18+
реклама
18+
Бургер менюБургер меню

Андре Моруа – Навелы (страница 39)

18

– Хто хоча есці? – запытала мадам Бусар. – У мяне ёсць сандвічы і фрукты…

Пілот, які прыйшоў да нас у кабіну, сказаў, што лепш прыберагчы прадукты, бо толькі бог ведае, як і калі мы адсюль выберамся. Ён паспрабаваў яшчэ раз паведаміць аб здарэнні па радыё, але адказу не атрымаў. Я зірнуў на гадзіннік. Было адзінаццаць гадзін раніцы.

Апаўдні вецер трошкі прыціх. Нашы пальмы добра ахоўвалі самалёт. Губернатар задрамаў. Я адчуваў сябе змардаваным і аслабелым. Я зажмурыў вочы, потым міжвольна іх крыху расплюшчыў, ахоплены дзіўным уражаннем, быццам аднекуль павеяла на мяне цяплом і сілай. І вось я заўважыў, як Жызэль і падпалкоўнік абмяняліся позіркамі. Яны сядзелі блізка адно ад аднаго. Выраз іхніх твараў быў такі адданы, такі пяшчотны, што не магло быць сумнення: гэтыя двое былі каханак і яго палюбоўніца. Яшчэ ўчора вечарам я прадчуваў гэта, сам не ведаю чаму, бо іх паводзіны былі пры чужых бездакорныя. Я хутчэй заплюшчыў вочы і ад вялікай стомленасці заснуў.

Мяне разбудзіў шквалісты парыў ветру, які так скалануў самалёт, што, я думаў, вырве яго разам з пальмамі.

– Што такое? – запытаў я.

– Бура аднавілася, і вада прыбывае, – адказаў пілот не без горычы. – На гэты раз мы загінем, месье. Праз гадзіну мора затопіць гэты астравок… і нас.

Ён глянуў на губернатара з дакорам, нават злосна, і дадаў:

– Я брэтонец, веру ў бога… Буду маліцца.

Учора мне сказаў Дзюга, што паводле палітычнай традыцыі губернатар заядлы антыклерыкал, аднак да місіянераў ставіцца добразычліва, паколькі яны яму робяць значныя паслугі. Маліцца ён не збіраўся, але пілоту свайму не пярэчыў. У гэты момант пачуўся трэск: ураганны вецер расшчапіў пальму злева. Набліжаўся канец. І тады Жызэль, вельмі бледная, у нейкім палымяным натхненні, кінулася да маладога падпалкоўніка:

– Раз мы ўсе памром, я хачу памерці ў тваіх абдымках.

І, павярнуўшыся да свайго мужа, яна дадала:

– Даруйце мне, Эрык… Я рабіла ўсё, каб пазбавіць вас гэтага болю… Цяпер жа ўсё скончана, і для мяне і для вас… Я не магу больш ілгаць.

Падпалкоўнік задрыжаў увесь і падняўся, каб адхіліць ад сябе ашалелую жанчыну.

– Пане губернатар, – пачаў ён…

Свіст і шум урагана заглушылі яго словы. Губернатар сядзеў амаль побач і, як зачараваны, пазіраў на гэту пару. Губы яго падскаквалі, не ведаю, ці ён гаварыў што, ці толькі тужыўся нешта сказаць. Ён так пабляднеў, што мне здалося, вось-вось страціць прытомнасць. Самалёт, які ўчапіўся адным крылом за пальму справа, коўзаўся па пяску, трапятаўся і стукаў, як разгорнуты сцяг. У хвіліну смяротнай небяспекі я павінен быў думаць аб сям'і, аб маёй дарагой Ізабеле, але відовішча было такое выключнае, што я не мог адарваць вачэй.

Спераду, спіной да пасажыраў, укленчыў пілот і шаптаў малітву. Сэрца падпалкоўніка раздзіралі процілеглыя пачуцці: каханне прымушала яго прытуліць няшчасную жанчыну, а сумленне і боль за зняважаны гонар свайго шэфа, якога ён шчыра паважаў, звязвалі яму рукі. Што датычыцца мяне, то я сядзеў, скурчыўшыся, каб менш трасло, і стараўся трымацца ў баку ад драмы траіх, не перашкаджаць ім. Зрэшты, я ўпэўнены, што яны мяне не заўважалі.

