Узяўшы ў рукі меч,
І на каханых не зірнем,
Калі паскачам прэч.
Хай баязліўцы б’юць адбой —
Ім шал вайны чужы.
Мы пойдзем як героі ў бой,
Загінем як мужы.
Каментар
Метцэнгерштэйн
Існуе некалькі спісаў апавядання «Метцэнгерштэйн» з нязначнымі адрозненнямі. За аснову для гэтага перакладу было ўзятае апавяданне са зборніка «Гратэскі і арабескі» (1840).
Метэмпсіхоз (ад грэцк. μετεμψύχωσις, «перасяленне душ») – рэінкарнацыя, група рэлігійна-філасофскіх дактрынаў, паводле якіх бессмяротная сутнасць жывых істотаў перасяляецца з аднаго цела ў іншае.
Жан Лабруер (1645–1696) – французскі мараліст, аўтар адзінай працы – «Характары, альбо Норавы нашага стагоддзя» (1688), кнігі, якая складаецца з 16 частак, дзве з якіх прысвечаныя царкоўнаму красамоўству і вальнадумству, а астатнія ўяўляюць вынік жыццёвых назіранняў. Цытата ўзятая з гэтай працы.
Аднак я сцвярджаю, што наш недавер (так Лабруер называў усе нашыя няшчасці) «vient de ne pouvoir etre seuls»… – у пасмяротным выданні позніх твораў Эдгара По (1850) пасля гэтай фразы ідзе аўтарскі каментар: «Мерсье ва ўтапічным рамане «Дзве тысячы саракавы год» сур’ёзна падтрымлівае вучэнне пра метэмпсіхоз, Дызраэлі ж сцвярджае, што «не існуе сістэмаў такіх простых і ў той жа час такіх непадуладных нашаму разуменню». Кажуць, што палкоўнік Ітэн Ален з «Хлопцаў з Зялёнай гары» таксама быў заўзятым прыхільнікам метэмпсіхозу». Луі Себасцьян Мерсье (1740–1814) – французскі пісьменнік, аўтар утапічнага рамана «Дзве тысячы саракавы год» (1770), у якім выказаныя погляды, блізкія да Ж.-Ж. Русо і пазнейшага французскага ўтапічнага сацыялізму. У рамане ананімны апавядальнік бачыць сон, у якім ён гуляе па Парыжы з далёкай будучыні. Ісаак Дызраэлі (1766–1848) – ангельскі навуковец і пісьменнік. Цытата ўзятая з часткі «Метэмпсіхоз» кнігі «Дзівоты літаратуры».
Ітэн Ален (1737–1789) – амерыканскі асветнік, дэмакрат, удзельнік вайны паўночнаамерыканскіх калоніяў супраць Англіі (1775–1783), кіраўнік атрада пад назвай «Хлопцы з Зялёнай гары», аўтар першага амерыканскага антырэлігійнага памфлета «Розум – адзіны аракул чалавека» (1784), у якім развіваюцца ідэі дэізму і пераўвасаблення.
У часы нашай гісторыі адна змарнелая і злавесная старая вядзьмарка сказала, што «хутчэй змяшаюцца вада і агонь, чым Берліфітцынг падасць руку Метцэнгерштэйну… – у выданні 1850 году гэтая фраза адсутнічае.
На той момант Фрэдэрыку было пятнаццаць… – у выданні 1850 году ўзрост Фрэдэрыка павялічваецца да васямнаццаці гадоў.
Дзіця можа заставацца дзіцем нават пасярэдзіне другога дзясятка… – у выданні 1850 году гэтыя словы адсутнічаюць.
Прыўкрасная лэдзі Мэры… – пачынаючы з гэтых словаў два наступныя абзацы ў выданні 1850 году адсутнічаюць.
Пераірадзіў Ірада… – выраз узяты з «Гамлета» Ў. Шэкспіра: «Ён табе выйдзе такім ліхадзеем, якім і Тэрмагант не быў, ён табе Ірада пераірадзіць» (акт ІІІ, сцэна 2, пераклад Юркі Гаўрука).
Калігула (12–41) – мянушка рымскага імператара Гая Юлія Цэзара Аўгуста Германіка, які, паводле сведчанняў многіх крыніц, вылучаўся надзвычай жорсткім норавам.
