реклама
Бургер менюБургер меню

Эдгар По – Маска Чырвонае Смерці (страница 112)

18

Іліфія (грэцк. Είλείθυια) – магчыма, По мае на ўвазе горад, дзе знаходзіўся храм Іліфіі, багіні, што дапамагала падчас родаў. Пра яго размяшчэнне згадвае Страбон: «Пасля Фіваў ідзе горад Германфіда, дзе шануюць Апалона і Зеўса. Тут таксама ўтрымліваюць быка. Затым ідзе Горад Кракадзілаў, жыхары якога шануюць гэтую жывёліну. Далей ідуць Афрадытопаль і Латопаль, які шануе Афрадыту і лата [паводле Страбона, «нейкую нільскую рыбу»]; потым – горад і храм Іліфіі; на супрацьлеглым беразе – Горад Каршуноў, дзе шануюць каршуноў; потым ідзе Апаланопаль, які таксама вядзе барацьбу з кракадзіламі» (Геаграфія. XVII, І, 47).

Глідан – сярод выдуманых персанажаў По называе рэальную асобу – вядомага ангельскага егіптолага Джорджа Робінса Глідана (1809–1857).

Як містэр Барнс у пантаміме… – Джон Барнс (1761–1841) – ангельскі комік, з 1816 г. жыў у ЗША і граў у Парк-тэатры ў Нью-Ёрку.

Фрэналогія, Галь, Шпурцгайм – гл. каментары да апавядання «Д’ябал пярэчання».

Месмер – гл. каментар да апавядання «Праўда пра тое, што здарылася з містэрам Вальдэмарам».

Дыядор Сіцылійскі (каля 80–29 гг. да н. э.) – старажытнагрэцкі гісторык, аўтар «Гістарычнай бібліятэкі», дзе выкладаецца сусветная гісторыя ад старажытных часоў да 60 г. да н. э.

Боўлінг-Грын – парк у цэнтры Нью-Ёрка.

Капітолій у Вашынгтоне – на Капіталійскім узгорку ў Вашынгтоне размяшчаецца будынак Кангрэса ЗША.

Азнак – назва, прыдуманая По.

Карнак – паселішча ў Егіпце блізу Фіваў, дзе знаходзяцца руіны храма Амона, які пачаў будавацца ў ХХ ст. да н. э.

Вялікі Ааазіс – найбуйнейшы егіпецкі аазіс, які знаходзіцца ў Лівійскай пустыні. Старажытныя калодзежы гэтага аазіса дасягаюць глыбіні 120 метраў.

«Даел» – часопіс амерыканскіх трансцэндэнталістаў, які выходзіў з ліпеня 1840 да красавіка 1844 г.

…сучасны паравы рухавік заснаваны на вынаходніцтве Герона, апісаным Саламонам дэ Ко – Герон з Александрыі – грэцкі навуковец і інжынер. У сваёй працы «Пнеўматыка» (каля 130 г. да н. э.) апісаў уладкаванне паравой турбіны. У 1615 г. французскі інжынер Саламон дэ Ко (1576–1626) прапанаваў канструкцыю ўдасканаленага паравога рухавіка.

Джозэф Брандрэт (1746–1815) – ангельскі доктар.

Тамерлан

Паэма напісаная, верагодна, падчас навучання Э. По ў Вірджынскім універсітэце. Упершыню надрукаваная ў 1827 г., у першым варыянце яна налічвала 406 радкоў. У 1829 г., падчас выдання другога зборніка, аўтар скараціў яе да 243 радкоў.

Тамерлан (1336–1405, поўнае імя Цімур ібн Тарагай Барлас) – заваёўнік, палкаводзец, эмір, заснавальнік вялікай дзяржавы ў Сярэдняй Азіі са сталіцай у Самаркандзе.

Таглай – «Горы Белур Таглай, адгор’е Эмаўса ў паўднёвай частцы незалежнай Татарыі, знакамітыя сваёй надзвычайнай дзікасцю і прыгажосцю далінаў» (заўвага Эдгара По, 1827).

На Самарканд цяпер зірні!.. – «Думаю, Тамерлан зрабіў Самарканд сваёй рэзідэнцыяй пасля Ангорскай бітвы. На пэўны час горад зрабіўся цэнтрам адукацыі і мастацтваў» (заўвага Эдгара По, 1827). Самарканд – адзін з найстаражытнейшых гарадоў свету, заснаваны прыкладна ў 742 г. да н. э. Ангорская бітва – бітва паміж асманскім султанам Баязідам І і Тамерланам, якая адбылася ў 1402 г. і ў якой перамаглі войскі Тамерлана, што прывяло да часовага распаду Асманскай імперыі.

Цімур – «Тамерлана таксама называлі Цімур Бек» (заўвага Эдгара По, 1827).

Сон

Верш увайшоў у «зборнік «“Тамерлан” і іншыя вершы».

Шчаслівы дзень

Верш увайшоў у зборнік «“Тамерлан” і іншыя вершы».

Духі мёртвых

У першай публікацыі ў 1827 годзе верш меў назву «Мёртвыя наведнікі». Вытрыманы ў духу «могілкавай паэзіі» Юнга і Грэя.

Песня

Верш увайшоў у зборнік «“Тамерлан” і іншыя вершы». Прысвечаны Сары Эльміры Ройстэр (1811–1888), з якой Э. По быў заручаны да ад’езду ў Вірджынскі ўніверсітэт. Напісаны з нагоды яе шлюбу з Аляксандрам Шэлтанам.

