Андре Моруа – Навелы (страница 33)
– Працай, – адказаў мастак, – і шчырасцю.
– Гэта несур'ёзна. Ёсць толькі адзін спосаб разбудзіць сонных дурняў, П'ер Душ, – адважыцца на што-небудзь небывалае. Абвясці ўсім, што ты едзеш на Паўночны полюс паляваць сярод ільдоў. Выйдзі на вуліцу ў вопратцы эгіпецкага фараона. Альбо яшчэ лепш – ствары якую-небудзь новую школу. Выцягвай, як білецікі з капялюша, розныя вучоныя словы: экстэрыярызацыя, дынамізм, падсвядомасць, абстракцыя – і складай маніфесты. Адмаўляй рух ці, наадварот, спакой, белае ці чорнае, круг ці квадрат. Выдумай які-небудзь «неагамерычны» жывапіс, які прызнае толькі жоўты колер і чырвоны, жывапіс «цыліндрычны», «актаэдрычны», «чатырох вымярэнняў»…
У гэты момант дзівосны і тонкі пах духоў абвясціў аб з'яўленні пані Каснеўскай. Гэта была прыгожая полька, сінімі вачамі якой захапляўся П'ер Душ. Выпісваючы дарагія часопісы з раскошнымі рэпрадукцыямі шэдэўраў, намаляваных трохгадовымі дзецьмі, яна не сустракала там прозвішча сумленнага Душа, а таму лічыла яго жывапіс нікуды не вартым. Выцягнуўшыся на канапе, яна зірнула на пачатае палатно, трасянула пасмамі льняных валасоў і ўсміхнулася з лёгкай пагардай:
– Учора я была на выстаўцы мурынскага мастацтва эпохі росквіту, – паведаміла яна сваім пявучым, раскацістым голасам. – Ах! Якая экспрэсія! Якая выразнасць! Якая сіла!
П'ер Душ прынёс і паказаў ёй гатовы партрэт, які яму самому падабаўся.
– Нядрэнна, – працадзіла яна праз зубы. І пайшла… пахучая, пявучая, імклівая і расчараваная.
Шпурнуўшы палітру ў кут, П'ер Душ паваліўся на канапу.
– Пайду ў страхавыя агенты, у банк, у паліцыю, абы куды! – заявіў ён. – Мастацтва – самы нікчэмны занятак. Каб мець поспех у разявак, трэба быць махляром альбо шэльмай. А крытыкі, замест таго каб падтрымліваць майстроў, расхвальваюць дзікунства. Хопіць з мяне! К д'яблу!
Выслухаўшы гэты крык душы, Поль-Эміль Глез закурыў цыгарэту і надоўга задумаўся.
– А можаш ты, – запытаў ён нарэшце, – аб'явіць урачыста і зусім сур'ёзна Каснеўскай і некаторым іншым, што апошнія дзесяць гадоў распрацоўваеш новы творчы метад?
– Хто? Я?
– Пачакай… Я апублікую ў часопісах парачку артыкулаў для нашай «эліты» і паведамлю, што ты засноўваеш ідэааналітычную школу жывапісу. Да гэтага часу партрэтысты ў сваім невуцтве вывучалі чалавечае аблічча. Глупства! Сапраўдная сутнасць чалавека – гэта тыя вобразы, якія ён абуджае ў нас. Напрыклад, партрэт палкоўніка: блакітны з золатам фон, а на ім пяць вялізных пагонаў, у адным кутку – конь, у другім – крыжы. Партрэт фабрыканта: заводская труба і здаравенны кулак на стале. Разумееш, П'ер Душ, якую ты навіну нясеш свету? Скажы мне, зможаш ты намаляваць за месяц дваццаць ідэааналітычных партрэтаў?
Мастак журботна ўсміхнуўся:
– За адну гадзіну намалюю. Але сумна тое, Глез, што, каб я быў чалавекам іншым, твая выдумка, можа, і ўдалася б.
– Паспрабуем.
