18+
реклама
18+
Бургер менюБургер меню

Андре Моруа – Навелы (страница 36)

18

Пераканаўшыся, што нічым яму не дапамагу, я развітаўся. Быў у мяне намер зрэдку заходзіць да яго, але праз некалькі дзён, разгарнуўшы «Ню-Ёрк Таймс», заўважыў загаловак: «Смерць французскага эмігранта. Поўны чамадан даляраў». Я прачытаў рэпартаж. Паведамлялі пра старога Бурдака. Яго знайшлі мёртвым раніцай. Ён ляжаў на сваім чорным чамадане, закруціўшыся ў коўдру. Смерць была натуральная, скарб некрануты. Я прыйшоў у гатэль «Дэльмоніка», каб даведацца, калі і дзе адбудзецца пахаванне. Таксама спытаў адміністратара, што з Фердзінандам:

– А дзе ж сабака нябожчыка пана?

– Прэтэнзій не паступала, аддалі гіцлям на жывадзёрню.

– А грошы?

– Калі не знойдуцца наследнікі, дык іх забярэ амерыканская казна.

– Канец вясёленькі, – сказаў я.

А сам падумаў: «Вясёленькі канец доўгай і нуднай гісторыі».

Палярына

– Ці ведалі вы цудоўнага аўстрыйскага паэта Рызэнталя? – запытаў ён.

– Я сустракаў яго толькі адзін раз, – адказаў я. – Мне помніцца, ён тады гаварыў пра Расею, нейк вельмі прыгожа сплятаючы наіўнае з таямнічым. Вакол яго расповядаў нібы калыхаўся лёгкі туман, які надаваў апісаным ім персанажам контуры прыблізныя і формы, што выходзілі за мяжу чалавечага… Нават голас яго быў дзіўны і як бы прыкрыты адлегласцю… Так, сапраўды, бачыць яго мне давялося ўсяго адзін раз, і ўсё ж я палюбіў яго больш, чым многіх звычных і блізкіх мне людзей… Хутка пасля гэтай кароткай сустрэчы я прачытаў паведамленне аб яго смерці. Сумна мне стала, але я не здзівіўся, бо выгляд у яго быў, як у жывога нябожчыка. Потым, даволі часта, вандруючы ў самых розных краінах, у Францыі, у Германіі, у Італіі, усюды я знаходзіў сяброў Рызэнталя: то мужчыну, то жанчыну, якім ён напоўніў сэнсам жыццё, прасвятліў розум і якія, дзякуючы яму, мелі больш далікатнасці і чуласці, чым іншыя чалавечыя істоты.

– Я вельмі рад, што мы аднолькавай думкі, – прамовіў ён, – бо я таксама быў другам Рызэнталя. Як і вы, я з ім бачыўся толькі гадзіну, але забыць яго ўжо не мог. Гады тры таму, праязджаючы праз маю мясцовасць, ён мяне ўзгадаў, даслаў ліст і спыніўся ў мяне на адзін дзень. Пачыналася восень, і было халаднавата. Я жыву каля падножжа высокіх гор. Рызэнталь, чалавек зябкі і кволы, быў апрануты па-летняму і адчуваў сябе дрэнна без цёплай вопраткі. «Ці не маглі б вы, – сказаў ён, усміхнуўшыся, – мне пазычыць паліто?» А вы бачыце, што я намнога таўсцей і ростам вышэйшы за нашага сябра. Я пайшоў шукаць сваю карычневую палярыну, у якой звычайна выходзіў узімку на паляванне. Рызэнталь, усцешаны, паказаў мне, што можа з галавой укруціцца ў пышныя падвойныя складкі матэрыі, і, накінуўшы на сябе палярыну, доўга прагульваўся разам са мной пад кронамі дрэў.

Мой дом, сад, асенняе, ледзь пажоўклае лісце, высокія горы навокал – днём, а ўвечары – камін, у якім зырка палалі сухія дровы, так яму спадабаліся, што ён вырашыў застацца ў мяне яшчэ на адзін дзень. Уночы ён разаслаў палярыну на сваім ложку, а назаўтра раніцай апрануў яе як рабочы халат. Вечарам ён сказаў мне, што яму не хочацца выязджаць адсюль, а я, са свайго боку, нічога так не жадаў, як затрымаць пры сабе як мага даўжэй гэтага арыгінальнага і мілага чалавека. Вось так, дзень за днём, мінула два тыдні, а ён усё гасцяваў у мяне, не разлучаючыся з палярынай. Нарэшце Рызэнталь паехаў, пакінуўшы мне на памяць паэму, напісаную ў гэтыя дні. Праз некалькі месяцаў я даведаўся, што ён памёр.

