реклама
Бургер менюБургер меню

Эдгар По – Маска Чырвонае Смерці (страница 109)

18

Дэмакрытаў калодзеж – Дэмакрыту (каля 460–370 да н. э.), старажытнагрэцкаму філосафу, прыпісваюць выслоўе «ісціна жыве на дне калодзежа».

Двайнымі зорамі Леды… – маюцца на ўвазе дзве яркія зоркі ў сузор’і Блізнятаў, што носяць імёны Кастора і Палукса. У грэцкай міфалогіі Кастор і Палідэўк – браты-блізняты, сыны Леды і Зеўса.

Побач з буйной зоркай у сузор’і Ліры… – маецца на ўвазе зорка Вега ў сузор’і Ліры. Двайная зорка гэтага сузор’я мае назву эпсілан-Ліра.

Сатурнавы свінец – у алхіміі і ў даўнейшай хіміі свінец называўся сатурнам.

Азраіл – у мусульманскай міфалогіі анёл смерці.

Чарвяк там трыюмфуе… – У першую публікацыю апавядання (1838) верш «Чарвяк-пераможца» не ўваходзіў; ён быў апублікаваны асобна ў 1843 годзе. Упершыню быў уключаны По ў апавяданне ў публікацыі 1845 г.

Луксор – горад у Егіпце на правым беразе Ніла на месцы старажытных Фіваў, дзе знаходзяцца руіны знакамітага храма бога Амона.

Маска Чырвонае Смерці

«Эрнані» – рамантычная драма Віктора Гюго (1802–1885).

Вільям Вільсан

Ўільям Чэмберлен (1619–1689) – ангельскі паэт, пра жыццё якога амаль нічога не вядома. «Фараніда» (1859) – яго паэма ў пяці тамах.

Геліягабал, альбо Элагабал (204–222) – рымскі імператар з дынастыі Севераў, які ўвёў у Рыме культ сірыйскага бога сонца ЭльГабала, знакаміты сваёй жорсткасцю і дэспатызмам.

Праходзячы цёмнай далінаю… – Пар.: «Калі я пайду далінай смяротнага ценю, не ўбаюся ліха, бо Ты са мною; Тваё жазло і твой посах – яны супакойваюць мяне» (Псалтыр, 22:4; Біблія цытуецца ў перакладзе Васіля Сёмухі).

«Прыўкрасны час, жалезнае стагоддзе!» – цытата ўзятая з верша Вальтэра (1694–1778) «Свецкі чалавек» (1736).

19 студзеня 1813 года – 19 студзеня нарадзіўся сам По. У розных рэдакцыях «Вільяма Вільсана» год нараджэння героя змяняўся – По называў і 1811 год, і год свайго нараджэння – 1809.

Пераірадзіў Ірада – гл. каментар да апавядання «Метцэнгерштэйн».

Ірад Атык (каля 101 – каля 177) – грэцкі аратар, які нарадзіўся ў вельмі багатай сям’і: яго дзед быў у свой час самым багатым чалавекам у Грэцыі. Таксама, паводле легенды, ён знайшоў у сваім доме схаваны скарб.

Праўда пра тое, што здарылася з містэрам Вальдэмарам

Месмерызм – ад імя Фрыдрыха-Антона Месмера (1734–1815), аўстрыйскага лекара, які атрымаў шырокую вядомасць сваімі доследамі лекавання хваробаў з дапамогай «жывёльнага магнетызму», у аснове якога ляжала гіпнатычнае ўздзеянне.

«Валенштайн» – драматургічная трылогія Фрыдрыха Шылера: «Лагер Валенштайна» (1798), «Пікаламіні» (1799) і «Смерць Валенштайна» (1799).

Джон Рэндалф (1773–1833) – амерыканскі палітык. Карыкатурысты часоў По малявалі яго з доўгімі павучынымі нагамі.

Элеанора

Раймунд Лулій (1235–1315) – гішпанскі паэт, філосаф і місіянер.

Нубійскі географ – у сваёй паэме ў прозе «Эўрыка» Эдгар По нубійскім географам называе Пталямея Гефестыёна, хутчэй за ўсё маючы на ўвазе Клаўдыя Пталямея (87–165) – старажытнагрэцкага астранома, матэматыка, тэарэтыка музыкі і географа.

