18+
реклама
18+
Бургер менюБургер меню

Андре Моруа – Навелы (страница 40)

18

Нахмурыўшыся і памаўчаўшы, Дзюга дадаў:

– Скажыце, дарагі мэтр, што тады адбылося? Ніхто не прагаварыўся ні словам, але цень драмы не адступала ад губернатара, яго жонкі і падпалкоўніка Анжэліні пасля іх звароту ні на крок… Вы знаеце, падпалкоўнік папрасіў перавесці яго ў іншае месца, і неўзабаве яго адпусцілі. Мяне дзівіць тое, што шэф быў не супраць.

– Чаму дзівіць?

– Не ведаю. Ён яго вельмі паважаў. І потым, я быў упэўнены, што пастараюцца яго затрымаць.

– Хто? Вы хочаце сказаць – Жызэль?

Дзюга ўважліва паглядзеў на мяне:

– Яна першая прыклала ўсе сілы, каб ён выехаў.

– А дзе цяпер Анжэліні?

– Камандуе мотастралковым палком. У генералы меціць.

Надышла акупацыя. Пяць гадоў змагання, трывог і надзей. Потым мы з вамі бачылі, як ажываў заняпалы Парыж. У пачатку 1947 года Элен дэ Тыянж запытала мяне:

– Вы не жадаеце паснедаць у нас разам з Бусарамі? Кажуць, яго збіраюцца прызначыць галоўным рэзідэнтам у Індакітаі… Выдатны чалавек, трошкі суровы, але вельмі культурны. Вы чулі, што ён нядаўна апублікаваў зборнік вершаў пад псеўданімам?.. У яго красуня жонка.

– Я з ёю знаёмы, – адказаў я. – Перад вайной мне давялося спыняцца ў іх, калі Эрык Бусар быў губернатарам у адной з краін Чорнай Афрыкі… Цікава пабачыцца з імі яшчэ раз. Але ці будуць яны задаволены гэтай сустрэчай? – сумняваўся я. Як-ніяк, а я адзіны сведка іх вялікай сямейнай трагедыі. Аднак жаданне перамагло, і я прыняў запрашэнне.

Няўжо вайна і нягоды так змянілі мяне? Бусары пазналі мяне не адразу. Я падышоў да іх, але яны зірнулі на Элен з тым асцярожным запытаннем, што неадкладна просіць тлумачэння, і гаспадыня назвала мяне. Халодны твар губернатара пасвятлеў, а яго жонка ўсміхнулася:

– Вось як? – радасна сказала яна. – Вы былі нашым госцем у Афрыцы?

За сталом яна была маёй суседкай. Гутарка мая з ёю нагадвала прагулку па крохкім лёдзе, я ўвесь час баяўся, што правалюся. Нарэшце, пераканаўшыся ў яе лагоднасці і спакоі, я рызыкнуў напомніць пра ўраган на дэльце.

– Праўда, – пацвердзіла яна. – Вы былі ўдзельнікам гэтай недарэчнай экспедыцыі. Злашчасная авантура! Мы там ледзь не загінулі.

Яна на хвіліну спынілася, перад ёю паставілі блюда з закускай, потым, не павышаючы голасу, загаварыла далей:

– Тады вы, напэўна, бачылі ў нас Анжэліні… Вы ведаеце, яго забілі, небараку…

– Не, я не чуў… У гэтую вайну?

– Так, у Італіі… Ён камандаваў дывізіяй у баі каля Монтэ Касіна. Там і застаўся… Шкада! Мог бы зрабіць бліскучую кар'еру! Мой муж яго вельмі цаніў.

Я глядзеў на яе са здзіўленнем і сам у сябе пытаўся: няўжо яна не адчувае, што яе словы мяне глыбока ўразілі. Выгляд у яе быў нявінны, незалежны, прыстойна маркотны, як бывае, калі гавораць аб смерці чужога чалавека. Тады я зразумеў, што маска зноў на месцы і прыліпла так, што стала яе тварам. Жызэль забыла, што я ведаў яе тайну.

Вяртанне з палону

Гэта – праўдзівая гісторыя. Падзея адбылася ў 1945 годзе ў французскім сяле, якое мы назавём умоўна Шардэйль, сапраўдную ж назву пакінем у сакрэце па прычынах зразумелых. Пачалося гэта яшчэ ў цягніку, які вёз з Германіі палонных французаў. Іх было дванаццаць у купэ, разлічаным на дзесяць. Страшэнна змораныя, яны сядзелі ў цеснаце, але ўсхваляваныя і шчаслівыя, бо ведалі, што нарэшце, пасля пяці гадоў разлукі, ізноў пабачаць сваю радзіму, свой дом, сваю сям'ю.

