Андре Моруа – Навелы (страница 35)
Я прыняў запрашэнне і з'явіўся ў вызначаны тэрмін. Пані Бурдак была ў тым самым чорным шаўковым плацці з карункавым жабо, што і ў 1937 годзе, і ў жамчужным калье. Яна мне здалася занадта змрочнай.
– Мне так нудна! – паскардзілася яна. – У нас усяго два пакоі, ніякіх сяброў… Ах! Ніколі я не думала, што давядзецца канчаць свой век у выгнанні.
– Мадам, хто ж вас прымусіў? – запытаў я. – Наколькі мне вядома, у вас не было асаблівых прычын баяцца немцаў. Я разумею, што вам не хацелася жыць пры іх; аднак па сваёй волі адплываць у чужую краіну, выгнаннікамі, не ведаючы мовы…
– О, немцы тут ні пры чым. Мы прыехалі сюды яшчэ да вайны, – журботна прамовіла яна.
Яе муж падняўся, прачыніў дзверы ў калідор, каб праверыць, ці не падслухоўвае хто, замкнуў іх, потым, вярнуўшыся, сеў і ціха сказаў мне:
– Я вам усё растлумачу. Мы ведаем, што вы чалавек стрыманы, і ахвотна выслухалі б вашу параду. Ёсць у мяне амерыканскі адвакат. Але вы мяне лепш зразумееце… Дык вось… Не ведаю, ці помніце вы, што, як прыйшоў да ўлады Народны фронт, мы палічылі небяспечным трымаць нашы залатыя зліткі ў французскім банку. Нам удалося знайсці спосаб пераправіць іх, надзейна і ўпотай, у Злучаныя Штаты. І, натуральная рэч, мы вырашылі там замацавацца. І не для таго, каб не разлучацца з нашым золатам… а нейк само па сабе… У Ню-Ёрку аднак, у 1938 годзе, мы яго памянялі на даляры, бо не верылі (і мелі падставу), што Амерыка дапусціць новую дэвальвацыю. Апроч таго, добра інфармаваныя людзі нам сказалі, што Расея збівае цану на золата, разгарнуўшы ў Сібіры геалагічныя пошукі… Але тут была праблема: у якой форме захоўваць нашы грошы? Рахунак у банку? У папяровых далярах? У акцыях? Калі б мы накупілі амерыканскіх аблігацый, нас бы прымусілі плаціць падаходны падатак, а ён тут вельмі вялікі. І мы ўсё пакінулі ў папяровых далярах.
Я не стрымаўся і перабіў яго:
– Значыцца, каб не плаціць пяцьдзесят працэнтаў падатку, вы гатовы выкінуць на вецер усе сто?
– Тут іншая прычына, – прамовіў ён таямнічым голасам. – Мы прадчувалі, што будзе вайна, а значыцца, рахункі ў банках могуць замарозіць, сейфы ачысціць, тым болей, што мы не з'яўляемся амерыканскімі грамадзянамі… І мы вырашылі трымаць нашы грошы заўсёды пры сабе.
– Пры сабе? – аслупянеў я. – Што вы такое гаворыце?.. Тут, у гатэлі?
Абое схілілі галовы з усмешкай, потым пераглянуліся, як хітрыя змоўшчыкі.
– Так, – прамовіў ён ледзь чутна. – Так, тут, у гатэлі. Мы ўсё – даляры і трошкі золата – паклалі ў дарожны чамадан. Ён там, у нашай спальні.
Бурдак падняўся, адчыніў суседнія дзверы і, узяўшы мяне за руку, паказаў мне на вялізны чорны чамадан, самы звычайны на выгляд.
– Вось… – прашаптаў ён, як святар перад алтаром, і зачыніў дзверы.
– А вы не баіцеся, – запытаў я, – што пра гэту гісторыю са скарбам у чамадане дачуюцца? Якая спакуса для зладзеяў!
– Не, – адказаў ён. – Ніхто гэтага не ведае, апрача нашага адваката… і вас, якому я поўнасцю давяраю… Усё прадугледжана, магу вас запэўніць. Чамадан не прыцягвае ўвагі, як, скажам, куфар. Ніхто не падумае, што там столькі багацця. А галоўнае, мы заўсёды на варце, і ўдзень і ўночы, тут, у пакоі.
