реклама
Бургер менюБургер меню

Эдгар По – Маска Чырвонае Смерці (страница 55)

18

Як толькі я ўбачыў гэты ліст, то адразу вырашыў, што менавіта ён мне і патрэбны. Дакладней, ён па ўсіх прыкметах адрозніваўся ад таго, падрабязнае апісанне якога нам прачытаў прэфект. Тут пячатка была вялікая і чорная, з манаграмай “Д”, там – маленькая і чырвоная, з гербам герцагскага роду С. На гэтым лісце імя адрасата было напісанае дробнымі жаночым почыркам, пасланне ж, прызначанае для нашай каралеўскай асобы, было падпісанае смелай і ўпэўненай рукой. Супадаў толькі памер ліста. Але менавіта кардынальнасць гэтых адрозненняў: брудная, пакамечаная і надарваная папера, якая так не адпавядала звычайнай ахайнасці міністра і вельмі яскрава сведчыла пра жаданне стварыць уражанне, што ліст не варты ніякае ўвагі, – менавіта гэтая кардынальнасць разам з надта бачным месцам захоўвання ліста, якое кідалася ў вочы любому наведніку, усё гэта, паўтаруся, магло толькі пацвердзіць падазрэнні таго, хто прыйшоў туды з намерам падазраваць.

Я зацягнуў візіт наколькі было магчыма і, падтрымліваючы з міністрам надзвычай гарачую спрэчку на тэму, якая, як я ведаў, яго заўсёды цікавіла і захапляла, усю сваю ўвагу засяродзіў на лісце. За гэты час я дакладна запомніў яго выгляд і размяшчэнне на палічцы, а таксама зрабіў адкрыццё, якое рассеяла б апошнія сумневы, калі б яны ў мяне яшчэ заставаліся. Пільна разглядаючы краі паперы, я заўважыў, што яны нашмат больш разгладжаныя, чым трэба, і выглядаюць надломленымі – так бывае, калі шчыльную паперу спачатку складуць і прыціснуць, а потым паспрабуюць выраўнаць, згінаючы ў іншы бок па той самай складцы. Цяпер я быў упэўнены. Ліст відавочна вывернулі навыварат, як пальчатку, напісалі на ім новы адрас і паставілі новую пячатку. Я пажадаў міністру добрага дня і адразу ж сышоў, пакінуўшы на стале залатую табакерку.

Наступным ранкам я зазірнуў да яго, каб забраць табакерку, і мы з новым запалам працягнулі ўчарашнюю размову. Але раптам нас перарваў гучны стрэл, падобны да пісталетнага, які грымнуў пад самымі вокнамі, і адразу ж пачуліся жахлівыя крыкі і лямант натоўпу. Міністр кінуўся да акна, расчыніў яго і вызірнуў вонкі. У гэты момант я падскочыў да палічкі, узяў ліст, засунуў яго ў кішэнь, а на палічку паклаў копію (безумоўна, копію што да выгляду, а не да зместу), якую старанна падрыхтаваў дома, лёгка падрабіўшы пячатку з манаграмай з дапамогай хлебнага мякішу.

Гармідар на вуліцы быў выкліканы шалёным учынкам нейкага чалавека з мушкетам: ён стрэліў у натоўп жанчын і дзяцей. Але потым выявілася, што стрэл быў халасты, і ваяку адпусцілі на ўсе чатыры бакі, палічыўшы яго ці то вар’ятам, ці то п’яным. Калі ён знік, міністр адышоў ад акна, ля якога на той момант стаяў ужо і я, папярэдне схаваўшы сваю здабычу. Неўзабаве я развітаўся. Паслугі ўяўнага вар’ята аплаціў, безумоўна, я.

– Але навошта вы падмянілі ліст копіяй? – спытаў я. – Можа, лепш было падчас першага ж візіту адкрыта яго забраць і сысці?

