формы; брушка завостранае. Сфінкс Мёртвая Галава неаднойчы наводзіў жах на недасведчаных журботным гукам, які ён выдае, а таксама эмблемай смерці на панцыры».

Ён загарнуў кнігу і нахіліўся наперад, сеўшы акурат так, як сядзеў я, калі назіраў «пачвару».

– Ага, вось яно! – усклікнуў сябра. – Цяпер яно паўзе па схіле наверх, і, мушу прызнаць, выглядае досыць незвычайна. Толькі яно зусім не такое вялікае і зусім не так далёка, як вам падалося. Яно караскаецца па павуціне, якую сплёў павук уздоўж рамы, і я бачу, што даўжыня яго – не больш за адну шаснаццатую дзюйма, і такая ж адлегласць аддзяляе яго ад маёй зрэнкі!

Чалавек натоўпу

Ce grand Malheur, de ne pouvoir être seul.

Пра адну нямецкую кнігу было добра сказана, што es lässt sich nicht lessen – яна не дае сябе прачытаць. Бываюць таямніцы, якія не даюць сябе выказаць. Штоночы людзі паміраюць у сваіх ложках, сціскаючы рукі духоўных спаведнікаў, жалосна зазіраючы ім у вочы, паміраюць з роспаччу ў сэрцы й сутаргамі ў горле дзеля агідных таямніцаў, якія не выносяць таго, каб іх раскрывалі. Часам, аднак, чалавечае сумленне бярэ на сябе такую цяжкую ў сваёй страшлівасці ношу, што скінуць яе можна толькі ў магільны дол. I так сутнасць усяго злачыну застаецца неразгаданая.

Не так даўно, адным восеньскім надвячоркам, я сядзеў каля вялікага акна ў кавярні Д. у Лондане. Ужо колькі месяцаў я быў хворы, але цяпер пачынаў вяртацца да здароўя і, адчуваючы, як дадаецца сіла, перабываў у адным з тых шчасных настрояў, якія становяць дакладную процілегласць ennui – настрояў найвастрэйшага хацення, калі спадае смуга з разумовага зроку, άχλύς ή πρίν επήεν[78] і ўзварушаны інтэлект нагэтулькі перавышае свой будзённы стан, як жывы й востры розум Ляйбніца вар’яцкую й нетрывалую рыторыку Горгія*. Мяне радавала ўжо проста магчымасць дыхаць; я знаходзіў нават нейкую прыемнасць у тым, што звычайна спрычыняе боль. Я адчуваў спакойнае, але дапытлівае зацікаўленне да ўсяго. З цыгараю ў роце й газетаю на каленях я прабавіў большую частку вечара то вывучаючы абвесткі, то разглядаючы стракатую публіку ў залі, то пазіраючы праз замглёныя шыбы на вуліцу.

Гэта была адна з галоўных праезных вуліцаў у горадзе, цэлы дзень на ёй было поўна людзей. Аднак калі апускаўся змрок, натоўп рабіўся штораз люднейшы; у святле ўжо запаленых ліхтароў два густыя няспынныя патокі гарадскога жыхарства паспешліва праплывалі міма дзвярэй. Мне ніколі не даводзілася быць у падобнай сітуацыі ў гэткую вечаровую часіну, і таму шумлівае мора чалавечых галоваў напаўняла мяне чароўнаю навізною пачуцця. Нарэшце я зусім забыўся пра кавярню й цалкам захапіўся агляданнем вулічнага відовішча.

Напачатку мае назіранні абмяжоўваліся абстракцыямі й абагульненнямі. Я глядзеў на мінакоў ва ўсёй іхнай масе й думаў пра іх у сукупе іхных дачыненняў. Неўзабаве, аднак, я перайшоў да дэталяў і пачаў з падрабязным зацікаўленнем разглядаць незлічоную разнастайнасць постацяў, адзення, настрою, хады, позіркаў і выразаў твару.