Марэла
Прэсбург – старая назва сталіцы Славакіі Братыславы. У Прэсбургу знаходзілася шмат навучальных установаў, у тым ліку найстарэйшы ўніверсітэт на тэрыторыі Славакіі – Істрапалітанскі ўніверсітэт, заснаваны ў 1465 годзе.
Як Гіном стаў Геенай – назва біблейскага пекла – Геена – паходзіць ад назвы даліны Энома (па-габрэйску Ге-гіном), ці даліны сыноў Эномавых, адной з дзвюх далінаў побач з Ерусалімам.
Перасяленне душы – маецца на ўвазе містычнае вучэнне піфагарэйцаў, паводле якога душа перасяляецца ў цела чалавека ці жывёлы і перажывае шэраг такіх перасяленняў, пакуль не заслужыць права вярнуцца на нябёсы.
Вучэнне Шэлінга пра тоеснасць – Фрыдрых Вільгельм Шэлінг (1775–1854), нямецкі філосаф, аснову поглядаў якога складала вучэнне пра тоеснасць, паводле якога суб’ект і аб’ект, паняцце і сузіранне, канечнае і бясконцае, ідэальнае і рэальнае супадаюць у сваім духоўным пачатку.
Джон Лок (1632–1704) – ангельскі філосаф; згаданая думка адсылае да працы Лока «Досвед пра чалавечы розум» (1690).
Пестум – горад у Італіі, які ў старажытнасці быў знакаміты ружамі, што квітнелі ў яго ваколіцах. Пра ружы Пестума, якія двойчы квітнеюць, згадваў Вергілій у «Георгіках».
Тэосец – маецца на ўвазе старажытнагрэцкі паэт Анакрэонт (570/559–485/478 да н. э.), які нарадзіўся ў горадзе Тэасе ў Іёніі (Малая Азія). У сваіх вершах Анакрэонт апяваў віно і каханне.
Падзенне Дому Ашэраў
П’ер Жан Беранжэ (1780–1857) – французскі паэт і складальнік песняў, вядомы найперш сваімі сатырычнымі творамі. Цытата для эпіграфа ўзятая з верша «Адмова» (Le Refus).
Апошні вальс фон Вэбера – тут маецца на ўвазе папулярная ў тыя часы фартэп’янная п’еса «Бліскучыя танцы» (1824) нямецкага кампазітара Карла Готліба Рэйзінгера, вядомая пад назвай «Апошні вальс Вэбера». Такая блытаніна з назвай адбылася таму, што ноты гэтага твора былі знойдзеныя ў паперах Вэбера пасля яго смерці.
Генры Фюзелі (Ёган Генрых Фюслі, 1741–1825) – швейцарскі і ангельскі мастак, графік, гісторык і тэарэтык мастацтва. У многіх карцінах Фюзелі заўважная цікавасць мастака да змрочных фантастычных сюжэтаў, пазычаных з літаратуры, міфалогіі і фальклору. Ілюстраваў Шэкспіра, Мілтана, Блэйка.
Рычард Ўотсан (1737–1816) – ангельскі хімік, аўтар пяцітомнай працы «Нарысы па хіміі» (1781–1787). Ён жа быў біскупам Ландафам.
Томас Персіваль (1740–1804) – ангельскі доктар, знакаміты сваёй «Медыцынскай этыкай» (1803).
Ладзара Спаланцані (1729–1799) – італьянскі натураліст і фізік. Як і Томас Персіваль, цікавіўся пытаннем адчувальнасці раслінаў і прысвяціў яго разгляду «Дысертацыю пра прыроду жывёлаў і раслінаў» (1780).
Жан Батыст Луі Грэсэ (1709–1777) – французскі паэт-сатырык і драматург. За камічную паэму «Вэр-Вэр» (1734), у якой расказваецца пра прыгоды папугая, выхаванага ў жаночым манастыры, Грэсэ быў сасланы начальствам езуіцкага ордэна (да якога ён належаў) у гарадок Лафлеш. Праз некаторы час Грэсэ выйшаў з ордэна і нават стаў сябрам Французскай акадэміі. Вершаванае пасланне «Манастыр» (1735) апявае жыццё паэта.
Нікало Мак’явэлі (1469–1527) – італьянскі пісьменнік, гісторык і палітычны дзеяч. У навеле «Архід’ябал Бельфагор» (1515, надр. 1549) расказваецца пра д’ябла, які ў выглядзе чалавека наведвае Фларэнцыю.
