Ёнас Рамус (1649–1718) – нарвежскі гісторык. Менавіта яго апісанне Мальстрэма Эдгар По выкарыстаў для свайго апавядання.
Нарвежская міля – 11 295 метраў.
Флегетон – у старажытнагрэцкай міфалогіі вогненная рака, што атачае падземны свет.
Лінейны карабель – клас трохмачтавых драўляных ваенных караблёў. Мелі поўнае водазмяшчэнне (ад 500 да 5500 тонаў), ад 30 да 150 гарматаў і экіпаж колькасцю ад 300 да 800 чалавек. Будаваліся з XVII стагоддзя да пачатку 1800-х гадоў для вядзення марскіх баёў.
Атанасіюс Кірхер (1602–1680) – нямецкі езуіт, навуковец, адзін з самых вучоных людзей свайго часу.
Батнічны заліў – заліў у паўночнай частцы Балтыйскага мора.
Планшыр – гарызантальны драўляны ці стальны брус па абводзе корпуса карабля для надання трываласці, а таксама для замацавання такелажу.
Рым – металічнае колца на судне для замацавання снасцяў.
Залаты жук
Артур Мэрфі (1727–1805) – ірландскі пісьменнік, журналіст, актор і драматург; паводле А. Нікалюкіна, прыведзеныя ў эпіграфе словы адсутнічаюць у камедыі «Усе памыляюцца» (1761) – мяркуецца, што яны запісаныя Эдгарам По па памяці на аснове ўбачанага ім спектакля. Паводле легендаў, уратаваць ад смерці пасля ўкусу тарантула мог толькі адмысловы танец – тарантэла.
Форт Моўлтры – у гэтым форце Эдгар По правёў больш за год падчас свае службы ў войску ЗША.
Ян Свамердам (1637–1680) – нідэрландскі натураліст, які вывучаў анатомію чалавека і жывёлаў, асабліва насякомых.
Цафра – блакітны пігмент, што выкарыстоўваецца для малявання на шкле ці парцаляне.
Ўільям Кід (каля 1650–1701) – ангельскі пірат, якога судзілі за злачынствы і павесілі, аднак вакол імені якога доўга не сціхалі спрэчкі, напраўду ён быў піратам ці ўсё ж меў каперскі патэнт і не нападаў на саюзнікаў. Падчас арышту пры ім не было амаль ніякіх грошай, што і нарадзіла легенду пра «скарб капітана Кіда».
Галконда – старажытная індыйская крэпасць непадалёк ад Хайдэбарада, у ваколіцах якой здабывалі дыяменты.
Гішпанскі мацярык – так называлі тэрыторыі Паўднёвай Амерыкі і прылеглыя моры, якія былі захопленыя гішпанцамі.
Забойствы на вуліцы Морг
Томас Браўн (1605–1682) – ангельскі доктар і пісьменнік. Эпіграф узяты з трактата «Пахаванне ў урнах» (1658), частка V, прысвечанага старажытным норфалкскім магільным урнам.
Эдман Хойл (1672–1762) – ангелец, аўтар шматлікіх кніг, прысвечаных гульням.
Фрэнолаг – гл. каментар да апавядання «Д’ябал пярэчання».
Сэн-Жэрменскае прадмесце – арыстакратычны раён Парыжу на паўднёвым беразе Сены.
Пале-Раяль – палац з садам у Парыжы, пабудаваны ў 1629–1634 гадах для кардынала Рышэльё.
Тэатр «Вар’етэ» – парыжскі тэатр вадэвіля, заснаваны ў 1807 годзе.
Праспер Жаліё Крэбіён (1674–1762), французскі драматург, аўтар п’есы «Ксеркс» (1714), знакамітай гучным правалам. Гл. таксама каментар да апавядання «Скрадзены ліст».
Томас Лоў Нікалс (1815–1901) – амерыканскі доктар і грамадскі дзеяч.
Альфонс дэ Ламарцін (1790–1869) – французскі паэт-рамантык, гісторык і палітычны дзеяч. Гл. таксама каментар да эсэ «Паэтычны прынцып».
