реклама
Бургер менюБургер меню

Эдгар По – Маска Чырвонае Смерці (страница 113)

18

Галаадскія горы – Галаад (альбо Гілеад), гістарычная вобласць у Старажытным Ізраілі на ўсходнім беразе ракі Іярдан.

Да Ф***

Першы варыянт верша напісаны ў 1835 годзе, у тым жа годзе надрукаваны ў часопісе Southern Literary Messenger пад назвай «Да Мэры» (магчыма, верш адрасаваны Мэры Ўіндэры, сяброўцы Э. Ройстэр). У 1845 годзе верш быў пераадрасаваны Ф. С. Осгуд.

Улялюм

Упершыню верш быў надрукаваны ў снежні 1847 года ў ньюёркскім часопісе American Revue, але шліфаваўся аўтарам да 1849 году. Верш часта друкуецца і перакладаецца паводле версіі, дзе адсутнічае апошняя страфа.

Абэр, Ўір, Яанэк – у дадзеным вершы По стварае сваю ўласную жахлівую міфалогію і геаграфію іншага свету – лес Ўір з прывідамі і вупырамі, вулканічная гара Яанэк і горнае возера Абэр. Некаторыя даследчыкі звязваюць назву Абэр з імем французскага кампазітара Даніэля Франсуа Абэра (1782–1871), чый балет «Возера феяў» карыстаўся папулярнасцю ў часы Эдгара По, а назву Ўір – з імем амерыканскага мастака Роберта Ўолтэра Ўіра (1803–1889), аўтара шматлікіх замалёвак даліны ракі Гудзон.

Ноч начэй – лічыцца, што тут маецца на ўвазе ноч Хэлаўіна.

Астарта – гл. каментар да верша «Юлалі». Даследчыкі лічаць, што Астарта, як і імёны Юлалі-Улялюм, нітуе два вершы. Гэта дае ім падставы гаварыць, што верш «Юлалі» расказвае перадгісторыю таго, што адбываецца ў вершы «Улялюм». Паводле непацверджаных сведчанняў сучаснікаў Э. По, сам паэт вымаўляў назву верша як «Юлялюм».

Званы

Упершыню верш надрукаваны 17 кастрычніка 1849 года ў часопісе New York Daily Tribune.

Эльдарада

Балада была надрукаваная ў красавіку 1849 года ў бостанскім часопісе Flag of Our Union і з’яўляецца водгукам на «залатую ліхаманку», якая пачалася ў Амерыцы пасля адкрыцця залатых радовішчаў у Каліфорніі.

Эль – да радасці

У арыгінале верш мае назву «Радкі ў гонар элю». Існуе легенда, што Эдгар По напісаў яго ў карчме правінцыйнага гарадка Лоўэл, куды прыязджаў у 1848 годзе, каб прачытаць лекцыю «Паэты і паэзія Амерыкі». Паводле легенды, верш можна было пабачыць на сцяне карчмы да 1920 года.

Анабэль Лі

Верш упершыню надрукаваны ў газеце New York Daily Tribune 9 кастрычніка 1849 года, у дзень пахавання паэта.

Для Эні

Упершыню верш надрукаваны ў красавіку 1849 года ў бостанскім часопісе Flag of Our Union. Прысвечаны Эні Рычманд, блізкаму сябру паэта ў апошнія гады яго жыцця.

Сон у сне

У канчатковым выглядзе верш быў упершыню надрукаваны пасля смерці паэта. Часткова напісаны ў ранні перыяд творчасці.

Філасофія кампазіцыі

«Барнэбі Радж» – гістарычны раман Чарлза Дыкенса, напісаны ў 1841–1842 гг.

Ўільям Годвін (1756–1836) – ангельскі пісьменнік, палітычны філосаф і раманіст, аўтар раманаў «Прыгоды Калеба Ўільямса» (1794), «Сэнт-Леон» (1799) і «Флітвуд» (1805). Бацька Мэры Шэлі.

Трансцэндэнталізм – амерыканскі філасофска-літаратурны рух 1830-х – 1860-х гадоў, на які паўплываў трансцэндэнтальны ідэалізм І. Канта і ідэі Ф. Шэлінга. Тэрытарыяльна трансцэндэнталізм быў звязаны з Конкардам, дзе жылі самыя выбітныя яго прадстаўнікі – Ралф Ўолда Эмэрсан і Генры Дэвід Тора, а таксама Н. Готарн, М. Фулер, Ў. Э. Чанінг і бацька будучай пісьменніцы Луізы Мэй Олкат Б. Олкат.

