Эдгар По – Маска Чырвонае Смерці (страница 54)
– А ён што, і праўда паэт? – спытаў я. – Наколькі я ведаю, іх двое братоў, і абодва маюць рэпутацыю пісьменнікаў. Але міністр, здаецца, піша навуковыя трактаты пра дыферэнцыйнае вылічэнне. Ён матэматык, а не паэт.
– Вы памыляецеся. Я ведаю яго: ён і тое, і другое. Як паэт і матэматык ён мусіць добра разважаць, а калі б ён быў проста матэматыкам, то ўвогуле не разважаў бы і адразу апынуўся б у руках прэфекта.
– Вы мяне здзіўляеце, – сказаў я. – Вашым меркаванням супярэчыць голас усяго свету. Вы не можаце грэбаваць уяўленнямі, што правераныя стагоддзямі! Матэматычны розум ужо даўно лічыцца розумам у найвышэйшай ступені.
–
– Ага, вы ўжо гатовы паспрачацца з некаторымі парыжскімі алгебраістамі, – сказаў я, – але працягвайце.
– Я стаўлю пад сумнеў прыдатнасць, а адпаведна, і каштоўнасць таго розуму, які развіваецца ў нейкай іншай форме, апроч абстрактна-лагічнай. У прыватнасці я стаўлю пад сумнеў розум, здабыты дзякуючы матэматычным штудыям. Матэматыка – гэта навука пра форму і колькасць, матэматычны розум – гэта звычайная логіка, якую выкарысталі для назірання за формай і колькасцю. Меркаванне, нібыта ісціны так званай чыстай алгебры з’яўляюцца ісцінамі абстрактнымі альбо ўніверсальнымі, – гэта вялікая памылка. Прычым такая відавочная, што я вельмі збянтэжаны тым, наколькі ўсе прымаюць яе за чыстую манету. Матэматычныя аксіёмы – гэта не аксіёмы ўніверсальнай ісціны. Тое, што ёсць ісцінай у дачыненні да ўзаемасувязі формы і колькасці, часта выяўляецца страшэннай памылкай у дачыненні да, напрыклад, этыкі. У гэтай апошняй галіне нярэдка сума частак зусім не роўная цэламу. Для хіміі гэтая аксіёма таксама непрымальная. Непрымальная яна і для знаходжання матываў, бо калі ёсць два матывы, кожны з якіх мае пэўнае значэнне, то сума гэтых двух матываў не абавязкова дасць суму іх значэнняў. Існуе безліч іншых матэматычных ісцінаў, якія застаюцца ісцінамі толькі ў межах узаемасувязі формы і колькасці. Але матэматык са сваіх абмежаваных ісцінаў звыкла робіць такія высновы, нібыта гэтыя ісціны маюць абсалютна ўніверсальнае дастасаванне – а свет напраўду лічыць, што так яно і ёсць. Браянт* у сваёй вельмі вучонай “Міфалогіі” згадвае аналагічную крыніцу памылак, кажучы, што “хаця ў паганскія казкі ніхто не верыць, мы ўвесь час забываемся і робім з іх высновы, як з фактаў рэчаіснасці”. Што да алгебраістаў (а яны таксама паганцы), то ў іх “паганскія казкі” акурат вераць і робяць высновы не так з прычыны правалаў у памяці, як праз невытлумачальнае пратуханне мазгоў. Карацей кажучы, я ніколі не сутыкаўся хоць з якім матэматыкам, якому можна даверыць што-небудзь, апроч здабывання каранёў, ці які ўпотай не лічыў бы адным з пунктаў свае веры тое, што x2+px нязменна і без агаворак роўнае q. У якасці эксперыменту скажыце, калі ў вас ёсць жаданне, аднаму з такіх спадароў, што вы верыце, нібыта могуць існаваць выпадкі, калі x2+pxне зусім роўнае q, і давёўшы да яго гэтую думку, як мага хутчэй пакіньце зону дасягальнасці, бо няма сумневаў, што ён паспрабуе растрыбушыць вас разам з вашым меркаваннем.
– Я маю на ўвазе, – працягнуў Дзюпэн, бо на яго апошнюю заўвагу я толькі рассмяяўся, – што калі б міністр быў усяго толькі матэматыкам, прэфекту нізашто не давялося б выпісваць мне гэты чэк. Аднак я ведаў, што ён і матэматык, і паэт, а таму ацэньваў яго з гледзішча ягоных здольнасцяў, памятаючы пра абставіны ўсёй справы. Я ведаў, што ён яшчэ і прыдворны, а таксама смелы інтрыган. Такі чалавек, падумаў я, не можа не здагадвацца пра метады шараговай паліцыі. Ён не можа не прадчуваць – і далейшыя падзеі цалкам гэта пацвердзілі, – якія пасткі яму рыхтуюць. Ён мусіў прадбачыць, падумаў я, таемнае абшукванне сваіх пакояў. Яго частую адсутнасць уначы, якую прэфект радасна палічыў у нейкай ступені прадвесцем поспеху, я адношу да звычайнай хітрасці, што давала паліцыі магчымасць абшукаць дом і ўрэшце прыйсці да высновы, да якой прэфект і праўда прыйшоў: што ліст знаходзіцца за межамі жытла выкрадальніка. Таксама я адчуваў, што ўвесь ланцуг думак, які я намагаюся цяпер перад вамі выкласці і які датычыць нязменных прынцыпаў паліцэйскага расследавання і пошукаў схаваных рэчаў… я адчуваў, што ўвесь гэты ланцуг думак абавязкова мусіў прайсці ў галаве міністра, і той без сумневу з пагардай адрынуў усе шараговыя тайнікі. Ён не мог, падумаў я, быць такім дурным і не ўбачыць, што да самых заблытаных і цяжкадасягальных схованак у яго жытле людзі прэфекта дабяруцца з дапамогай свярдзёлкаў, іголак і мікраскопаў хутчэй, чым да звычайных адчыненых шафаў. І таму я прадбачыў, што ўрэшце яму давядзецца абраць для схованкі простае месца, калі толькі ён не звярнуўся да гэтай ідэі з самага пачатку. Вы, магчыма, помніце, як зарагатаў прэфект, калі я падчас нашай першай размовы дапусціў, што разгадка гэтай таямніцы прыносіць яму столькі клопату выключна таму, што яна занадта празрыстая.