«Страціла былое гучанне першая літара» – цытата ўзятая з паэмы Авідыя «Фасты».
Журдэн – герой камедыі Мальера (1622–1673) «Мешчанін у дваранстве».
Франсуа Эжэн Відок (1775–1857) – французскі злачынца, які пасля зрабіўся прыватным дэтэктывам.
Праўда – не заўсёды на дне глыбокага калодзежа – выслоўе пра тое, што праўда знаходзіцца на дне калодзежа, прыпісваецца Дэмакрыту. Гл. таксама каментар да апавядання «Лігея».
Жорж Кюўе (1769–1832) – французскі натураліст, які займаўся класіфікацыяй жывёльнага свету.
Неўшатэль – горад на поўначы Францыі.
Лаверна – старажытнарымская багіня прыбытку, апякунка злодзеяў.
«Адмаўляць тое, што ёсць, і разважаць пра тое, чаго не існуе» – выказванне з рамана Ж.-Ж. Русо «Юлія, або Новая Элаіза».
Скрадзены ліст
Існуе некалькі спісаў апавядання “Скрадзены ліст” з нязначнымі адрозненнямі. За аснову для гэтага перакладу было ўзятае апошняе прыжыццёвае выданне апавядання 1849 году.
Луцый Анэй Сенека (3 г. да н. э. – 65 г. н. э.) – рымскі філосаф-стоік, паэт і дзяржаўны дзеяч, выхавальнік Нерона.
Джон Абернэці (1764–1831) – знакаміты ангельскі анатам, навуковец і хірург. У яго гонар названая апісаная ім саркома Абернэці.
Франсуа VI дэ Ларашфуко (1613–1680) – французскі пісьменнік і філосаф-мараліст, аўтар “Максімаў” (1665) – зборніка афарызмаў, які ўяўляе кодэкс жыццёвай філасофіі. Жан дэ Лабруер (1645–1696) – гл. каментар да апавядання «Метцэнгерштэйн». Нікало Мак’явэлі (1469–1527) – італьянскі пісьменнік, гісторык і палітычны дзеяч. Асноўную яго працу – трактат “Уладар” – на беларускую мову пераклаў Зміцер Колас. Тамаза Кампанэла (1568–1639) – італьянскі навуковец і пісьменнік. Яго асноўная праца, сацыяльная ўтопія “Горад Сонца”, была напісаная ў 1602 годзе ў вязні.
Неразмеркаванне сярэдняга – класічная памылка ў фармальнай логіцы. Адно з правілаў пабудовы простага катэгарычнага сілагізму кажа, што сярэдні тэрмін павінен быць размеркаваны хаця б у адной з пасылак.
Себасцьен-Рош Нікаля дэ Шамфор (1741–1794) – французскі пісьменнік, мысляр, мараліст, сакратар Якабінскага клуба, аўтар пасмяротна выдадзеных “Максімаў” (1795), адкуль і ўзятая цытата.
Джэйкаб Браянт (1715–1804) – ангельскі навуковец, даследчык міфалогіі, аўтар дзесяцітомнай працы “Новая сістэма, ці Аналіз антычнай міфалогіі” (1774–1776, апошнія шэсць тамоў – 1807), адкуль і ўзятая цытата. Асноўная ідэя працы палягае ў тым, што ўсе рэлігіі свету звязаныя, бо ў аснове ўсіх іх ляжыць адна сістэма бачання свету. Ідэя гэтая выведзеная аўтарам дзякуючы вывучэнню хрысціянскай дактрыны.
“Лёгкі спуск праз Аверн” – цытата ўзятая з “Энеіды” Вергілія (VI, 126–129). Спуск праз Аверн – дарога ў падземны свет: Авернскае возера ля горада Кумы ў Кампані лічылася ўваходам у іншасвет.
Анжэліка Каталані (1780–1849) – знакамітая італьянская оперная спявачка. Пакінуўшы сцэну ў 1828 годзе, яна прысвяціла жыццё стварэнню і падтрымцы бясплатнай музычнай школы для дзяўчат у Фларэнцыі.
