18+
реклама
18+
Бургер менюБургер меню

Андре Моруа – Навелы (страница 42)

18

Дзённік Эміліі Галаці

15 кастрычніка 1901. – Сёння раніцай месье Гардон выклікаў мяне і паведаміў, што ў маім пакоі разам са мной будзе жыць новенькая: Жызэль дэ Клярэс. Я задаволена; яна прыгожая і крыху дзікаватая. Адразу ж мы з ёю завялі размову пра музыку і паэзію. Яна любіць Шапэна і Мюсэ. Мы з ёю пагадзіліся, зразумелі адна адну. Зараз яна распакоўвае свае рэчы. Яе сям’я мае замак у Нармандыі, але фартуна ад іх адвярнулася. Замак запушчаны і прыбыткаў не дае. Яна тут вучыцца на сродкі бабкі. Я ёй растлумачыла, што школа падзяляецца на два кланы: Бунтарак, якімі кірую я, і Нечапайлаў, што лічаць сябе святымі, а на справе, як мокрыя куры, палохаюцца і плачуць. Я ў яе запытала, да якога лагера яна жадае далучыцца. «Сярод чарцей буду Д’яблам», – адказала Жызэль. Яна мне падабаецца, але трэба, паколькі размова ідзе аб ёй, хаваць ад яе дзённік. Ніякай праблемы. Чамадан мой замыкаецца на ключ.

20 кастрычніка 1901. – Гэта проста жахліва, з якой шпаркасцю ўмацоўваецца дружба. Шэсць дзён назад я нічога не ведала пра Жызэль; цяпер жа яна ўсё для мяне, так, так, больш нават чым музыка. Не я адна ёй захапляюся. Сваёй адвагай яна проста здзівіла і заваявала пашану Бунтарак. Яна стала лепшай наезніцай каледжа, чэмпіёнам веславання, пераможцам гульні ў кракет. У капліцы дала ўсім прыклад экзальтаванай набожнасці, спужала нават нашага школьнага свяшчэнніка абата Жэніваля. Але яны абое любяць Шатабрыяна. Мне забаўна іх слухаць. Рамантыкі страшэнныя! «Ах, мадэмуазэль Клярэс, – гаворыць абат, – якімі таямніцамі ахінае бліскучы маладзік старыя дубы!» Выкладчык літаратуры, якога мы празвалі Фартуніо, чырванее, калі Жызэль надта пільна паглядзіць на яго. Сёння раніцай маладзенькі паштальён, вельмі прыгожы хлопец, прынёс мне заказное пісьмо. Я з ім пакакетнічала, так толькі, для спробы. I ён паверыў, і з такой наіўнасцю. Я сказала Жызэлі: «Да чаго ж у нас улада вялікая!» А яна мне: «О так, гэта ап’яняе». Яна ўмее так фасонна варухнуць сваімі светлымі валасамі, што мяне аж зайздрасць бярэ.

25 кастрычніка. – Учора вечарам Жызэль расказвала мне інтымна пра сваю сям’ю. «Мае бацькі людзі нядрэнныя, – сказала яна, – але іх зусім не цікавіць тое, што мне цікава. Толькі і гаворкі, што пра яду, жывёлагадоўлю і палітыку. Між імі і мною сутычкі кожны дзень». На маю думку, яны даведзены амаль да галечы. Жызэль кажа, што маці збіраецца выдаць яе замуж за багатага суседа, хоць таму ўжо за сорак. Але Жызэль хутчэй зробіць самагубства, чым згодзіцца на гэта. Сёння раніцай яна мне падарыла кнігу – «Партрэт Дарыяна Грэя» – з надпісам на тытульнай старонцы: «Маёй першай, другой і адзінай».

30 кастрычніка. – Паколькі на занятках па-французску Жызэль была першая, а я другая, месье Гардон вадзіў нас учора ў Камедзі-Франсэз. Школьны амнібус даставіў нас траіх у Гарн, а там мы селі ў цягнік. Мадам Гардон, дзякуй богу, удзелу ў падарожжы не прымала. Яно без яе куды лепш! Адчуваем увесь час толькі тое, што яна ўроджаная дзю Рансэрэ. «А што такое дзю Рансэрэ? Падумаеш!» – кажа Жызэль. Паказвалі «Эсфір» Расіна. Якое шчасце для дзяўчат Сэн-Сіра, што вялікі паэт пісаў для іх некалі трагедыі! «Мабыць, яму самому было прыемна, што яго тэксты паўтараюць прыгожыя школьніцы», – заўважыла Жызэль. У фае ў антрактах студэнты політэхнічнага ў новенькіх мундзірах прыглядаліся да нас. Месье Гардон хадзіў як бусел; ён нам купіў праграму і кісленькіх цукерак. Якая шчодрасць!