– Вы ніколі не выходзіце?
– Разам ніколі! У нас ёсць рэвальвер, у шуфлядзе ў століку каля чамадана. І хто-небудзь з нас абавязкова дзяжурыць. Я хаджу снедаць у французскі рэстаран, дзе мы з вамі спаткаліся. Мая жонка там абедае. Так што чамадан без нагляду не бывае. Вы разумееце?
– Ну, шаноўны пане Бурдак, аднаго я не разумею, чаму вы асудзілі сябе на такое існаванне – мізэрнае, самотнае, як у манастыры?.. Падаткі? А што вам да іх? У вас жа столькі сродкаў, што вы маглі б жыць у раскошы да канца сваіх дзён!
– Справа не ў гэтым, – нахмурыўся ён. – Я не хачу аддаваць ім грошы, прыдбаныя мною ў вялікіх пакутах.
Я паспрабаваў змяніць тэму гутаркі. Бурдак быў адукаваны, нядрэнна разбіраўся ў гісторыі. Мне цікава было паслухаць пра калекцыю аўтографаў, сабраную ім калісьці, але яго жонка, апантаная яшчэ больш, чым ён, павярнула зноў на ранейшае.
– Ёсць адзін чалавек, якога я ўсё ж баюся, – сказала яна прыглушаным голасам, – гэта наш метрдатэль, немец, што прыносіць нам падсняданак. Позірк, які ён кідае часам на гэтыя дзверы, мне страшэнна не падабаецца. Але раніцай мы дома абое. Я думаю, што ў гэты час няма ніякай пагрозы.
І яшчэ мелі клопат – сабаку. У іх быў прыгожы пудзель, на рэдкасць разумны, які заўсёды ляжаў у кутку гасцінай. Але ж тры разы на дзень яго трэба было выпускаць. І яны вадзілі яго напераменку.
Я развітаўся.
Мне было прыкра ад іх вар'яцкай маніі, дурной упартасці, і разам з тым нешта прыцягвала мяне да гэтых незвычайных людзей.
Пасля візіту да іх я часта знарок пачаў раней адрывацца ад работы, каб прыйсці на абед у «Залатую змяю» роўна а сёмай гадзіне. Тады я мог сесці за адзін стол з пані Бурдак. Яна не была такой ваўкаватай, як яе муж, і даволі наіўна дзялілася са мной сямейнымі трывогамі і праектамі.
– Эжэн, – аднойчы прызналася яна, – чалавек выключнай інтуіцыі. Ён прадугледжвае ўсё. Сёння ўночы раптам у яго з'явілася думка, што ўрад можа абвясціць абмен грошай, каб выбраць іх з прыватных рук, і тады мы будзем вымушаны прад'явіць свае даляры.
– Вядома. І што ж тут дрэннага?
– Гэта вельмі сур'ёзна, – сказала яна. – Мы нічога не прад'яўлялі, калі Міністэрства фінансаў Злучаных Штатаў у 1943 годзе ўзяло на ўлік маёмасць бежанцаў… На нас бы пасыпаліся непрыемнасці… Але ў Эжэна ёсць новы план. Здаецца, у некаторых рэспубліках Паўднёвай Амерыкі падатак на прыбыткі не накладаецца. Калі б нам удалося туды перакінуць наш капітал…
– Як жа яго перакінуць, не паказаўшы ў таможні?
– Эжэн мяркуе, што трэба спачатку прыняць падданства тае дзяржавы, якую мы сабе выберам. Калі, напрыклад, мы станем уругвайцамі, перавод туды грошай будзе законны.
Гэта мне паказалася настолькі забаўным, што назаўтра я прыйшоў у рэстаран снедаць. Пан Бурдак, як заўсёды, сустрэў мяне з радасцю.
– О? – заварушыўся ён. – Гэта так добра, што вы якраз прыйшлі. Я хацеў у вас запытацца… Ці не ведаеце вы, якія трэба выканаць фармальнасці, каб стаць венесуэльцам?
– Не скажу, не ведаю.
– А калумбійцам?
– Таксама не ведаю. Наконт гэтага вы звярніцеся ў консульствы адпаведных краін.
