Андре Моруа – Навелы (страница 43)
– Жызэль, я цябе не выпушчу! Ты рызыкуеш сваёй рэпутацыяй, сваім шчасцем… I потым навошта? Хочаш стаць яго палюбоўніцай?..
– Не. У ім я не сумняваюся… Вось толькі хіба… баюся за сябе.
– А ты ўпэўнена, што яго кахаеш?
– Да шаленства!
Не ведаю, які д’ябал, вычытаны ў раманах, мяне тады натхніў. Фраза з «Дарыяна Грэя» вырвалася наперад і ўзбунтавала ўсе мае думкі: «Каб вызваліцца ад спакусы, трэба ёй паддацца».
– Ну што ж… Раз ты яго кахаеш, а ён цябе, – сказала я, – хай будзе так!.. А ты ведаеш, дзе яго пакой?
– А як жа, другі ад нашага, справа.
– Што ж, ідзі!
Прайшла ўжо гадзіна, а яе няма.
– Палюбоўніцай? Не, – адказала яна. – Я цяпер проста яго прыналежнасць.
Я не пасмела болей распытваць. Яна раздзелася і лягла, не прамовіўшы ні слова. Праз некалькі хвілін Жызэль моцна заснула. Я села перад яе ложкам, ледзь не плачучы, і холад уварваўся ў маю душу. Яна не прачыналася, аж пакуль не празваніў званок. Я са страхам думала, хаця б не заўважылі іншыя, што мы нейкія разгубленыя, не такія, як звычайна. Але пасля балю ўсе былі змораныя, успаміналі сваё, і ніхто нічога не заўважыў. Паснедаўшы, Жызэль папрасіла, каб я правяла яе да аранжарэі. Ёй хацелася яшчэ раз зірнуць на тыя дэкарацыі, дзе адбылася сцэна, што перайначыла яе жыццё.
– Ну і што цяпер? – запытала я.
– Цяпер ён павінен мне напісаць і паведаміць, што думаюць яго бацькі.
– А хто яны?
– Бацька – генерал, у Брэтані… Гэта не зацягнецца.
– А твае бацькі?
– Перш чым ім пісаць, чакаю паведамлення ад Фабіяна… Так ці іначай, але мы пажэнімся. Гэта напэўна, трэба толькі пачакаць.
…Спадзяюся, яна не памыляецца, бо іначай не вытрымае, памрэ.
– Я прыехала на плошчу Пантэона ў сем. У кансьержкі спыталася пра Фабіяна. «Пяты паверх налева ў канцы калідора». Я паднялася і пазваніла. За дзвярыма чуваць былі галасы і гучны смех. Праз хвіліну дзверы адчыніліся. Выйшаў Фабіян у аксамітавай куртцы. Стаяў ашарашаны, нібы мяне не пазнаў. Потым суха прамовіў: – Чаго вы ў Парыжы? Што вам трэба?
– Хіба вы не атрымалі маіх пісем?
– Атрымаў… Але чаго было ехаць сюды?
– Я ж вам пісала… Не магла ж я ўвесь час нічога не ведаць пра вас… Фабіян, калі вашы бацькі супроць, мы будзем шчаслівейшыя жывучы разам, нават у беднасці, чым у разлуцы, асобна. – Ён завёў мяне ў маленькую пярэднюю.
– Не гаварыце гучна, – шапнуў ён мне на вуха. – У мяне тут сябры. Чаго вы хочаце ад мяне, мая дзетка? У мяне ўсяго адзін пакой.
– Я гатова падзяліць яго з вамі.
– Не гаварыце глупства. Ваша радня не дазволіць, вы непаўналетняя.
– Мае бацькі, каб пазбегнуць скандалу, з радасцю згодзяцца на наш шлюб.