3 лістапада. – Туман над паркам. Дзень сумны і таямнічы. Пачынаем рыхтавацца да школьнага свята (гадавіна заснавання каледжа). Да Гардонаў прыедуць іх сябры, і кожная вучаніца мае права запрасіць свайго брата альбо кузена. Ставім спектакль (адзін акт з «Мізантропа»). Жызэль, натуральна, іграе Селімену, я – Эліянту; пасля чаго адбудзецца баль. Мы ўсе страшэнна ўсхваляваны. Ніколі клас танцаў не меў такога поспеху. Ёсць новы вальс – бастон, яго трэба асвоіць. Учора ўвечары ярка свяціла поўня. Жызэль пацягнула мяне ў парк. Нам забаронена выходзіць пасля дзесяці гадзін, але яна ведала, што, спусціўшыся ў падвал, можна вылезці праз маленькія дзверы, якія заўсёды адчынены.

20 лістапада. – Надышоў той дзень. Раніцай, выбраўшыся са свайго пакоя, убачыла я ў калідоры цудоўнага афіцэра ў даламане нябеснага колеру з пазументамі. Доўгія чорныя вочы і зграбныя вусікі, ледзь адзначаныя, над «пунсовымі вуснамі», як пішуць у раманах. Я аслупянела ад нечаканасці. Ён засмяяўся і назваў сябе: «Фабіян дзю Рансэрэ… пляменнік вашай дырэктрысы. Яна мела ласку мяне запрасіць». Мы абмяняліся працяглымі позіркамі.

21 лістапада. – Чатыры гадзіны раніцы. Я проста змярцвела ад холаду і стомленасці… Але ніяк не магу заснуць. 3 чаго б гэта? Чаму я не сплю?.. Жызэль… Ах, я так баюся за яе!.. Аднак трэба апісаць усё па парадку. Можа, гэта мяне супакоіць… 3 чаго пачаць?.. Адразу ж пасля абеду ў сталовай, як і заўсёды (хіба што меню было палепшанае, святочнае), мы, я і Жызэль, пайшлі адзявацца. Плацце з фіжмамі, нізкае дэкальтэ; мы былі амаль гатовы. Знадворку конскі тупат. Адусюль з’язджаліся госці. Мне аж дух заняло. Страшна! Сэрца як не выскачыць. У галаве ўсё пераблыталася. Але як толькі мы з’явіліся на сцэне, упэўненасць вярнулася і словы ролі сталі на месца. Поспех быў выключны… Прыгожы лейтэнант, які сядзеў у першым радзе каля сваёй цёткі, не спускаў вачэй з Жызэлі. Я пачула, як ён, нахіліўшыся да мадам Гардон, запытаў: «Хто гэтая красуня?» Адказ наўрад ці быў спрыяльны. Мадам Гардон не любіла Жызэлі.

Пасля воплескаў і пахвал удзельніцам спектакля пачаўся баль. Кавалераў было значна менш, чым дзяўчат, і мы занепакоіліся. А ці запросяць нас? I пажадана тыя, хто нам падабаецца? Альбо мы будзем вымушаны танцаваць адны са сваімі сяброўкамі? Жызэль, тая не мела клопату. Фабіян дзю Рансэрэ падскочыў да яе адразу і хутчэй запісаў у свой лісток на ўсе танцы. Жызэль, вельмі задаволенаяі не пярэчыла, пакінуўшы ў запасе адзін вальс для Фартуніо. Мяне выбраў малады паўднёва-амерыканскі дыпламат. Мужчына даволі сімпатычны, брат нашай чылійкі. Ён не адпускаў мяне ўвесь вечар. Ці то 3 ім, ці то з іншымі, але я не прапусціла ніводнага танца і зусім забыла пра Жызэль. Пад поўнач усхадзілася навальніца, але аркестр перакрываў раскаты грому. У дзве гадзіны мадам Гардон пляснула ў далоні і абвясціла, што нам пара спаць. Я пашукала Жызэль і, не знайшоўшы, крыху ўстрывожаная, падалася да сябе.

