18+
реклама
18+
Бургер менюБургер меню

Андре Моруа – Навелы (страница 32)

18

– Элен Месьер – каханка Леона Ларана?

– Вы што, з неба зваліліся, мой друг? Яны жывуць разам ужо чатыры гады.

– Не ўсё ж мне ведаць. І прычым тут мая п'еса? Вы думаеце, што Ларан хацеў бы?..

– Я думаю, што Ларан не толькі хацеў бы, а нават будзе патрабаваць ролі для Месьер. І яшчэ дадам, што не прадбачу асаблівых цяжкасцей, каб яго задаволіць. Варта ўключыць персанаж, які…

– Ні за што!.. Гэта парушыць кампазіцыю твора.

– Добра, Крысціян… Пагаворым як-небудзь потым.

І такая размова адбылася, бо Ларан прыходзіў змрочны, марудзіў з пастаноўкай, спасылаючыся на складанасць увасаблення, на раней узятыя абавязкі і розныя іншыя перашкоды. У Крысціяна, які гарэў жаданнем хутчэй пабачыць сваю п'есу на сцэне, таксама пачалі здаваць нервы.

– Слухайце, мой друг, – звярнулася да мужа Клер, – вы не будзеце пярэчыць, калі я адна пабуду з Ларанам? Мне ён адважыцца даверыць тое, што яго мучыць, і я вам абяцаю справу ўладзіць… Вядома, пры ўмове, што вы напішаце ролю.

– Але як? Не магу ж я перайначваць закончаны твор, і тым болей твор мастацкі, для таго, каб…

– Ах, Крысціян! Гэта так лёгка, і ў вас такая багатая фантазія… Напрыклад, у другім акце, дзе вы паказваеце, як македонцы арганізоўваюць у Афінах «пятую калону», чаму б ім не выкарыстаць для гэтай мэты адукаваную куртызанку, прыяцельку афінскіх арыстакратаў, банкіраў, дзяржаўных дзеячаў. Вось вам і персанаж, прычым абсалютна праўдзівы.

– Так, магчыма… І нават можна было б… Парада слушная… Яно сапраўды цікава паказаць тайныя спосабы прапаганды, старыя, як само чалавецтва…

Клер ведала, што ўсякае зерне, папаўшы ў мыслі Крысціяна, абавязкова прарасце. Яна затрымала Ларана, і гутарка між імі дала плённыя вынікі.

– Ах! Якая шчаслівая ідэя! – прызнаўся ён з палёгкай. – Вы ведаеце, я не асмельваўся прасіць аб гэтым вашага мужа, чалавека бескампраміснага ў пытаннях творчасці. Але п'еса без жанчын наўрад ці будзе мець поспех у публікі. Сам Шэкспір у «Юлію Цэзары»… Карнель у трагедыі пра Гарацыяў не абышоўся без Сабіны, Расін у міф пра Федру дадаў і Арысію… А яшчэ, мадам, скажу вам шчыра, я не люблю ставіць п'есы, у якіх не прымае ўдзелу Элен… Не люблю. Яна такая маладая, такая прыхільная да мяне… але ёй хочацца танцаваць, боязна заставацца адной… І калі я буду пакідаць яе на ўвесь вечар, дык у яе завядуцца кампаньёны, і гэта, павінен прызнацца, будзе мяне вельмі трывожыць. А калі ваш муж напіша для яе невялічкую ролю, усё стане на сваё месца, і праз тыдзень я пачну рэпетыцыі.

Так зарадзіўся вобраз Мірыны. Крысціян, ствараючы яго, уяўляў сабе некаторых жанчын Арыстафана, нахабных і разумных, і адначасова какетлівых красунь Марыво, у п'есах якога бліскуча выступала Элен Месьер. Прадуктам гэтай парадаксальнай мешаніны, нечакана для самога аўтара, быў характар свежы і на рэдкасць прывабны. «Залатая роля!» – пахваліў Ларан. Клер запрасіла Элен Месьер на абед, каб Менетрые прачытаў ёй свой новы варыянт. Гэта была абаяльная асоба, мініяцюрная, з доўгімі апушчанымі вейкамі, з грацыяй асцярожнай кошкі, гаварыла яна мала і ні разу не сказала глупства. Элен спадабалася Крысціяну.

– О, актрыса з душком! – прамовіў ён. – Небяспечная штучка! Такая сапраўды можа арганізаваць «пятую калону».

– А вы не закахаліся ў яе, Крысціян?

– Ды не. Важна, што яна кахае Ларана. І не толькі кахае, ён яе стварыў, ён даў ёй жыццё. Яна яму абавязана ўсім.

– Вы думаеце, што адчуванне такой залежнасці робіць яе больш ласкавай? Я скептычна гляджу на жанчын і хутчэй паверу ў падсвядомую злапамятнасць. Але якая вам справа да гэтага. Роля ёй даспадобы, і ўсё ідзе як не трэба лепей.

Сапраўды, некалькі дзён усё ішло як мае быць. Потым ізноў Ларан спахмурнеў.

– Што ў яго яшчэ? – запытаў Крысціян.

– На гэты раз нічога не ведаю, – адказала Клер. – Але я магу даведацца.

