Андре Моруа – Навелы (страница 34)
– Не ўжывай слоў, якіх не разумееш… Хто такая? Што за мадам Дзюжарык?
– Што ты, тата! Яна цяпер не мадам Дзюжарык, а мадам Кірыліна. Яна вельмі прыгожая… Хочаш, я цябе праводжу ў яе купэ? Гэта блізка.
– Ну добра, добра, малыш.
– Як ты думаеш, тата, калі ў пана Бензо ёсць старэйшыя вучні, яны будуць мяне біць?
– А ты дай ім здачы. Наколькі я ведаю, пан Бензо чалавек энергічны і ўмее трымаць дысцыпліну ў сваёй школе… Ідзі да свайго сябра, гуляйце.
У Дзіжоне Шміт выйшаў на перон і ўбачыў свайго сына з таварышам. Жан-Луі быў худзенькі зграбны хлопчык з вялікімі вачамі, сумнымі і глыбокімі.
– Тата, пазнаёмся. Гэта Жан-Луі.
Бертран Шміт паспрабаваў даць яму некалькі парад:
– Калі старэйшыя цябе не ўзлюбілі, не ўцякай ад іх, а старайся пасябраваць… Не думаю, што яны такія ўжо нягоднікі.
– Хто? Гэтыя дзецюкі? – прамовіў Жан-Луі. – Яны нападаюць на мяне, як звяры… Калі што скажаш не па-іхняму, б'юць і гоняць прэч…
Паравоз даў гудка, і Ален прыбег у вагон да бацькі.
– Ты ведаеш, тата, што мне гаварыў Жан-Луі на пероне, калі ты падышоў да нас? Ён гаварыў: «Які я няшчасны! Чым ехаць у гэту праклятую бурсу, лепш кінуцца пад цягнік. Але ў мяне не хапае смеласці… Ален, зрабі мне паслугу, штурхні мяне пад колы, а мая спадчына няхай застанецца табе». Ведаеш, у яго пасля смерці бацькі ёсць спадчына, багатая… Але я не згадзіўся.
– Я думаю… Твой гэты прыяцель, відаць, крыху чокнуты…
– Няпраўда, ён зусім не чокнуты. Ведаеш, тата, ён кажа, што, каб яго мама ўяўляла сабе, як яму там кепска жывецца, вечныя бойкі са старэйшымі, як ён плача ўночы, лежачы ў ложку, яна б не адважылася зноў пасылаць яго ў такую школу.
– Праводзь мяне да гэтай дамы.
Мадам Кірыліна была жанчына красы надзвычайнай. Ціхім, мілагучным голасам яна выказала некалькі цікавых, крыху журботных думак наконт дзяцінства. Бертран як сеў, так і застаўся.
Увайшоў праваднік, узяў чатыры білеты і запрасіў пасажыраў к сталу. Яны снедалі разам. Дзеці моўчкі слухалі, як бацькі ўспаміналі назвы розных кніг, пералічвалі імёны кампазітараў… Хлопчыкі адчувалі сябе забытымі. Часам Жан-Луі паглядаў на Алена, і яго вочы, здавалася, гаварылі: «Бачыш, вось яна якая…» Падняўшыся з-за стала, Бертран машынальна зайшоў у купэ мадам Кірылінай, а дзеці выскачылі гуляць у калідор.
– У нашых сыноў шмат агульнага, – прамовіла яна. – Спадзяюся, што ім можна будзе там пабачыцца.
Ён хвіліну вагаўся.
– Даруйце, – сказаў ён, – што ўмешваюся не ў сваю справу, але дзяціная шчырасць не тоіць сакрэтаў… Я выпадкова даведаўся, і мой абавязак… Вы, мабыць, не ўсведамляеце, які настрой у вашага сына… Ён прызнаўся майму… Даруйце, я не знаходжу слоў… Дзіця, вядома…
Мадам Кірыліна была агаломшана. За акном вагона пачалі вырысоўвацца горы, замест камяніц пайшлі драўляныя хаткі, замест дубоў – кашлатыя елкі, у люстраныя рэчкі ўліваліся шумныя патокі.