– Усё гэта вельмі недарэчна… Але дазвольце мне спачатку адправіць сваіх сяброў. – Ён вярнуўся ў пакой і зачыніў дзверы. Я не чула, што ён там ім гаварыў. Потым не ён, а нехта іншы прамовіў голасна: «А! Кажаш, дзяўчынка з каледжа? Віншую з поспехам, мой дарагі!» Потым яны выйшлі чарадою адзін за адным, пяць армейскіх афіцэраў, кідаючы на мяне позіркі, хто з насмешкай, а хто шкадуючы. Нехта з іх сказаў: «Чуеш, Фабіян, заўтра раніцай каб быў у казармах роўна ў шэсць… I ніякіх штуковін!» Потым яны зніклі на лесвіцы.
Тады Фабіян дазволіў мне ўвайсці. Выгляд у яго быў незадаволены. Ніякай ласкі… Не пацалаваў нават. I адразу ж пачаў мяне адчытваць: —.На ўсё свой час, мілая дзетка. Каханне ёсць каханне, забавы забавамі, а служба службай.
– Але ж гэта вы, Фабіян, затлумілі мне галаву сваімі абяцаннямі; пакуль вы не гаварылі, я ні аб чым не думала, апроч музыкі і танцаў. Гэта вы запрасілі мяне ў свой пакой, гэта вы…
– Ну так, я зрабіў памылку: паддаўся чарам прыгожай ночы, а тут яшчэ навальніца… і ваша хараство… Але ў жыцці свой парадак… Раніцай на другі дзень чары развеяліся… Раю вам зрабіць гэтак жа. Вяртайцеся ў Сасі, мілая дзетка! Іграйце ў камедыях, але не рабіце камедый з жыцця. – Час ад часу ён з трывогай паглядаў на гадзіннік. На стале ляжала некалькі пісем. Гэта былі мае пісьмы… I ведаеш, Эмілія, нават не распячатаныя! Ён усё гаварыў, але тон, спачатку сардэчны і бацькоўскі, рабіўся ўсё больш жорсткім, і нарэшце ён сярдзіта заявіў:
– Хопіць! Пара ўжо! У сем трыццаць у мяне будзе госць. Нельга, каб вас бачылі ў маім пакоі.
– Хто? Жанчына?
– Так.
– Ваша палюбоўніца?
– Яшчэ не… Але па якому праву?.. Даволі! Ідзіце! Выйдзіце зараз жа, а то я буду вымушаны…
– Мяне выгнаць? I гэта гаворыце вы, Фабіян?.. – У гэты момант пачуўся званок. Тры кароткія сігналы. Ён пабляднеў, схапіў мяне і запхнуў у адзежную шафу паміж двух мундзіраў, якія ўпіліся мне ў твар гузікамі і нашыўкамі. Потым глуха прамовіў грозным голасам: «Калі ты паварушышся, скажаш хоць слова, я цябе больш ніколі не пабачу».
Я зразумела, што гэта не жарты, і стаяла як статуя. 3 майго сховішча нічога не было відаць, але я чула ўсё. Жанчына, якая ўвайшла, была актрыса. Аб гэтым я здагадалася адразу. «Мілы Фабіян, – сказала яна, – я магу вам удзяліць не болын як паўгадзіны. У гэты вечар я іграю, але Адэон блізка, і ў першым акце я вольная». Спачатку Фабіян, яўна збянтэжаны маёй прысутнасцю, не ведаў, як сябе трымаць, і плёў нейкую лухту. Пасля, мала-памалу, забыў, што я тут. Да яго вярнулася самаўпэўненасць, і, ведаеш, што я пачула? «Мне здавалася, я кахаю ўсіх жанчын наогул і ніводнай у прыватнасці. Салдату не выпадае затрымлівацца. Але сёння мне раптам стала ясна, што гэтыя тры словы: «я вас люблю» маюць сэнс… магутны і глыбокі сэнс». Тыя самыя фразы, што гаварыў мне! Слова ў слова!.. Потым яны змоўклі… Яна весела смяялася, абараняючыся.
– Дарагі мой, – гаварыла яна, – не саромце мяне, не вымагайце. Я ж вам сказала, што вечарам іграю.
– Вось яшчэ ліха! – прабурчаў Фабіян. – Мне гэтак жа заўтра раніцай а шостай гадзіне быць у казармах.