Мінут праз дзесяць яна з’явілася, усхваляваная, задыханая, і прыпала да маіх грудзей. Яе ўзрушанасць мяне напалохала. Я запытала: «Што з табой?» Яна мне ў адказ: «Я пачынаю вялікую справу, у ёй падмурак майго жыцця».

– Вялікую справу?

– Найвялікшую, – адказала яна. – Каханне.

– Што ты пляцеш?

– Слухай, Эмілія… Ты бачыла, як Фабіян дзю Рансэрэ павёў мяне ў сад?

– У сад? Не, не бачыла. Чаго яму ў сад у такі час?

– Мы танцавалі… Нам стала горача… Ён не адпускаў мяне… Нарэшце мы выйшлі. Там у ліпавай алеі, ты ведаеш, той, што ў аранжарэю вядзе, ён мне сказаў: «Мне здавалася, я кахаю ўсіх жанчын наогул і ніводнай у прыватнасці. Я пераходзіў раўнадушна ад аднае да другой. Салдату не выпадае затрымлівацца. I раптам, у гэты вечар, я адчуў, што не магу абысціся без вас. Вы тая, аб якой я безнадзейна марыў: прыгажосць, розум і грацыя… I ўпершыню мне стала ясна, што гэтыя тры словы: «я вас люблю» маюць сэнс… магутны і глыбокі сэнс».

Яна паўтарала яго словы з такім запалам, што мне захацелася суняць яе імпэт.

– Усе людзі так гавораць, – заўважыла я.

– Няпраўда! – прамовіла Жызэль. – Гавораць, але не так, як ён… I ў гэты момант мы пачулі першы гром, і адразу ж пасыпаліся буйныя кроплі дажджу. «Плацце, ваша плацце!» – крыкнуў ён і пацягнуў мяне ў аранжарэю… Памятаеш, там ёсць лаўка пад пальмамі? Мы селі. Ён абхапіў мяне за талію і хацеў пацалаваць…

– О, Жызэль!

– Што, о Жызэль? Хіба гэта не натуральна, калі мужчына з жанчынай цалуюцца?

– Яно-то так, але ж ты вельмі маладая… I ты яго зусім не ведаеш.

– Адкуль ты ўзяла? За гадзіну кахання чалавека можна пазнаць больш, чым за год нейтральных спатканняў. Зрэшты, ён ажэніцца са мной.

– Ён зрабіў табе прапанову?

– Зрабіў. Але спачатку павінен параіцца з бацькамі і начальствам.

– 3 начальствам? Пры чым тут начальства?

– У арміі так паложана… Ну і вось… калі ўсе разышліся, ён мне сказаў, што начуе ў каледжы і яму адвялі пакой блізка ад нашага, і папрасіў, каб я прыйшла да яго прадоўжыць размову.

– Жызэль!.. – закрычала я. – Ты не зробіш гэтага! Ты што, згадзілася? Які жах!.. Ты – вар’ятка!

– Я пачала з таго самага, – прамовіла Жызэль, – сказала яму, як і ты: вы – вар’ят… Гэта немагчыма… Са мною ў пакоі жыве яшчэ адна вучаніца, і нарэшце… «Вы пачакайце, – сказаў ён, – пакуль ваша сяброўка засне… Альбо растлумачце ёй… Калі яна ваша сяброўка, яна павінна быць такой жа чулай і смелай, як вы. I што тут дрэннага? Вы ж не думаеце, што я дазволю злоўжываць вашым юнацтвам, ды яшчэ ў маёй цёткі пад дахам? Не, я толькі хачу прадоўжыць наш цудоўны вечар, самы цудоўны ў маім жыцці… Такой магчымасці не будзе больш да таго дня, калі вы мне пазней дазволіце аб’яднаць мой лёс з вашым навекі… Вы пабачыце, як прыемна прабавіць ноч у шчырых размовах з сардэчным другам…» Я падумала: праўду ён кажа – і згадзілася.