– Я не ўмею трапаць языком.
– Вось што, галубчык… Калі цябе папросяць растлумачыць, ты, не спяшаючыся, запалі сваю люльку, пусці ў твар таму, хто пытае, воблака дыму і, памаўчаўшы, скажы так: «Вы бачылі калі-небудзь, як цячэ рака?»
– А што гэта азначае?
– Нічога, – адказаў Глез. – Вось таму і палічаць, што ты – сіла. Пачнуць цябе раскрываць, вывучаць, захапляцца табой, а потым, калі ты ўжо будзеш на вяршыні славы, мы і прызнаемся, што ўсё гэта містыфікацыя. Цікава, як яны будуць сябе адчуваць?
Мінула два месяцы. Выстава карцін Душа ператварылася ў сапраўдны трыумф. Пахучая, пявучая, імклівая, чароўная пані Каснеўская не адыходзіла ад свайго новага куміра.
– Ах! – паўтарала яна. – Якая экспрэсія! Якая выразнасць! Якая сіла! І якім чынам, дарагі сябар, вы дабіліся такога цудоўнага сінтэзу?
Мастак, не спяшаючыся, запаліў сваю люльку, выпусціў воблака дыму і, памаўчаўшы, сказаў:
– Мадам, вы бачылі калі-небудзь, як цячэ рака?
Вусны прыгожай полькі задрыжалі, абяцаючы яму пахучае і пявучае шчасце.
Малады бліскучы Струнскі ў паліто з трусіным каўняром тлумачыў групе наведвальнікаў:
– Файна! Файна! Магутна! Скажыце мне, Душ, як вы натрапілі на такое адкрыццё? Ці не з маіх артыкулаў?
П'ер Душ доўга маўчаў, потым выпусціў яму ў твар воблака дыму і прамовіў з надзвычайнай сур'ёзнасцю:
– Дарагі мой, вы бачылі калі-небудзь, як цячэ рака?
– Файна сказана! Магутна! – аслупянеў Струнскі.
Тым часам вядомы гандляр карцінамі, закончыўшы агляд майстэрні, падхапіў мастака пад руку і зацягнуў яго ў куток.
– Душ, дружа мой, – сказаў ён, – а вы – хітрун! На гэтым можна выскачыць. Так і быць, бяру вашу прадукцыю. Толькі не ўздумайце без майго дазволу мяняць манеру. Купляю пяцьдзесят карцін у год… Згодны?
Нічога не адказаўшы, П'ер Душ спакойна паліў.
Мала-памалу майстэрня апусцела. Наведвальнікі выйшлі, і Поль-Эміль Глез зачыніў дзверы. З лесвіцы, паступова аддаляючыся, даносіўся гул захаплення. Застаўшыся з мастаком сам-насам, пісьменнік весела засунуў рукі ў кішэні.
– Ну як, галубчык, – запытаў ён, – абкруцілі мы іх вакол пальца? Чуў, што гаварыў гэты смаркач з трусіным каўняром? А прыгожая полька? А тры дзяўчынкі-красуні? Яны гатовы былі маліцца на цябе: «Ой, як нова! Ой, як свежа!» Ах, дарагі П'ер, ведаў я, што чалавечай дурасці канца няма, але тое, што адбылося сёння, перавысіла мае самыя горшыя меркаванні.
І яго ахапіў шалёны, нястрымны смех. Мастак нахмурыў бровы і, бачачы, што той аж заходзіцца з рогату, раптам выпаліў:
– Ідыёт!
– Ідыёт? – ускіпеў раз'юшаны пісьменнік. – Ды такая штука яшчэ нікому не ўдавалася з часоў Біксіу!..
Мастак з гордасцю агледзеў дваццаць ідэааналітычных партрэтаў і, канчаткова пераканаўшыся, зірнуў на свайго прыяцеля:
– Я не жартую, Глез, ты – ідыёт. У гэтых карцінах нешта ёсць.
Уражаны пісьменнік вытарапіў вочы.