– Канечне, – сказаў я, – я цудоўна помню гэты рогат. Я нават падумаў, што прэфект зараз заб’ецца ў канвульсіях.
– У матэрыяльным свеце, – казаў далей Дзюпэн, – надзвычай шмат дакладных аналогіяў са светам нематэрыяльным, і ёсць штосьці ад праўды ў рытарычнай догме, якая сцвярджае, нібыта метафару ці параўнанне можна выкарыстоўваць як дзеля таго, каб упрыгожыць апісанне, так і дзеля таго, каб узмацніць аргумент. Прынцып
– Ніколі над гэтым не задумваўся, – адказаў я.
– Ёсць гульня, – прадоўжыў ён, – для якой патрэбная карта. Хтосьці выбірае слова – назву горада, ракі, краіны ці імперыі, карацей, любы надпіс з тых, якімі ўсыпаны ўвесь гэты стракаты аркуш, а іншы павінен яго знайсці. Пачаткоўцы звычайна спрабуюць заблытаць суперніка і загадваюць назвы, напісаныя самым дробным шрыфтам, знаўцы ж выбіраюць найбуйнейшыя словы, вялізныя літары якіх праходзяць праз усю карту. На такія словы, як і на вялікія шыльды і плакаты на вуліцах, мы не звяртаем увагі, бо яны надзвычай бачныя. Гэтая фізічная асаблівасць зроку дакладна адпавядае той псіхічнай няўважлівасці, з якой інтэлект звычайна пакідае за межамі ўспрыняцця надта навязлівыя і цалкам відавочныя акалічнасці. І менавіта гэтая асаблівасць, як выявілася, знаходзіцца трошкі вышэй ці ніжэй за разуменне прэфекта. Ён ні разу не палічыў магчымым ці верагодным, што міністр паклаў ліст на самым бачным месцы, каб ніхто не змог яго ўбачыць.
І чым больш я разважаў пра дзёрзкі, бясстрашны і праніклівы розум міністра, пра жорсткую неабходнасць заўсёды мець ліст пад рукой, каб выкарыстаць яго сабе на карысць, а таксама пра цвёрдую ўпэўненасць прэфекта, што ліст не схаваны ў межах звычайных паліцэйскіх росшукаў, тым больш я запэўніваўся, што міністр, каб схаваць гэты аркуш, скарыстаў самую правільную і дальнабачную хітрасць – ён гэты ліст увогуле не хаваў.
Захоплены такімі развагамі, я ўзброіўся парай зялёных акуляраў і адным цудоўным ранкам ледзь не выпадкова зазірнуў да міністра. Ён быў дома і, як звычайна, пазяхаў, гультаяваў і сноўдаўся без справы, удаючы скрайнюю форму хандры. Магчыма, ён самы энергічны чалавек на цэлым свеце, але толькі тады, калі яго ніхто не бачыць.
Узяўшы ягоны тон, я пажаліўся на слабы зрок і паплакаўся на неабходнасць насіць акуляры, пад якімі ў гэты час уважліва і старанна аглядаў яго пакой, хаця здавалася, што заняты я выключна гутаркай з гаспадаром.
Маю асаблівую ўвагу забраў вялікі пісьмовы стол, за якім ён сядзеў і на якім самыя розныя лісты і іншыя паперы неахайна ляжалі побач з адным ці двума музычнымі інструментамі і некалькімі кнігамі. Але цягам доўгага і вельмі пільнага агляду я не заўважыў там нічога, што ўзбудзіла б хоць нейкае падазрэнне.
Урэшце мой позірк, робячы чарговае кола па пакоі, спыніўся на кідкай філіграннай палічцы для візітовак, якая трымалася на невялікім медным выступе трохі ніжэй за цэнтр каміннай дошкі і была прывязаная бруднай сіняй стужкай. На гэтай палічцы, якая мела тры ці чатыры аддзяленні, ляжала пяць ці шэсць візітовак і адзін самотны ліст, моцна пакамечаны і запэцканы. Пасярэдзіне ён быў амаль разарваны на дзве часткі, нібыта пасля першага прагляду яго вырашылі парваць як непатрэбны, а потым перадумалі і пакінулі. На ім была вялікая чорная пячатка з надзвычай выразнай манаграмай – літарай “Д”, – а дробны жаночы почырк паведамляў, што яно адрасуецца “міністру Д. ва ўласныя рукі”. Ліст быў неахайна і нават, здавалася, пагардліва закінуты ў адно з ніжніх аддзяленняў палічкі.