Мора цемры – лац. Mare Tenebrarum; так еўрапейцы называлі Атлантычны акіян. Мора цемры пачыналася за мысам Бажадор, які доўгі час у Еўропе лічылі скрайнім пунктам свету. Пачынаючы ад яго дзьмулі такія вятры і цяклі такія цячэнні, што пераход за Бажадор лічыўся немагчымым. Упершыню Бажадор перасягнуў партугальскі мараплавец Жыл Эанэш у 1434 годзе.

Геспер – вечаровая зорка, паводле старажытнагрэцкага міфу – сын альбо брат Атланта і бацька Гесперыдаў.

Шыразскі паэт – маецца на ўвазе Саадзі (1184–1291), персідскі паэт, які нарадзіўся ў Шыразе, горадзе на поўдні сучаснага Ірана.

Элізіюм, ці Элізій (Елісейскія палі) – у грэцкай міфалогіі месца, дзе жывуць пасля смерці праведнікі.

Д’ябал пярэчання

Фрэнолаг – паслядоўнік фрэналогіі, папулярнай ў ХІХ ст. псеўданавукі пра сувязь псіхікі чалавека і будовы яго чэрапа. Заснавальнікам фрэналогіі з’яўляецца аўстрыйскі доктар і анатом Франц Ёзаф Галь (1758–1828).

Ёган Каспар Шпурцгайм (1776–1832) – нямецкі фрэнолаг, сябра Ф. Ё. Галя, якому ён дапамагаў пісаць працу «Анатомія і фізіялогія нервовай сістэмы».

Калодзеж і ківач

Якабінскі клуб – палітычны клуб часоў Вялікай французскай рэвалюцыі, названы так паводле месцы сустрэчы яго сябраў – залі былой бібліятэкі манахаў-якабінцаў (дамініканаў).

Антуан Ласаль (1775–1809) – французскі генерал, які ўдзельнічаў у заваяванні ў 1808 годзе Напалеонам Гішпаніі. Апроч усяго іншага, знакаміты фразай, звернутай да жонкі: «Маё сэрца – табе, мая кроў – імператару, а маё жыццё – гонару».

Цішыня

Алкман (VII ст. на н. э.) – старажытнагрэцкі паэт-лірык. Працытаваны ў эпіграфе ўрывак пасля пераасэнсоўвалі ў сваіх вершах Ё. В. Гётэ («Другая начная песня вандроўніка», на беларускую мову яе перакладалі А. Лойка і С. Ліхадзіеўскі) і М. Ю. Лермантаў.

Заір – старая назва ракі Конга.

Бегемот – маецца на ўвазе міфічная біблейская істота (гл. Кнігу Ёва, 40, 10–19).

Дадона – старажытнагрэцкі горад у Эпіры, у якім знаходзіўся аракул Зеўса, чые адказы расшыфроўваліся па шолаху лістоты дуба.

Востраў феі

Існуе некалькі спісаў гэтага апавядання. Для перакладу абраная публікацыя ў часопісе “Broadway Journal” 4 кастрычніка 1845 года, змешчаная ў электроннай бібліятэцы “Балтымарскага таварыства Эдгара Алана По” (The Edgar Allan Poe Society of Baltimore) і дапоўненая каментарам № 7 з выдання 1850 году. У першым выданні (чэрвень 1841 году, Graham’s) у эпіграфе замест цытаты з Сервія выкарыстаны верш самога Эдгара По “Санэт да навукі”.

Маўр Сервій Ганарат (Maurus Servius Honoratus) – рымскі граматык канца IV стагоддзя, аўтар каментараў да “Буколік”, “Георгік” і “Энеіды” Вергілія.

Жан Франсуа Мармантэль (Jean-François Marmontel, 1723–1799) – папулярны ў свой час французскі пісьменнік. “Маральныя гісторыі” (Contes Moraux) – адна з самых знакамітых яго прац, апавяданні, у якіх аўтар апісвае норавы грамадства і ўслаўляе дабрадзейнасць.

Пампоній Мэла (Pomponius Mela, 15–60 гг. н. э.) – гл. каментар да апавядання «Падзенне Дому Ашэраў».