– Ах, вось ты як! – закрычаў ён. – Ты што, забыў, хто табе падсунуў гэты новы творчы метад?
П'ер Душ, памаўчаўшы, выпусціў са сваёй люлькі воблака дыму і сказаў:
– Ты бачыў калі-небудзь, як цячэ рака?
Пасля вакацый
Машына мчалася на вакзал, і малому Алену было весела. Ён ніколі не выязджаў з дому, і думка, што цяпер ён будзе жыць у гарах, паступіўшы ў школу-інтэрнат, яму падабалася. Таварышы сказалі яму, што там працуюць менш, чым у ліцэі. Ален бачыў дырэктара, калі той прыязджаў у Парыж, і знайшоў, што ён добры, памяркоўны.
– Ведаеш, тата, ён мне сказаў, што зімой пасля абеду заняткаў у іх няма і вучні бегаюць на лыжах альбо катаюцца на каньках.
– Спадзяюся, ты возьмешся і за латынь, – уздыхнуў пан Шміт, – нельга адставаць.
На пероне, убачыўшы паравоз і новыя бліскучыя вагоны, Ален ад радасці заспяваў. Ён ганарыўся сваім гарнітурам бэжавага колеру, скураным чамаданчыкам, цёмнымі шарсцянымі пальчаткамі, а больш за ўсё тым, што адпраўляецца ў падарожжа адзін разам з бацькам.
– А што мы, тата, рабіць будзем у цягніку?
– Я з сабой узяў работу, малыш… Ну, а ты? Калі хочаш, я куплю табе ілюстраваны часопіс… Кнігі пры табе няма?
– Няма, але гэта нічога… Я пагуляю ў калідоры…
Ён знік і хутка вярнуўся, вельмі ўсхваляваны:
– Тата! Тут ёсць мне таварыш!.. Жан-Луі Дзюжарык… Цераз тры купэ… з мамай.
– Што? Едзе вучыцца?
– Ага, але не ў тую школу, куды я, а ў нейкую манастырскую.
– Шкада, што не да пана Бензо, вас было б там двое французаў. Ну, але зрэдку вы зможаце пабачыцца… А пакуль што ідзі да яго, гуляйце разам і не дурэйце.
Бертран Шміт любіў дзяцей, але не цярпеў, каб яны адрывалі яго ад работы. Ален, заўважыўшы, што бацька паглыбіўся ў сваё, каб не замінаць яму, паспешна выйшаў. Цягнік набіраў хуткасць. Пан Шміт час ад часу кідаў безуважны позірк на двух хлапчукоў, якія хадзілі паводдаль у калідоры. Кожнаму з іх было гадоў па дванаццаць. За вокнамі праносіліся ўзгоркі, рэчкі і безупынна мільгалі тэлеграфныя слупы. Праз гадзіну Ален вярнуўся, маркотны і ўзрушаны:
– Тата, ты ведаеш, што мне сказаў Жан-Луі? Што яго вельмі крыўдзяць у школе. Што старэйшыя вучні злыя… Адбіраюць у яго ўсё – кнігі, цукеркі – і, калі ён не даецца, б'юць яго кулакамі, прыціскаюць да сцяны і душаць.
– А чаму ён не абараняецца?
– Бо ён сярод іх адзін француз, адзін… Ён так прасіў, каб мама не пасылала яго ў манастырскую школу, а пакінула дома, у Парыжы, але яна не хоча, бо выйшла замуж другі раз за палкоўніка Кірыліна, расейца, у якога страшэнна закахалася… і Жан-Луі ў доме лішні.
Шміт са здзіўленнем зірнуў на сына:
– Хто табе гэта расказаў?
– Жан-Луі.
– Жан-Луі не павінен гаварыць пра сваіх бацькоў такім тонам.
– Якім тонам, тата? Ён мне сказаў, што вельмі любіць сваю маму, што яна таксама яго любіла і, калі яго тата памёр, даглядала яго вельмі добра… Але ж цяпер яна закахалася.