Усю дарогу перад вачамі амаль кожнага з іх стаяў адзіны вобраз, які ніяк не выходзіў з галавы, – вобраз жонкі. Кожны думаў аб ёй з любоўю, з надзеяй, некаторыя з трывогай. Ці такая яна, як была? Ці захавала вернасць? Каго яна бачыла, што рабіла ў гэтыя цяжкія гады чакання і адзіноты? Ці можна будзе жыць з ёю разам, як і раней? Тыя, хто меў дзяцей, былі спакайнейшыя. Іхнім жонкам трэба было выхоўваць малых, і прысутнасць дзяцей, якія з цікавасцю сустрэнуць бацьку, уцешыць у першыя дні.

У кутку купэ сядзеў высокі худы чалавек. Яго бледны гарачы твар і бліскучыя вочы хутчэй нагадвалі іспанца, чым француза. Прозвішча яго – Рэно Леймары, а родам ён быў з Шардэйля з паўднёва-заходняй правінцыі Перыгор. Цягнік імчаўся ўночы. Глуха грукаталі колы, і толькі свісток паравоза час ад часу парушаў іх аднастайны, імклівы рытм. Леймары размаўляў са сваім суседам:

– Скажы мне, Сатурнін, ты жанаты?

– А то як жа. Вядома, жанаты… Гады два да вайны, і хлопчыкаў двое… Завуць яе Марта. Хочаш, пакажу?

Сатурнін, вясёлы нізенькі чалавек са шрамамі на твары, выцягнуў з унутранай кішэні стары зашмальцаваны бумажнік і з гордасцю паказаў яму парваную фотакартку.

– Ого, якая ў цябе красуня! – пахваліў Леймары. – І табе не боязна вяртацца дадому?

– Боязна?.. Ды я ад радасці скакаць гатоў. Чаму боязна?

– А таму, што яна прыгожая і адна, а навокал столькі ўсякіх розных…

– Глупства гародзіш! Для Марты існую толькі я… Мы жылі разам так шчасліва… І калі я табе пакажу яе лісты за гэтыя пяць гадоў…

– Ат! Лісты! Гэта нічога не даказвае… Я таксама атрымліваў добрыя лісты… І ўсё ж мне боязна.

– Ты не ўпэўнены ў сваёй жонцы?

– Наадварот… Ва ўсякім разе раней… Верыў ёй, можа, нават больш, чым хто іншы. Мы ўжо шэсць гадоў, як пажаніліся, і хоць бы хмурыначка.

– Ну то чаго ж ты?

– Гэта залежыць ад характару, братка… Я з тых людзей, якія не давяраюць шчасцю. Заўсёды я казаў сабе, што Элен мне не пара, што яна лепшая за мяне, і разумнейшая, і прыгажэйшая… Яна жанчына адукаваная і ўмее ўсё рабіць… За матэрыю возьмецца і такое плацце выштукуе – любата… Або хату абставіць, звычайную, сялянскую, – заходзіш, як у рай… Вось я і думаю, у часе вайны колькі ўсякіх бежанцаў у нас перабывала і сярод іх, мабыць, пападаліся хлопцы больш відныя, чым я. Дый чужаземцы, магчыма… саюзнікі… Першая красуня на сяле, напэўна, трапілася ім на вока.

– Ну і што з таго? Калі яна цябе любіць…

– Так то яно так, братка, але ты ўяві сабе, што значыць быць адной пяць гадоў… Шардэйль жа не яе радзіма, а мая. У яе там ні сваякоў, ні блізкіх. Спакуса была вялікая.

– Глупства гародзіш, яшчэ раз паўтараю! Ты нейкі кручаны… Дапусцім, і было нешта такое… Дык што ж тады на сцяну лезці, раз яна пра гэта забыла? Раз яна цябе сваім мужам лічыць? Каб мне, напрыклад, хто-небудзь нагаварыў пра Марту, я б яму адрэзаў так: «Маўчы і не плявузгай!.. Яна мая жонка, была вайна, яна была адна, а цяпер мір і ўсё трэба пачынаць спачатку».