Пасля яго смерці, на другі год, таксама ранняй восенню да мяне з'явіўся новы госць – французскі пісьменнік, празрысты, адшліфаваны стыль якога мне вельмі падабаецца. Асабіста мы з ім тады былі яшчэ мала знаёмыя. Ён гэтак жа спыніўся ў маім гарадку толькі на адзін дзень, спяшаючыся па нейкіх справах у Вену. За ежаю гутарка ў нас не клеілася, ішла вельмі туга. Мне ўжо здавалася, што сяброўства, на якое я разлічваў, не мае пад сабой грунту, рассыпаецца, як пясок, што людзі мы розныя, і з жалем рабіў выснову, што так і давядзецца нам расстацца, не абмяняўшыся словам шчырым і значным. Паснедаўшы, мы выйшлі на прагулку ў крануты восенню сад. Госць пачаў скардзіцца на сырасць, і я прынёс яму палярыну Рызэнталя.

І тут здарылася дзіўнае. Накінуўшы на плечы гэтую адзежыну, ён зрабіўся адразу нейкім іншым, не такім, як быў. Яго лагічныя развагі, праўдзівыя і горкія, раптам страцілі рэзкасць, памякчэлі, напоўніліся ціхай журботай. У ім абудзілася давер'е, і размова наша набыла характар інтымны, нагадваючы споведзь дзвюх блізкіх душ. Калі надышоў вечар, сяброўства між намі ўмацавалася канчаткова. І, як некалі Рызэнталь, мой асенні госць, завітаўшы на дзень, правёў у мяне цэлых два тыдні.

Вы ўяўляеце, што, пасля гэтага, карычневая палярына стала для мяне як бы рэліквіяй, якой я прыпісваў, не надта верачы, вядома, таямнічую ўласцівасць тварыць дабро.

Тою ж зімой я закахаўся ў дзяўчыну рэдкай красы, родам з Вены, Інгеборг фон Дзітрых. Яна належала да збяднелай дваранскай фаміліі, сама сабе зарабляла на жыццё, працуючы ў выдавецтве. Я хацеў ажаніцца з ёю, прабаваў пасватацца, але яна, як большасць маладых дзяўчат, узгадаваных пасля вайны, трымала сябе з падкрэсленай незалежнасцю і, не адмаўляючыся ад знаёмства са мною, гаварыла, што сама думка звязаць сябе шлюбам ёй агідная. Мне было балюча бачыць гэту яе самастойнасць у вялікім горадзе, дзе не раз да яе чапляліся людзі без сораму і сумлення. Так прайшло некалькі цяжкіх месяцаў.

Увесну Інгеборг згадзілася наведаць мой дом у Вінэрвальдзе. У першы ж вечар, пасля абеду, мы выйшлі ў сад, і я ёй сказаў: «Калі ласка, зрабіце мне прыемнасць… Дазвольце, замест вашага манто, накінуць вам на плечы маю палярыну… Вы не сентыментальная, я ведаю… Гэта жаданне можа падацца вам недарэчным… Але што вам значыць?.. Вы ж у мяне ніколі не былі; калі ласка, апраніце, прашу вас».

Яна пасмяялася з мяне і, жартуючы, з чароўнай грацыяй дала згоду.

Ён перастаў расказваць, бо ў вячэрнім змроку ў глыбіні алеі выплыла зграбная постаць у карычневай палярыне і накіравалася да нас.

– Дазвольце вас пазнаёміць з маёй жонкай, – прамовіў ён.

Зялёны пас

– Бертран, – запытала Ізабэла, – вы будзеце сёння ўвечары дома да гарбаты? Вы б мне зрабілі прыемнасць. Я чакаю гэту бедную Наталі, і мне адной цяжка яе прымаць. Між іншым, яна піша ў сваім лісце, што хацела б з вамі параіцца.