– Божа мой! – прашаптала яна. – Гэта жахліва… Беднае дзіця… Я адчувала, што ён не любіць гэтай школы, але думала, што ён лянуецца, не хоча вучыцца… А самае галоўнае, рэўнасць… Ён ненавідзіць майго мужа, і без усякай прычыны, бо што я магу зрабіць адна ў доме? Нават і яму будзе потым моцная апора.
– Безумоўна, – сказаў Бертран. – Але ж ён яшчэ малы… Не разумее.
Яе вочы напоўніліся слязамі.
– Што ж мне рабіць? – забедавала яна. – Вы лічыце, што я павінна адвезці яго назад у Парыж, не пакідаць там? Мой муж разгневаецца… Ён кажа, што я надта пешчу Жана-Луі, а яго трэба загартоўваць… Па-мойму, думка слушная. Жан-Луі – хлопчык вельмі ўражлівы, выдумляе абы-што… Пасля нашага шлюбу лічыць, што ён – ахвяра… Гэта няпраўда, няпраўда, але калі дзіця ўваб'е сабе нешта ў галаву…
Мадам Кірыліна з сынам выйшлі на дзве-тры станцыі раней. Ален глядзеў у акно і доўга маўчаў.
– Тата, – сказаў ён нарэшце, – калі старэйшыя вучні будуць мяне біць і я прышлю табе тэлеграму, ты прыедзеш, забярэш мяне, праўда?
Пакаранне золатам
Я ўгледзеў, увайшоўшы ў ню-ёркскі рэстаран «Залатая змяя», дзе звычайна абедаў, за першым сталом невялічкага дзядка, які еў вялізны крывавы біфштэкс. Я звярнуў увагу на свежае мяса, вельмі рэдкае ў той час, і тонкі засмучаны твар старога. Напэўна, я яго калісьці ведаў, у Парыжы ці ў іншым месцы. Уладкаваўшыся, я паклікаў гаспадара, бойкага і спрытнага перыгорца, які здолеў з гэтага цеснага падвальчыка зрабіць прытулак для гурманаў:
– Скажыце мне, пан Рабер, кліент, што направа ад дзвярэй, француз, я не памыліўся?
– Каторы? Той, што адзін сядзіць?.. Гэта пан Бурдак. Ён тут бывае кожны дзень.
– Бурдак? Прамысловец? Ну так, я цяпер пазнаю. Я ніколі не бачыў яго ў вас.
– Бо ён прыходзіць, як правіла, раней за ўсіх. Чалавек гэты не любіць кампаніі.
Гаспадар нахіліўся да мяне і ціха прамовіў:
– Дзівакі яны, ведаеце, гэты пан і яго жонка… Нейкія не такія, як людзі. Ён заўсёды снедае адзін. Ну, добра! Прыходзьце ўвечары а сёмай гадзіне і за абедам вы застанеце яго жонку, таксама адну. Можна падумаць, што яны пазбягаюць адно аднаго. Тым часам адносіны ў іх найлепшыя, жывуць яны разам у гатэлі «Дэльмоніка»… Для мяне гэта сям'я – загадка.
– Шэф, рахунак на пятнаццаты, – далажыў афіцыянт.
Пан Рабер адышоў ад мяне, але з галавы маёй усё яшчэ не выходзіла гэта дзіўная пара.
Бурдак… Ну, ясна, я яго сустракаў у Парыжы. Паміж першай і другой вайной яго часта можна было бачыць у драматурга Фабера, які чамусьці сябраваў з ім. Мабыць, таму, што ў абодвух была аднолькавая цяга – надзейна хаваць капіталы, і аднолькавы страх – вылецець з капіталамі ў трубу… Бурдак… Напэўна, яму ўжо каля васьмідзесяці год. Я прыпамінаю, што ў 1923 годзе ён кінуў справы, нажыўшы немалую колькасць мільёнаў.
Тады яго турбавала зніжэнне курсу франка.
– Гэта чорт ведае што! – лямантаваў ён. – Я працаваў сорак год, каб апынуцца голым на вуліцы. Не толькі мая рэнта і мае аблігацыі зараз нічога не варты, нават мае лепшыя акцыі не падымаюцца. Нашы грошы цякуць як вада. Як мы будзем жыць на старасці год?
– Рабіце, як я, – параіў яму Фабер. – Я перавёў усё, што маю, у фунты стэрлінгаў… Самая цвёрдая валюта.