“Жахлівая пачвара” – цытата з “Энеіды” Вергілія (ІІІ, 658), дзе апісваецца Цэрбер: “Monstrum horrendum, informe, ingens, cui lumen ademptum” (“Страшнае, злое, жахліва агіднае, змроку стварэнне”); гл. таксама каментар да апавядання “Сістэма доктара Смола і прафесара Пер’е”.
Праспэр Жаліё Крэбіён (1674–1762) – французскі паэт і драматург, аўтар шэрагу п’есаў, у тым ліку і “Атрэя”, заснаванага на сюжэце “Фіеста” Сенекі. У п’есе апісваецца суперніцтва паміж братамі Атрэем і Фіестам. Фіест спрабаваў здабыць уладу над Мікенамі, выкраўшы ў брата залатое руно. Выкрыты багамі і выгнаны Атрэем, каб адпомсціць, Фіест скраў сына Атрэя Плісфена і выхаваў яго ў нянавісці да бацькі. Ён хацеў падбухторыць Плісфена забіць Атрэя, але Плісфен загінуў ад бацькавай рукі. Даведаўшыся пра гэта, Атрэй забіў сыноў Фіеста і, запрасіўшы брата на бяседу, падаў яму мяса ягоных дзяцей.
Сфінкс
У той час, калі ў Нью-Ёрку лютавала халера… – маецца на ўвазе эпідэмія пачатку 1830-х гадоў.
Чалавек натоўпу
Жан Лабруер (1645–1696) – гл. каментар да апавядання «Метцэнгерштэйн».
Горгій (каля 428–375) – старажытнагрэцкі філосаф і рытар.
Эўпатрыды – найстаражытнейшая атычная арыстакратыя; паводле традыцыі, заснавальнікам гэтага класа лічыўся Тэсей.
Лукіян з Самасаты (каля 120–180) – старажытнагрэцкі пісьменнік-сатырык. У дыялогах пад назвай «Выявы» (11) Палістрат, сярод іншага, кажа наступнае: «І такія вось жанчыны падобнымі мне падаюцца да егіпецкіх храмаў: і ў іх бо сам храм прыгожы і велічны, камянямі каштоўнымі ўпрыгожаны, золатам і роспісам расквечаны, але ўнутры, калі будзеш імкнуцца ўбачыць самое боства, паўстане малпа, ібіс, казёл ці кот».
Квінт Септымій Флорэнс Тэртуліян – гл. каментар да апавядання «Берэніка».
Морыс Рэц (1779–1857) – нямецкі мастак, аўтар ілюстрацыяў да гётэўскага «Фаўста».
«Садок душы» – кніга «Садок душы з дадаткам некалькіх маленькіх прамоваў» належыць страсбургскаму друкару Ёгану Грунінгеру (1450–1530). Паводле А. Нікалюкіна, По, хутчэй за ўсё, ведаў яе з другіх рук, бо яна не змяшчае нічога «гнюснага».
Некалькі выпадкаў з жыцця знакамітасці
Джозэф Хол (1574–1656) – ангельскі біскуп, пісьменнікмараліст і сатырык. Цытата ўзятая з кнігі «Сатыры» (1597).
«Лісты Юніюса» – ананімныя сатырычныя лісты, што друкаваліся ў лонданскім часопісе Public Advertiser у 1769–1772 гадах і ў якіх утрымлівалася крытыка ўраду.
Жалезная Маска – загадкавы вязень часоў французскага караля Людовіка XIV, які ніколі не здымаў з твару маску і памёр у Бастыліі ў 1703 годзе. Паводле адной з версіяў, гэта быў брат караля Людовіка XIV.
Томас Бартолін (1616–1680) – дацкі доктар, матэматык і багаслоў.
«Квартальны» – тут і ніжэй абыгрываюцца назвы найбуйнейшых брытанскіх і амерыканскіх часопісаў.
Парфірый Фінікійскі (233 – каля 304), – старажытнагрэцкі філосаф-неаплатонік.
Ямвліх (каля 280–330) – сірыйскі філосаф-неаплатонік, які каментаваў працы Платона ў эзатэрычным духу.
Плотын (204–270) – старажытнагрэцкі філосаф, заснавальнік неаплатанізму.