Пераважная большасць тых, хто прамінаў кавярню, мела задаволены і дзелавы выгляд і думала, здавалася, толькі пра тое, як прабіцца праз тлум. У іх былі насупленыя бровы й заклапочаныя вочы; сутыкнуўшыся з іншымі падарожнікамі, яны не выяўлялі ніякіх знакаў нецярплівасці, а толькі папраўлялі вопратку й паспешліва мкнулі далей. Іншыя ж, якіх таксама было нямала, вылучаліся неспакойнымі рухамі й расчырванелымі тварамі, яны гаварылі самі з сабою, заўзята махаючы рукамі, нібы адчувалі самоту якраз з прычыны гушчыні навакольнага натоўпу. Калі нехта стрымліваў іхны рух наперад, гэтыя людзі раптам пераставалі мармытаць і пачыналі ўдвая шырэй махаць рукамі, чакаючы з няшчыра-безуважнай усмешкай на вуснах, пакуль іх абміне сустрэчная перашкода. Калі іх штурхалі, яны шчодра кланяліся штурхальніку і, здавалася, моцна бянтэжыліся. У людзей гэтых дзвюх групаў не было нічога асабліва выразнага, апрача таго, што я заўважыў. Іх убранне належала да таго гатунку, які справядліва завецца добрапрыстойным. Гэта, без сумневу, былі арыстакраты, гандляры, юрысты, камерсанты, біржавыя маклеры – эўпатрыды* й банальнасці грамадства – людзі зусім вольныя ад заняткаў або надзвычай занятыя нейкімі сваімі клопатамі – самастойным вядзеннем нейкіх справаў. Яны не надта прыцягвалі маю ўвагу.

Адразу можна было пазнаць племя службоўцаў; сярод іх я вылучаў дзве выразныя катэгорыі. Гэта былі дробныя клеркі з навамодных фірмаў – маладыя джэнтльмены ў абцягнутых сурдутах, бліскучых чаравіках, з густа намашчанымі валасамі й надзьмутымі вуснамі. Калі не браць пад увагу пэўную фарсістасць у паставе, якую, за адсутнасцю лепшага слова, можна назваць кляркунствам, манеры гэтых людзей здаваліся мне дакладным адбіткам таго, што за год-паўтара перад тым лічылася вяршыняю бон тону. Яны падабралі адкіды дабрачыннасці вышэйшага грамадства; у гэтым, на маю думку, заключаецца найлепшае акрэсленне згаданае групы.

Катэгорыю вышэйшых службоўцаў салідных фірмаў, або «старых надзейных прыяцеляў», цяжка было зблытаць з некім іншым. Яны пазнаваліся з іх цёмных або чорных сурдутаў і нагавіцаў, пашытых дзеля зручнейшага сядзення, насілі яны таксама белыя гальштукі й камізэлькі, шырокія самавітыя чаравікі і тоўстыя шкарпэткі або гетры. Усе яны былі лысаватыя, а правае вуха ў іх, гадамі прызвычаенае трымаць асадку, паводле дзіўнага звычаю было крыху адтапыранае ўверсе. Я заўважыў, што яны заўсёды здымалі й надзявалі капялюш абедзвюма рукамі, а яшчэ насілі гадзіннікі на кароткім залатым ланцужку трывалага старадаўняга ўзору. Яны ўсяляк удавалі самавітасць, калі толькі можна ўдаваць штосьці нагэтулькі паважнае.

Нямала траплялася мне зухаватых з выгляду асобінаў, што належалі, як я лёгка разумеў, да пароды кішэннікаў экстра-класа, якімі поўняцца ўсе вялікія гарады. Я разглядаў гэтае племя з вялікай цікавасцю і ніяк не мог уявіць, як могуць прымаць іх за джэнтльменаў самі джэнтльмены. Неабсяжнасць іхных манжэтаў у спалучэнні з выразам празмернае шчырасці на твары адразу іх выдавала.

Шулераў, якіх я таксама заўважаў нямала, было яшчэ лягчэй распазнаць. Яны былі ўбраныя вельмі розна: і як мацёрыя напарстачнікі – у вельветавыя камізэлькі з каляровымі хусткамі вакол шыі, залачонымі ланцужкамі й філігранавымі гузікамі, або як падкрэслена незаўважны святар, які менш за ўсё мог выклікаць падазрэнні. I аднак усе яны вылучаліся нейкай прыпухлай смуглявасцю твараў, бляклай замглёнасцю вачэй, бледнасцю сціснутых вуснаў. Да таго ж, былі яшчэ дзве рысы, з якіх я заўсёды мог іх распазнаць, – асцярожная сцішанасць тону ў размове і вялікі палец на руцэ, больш чым звычайна адстаўлены прастакутна да іншых пальцаў. Вельмі часта, у кампаніі з гэтымі круцялямі мне траплялася парода людзей, што хоць і мелі крыху іншыя манеры, усё роўна былі птушкі з тае самае чарады. Іх можна было б акрэсліць джэнтльменамі, якія жывуць з свае спрытнасці. Яны, як выглядае, палююць на людзей у двух атрадах – фарсуноў і вайскоўцаў. Галоўныя адзнакі першае групы – доўгія валасы й заўсёдная ўсмешка; другое – мундур з аксельбантамі й насупленыя бровы.