– Гэта не ў маёй натуры, – рашуча сказаў Леймары. – Калі я, вярнуўшыся, даведаюся, што яна мне хоць кропельку…

– Ну і што ты ёй зробіш? Заб'еш яе? У цябе ж, можа, яшчэ ёсць трошкі мазгоў у галаве?

– Не, я ёй нічога не зраблю. Нават ліхога слова ад мяне не пачуе. Я проста знікну. Знайду сабе якую-небудзь мясціну і буду жыць пад чужым прозвішчам. Пакіну ёй грошы, хату, маёмасць… Мне нічога не трэба, у мяне ёсць прафесія… Не прападу, наладжу жыццё… Можа, гэта і неразумна, але я такі: усё або нічога.

Засвістаў паравоз, заскрыгаталі стрэлкі, цягнік набліжаўся да станцыі. Двое падарожных спынілі размову.

Мэр Шардэйля быў сельскім настаўнікам. Яго паважалі за душэўнасць і бацькоўскі клопат. Раніцай, як толькі прыйшло паведамленне з міністэрства, што дваццатага жніўня ў маршрутным эшалоне Поўдзень – Захад разам з іншымі вяртаецца і Рэно Леймары, ён вырашыў неадкладна сам схадзіць да яго жонкі з гэтай радаснай весткай. Яна якраз працавала ў садзе. Цудоўны быў садок, у сяле самы лепшы, з кустамі духмяных чырвоных руж паабапал брамкі.

– Я добра ведаю, мадам Леймары, што вы не з тых жанчын, якіх трэба папярэджваць аб вяртанні мужа, каб абараніць ад небяспечнага сюрпрызу… Не, і, з вашага дазволу, скажу вам шчыра, што вашы паводзіны, ваша стрыманасць прыводзяць у захапленне ўсё тутэйшае насельніцтва… Нават пляткаркі, якім чужая жанчына, як парушына ў воку, і тыя не могуць прычапіцца да вас.

– Прычапіцца заўсёды можна, пане мэр, – адказала яна з усмешкай.

– Ваша праўда, мадам, ваша праўда… Але вы ім усім наступілі на язык… Не, я проста хацеў зрабіць вам прыемнасць… Служыць народу для мяне найвялікшая асалода… Я ад душы падзяляю вашу радасць і думаю, вы падрыхтуеце ўсё для ўрачыстай сустрэчы… Вядома, кожнаму цяпер цяжка, прадуктаў не хапае, але, спадзяюся, для такога выпадку…

– Слушна, вельмі слушна гаворыце, пане мэр. Я пастараюся, каб Рэно быў задаволены… Вы кажаце, дваццатага жніўня? У колькі гадзін, вы думаеце, ён будзе тут?

– Міністэрства паведамляе: «Эшалон адправяць з Парыжа ў дваццаць тры гадзіны». Такія цягнікі ходзяць павольна… Ехаць ён павінен да станцыі Тывіе і адтуль чатыры кіламетры пехатой. Тут ён будзе не раней як каля поўдня.

– О, пане мэр, за гэты час я паспею прыгатаваць яму найлепшае снеданне… Даруйце, што не запрашаю вас… Ведаю, вы не пакрыўдзіцеся… Вельмі вам удзячна, пане мэр, за ваш ласкавы і добразычлівы візіт.

– Усё насельніцтва Шардэйля вас паважае, мадам Леймары… Вы не тутэйшая, гэта праўда, але вы для нас, як родная дачка.

Дваццатага жніўня Элен Леймары паднялася чуць свет, гадзіне а шостай. Усю ноч яна не магла заснуць. Яшчэ ўчора яна прыбрала хату, вымыла шыбы, нацерла да бляску падлогу, палінялыя стужкі на аконных фіранках замяніла свежымі. Потым схадзіла да Марцыяла, мясцовага цырульніка, зрабіла завіўку і легла спаць з сеткай на галаве, каб не сапсаваць прычоскі. Яна ўважна перагледзела ўсю сваю бялізну і з любоўю выбрала шаўковую сарочку, якую ні разу не насіла за гэтыя пяць гадоў адзіноты. А якое ж надзець ёй плацце? Больш за ўсё яму калісьці падабалася плацце ў блакітныя і белыя палоскі. Яна памерала яго і са смуткам заўважыла, што яно нязграбна вісіць на яе схуднелым ад недаядання целе. Не, яна надзене чорнае плацце, якое павузіла сама, ажывіўшы каляровым каўнерыкам і поясам.