Андре Моруа – Навелы (страница 37)
– Хто ведае? – прамовіў Бертран.
– А яе дзеці?.. Вы чулі, што яна сказала, калі я заўважыла, што дзеці будуць ёй уцехай? «Вы так думаеце? – запытала яна. – Вы любіце дзяцей?.. А я – не… Заходжу ў дзіцячую. Калі яны гуляюць, то на мяне ніякай увагі… І мне тады робіцца сумна». Я не ведала, што адказаць… Затое пра вашу апошнюю кнігу яна гатова была гаварыць бясконца.
– А хіба гэта дрэнна? – заступіўся Бертран. – Відаць, яна яе з цікавасцю прачытала.
– Якраз гэтага я і не магу ёй дараваць… Як можна з цікавасцю чытаць кнігу, калі сэрца павінна разрывацца з роспачы?.. І потым, нарэшце, гэты зялёны пас!.. Вы звярнулі ўвагу?
– Звярнуў. Даволі прыгожа, між іншым, – палоска яркага колеру на чорным фоне.
– Прыгожа?.. Што вы, Бертран? Можа, і так, але ж гэта скандал!.. Як? Страціць такога выдатнага мужа пры такіх трагічных абставінах і праз тры месяцы парушыць жалобу!.. О! Я разумею, што вы не прывыклі надаваць значэння драбніцам… Я таксама… Але ўсё ж трэба хоць трошкі захоўваць прыстойнасць… Ярка-зялёны пас!.. Я вачэй не магла адарваць.
– Мілая Ізабэла, – прамовіў Бертран, узяўшы яе за руку. – Што вы так сябе мучыце, перажываючы чужую бяду!..
– Яна не заслугоўвае спагады… Вы ўяўляеце, у яе нават быў апетыт! Я ёй шклянку гарбаты не адразу адважылася прапанаваць… А яна ела ўсё: печыва, торт. «Вашы бутэрброды з сырчыкам вельмі смачныя». Бачыце, ёй бутэрброды смачныя… Я разгубілася, не знайшла, што адказаць.
Бертран усміхнуўся:
– Хто б паверыў, дарагая, што сёння раніцай я застаў вас амаль у слязах і толькі што, чакаючы яе, вы дрыжалі ад страху!.. Мая думка правільная: ніколі не варта загадваць наперад… Мары і рэчаіснасць не супадаюць, і ў жыцці часта бывае куды прасцей, чым нам уяўляецца.
Праз некалькі дзён яны даведаліся, што Наталі памерла, прыняўшы тры цюбікі вераналу.
Рыкашэт
Даніэль са здзіўленнем зірнуў на сваю жонку. Рэдкая з'ява, каб яна прыходзіла да яго раніцай.
– Вы хочаце мне нешта сказаць? – запытаў ён.
– Даніэль, зрабіце мне, калі ласка, прыемнасць – схадзіце са мной сёння ўвечары на канцэрт… Рубінштэйн іграе «Прэлюдыі» Шапэна, і я была б рада паслухаць іх разам з вамі. Вось ужо тры месяцы, як вы са мной вечарамі нікуды не ходзіце.
– Вось ужо тры месяцы, – нездаволена прамовіў Даніэль, – як вы мяне ні разу аб гэтым не прасілі.
– Я не прасіла, бо не хацела, каб мяне зняважылі, адмаўляючы. Я дала сабе слова, Даніэль, не навязвацца, чакаць, пакуль вы мяне самі паклічаце, але сёння Анна, для якой я ўзяла крэсла побач, патэлефанавала мне, што не можа, бо хворая. Вось ужо дзве гадзіны, як я шукаю, кім бы яе замяніць, і ўсё марны клопат… Вы ўяўляеце, як гэта сумна і брыдка прасядзець увесь вечар адной каля пустога крэсла!
– Прапануй якому-небудзь мужчыне, – параіў Даніэль.
– Вы ж ведаеце, я паклялася з іншымі мужчынамі кампаніі не вадзіць. Вы мой першы і мой апошні.
– Што тыя клятвы! – нахмурыўся Даніэль.
Хвіліну падумаўшы, ён няўпэўнена прагаварыў:
– Яно, вядома, я хацеў бы зрабіць вам прыемнае, але ў мяне ёсць іншыя абавязкі. Паспрабую ад іх вызваліцца. Калі ўдасца, пайду з вамі на канцэрт.
– Ах, як добра, што вы згадзіліся!