– Міністр – чалавек адчайны і вельмі нервовы, – адказаў Дзюпэн. – Да таго ж яго слугі адданыя яго інтарэсам. Калі б я зрабіў так, як прапанавалі вы, то мог бы і не выбрацца з яго ўладанняў жывым. І тады добрыя парыжане больш нічога б пра мяне не чулі. Але былі і іншыя прычыны. Вы ведаеце пра мае палітычныя прыхільнасці. У гэтай справе я дзейнічаў на баку пакрыўджанай дамы. Паўтара году міністр трымаў яе ў сваёй ўладзе. А цяпер ён сам у яе руках: не ведаючы, што ліст ужо вернуты гаспадыні, міністр, як і раней, будзе нечага ў яе патрабаваць, і гэта непазбежна прывядзе яго да палітычнага краху. Яго падзенне будзе не толькі імклівым, але і непрыемным. Лёгка гаварыць, што facilis descensus Averni,[71] але калі вядзецца пра пад’ёмы і спускі, то, як казала пра спеў Каталані*, ісці ўверх нашмат прасцей, чым уніз. І ў дадзеным выпадку я зусім не спачуваю, ці, прынамсі, не шкадую таго, хто мусіць упасці. Бо ён – сапраўдны monstrum horrendum,[72] геній, пазбаўлены прынцыпаў. Аднак мушу прызнацца, што мне вельмі хацелася б даведацца, якія думкі прыйдуць у галаву міністра, калі яму адмовіць “вельмі высокапастаўленая персона”, як называе яе прэфект, і яму давядзецца разгарнуць пакінутае мной на палічцы пасланне.

– Вы напісалі там штосьці асаблівае?

– Разумееце, я палічыў, што не маю права пакінуць унутраную частку ліста чыстай, бо гэта было б абразай. Калісьці ў Вене міністр вельмі кепска са мной абышоўся, і тады я весела сказаў яму, што не забуду гэтага. Я ўпэўнены, яму захочацца даведацца, хто змог яго перахітрыць, і было б шкада не пакінуць яму ключа да разгадкі. Мой почырк яму добра вядомы, і таму я проста напісаў у лісце некалькі словаў:

…Un dessein si funeste, S’il n’est digne d’Atrée, est digne de Thyeste.[73]

Вы можаце знайсці іх у “Атрэі” Крэбіёна*.

Сфінкс

У той час, калі ў Нью-Ёрку лютавала халера*, я прыняў запрашэнне ад сваяка правесці з ім тыдні два ў цішы яго cottage orné[74] на беразе Гудзона. Тут было ўсё для летніх забаваў: мы мелі магчымасць гуляць па лесе, рабіць замалёўкі, катацца на лодцы, лавіць рыбу, купацца, музіцыраваць і чытаць кнігі. Мы б бавілі час даволі прыемна, калі б не страшныя навіны, што кожнае раніцы даходзілі да нас з вялікага горада. Не праходзіла і дня, каб мы не даведваліся пра скон якога-небудзь знаёмага. З ростам смяротнасці мы прызвычаіліся штодзень чакаць звестак пра чарговую страту. Урэшце мы пачалі трымцець пры падыходзе любога наведніка. Сам вецер з поўдня, здавалася, дыхаў смерцю. Гэтая думка канчаткова спаралізавала маю душу. Ні пра што іншае я не мог гаварыць, думаць ці сніць. Мой гаспадар быў менш уражлівы, а таму, нягледзячы на сваю прыгнечанасць, усяляк спрабаваў мяне падтрымаць. Ягоны філасофскі розум ніколі не падпадаў пад уздзеянне фантомаў. Сапраўдныя жахі маглі яго напалохаць, аднак іх цені мала яму абыходзілі.

Ягоныя намаганні развеяць маю хваравітую паныласць не займелі плёну ў значнай ступені праз некаторыя кнігі, знойдзеныя ў ягонай бібліятэцы. Яны былі здольныя абудзіць да жыцця насенне векавых забабонаў, што хаваліся ў маіх грудзях. Ён не ведаў, што я чытаю гэтыя кнігі, і губляўся ў здагадках, што ж магло так моцна ўздзейнічаць на маю фантазію.