Паэтычны прынцып

«Калумбіяда» – значная паводле аб’ёму эпічная паэма Джоэла Барлаў (1754–1812), амерыканскага паэта і палітыка, выдадзеная ў 1807 годзе. Паэма была не вельмі добра прынятая сучаснікамі і ў далейшым часта высмейвалася.

Альфонс дэ Ламарцін – гл. каментар да апавядання «Забойствы на вуліцы Морг». Найбольш значнай часткай спадчыны Ламарціна лічацца першыя зборнікі вершаў паэта.

Роберт Полак (1798–1827) – шатландскі паэт, знакаміты сваёй паэмай «Плынь часу» ў 10 кнігах.

П’ер Жан Беранжэ (1780–1857) – гл. каментар да апавядання «Падзенне Дому Ашэраў».

«Серэнада» – верш, які цытуецца Эдгарам По, – «Індыйская мелодыя» ангельскага паэта Персі Бішы Шэлі (1792–1822).

Натаніэл Паркер Ўіліс (1806–1867) – амерыканскі празаік, паэт і рэдактар, які супрацоўнічаў з многімі значнымі творцамі, у тым ліку Эдгарам По і Генры Лангфэла.

Амарыліс – традыцыйнае імя пастушкі ў антычнай паэзіі; яе вобраз сустракаецца ў творах Феакрыта, Вергілія, Авідыя, Лонга.

Джавані Вінцэнца Гравіна (1664–1718) – італьянскі пісьменнік і юрыст.

Томас Мур (1779–1852) – ірландскі паэт-рамантык, аўтар шэрагу песняў і баладаў. Самы знакаміты зборнік вершаў Мура – «Ірландскія мелодыі» (1821).

Генры Ўодсварт Лангфэла (1807–1882) – амерыканскі паэт, самым значным творам якога лічыцца «Спеў пра Гаявату» (1855). Эдгар По называў Лангфэла найлепшым амерыканскім паэтам.

Ўільям Кален Браянт (1794–1878) – амерыканскі паэт, журналіст і рэдактар. Водгукі на вершы Браянта былі самыя розныя – ад пахвалы, як у Эдгара По, да суворай крытыкі.

Эдвард Коўт Пінкні (1802–1828) – амерыканскі паэт, юрыст, выкладчык, які памёр ва ўзросце 26 гадоў. Даследчыкі часта параўноўваюць яго творы з творамі паэтаў-кавалераў і адзначаюць уплыў на яго ангельскай паэзіі ў цэлым.

Траяна Бакаліні (1556–1613) – італьянскі пісьменнік, вядомы сваім сатырычным выяўленнем палітычнага і літаратурнага жыцця; «Весткі з Парнаса» (1612) напісаныя менавіта ў такім сатырычным духу.

Сэмюэл Тэйлар Колрыдж (1772–1834) – ангельскі паэт-рамантык, крытык і філосаф, прадстаўнік Азёрнай школы паэзіі. Ідэі Колрыджа, які ў сваёй «Літаратурнай біяграфіі» (1817) разводзіў паняткі «ўяўленне» і «фантазія» (згодна з яго меркаваннем, уяўленне бязмежнае і нічым не скаванае, тым часам як фантазія мае ўстойлівую форму), значна паўплывалі на Эдгара По.

Томас Гуд (1799–1845) – ангельскі паэт; многія яго творы мелі гумарыстычны характар.

Сярод дробных вершаў лорда Байрана… – верш, які цытуецца Эдгарам По, называецца «Стансы да Аўгусты» (1816). Беларускі пераклад верша, зроблены Юркам Гаўруком, друкаваўся ў зборніках твораў і перакладаў Гаўрука, а таксама ў зборніку беларускіх перакладаў з Байрана «Лірыка» (1989).

Алфрэд Тэнісан (1809–1892) – ангельскі паэт, які атрымаў званне паэта-лаўрэата і быў надзвычай папулярным. Паэма «Прынцэса» выйшла ў 1847 годзе.

Венера Уранійская ў адрозненне ад Венеры Дыянейскай… – такім чынам Эдгар По размяжоўвае любоў духоўную (нябесную, уранійскую, ад імя Урана – старажытнагрэцкага бога, які ўвасабляў неба) і пачуццёвую (дыянейскую, ад імя Дыёны – тытаніды, багіні дажджу ў старажытнагрэцкай міфалогіі, паводле аднаго з міфаў – маці Афрадыты).

Ўільям Мазэрвел (1797–1835) – шатландскі паэт і журналіст.