«Адзінота – цудоўная рэч, але трэба, каб нехта сказаў вам, што яна цудоўная» – цытата прыведзеная тут недакладна і належыць не Анарэ дэ Бальзаку, як гэта часта памылкова пішуць, а Жану-Луі Гезу дэ Бальзаку (Jean-Louis Guez de Balzac, 1597–1654), французскаму майстру эпісталярнага жанру, і ўзятая з “Dissertations chrétiennes et morales” (1665), XVIII: “Les plaisirs de la vie retirée”. Дакладна цытата выглядае так: “Адзінота – безумоўна, цудоўная рэч, але ўся прыемнасць у тым, каб побач быў нехта, хто адгукнуўся б і час ад часу мог сказаць, што гэта цудоўная рэч” (La solitude est certainement une belle chose, mais il y a plaisir d'avoir quelqu'un qui sache répondre, à qui on puisse dire de temps en temps, que c'est un belle chose). У гэтым выпадку невядома, якога Цымермана падразумяваў тут Эдгар По. Магчыма, маецца на ўвазе Ёган Георг Цымерман (Johann Georg Zimmermann, 1728–1795), швейцарскі філосаф і доктар, аўтар працы “Пра самоту” (Über die Einsamkeit). Аднак гэты Цымерман жыў пазней за Геза дэ Бальзака. Улічваючы частую блытаніну ў атрыбуцыі цытаты, хутчэй за ўсё Эдгар По тут зрабіў памылку.

«Ты можаш уявіць кветку, што плыве ў вадкім эфіры» – хутчэй за ўсё гэтую цытату Эдгар По ўзяў у “Дзівотах літаратуры” (Curiosities of Literature) Ісаака Дызраэлі (Isaac D'Israeli, 1766–1848), ангельскага эсэіста і бацькі прэм’ер-міністра Бэнджаміна Дызраэлі. П’ер Жан Камір (Pere Jean Commire, 1625–1702) – французскі езуіт.

Берэніка

Ібн-Заят Абу Джафар Махамед ібн Абд аль-Малек ібн Абан (памёр каля 830 г.) – арабскі паэт і палітычны дзеяч (візір пры халіфе аль-Мутасіме Абасідзе); звесткі пра яго падаюцца ў энцыклапедыі Бартэльмі д’Эрбло Маленвіля «Усходняя бібліятэка» (Bibliothèque Orientale, 1697), дзе сярод іншага паведамляецца, што Ібн-Заят быў адным з самых адукаваных людзей свайго часу, і даецца кароткі пераказ элегіі, урывак з лацінскага перакладу якой прыводзіць Э. По і ў якой аўтар расказвае пра сваё каханне да рабыні. На параду сяброў наведаць магілу каханай, каб атрымаць палёгку, лірычны герой адказвае: «Ці ёсць у яе іншая магіла, апроч майго сэрца?» (паводле французскага перакладу арабскага тэксту).

Арнгейм – маляўнічы нідэрландскі горад.

Цэлій Секунд Курыён (1503–1569) – італьянскі гуманіст.

Аўрэлій Аўгустын (354–430) – хрысціянскі філосаф, пісьменнік і багаслоў, адзін з Айцоў Царквы. Твор «Пра горад Божы» быў напісаны каля 426 г.

Квінт Септымій Фларэнс Тэртуліян (каля 155 – каля 230) – раннехрысціянскі багаслоў. Цытата ўзятая з твора «Пра цела Хрыстова», частка V, раздзел 4.

Клаўдый Пталямей (87–165) – гл. каментар да апавядання «Элеанора».

Сіманід Кеоскі (каля 556–468 да н. э.) – адзін з самых значных старажытнагрэцкіх паэтаў-лірыкаў.

Мары Сале (1707–1756) – французская балерына.

Падзенне ў Мальстрэм

Мальстрэм – вір у Нарвежскім моры ля паўночна-заходняга ўзбярэжжа Нарвегіі.

Дэмакрытаў калодзеж – гл. каментар да апавядання «Лігея».

Джозэф Глэнвіл – гл. каментар да апавядання «Лігея».

Лафатэн, альбо Лафатэнскія выспы – архіпелаг у Нарвежскім моры ля паўночна-заходняга ўзбярэжжа Нарвегіі.

Нубійскі географ – гл. каментар да апавядання «Элеанора».

Mare Tenebrarum – гл. каментар да апавядання «Элеанора».

Трысель – касы чатырохвугольны ветразь, мае форму няправільнай трапецыі. Зарыфлены – прыспушчаны.