Маёй улюбёнай тэмай была шырока распаўсюджаная вера ў прыкметы – вера, якую я ў пэўны час быў схільны абараняць амаль сур’ёзна. На гэтую тэму мы жыва і падоўгу дыскутавалі: ён цвёрда настойваў на беспадстаўнасці веры ў такія глупствы, я ж казаў, што вераванне, якое з’яўляецца ў народзе абсалютна спантанна – без аніякага ўплыву звонку, – нясе ў сабе бясспрэчную долю ісціны і заслугоўвае павагі.

Рэч у тым, што неўзабаве пасля майго прыезду сюды са мною здарылася нешта настолькі невытлумачальнае і злавеснае, што з майго боку было цалкам зразумела палічыць гэта знакам. Гэта жахнула мяне і адначасова так разгубіла, што толькі праз шмат дзён я наважыўся расказаць пра гэта майму гаспадару.

На зыходзе гарачага летняга дня я сядзеў з кнігай каля адчыненага акна, з якога былі бачныя рака і аддалены ўзгорак, дзе амаль не было дрэваў пасля так званага апоўзня. Думкі мае ўжо даўно перанесліся ад кнігі ў маіх руках у суседні горад, поўны скрухі і адчаю. Падняўшы вочы ад старонкі, я пабачыў аголены схіл, а на ім – сапраўдную пачвару жудаснага выгляду, якая вельмі хутка спусцілася з пагорка і знікла ў густым лесе. Убачыўшы гэтую пачвару, я спачатку засумняваўся ў сваёй нармальнасці ці, прынамсі, не паверыў вачам; прайшло нямала часу, перш чым я ўпэўніўся, што я не звар’яцеў і не сплю. Аднак калі я апішу пачвару, якую выразна бачыў і за якой меў мажлівасць назіраць цягам усёй яе дарогі са схілу, баюся, чытачу будзе яшчэ складаней паверыць у яе існаванне, чым мне самому.

Пачвара, пра памеры якой я мог меркаваць, параўнаўшы яе з камлямі самых высокіх дрэваў на яе шляху – рэдкіх лясных волатаў, што перажылі апоўзень, – была нашмат большая за любы акіянскі карабель. Я кажу «карабель», бо пачвара нагадвала яго формай тулава – корпус нашага сямідзесяцічатырохгарматнага судна можа даць досыць дакладнае ўяўленне пра яе постаць. Рот яе змяшчаўся на канцы хобата даўжынёй шэсцьдзесят-семдзесят футаў і таўшчынёй амаль з тулава слана. Аснова хобата была пакрытая чорнай калматай поўсцю, якой хапіла б на тузін бізонаў; з яе тырчалі, выгінаючыся ўніз і ўбок, два бліскучыя іклы накшталт дзіковых, толькі невымерна большыя. Па абодва бакі ад хобата ўперад выступалі два гіганцкія рогі футаў на трыццаць-сорак, прызматычныя і, здавалася, з чыстага крышталю: у іх асляпляльна адбіваліся промні вечаровага сонца. Тулава мела форму кліну з вастрыём уніз. Ад яго адыходзілі дзве пары крылаў, кожнае даўжынёй каля ста ярдаў. Крылы месціліся адно пад другім і былі шчыльна пакрытыя металічнай лускою, і кожная лускавінка мела ў дыяметры дзесяць-дванаццаць футаў. Я заўважыў, што верхнія і ніжнія крылы былі злучаныя тоўстым ланцугом. Але галоўнай асаблівасцю гэтага жудаснага стварэння была выява чэрапа, што займала амаль усю паверхню грудзей і ярка бялела на цёмным тулаве, быццам старанна вымаляваная мастаком. Пакуль я з пачуццём жудасці і страху, з прадчуваннем непапраўнай бяды, якое не маглі адолець аніякія разумовыя высілкі, глядзеў на гэтую пачварную жывёліну, і асабліва на выяву на яе грудзях, агромністыя сківіцы на канцы хобата раптам адкрыліся, і з іх вырваўся гучны і тужлівы енк, што ўдарыў па маіх нервах, як пахавальны звон. Калі пачвара знікла ля падножжа пагорка, я ўпаў без прытомнасці.