Калі мне давялося бачыць іх ізноў гады праз тры ці чатыры, абодва былі збянтэжаныя і разгубленыя. Бурдак паслухаўся Фабера; але тут праз некаторы час Пуанкарэ падняў франк, а фунты стэрлінгаў пакаціліся ўніз. Цяпер Бурдаку не давала спакою думка, як ухаваць свае прыбыткі ад падаткаў, якія няўхільна раслі.
– Вы – дзіця, – навучаў яго Фабер. – Рабіце, як я… Адзіная і самая надзейная валюта – гэта золата… Каб вы ў 1918-м купілі залатыя зліткі, ніхто б не бачыў вашых прыбыткаў, вы б не плацілі падаткаў і сёння разбагацелі б яшчэ больш… Памяняйце на золата ўсё, што ў вас ёсць, і будзеце жыць, як у бога за пазухай.
Бурдак паслухаўся. Ён і яго жонка накупілі золата, дасталі адмысловы куфар і цешыліся тым, што час ад часу, прачыніўшы дзверы ў запаветны куток, маліліся на свайго ідала. Потым гадоў дзесяць яны мне не пападаліся на вочы. Нейк раз у 1937 годзе я іх сустрэў у гандляра карцінамі ў прадмесці Сэнт-Анарэ. Ён – галантны і сумны, яна – рухавая і наіўная, маленькая акуратная бабулька, у чорным шаўковым плацці з карункавым жабо.
– Вы – мастак, паважаны пане, – звярнуўся ён да мяне, – скажыце, калі ласка, ці можна спадзявацца, што падаражэюць імпрэсіяністы?.. Вы часам не чулі?.. Мне кажуць, што напэўна, але ж яны і так у цане, не дакупішся… Трэба было запасацца імі ў пачатку стагоддзя… Мабыць, самае ідэальнае – дазнацца, якая новая школа заменіць іх, каб набыць карціны зараней, пакуль яны не ўвайшлі ў моду. Але, на жаль, ніхто не дае гарантый… Што за эпоха!.. Нават эксперты нічога не ведаюць! Вы проста не паверыце! Я іх пытаю: «Што цяпер найбольш у хаду?» Яны вагаюцца, дарагі мой, блытаюцца. Адны кажуць – Утрыло, другія – Пікасо… Але ж гэта ўсім вядома.
– Ну, а як ваша золата? – запытаў я.
– Яно пры мне… пры мне… Дабавілася яшчэ некалькі зліткаў… Але ж урад мае намер рэквізаваць золата, ачысціць прыватныя сейфы… Гэта жахліва!.. Вы мне скажаце: самае разумнае – пераправіць усё за мяжу. Правільна, дарагі мой, правільна… Але куды? Брытанскі ўрад такі ж цвердалобы, як і наш, Галандыя і Швайцарыя – прахадны двор у выпадку вайны… Застаюцца Злучаныя Штаты… Але ж там пры Рузвельце сам даляр… Ну, і туды трэба ехаць жыць, каб не рызыкаваць, што калі-небудзь нам перакрыюць дарогу да нашай маёмасці.
Не памятаю, што я тады адказаў. Ва мне падымалася злосць на гэтых старых, што, як смала, чапляліся за свой скарб у той час, як развальвалася цывілізацыя. Выходзячы з галерэі, я развітаўся з імі і назіраў, як яны асцярожна ступалі дробнымі крокамі, абое ў чорным, карэктныя і непрыемныя.
І вось ізноў я сустракаю іх на Лексінгтон-авеню ў рэстаране «Залатая змяя». Што яны рабілі ў час вайны? Якім чынам трапілі ў Ню-Ёрк? Мне цікава было даведацца пра гэта І, калі Бурдак устаў, я падышоў да яго і назваў сябе.
– А як жа, як жа!.. Вельмі добра помню, – ажывіўся ён. – Якое шчасце пабачыць вас ізноў, дарагі мой пане! Спадзяюся, вы не адмовіцеся зрабіць нам гонар і прыйсці да нас на шклянку чаю ў гатэль «Дэльмоніка». Мая жонка будзе так рада… Жыццё ў нас аднастайнае, ангельскай мовы мы не ведаем, ні я, ні яна…
– І вы пражываеце ў Амерыцы пастаянна?
– Іначай нельга. Я вам усё растлумачу. Прыходзьце заўтра а пятай гадзіне.