– У консульствы? Вы што, ашалелі? Каб прыцягнуць увагу!
Ён з агідай адсунуў смажанае кураня і цяжка ўздыхнуў:
– Што за эпоха! Вось бы нарадзіцца ў 1830-м і пражыць увесь век без казначэйскага гвалту, без страху, што цябе абрабуюць! А цяпер кожная краіна – разбойнік з вялікай дарогі… Нават Ангельшчына… Я там прыхаваў некалькі карцін і габеленаў з разлікам даставіць іх сюды. І ведаеце, што яны ад мяне патрабуюць? Стопрацэнтную пошліну за вываз, што раўназначна канфіскацыі… Нас абкрадваюць, дарагі мой пане, як у цёмным лесе, як у цёмным лесе.
Пасля гэтага я выехаў па справах у Каліфорнію, так і не даведаўшыся, кім яны сталі: уругвайцамі, венесуэльцамі ці калумбійцамі. Калі праз год я зноў вярнуўся ў Ню-Ёрк, я запытаў пра іх у пана Рабера, гаспадара «Залатой змяі»:
– Скажыце, як Бурдакі? Вы штодня іх бачыце?
– О не! – здзівіўся пан Рабер. – Што вы? Хіба вы не знаеце? Яна памерла месяц таму назад, відаць, ад сардэчнай хваробы, і з таго дня яе муж сюды ні нагой. Не іначай сам захварэў ад перажыванняў.
Я ж уявіў сабе зусім іншую прычыну. Я паслаў старому спачуванне і папрасіў дазволу яго наведаць. Назаўтра ён пазваніў мне па тэлефоне, каб я прыйшоў. Ён быў вельмі бледны, страшэнна худы, губы белыя, голас як з-пад зямлі.
– Я толькі ўчора дачуўся аб вашым няшчасці, – прамовіў я, – і з'явіўся неадкладна, каб вам чым-небудзь дапамагчы, бо, апроч смутку і болю пасля такой страты, вы, я ведаю, цяпер і самі ў немагчымым становішчы.
– Не, не, – запярэчыў ён. – Зусім не… Можна прывыкнуць… Праз акно мне відны прахожыя, праязджаюць аўтамабілі… І потым, скажу вам шчыра, жывучы так, я нарэшце адчуваю сябе ў бяспецы. Раней, ідучы снедаць, я проста мучыўся… Мала што магло здарыцца за маю адсутнасць… Хоць я ведаў, што там мая жонка, мой бедны друг, але ж яна не любіла брацца за рэвальвер, асабліва, калі пачало здаваць сэрца. Цяпер я адчыняю дзверы, і чамадан у мяне заўсёды на воку… Перада мной тое, што мне даражэй за ўсё… І пакуты мае акупаюцца… Вось толькі адна бяда – мой бедны Фердзінанд.
Пудзель, пачуўшы сваё імя, падняўся, падбег і сеў у нагах гаспадара, пільна на яго паглядаючы.
– Нічога не зробіш, я не магу цяпер сам вадзіць яго на прагулку, але дамовіўся з пасыльным, па-іхняму «бел-бой», і што за мова, называлі б, як людзі – «пасыльны», а то ламай язык. Ах, гэта ангельская мова – чысты смех! Я знайшоў маладога хлопца, і за невялічкую плату ён абслугоўвае Фердзінанда, гуляе з ім, ну і ўсё іншае… Так што болей ніякіх сур'ёзных праблем у мяне няма… Вы мелі ласку, дарагі мой пане, прапанаваць мне вашу падтрымку, але ж яно ідзе на лад, усё ідзе на лад, магу вас запэўніць.
– А вы больш не збіраецеся перасяляцца ў Паўднёвую Амерыку?
– Не, дарагі мой пане, не… Што я там буду рабіць? Вашынгтон больш не ставіць пытання аб абмене грошай, і ў мае гады…
Ён сапраўды вельмі пастарэў: умовы, у якіх ён сябе прымусіў жыць, падрывалі здароўе. Ружовыя шчокі выцвілі, завастрыліся, кожнае слова вымаўлялася з натугай.
«Наўрад ці ён доўга працягне», – падумаў я.