Эмануэль Сведэнборг (1688–1772) – шведскі навуковец і тэасоф; яго містычны трактат «Нябёсы і пекла» выйшаў у 1758 годзе.
Людвіг Хольберг (1684–1754) – дацкі пісьменнік; у напісаным па-лацінску сатырычным рамане «Падземнае падарожжа Нікаласа Кліма» (1741) расказваецца пра падарожжа героя па выдуманых краінах і высмейваюцца састарэлыя звычаі і забабоны.
Роберт Флад (1574–1637) – ангельскі доктар, астролаг, містык, аўтар шэрагу містычных і філасофскіх трактатаў. Апроч усяго іншага, цікавіўся алхіміяй, Кабалой і хірамантыяй.
Жан д’Эндажынэ (XVI ст.) – французскі хірамант.
Марэн Кюро Дэляшамбр (1594–1675) – французскі доктар, хірамант.
Людвіг Ёган Цік (1773–1853) – нямецкі паэт, празаік, драматург; яго казачны раман «Старая кніга, альбо Падарожжа ў блакітную далеч» выйшаў у 1835 годзе.
Тамаза Кампанэла (1568–1639) – італьянскі навуковец і пісьменнік; сацыяльная ўтопія «Горад Сонца» была напісаная ў 1062 годзе ў вязні.
Эймерык дэ Жырон (каля 1320–1399) – гішпанскі інквізітар.
Пампоній Мэла (І ст.) – рымскі географ, аўтар працы «Апісальная геаграфія» (De situ orbis), у якой ён дзеліць свет на пяць геаграфічных зонаў. У працы апісваецца шэраг напаўказачных плямёнаў. Эгіпаны, паводле Пампонія Мэлы, падобныя да сатыраў. У старажытнагрэцкай міфалогіі Эгіпан – сын Зеўса альбо Пана (часта атаясамліваўся з апошнім), які дапамог Зеўсу ў барацьбе з Тыфонам.
Сачыненнем сэра Ланселота Кенінга «Небяспечнае спатканне» – мяркуецца, што Ланселот Кенінг прыдуманы Эдгарам По, а ўрыўкі з цытаванай кнігі напісаныя ім самім. Этэльрэд – кароль Этэльрэд І кіраваў Ўэсэксам у ІХ ст., кароль Этэльрэд ІІ Безразважны кіраваў Англіяй у канцы Х – пачатку ХІ ст.
Авальны партрэт
Існуе яшчэ адзін пераклад гэтага апавядання, зроблены Ганнай Янкута. Знайсці яго можна на сайце часопіса «ПрайдзіСвет».
Эн Рэдкліф (1764–1823) – ангельская пісьменніца, адна з першых аўтараў гатычных раманаў, сярод якіх самыя вядомыя – «Італьянец» (1797), «Удальфскія таямніцы» (1794). Дзеянне многіх гатычных раманаў (у тым ліку названых) адбываецца за мяжой, часта – у Італіі.
Томас Салі (1783–1872) – амерыканскі мастак, ангелец з паходжання, аўтар жаночых партрэтаў.
Лігея
Джозэф Глэнвіл (1636–1680) – ангельскі пісьменнік, святар і філосаф, адзін з найбольш значных натурфілосафаў другой паловы XVII ст.
Аштафет – багіня фінікійскага горада Сідон (ІІ тысячагоддзе да н. э).
Дочкі Дэласа – Айнатрофы, дочкі Анія з Дэласу, якім Апалон падараваў здольнасць ствараць з зямлі масла, злакі і віно.
Бэкан, лорд Веруламскі – Фрэнсіс Бэкан (1561–1626) у 1618 годзе атрымаў тытул лорда Веруламскага. Словы ўзятыя з яго эсэ «Пра прыгажосць». У тэксце Бэкана не «вытанчаная прыгажосць», а «дасканалая».
Клеамен – гэтае імя пазначанае на статуі Венеры Медыцэйскай.
Нурджахад – маецца на ўвазе «ўсходні» раман «Гісторыя Нурджахаду» (1767) ангельскай пісьменніцы Фрэнсіс Шэрыдан (1724–1766), маці Рычарда Брынслі Шэрыдана.