– Ды не, я вам нічога канкрэтна не абяцаю, я толькі сказаў, што паспрабую, – прабурчаў Даніэль.
Ён выйшаў у кабінет і ўзяўся за тэлефон: «Габелен, 43–14». Гэта быў нумар Беатрысы дэ Сольж, якая ўжо некалькі тыдняў была яго каханкай. Ён заляцаўся да яе горача, з няспрытнасцю пераспелага мужчыны.
– Гэта вы? – прашаптаў Даніэль. – Скажыце, гэта цвёрда, што сёння вечарам вы са мной пойдзеце? Не адмовіцеся ў апошні момант, як пазаўчора?..
– Ой, які вы нудны! – пачулася з тэлефона. – У вас зусім няма такту. Пара ведаць, што мне падабаецца толькі тое, што я вырашаю ў апошні момант. Вы што, хочаце сапсаваць мне настрой?
– Прабачце, прабачце, – замітусіўся Даніэль. – Наадварот. Няўжо вы дагэтуль не пераканаліся, што вашы жаданні для мяне закон? Але на сённяшні вечар мне трэба ведаць вашы планы, бо я сам павінен даць адказ.
– Вы жудасны чалавек, – пачулася з тэлефона. – Адкуль я магу ўсё зараней ведаць!.. Вось што… Патэлефануйце мне праз гадзіну… Пастараюся прыняць нейкае рашэнне.
У сталовай, снедаючы разам з Даніэлем, жонка запытала ў яго: ці можа яна разлічваць напэўна. Ён адказаў не без гумару, што яшчэ не высветліў, не паспеў дамовіцца па тэлефоне.
У гэты самы час Беатрыса дэ Сольж тэлефанавала П'еру Прад'е, маладому дэпутату, якога яна сустрэла ў Жэневе і паспела пакахаць.
– Гэта вы, Прад'е? – запытала яна. – Ах, не, гэта вы, мадмуазэль Друэ?.. Мне б хацелася пагаварыць з панам Прад'е… Не, не, калі ён загадаў, каб яго не турбавалі, у такім разе не трэба… Не, не, я разумею… Ён будзе злавацца… Я б толькі хацела ведаць, ці збіраецца ён са мной паехаць на вячэрні сеанс?.. Што?.. Збіраецца… Гэта ў яго запланавана… А вы ўпэўнены, што ён не пераменіць свайго намеру, як гэта было ўчора?.. Не ведаеце… Так, так… Натуральна… А зараз, канкрэтна, ён вам нічога не гаварыў?.. Дзякую, мадмуазэль Друэ… Да пабачэння…
Калі крыху пазней Даніэль патэлефанаваў з кабінета, пакаёўка Беатрысы дэ Сольж яму растлумачыла, што мадам у засмучэнні і вельмі шкадуе, што вечарам не будзе мець часу, бо ёй трэба абавязкова прысутнічаць на сямейным абедзе.
Даніэль накіраваўся да сваёй жонкі – праверыць, ці дома яна. Жонка ляжала на канапе і чытала кнігу.
– Дарагая, – звярнуўся ён да яе, – я вельмі рад, што мне ўдалося нарэшце вызваліцца. Мы разам паслухаем канцэрт. Як гэта цудоўна!
– Які вы мілы, харошы! Мне так прыемна!
– І мне таксама.
Калі ён выйшаў, жонка надоўга паглыбілася ў шчаслівыя мары. Яна моцна ўпікнула сябе за нядобрыя думкі аб сваім мужу.
Прыліў
– Скінуць маску? – сказаў Бертран Шміт. – Няўжо вы думаеце, што часта скідаць маску разумна і пажадана. Я лічу наадварот, апроч некалькіх рэдкіх выпадкаў дзівоснага сяброўства, толькі маскі, іменна маскі, робяць цярпімым жыццё ў грамадстве… Калі абставіны складуцца так, што хто-небудзь у нас раптам выкажа ўсю праўду тым, ад каго ён звычайна яе хаваў, вельмі хутка ён раскаецца ў сваёй безразважнай шчырасці.
Крысціян Менетрые падтрымаў:
– Я памятаю адну аварыю ў Ангельшчыне… Чалавек дзесяць шахцёраў засталіся ў забоі, адрэзаныя ад свету выбухам рудніковага газу. Праз тыдзень, страціўшы надзею на ратунак, чакаючы смерці, яны пачалі спавядацца ў сваім самым інтымным… Вы ўяўляеце тон: «Так і быць, раз усё роўна канец, я не хачу памерці, не прызнаўшыся…» Потым нейкім чынам іх усё ж выратавалі… Пасля чаго яны стараліся не сустракацца. Кожны з іх інстынктыўна пазбягаў людзей, якія ведалі больш, чым гэта дапускалася. Маска была зноў надзета, і грамадскі спакой захаваны.