Губернатар, хапаючыся за крэслы, падышоў да сваёй жонкі. У гэтым страшным няшчасці, якое адразу знішчала і яго жыццё і яго дабрабыт, ён захоўваў нейкую дзіўную высакароднасць. Гнеў не перакрывіў яго прыгожага твару, і толькі вочы былі вільготныя. Прыблізіўшыся, ён абапёрся на маё плячо і голасам, пяшчотнасць якога ўзрушвала да слёз, сказаў:

– Я ніколі не думаў, Жызэль, ніколі не думаў… Вярніцеся, сядзьце са мной… Жызэль! Я прашу вас… Я вам загадваю.

Яна абвіла рукамі падпалкоўніка і цягнула яго да сябе:

– Любы мой, любы мой! Не супраціўляйся!.. Усё скончана. Я хачу памерці, цалуючы цябе… Любы мой, у гэтыя апошнія хвіліны ніякіх дакораў сумлення… Калі было трэба, я цябе слухала, ты гэта ведаеш… Ты любіў, шанаваў Эрыка… Я таксама… Так, гэта праўда, Эрык, я цябе любіла!.. Але ж цяпер – канец!..

Нейкі металічны абломак пры чарговым штуршку парэзаў ёй твар. Тонкая палоска крыві выступіла на шчацэ.

– «Захоўваць прыстойнасць!» – прамовіла яна тужліва… – Колькі разоў ты паўтараў мне гэтыя словы, мой любы… І мы яе мужна захоўвалі… Цяпер жа… Што нам паказная прыстойнасць у гэтыя апошнія нашы хвіліны і потым глуха, з запалам:

– Смялей, не бойся!.. – прашаптала яна каханку. – Прыйшла наша смерць… Што ж ты стаіш, перапалоханы, як перад прывідам?..

Яе муж нахіліўся, трымаючы хустачку, і лёгкім, далікатным жэстам выцер ёй акрываўленую шчаку. Потым глянуў на падпалкоўніка са смуткам, але без суровасці. Яго вочы, здавалася, гаварылі: «Абдымі гэту няшчасную. Я пераступіў цераз усе межы чалавечых пакут…» Той, другі, прыгнечаны, раздаўлены, адказваў яму гэтак жа маўкліва: «Не магу. Я вас надта паважаю. Даруйце». Я ўявіў сабе Трыстана і караля Марка, мужа Ізольды. Больш патэтычнай сцэны мне ніколі не даводзілася бачыць. Чуліся толькі пранізлівы свіст ветру і, як далёкае журчанне, малітва пілота. Праз ілюмінатар відаць было шэрае свінцовае неба з табунамі касмыкаватых хмар, а калі зірнуць уніз, усюды варушылася і падымалася жоўтая вада.

Кароткая паўза, і жанчына, што прыпала да грудзей афіцэра, адкінулася назад. Потым з дзікім нахабствам, абшчапіла яго за шыю і пачала цалаваць. Ён трошкі абараняўся, потым, ад жалю ці, можа, ад іншых пачуццяў, адвярнуўся нарэшце ад свайго шэфа і горача пацалаваў яе сам. Губернатар пабляднеў яшчэ больш, адкінуўся на спінку крэсла і амаль страціў прытомнасць. Засаромеўшыся, я міжвольна заплюшчыў вочы.

Колькі часу мы правялі гэтак? Не ведаю. Я толькі дакладна помню, што ў жудаснай плыні хвілін ці гадзін, прабіўшыся праз буру, да маіх вушэй данеслася раптам стракатанне матора. Што гэта, галюцынацыя? Я прыслухаўся і азірнуўся. Мае спадарожнікі таксама слухалі. Падпалкоўнік і Жызэль ужо разышліся. Яна прыблізілася на паўкрока да свайго мужа. Ён углядаўся ў ілюмінатар. Пілот стаяў увесь насцярожаны:

– Вы чуеце, пан губернатар?

– Чую, – адказаў той. – Гэта самалёт?

– Думаю, што не. Шум матора значна слабейшы…

– Што ж бы гэта? – запытаў падпалкоўнік. – Я нічога не бачу.

– Магчыма, катэр берагавой аховы.

– Як маглі яны дазнацца, што мы тут?