Да***

Пад назвай «Самотны» верш быў надрукаваны ў 1828 годзе. Пасля ўвайшоў у зборнік «“Аль-Арааф”, “Тамерлан” і дробныя вершы» (1829). У першапачатковым варыянце меў пяць строфаў, якія пасля былі скарочаныя да дзвюх. Адрасат прысвячэння не высветлены.

Самотны

Верш напісаны ў 1829 годзе ў альбом Люсі Холмс; надрукаваны быў толькі пасля смерці Эдгара По, у 1875 годзе.

Раманс

Упершыню верш з’явіўся ў зборніку 1829 года пад назвай «Уводзіны» і меў досыць значны аб’ём. Пасля аўтар скараціў яго і пад назвай «Раманс» змясціў у зборніку 1831 года.

Санет да навукі

Упершыню верш быў надрукаваны ў 1829 годзе без назвы як уступ да паэмы «Аль-Арааф».

Да ***

Альбомны верш, які ўпершыню быў надрукаваны ў зборніку 1829 года. Адрасатам яго прынята лічыць Элізабэт Херынг, стрыечную сястру аўтара.

Калізей

Разам з апавяданнем «Рукапіс, знойдзены ў бутэльцы» гэты верш быў напісаны для конкурсу, абвешчанага часопісам Baltimore Saturday Visitor у чэрвені 1833 года. Журы, якое ўзначальваў раманіст Дж. П. Кенэдзі, прызнала найлепшымі і верш, і апавяданне, аднак прэмію (50 даляраў) Э. По атрымаў толькі за апавяданне, бо ўручыць абедзве прэміі аднаму аўтару журы не палічыла магчымым.

Халдэі – народ, што жыў у вобласці вусцяў рэк Тыгр і Еўфрат на паўночна-заходнім беразе Персідскага заліву. Лічыліся першымі астраномамі.

Мемнан – міфічны герой, сын Эас і Тытона, цар эфіопаў. Удзельнічаў у Траянскай вайне, быў забіты Ахілам. Імем Мемнана называлі статую егіпецкага фараона Аменхатэпа ІІІ, якая на ўзыходзе сонца выдавала гук, што нагадваў чалавечы голас; лічылася, што гэта Мемнан вітае сваю маці Эас.

Серэнада

Верш не ўвайшоў ні ў адзін прыжыццёвы зборнік Э. По. Упершыню ён быў надрукаваны ў часопісе Baltimore Saturday Visitor 20 красавіка 1833 года, пасля быў надоўга забыты і знойдзены толькі ў 1917 годзе прафесарам Дж. К. Фрэнчам.

Элізій – гл. каментар да апавядання «Элеанора».

Плеяды – надзвычай яркая зорная сукупнасць у сузор’і Цяльца, названая ў гонар дачок тытана Атланта і акіяніды Плеёны: Алкіёна, Келена, Мая, Меропа, Астэропа, Тайгета і Электра.

Эндыміён – у грэцкай міфалогіі юнак-пастух, знакаміты сваёй прыгажосцю, каханы багіні поўні Селены.

Адэліна – умоўнае імя, якое мае значэнне «высакародная».

Гімн

Упершыню верш з умоўнай назвай «Каталіцкі гімн» быў надрукаваны ў тэксце апавядання «Марэла» ў 1835 годзе (хаця напісаны быў раней, у 1833 годзе), пасля быў выключаны з апавядання і друкаваўся як асобны верш, з якога аўтар выкінуў першае чатырохрадкоўе.

Да Ф(рэнсіс) С(арджэнт) О(сгуд)

Быў напісаны ў 1833 годзе і спачатку меў назву «Да Элізабэт». У розных, крыху змененых варыянтах прысвячаўся аўтарам розным жанчынам: Э. Р. Херынг, Э. Ўайт, М. Э. Херынг, Ф. С. Осгуд, М. Ніл. Перакладзены паводле выдання «“Крумкач” і іншыя вершы», дзе верш прысвечаны паэтцы Ф. С. Осгуд.

Да Зантэ

Санет быў напісаны ў 1836 годзе, упершыню надрукаваны ў 1837 годзе ў часопісе Southern Literary Messenger і ўключаны ў зборнік 1845 года.

Зантэ – італьянская назва вострава з групы Іянічных астравоў, вядомага ў грэкаў як Закінф. Эдгар По, як і Франсуа-Рэнэ Шатабрыян, лічыў, што назва вострава паходзіць ад грэцкай назвы кветкі гіяцынт.

«Залаты востраў! Кветка Леванта!» – верагодна, гэты радок адсылае да падарожных нататак Шатабрыяна 1811 года.

Цішыня

Санет з кодай (пятнаццатым радком) быў надрукаваны ў 1840 годзе ў часопісе Saturday Courier і ўключаны ў зборнік 1845 года.

Юлалі

Упершыню надрукаваны ў нью-ёркскім часопісе American Revue у 1845 годзе. Імя Eulalie (Юлалі) многія даследчыкі лічаць варыянтам імені Ulalume (Улялюм), такім чынам яднаючы два вершы ў адну гісторыю.

Астарта – грэцкае гучанне імені Іштар, багіні ўраджайнасці і пачуццёвага кахання, таксама часам атаясамлівалася з поўняй.

Лінор

Верш узнік як перапрацоўка ранняга верша «Пэан» (1831). Апошні варыянт «Лінор» датуецца 1849 годам.

Крумкач

Самы вядомы верш Э. По ўпершыню быў надрукаваны 29 студзеня 1845 году ў газеце Evening Mirror і адразу ж займеў неверагодны поспех. Падрабязна гэты верш разглядаецца аўтарам у артыкуле «Філасофія кампазіцыі».