Я зірнуў у свой блакнот і з прыкрасцю адмахнуўся:

– Гэта парушае ўсе мае планы.

– Даруйце, што дакучаю, Бертран, але вы не ўяўляеце, як мяне пужае гэта сустрэча… Мы не бачылі Наталі з таго часу, як памёр яе муж, і тое, што з ёю здарылася, мне здаецца такім жахлівым, што я проста не разумею, як яна перажыла… Можна ашалець з гора… Сямейная драма, беднасць… Ці не замнога для адной маленькай істоты!.. Шчыра кажу, няма ў мяне належных слоў… Не ведаю, чым яе ўцешыць!..

– І я таксама… А вам не здаецца, што найлепшы сродак у такіх выпадках гаварыць як мага менш?.. Я думаю, што, убачыўшы вас, яна пачне плакаць… Вы гэтак жа будзеце плакаць… Абдыміце яе, далейшае падкажа інстынкт.

Праз хвіліну ён дадаў:

– Уяўляю, якая гэта будзе для вас пакута. Пастараюся ў гэты час быць каля вас.

Вечарам, за некалькі хвілін да вызначанага тэрміну, ён увайшоў у пакой Ізабэлы.

– Ніяк не супакою нерваў, – сказала яна. – Спрабавала чытаць, але ўсе мае думкі аб гэтай няшчаснай… Гляджу на дзверы, праз якія яна зараз увойдзе, падбіраю словы і тут жа іх губляю. Мне так нядобра!.. Сама не свая…

– Вазьміце сябе ў рукі. Ніколі не трэба зараней рыхтавацца да выключных абставін. Кідайцеся ў цяжкую размову, як спрактыкаваны плывец у халодную ваду, – так раіў Стэндаль… Гарбата згатаваная?

– Так, я прасіла Марыю, каб яна прынесла нам гарбату хвілін праз пяць пасля яе прыходу… Я спадзяюся, што з'яўленне чужога чалавека спыніць рыданне і слёзы і пасля лягчэй будзе гаварыць.

Бертран узяў кнігу, разгарнуў яе, потым, уздыхнуўшы, адклаў. Абое маўчалі. Кароткі, нясмелы званок парушыў цішыню. Ізабэла паднялася.

– Гэта Наталі, – прашаптала яна.

– Сядзіце, не ўставайце, – прамовіў Бертран.

Яна пачула звонкі голас у пярэдняй.

– О, як у вас тут цёпла! Я скіну паліто.

Дзверы адчыніліся. На парозе паказалася Наталі. Яе твар трошкі схуднеў, трошкі пабляднеў, але амаль не змяніўся – быў такі ж малады і прыгожы.

– Добры дзень, – радасна прывіталася яна. – О! Бертран!.. Які вы слаўны!.. Я ніяк не спадзявалася, што вы захочаце мяне пабачыць… Як у вас тут цёпленька, Ізабэла!..

Калі праз гадзіну, праводзіўшы госцю, Бертран вярнуўся, Ізабэла сказала яму з абурэннем:

– Ніхто б не даў веры! Як вы лічыце, дарагі? Я ж дрыжала толькі ад адной думкі… А яна хоць бы слова аб сваім горы, аб сваім няшчасці…

– Хіба што туманныя намёкі, – пацвердзіў Бертран. – Часам уставіць нешта накшталт «у маім становішчы» і адразу ўбок. Нічога канкрэтнага. Дзіўлюся, нашто ёй спатрэбілася мая прысутнасць… Яна хацела нейкай парады, вы казалі?.. Але ж яна ў мяне нічога не спытала.

– Я тут ні пры чым, Бертран. Яе просьбу я перадала правільна. Не магу апамятацца!.. Вам даводзілася бачыць такое? Развяла нудную балбатню пра рукавы з напускам… Гэта праўда, што вам такія рукавы падабаюцца? Знайшлі што хваліць!.. А я думала, што вы прыхільнік строгіх строяў.

– Ды я зусім не хваліў… Вы маўчалі… Трэба ж было нейк заняць час.

– Я двойчы спрабавала нагадаць ёй пра мужа, і кожны раз яна спыняла мяне абыякавай фразай і пачынала гаварыць аб сваім намеры паехаць у Грэцыю, зрабіць марскую прагулку ў асобнай каюце. Відаць, яна яго ніколі не кахала.