– Не ведаю, пан падпалкоўнік. Матор працуе ва ўсю. Плывуць да нас. Шум з усходу, значыць, ад берага… Гляньце, гляньце, пан падпалкоўнік! Бачыце шэрую кропку там, там, на хвалях? Гэта катэр.

Пілот істэрычна зарагатаў.

– Божа мой! – уздыхнула Жызэль і яшчэ на адзін крок наблізілася да мужа.

Прытуліўшыся тварам да ілюмінатара, я выразна бачыў катэр, які накіроўваўся да нас. Ён плыў цяжка, змагаючыся з прылівам, час ад часу хаваўся за сцяною вады, але быў ужо недалёка. Добрую чвэрць гадзіны патрацілі матросы, каб прычаліць да астраўка. Мы ніяк не маглі дачакацца. Нарэшце, зачапіўшыся крукам за пальму, яны падплылі да нас. Але як нам выбрацца? Вецер няшчадна церабіў самалёт, і вылазіць адтуль было небяспечна. Дый катэр гайдаўся на хвалях, як шчэпка. Пілот нейк усё ж адчыніў дзверцы і яму ўдалося перакінуць вераўчаную лесвіцу, якую адразу ж падхапілі матросы. І цяпер яшчэ я не магу ўявіць, якім чынам мы ўсе пяцёра апынуліся на маленькім судне і ніхто не зваліўся ў мора.

Захінуўшыся ў цыратовыя плашчы, мы глядзелі з катэра на наш самалёт з пачцівым жахам. Звонку было асабліва ясна відаць, што гэты цуд раўнавагі доўга не мог пратрымацца. Жызэль з выключнай вытрымкай прыводзіла ў парадак свае валасы. Гардэмарын, які камандаваў вартавым катэрам, паведаміў нам, што вымушаную пасадку самалёта заўважыў дазорны і што ад самай раніцы яны прабавалі нам памагчы… Тры разы раз'юшанае мора прымушала ратавальнікаў вяртацца, і толькі за чацвёртым разам яны дабраліся да нас. Матросы расказалі аб жудаснай шкодзе, прычыненай навадненнем берагавым вёскам і порту Батока.

Мясцовы адміністратар сустрэў нас на набярэжнай. Гэта быў малады каланіяльны чыноўнік, крыху напалоханы цяжкімі вынікамі стыхійнага бедства. Але губернатар Бусар, як толькі ступіў на зямлю, праявіў сябе сапраўдным «гаспадаром». Гэта быў начальнік высокага класа, які ўмеў прымаць неабходныя меры. Ён звярнуўся да падпалкоўніка Анжэліні з патрабаваннем тэрмінова выдзеліць салдатаў для дапамогі насельніцтву. І я са здзіўленнем назіраў, як дружна яны абодва распараджаліся. Нікому і ў галаву б не прыйшло, што гэтых людзей падзяляе вялікая асабістая крыўда. Мадам Бусар завялі ў дом адміністратара, маладзенькая жонка якога напаіла яе чаем і дала ёй дажджавік. Пасля чаго мадам Бусар выказала жаданне прыняць удзел у агульнай працы і занялася дзецьмі і раненымі.

– Адкрыццё помніка, пане губернатар, я лічу… – мітусіўся малады чыноўнік.

– Перш чым ушаноўваць мёртвых, трэба выратаваць жывых, – спыніў яго губернатар.

Аб маім дакладзе і думкі быць не магло. Я адчуваў, што ўсе ўдзельнікі гэтай невялічкай драмы спяшаліся справадзіць мяне ў новае падарожжа. На гэты раз мне параілі ехаць чыгункай. Я прыйшоў развітацца з мадам Бусар.

– Які ўспамін вы аб нас захаваеце! – прамовіла яна.

Я так і не ведаю, што яна мела на ўвазе: жудасны палёт ці любоўную трагедыю.

– А вы іх бачылі пасля таго? – запытала Клер Менетрые.

– Чакайце, – пачаў Бертран Шміт… – Гады два пазней, у 194О-м, мабілізаваны як афіцэр, я сустрэў Дзюга, ужо ў чыне капітана, на бельгійскім фронце ў афіцэрскай сталовай генерала каланіяльнай дывізіі. Ён мне расказаў пра гэта страшнае падарожжа. Вы шчасліва выскачылі! Ваш пілот мне ўсё апісаў… Ён вельмі злаваўся на свайго шэфа, якому перад адлётам прадказваў катастрофу.