– Яно так, – згадзіўся Бертран. – Можна прывесці і яшчэ падобныя прыклады. Я ўспамінаю, калі я вандраваў па Афрыцы, мне давялося быць міжвольным сведкам аднаго незвычайнага прызнання.
Ён адкашляўся і глянуў на нас, крыху вагаючыся. Як ні дзіўна, але Бертран, які так часта выступаў публічна, быў чалавекам нясмелым. Ён баяўся надакучыць. Аднак у гэты вечар, паколькі ніхто з нас яго не перабіў, ён адважыўся:
– Вы, напэўна, усе забылі, што ў 1938 годзе для Саюза прыхільнікаў французскай мовы я зрабіў падарожжа з публічнымі лекцыямі ў Заходнюю і Экватарыяльную Афрыку і на іншыя заморскія тэрыторыі. Я пабываў у ангельскіх, французскіх, бельгійскіх калоніях (тады іх яшчэ называлі калоніямі) і аб гэтым не шкадую. Турысты прыязджалі туды рэдка, і прымалі іх па-каралеўску альбо, што яшчэ лепш, па-братняму. Не буду прыгадваць назву дробнай сталіцы, аб якой я збіраюся вам расказаць, бо героі майго апавядання яшчэ жывыя… Галоўнымі персанажамі былі: губернатар – мужчына гадоў пад пяцьдзесят, брыты, срэбравалосы, і яго жонка – значна маладзейшая, чарнавокая бландзінка, тэмпераментная і разумная. Назавём іх умоўна Бусары. Яны даставілі мяне як госця ў свой «палац» – вялізную вілу казарменнага стылю між чырвоных скал, з адмысловай мэбляй і рознымі выгодамі. Два дні я ў іх з прыемнасцю адпачываў. У салоне на століку з чорнага дрэва, пад якім красавалася тыгравая шкура, я знайшоў «Новае французскае рэвю», «Французскі веснік» і некалькі свежых раманаў. Я пахваліў за гаспадарчы клопат маладога ад'ютанта губернатара лейтэнанта Дзюга.
– О, я тут ні пры чым, – запярэчыў ён. – Тое, што вам спадабалася, – гэта мадам Бусар… Кнігі і кветкі – яе стыхія.
– Ці ж мадам Бусар літаратар? – запытаў я.
– Вядома. Вы павінны былі гэта заўважыць. Жызэль, як мы яе тут непачціва празвалі, скончыла Сеўрскую нармальную школу. Да таго як выйшла замуж за губернатара, была выкладчыцай літаратуры ў Ліёне. Там ён сустрэўся з ёю яшчэ раз, прыехаўшы ў водпуск. Я кажу «яшчэ раз», бо яны былі знаёмы раней. Яна была дачкой аднаго з бліжэйшых сяброў губернатара. Ён яе любіў, і яна згадзілася ехаць з ім сюды. Здавалася, што яна таксама да яго прывязана з даўняга часу.
– Нягледзячы на розніцу ў гадах?
– Трэба сказаць, што губернатар быў тады мужчына прывабны. Тыя, хто ведаў яго да шлюбу, гаварылі, што ён карыстаўся выключным поспехам у жанчын… Цяпер ён пастарэў.
– Такая жаніцьба небяспечна для здароўя.
– О! Тут не толькі жаніцьба. Мой начальнік ніколі не жыў спакойна… Трыццаць гадоў у Афрыцы… Клімат, вечныя трывогі, сабачая работа… Начальнік мой – чалавек высокай годнасці… Дзесяць гадоў назад, як ён прыехаў сюды, зусім яшчэ дзікія плямёны насялялі гэтыя бяскрайнія джунглі. Яны паміралі з голаду. Іхнія ведзьмары падбухторвалі іх да ўзаемнага знішчэння, да выкрадання жанчын і дзяцей, прымушалі прыносіць ідалам чалавечыя ахвяры. Губернатар уціхамірыў плямёны, падзяліў іх на групы, прывучыў іх вырошчваць какаву. Гэта не так лёгка, магу вас запэўніць, пераканаць людзей, што жывуць сённяшнім днём, шэсць гадоў цярпліва чакаць, пакуль на саджанцах з'явяцца плады.