Ларан не прымусіў сябе прасіць. Ён растлумачыў:

– О не, роля цудоўная, і Элен на сёмым небе… Але ж… вы разумееце, мы жывём разам і наймаем у тэатр адно таксі; ехаць паасобку – абсурд… Калі ж Элен будзе выступаць толькі ў другім акце, што ж ёй тады рабіць у сваёй прыбіральні цэлую гадзіну? Ёй альбо стане нудна, чаго яна цярпець не можа, альбо да яе з'явяцца візіцёры, і тады, я ведаю сваю натуру… гэта сапсуе мне ігру… а яшчэ больш, пашкодзіць сэрцу… Праўда, маё сэрца пана Менетрые не цікавіць, а вось мая ігра…

– Карацей кажучы, – падагуліла Клер, – вы жадаеце, каб Мірына дзейнічала і ў першым акце.

– Ад вас нічога не схаваеш, мадам.

Калі яна расказала Крысціяну пра гэта новае патрабаванне, той пачаў крычаць: «Прымушаць пісьменніка! Навязваць яму!..» Клер нядрэнна разбіралася ў сістэме мужавых думак. Перш за ўсё трэба было супакоіць яго сумленне.

– Чакайце, Крысціян, усе драматургі працавалі ў залежнасці ад абставін. Шэкспір, як вам вядома, улічваў фізічныя асаблівасці сваіх акцёраў, Расін пісаў для Шанмеле. Гэта засведчыла ў сваіх «Пісьмах» мадам дэ Сэвінье.

– Яна ненавідзела Расіна.

– Яна яго добра ведала.

Мірына з'явілася і ў першым акце. Мабыць, няма патрэбы гаварыць, што праблема таксі, вельмі важная для сумеснай дастаўкі каханкаў у тэатр, была не менш важная і для адначасовага іх вяртання дадому, так што ў канчатковым варыянце п'есы Мірына трапіла і ў трэці акт. Клер зноў была прымушана ўмяшацца:

– А чаму б, Крысціян, гэтую Мірыну, пасля паражэння афінцаў, не павярнуць на шлях дабрачыннасці. Зрабіце яе патрыёткай, адпраўце да партызан. Аддайце нарэшце ў палюбоўніцы Дэмасфену.

– Ох, Клер, паслухаць вас, дык я напушчу туды сентыментальнасці, як у галівудскіх фільмах. Даволі, хопіць, я не дадам ні радка.

– Чаму вы лічыце гэта банальным і нерэальным? Хіба жанчына лёгкіх паводзін не можа стаць патрыёткай? У жыцці такое бывае скрозь. Кастыльёне спакусіла Напалеона Трэцяга ідэяй аб'яднання Італіі… Трэба толькі разумна і нечакана падрыхтаваць перамену ў Мірыне… Вы ж распісваць мастак. Ну, а без палюбоўніцы Дэмасфен можа абысціся, я сказала гэта жартам.

– Чаму жартам?.. Успомніце некаторых дзеячаў французскай рэвалюцыі…

Клер, праявіўшы вытрымку, прымусіла Крысціяна нарэшце згадзіцца, і роля Мірыны, павялічаная і ўдасканаленая, стала адной з галоўных у п'есе.

Надышоў дзень прэм'еры. Гэта быў трыумф. Увесь Парыж глядзеў на гераіню вачамі Ларана. Публіка, падзяляючы ў душы палітычныя трывогі Менетрые, прагнучы бачыць патрыятычны спектакль, падобны на «Персаў» Эсхіла, зрабіла аўтару авацыю. Спецыялісты высока ацанілі майстэрства, з якім ён, не ўпадаючы ў пародыю, на антычным матэрыяле адлюстраваў сучаснасць. Сам Фабер, не надта прыхільны да сваіх калег, прыветліва сустрэў Клер за кулісамі.

– Не іначай, як вы прыклалі сваю лапку да гэтай Мірыны, смуглявая чараўніца! – прабурчаў ён добразычліва. – Нічога не скажаш! Жанчына як жанчына, сапраўдная жанчына… І ваш праведны муж сам без дапамогі ніколі б яе не выдумаў. У жаночых справах ён не акадэмік… Можа, няпраўда?

– Прыемна чуць, што вам спадабаўся вобраз Мірыны, – усміхнулася Клер, – але я тут ні пры чым.

Назаўтра Рабер Кемп у сваёй рэцэнзіі гаварыў толькі пра Мірыну. «З гэтага часу, – пісаў ён, – імя Мірыны стане такім жа славутым, як імя мальераўскай Агнесы альбо Селімены».

Клер сядзела каля мужа і, з асалодай чытаючы хвалебны артыкул, шаптала:

– Падумаць толькі, каб не праблема таксі, не існавала б і Мірыны!

Астатняе належыць гісторыі літаратуры. Трагедыя «Філіп» была перакладзена на многія мовы і дала пачатак новым плыням у развіцці тэатральнага мастацтва. Засталася невядомай толькі адна дэталь. Нядаўна, пасля таго як Элен Месьер кінула Леона Ларана і выйшла замуж за рэжысёра з Галівуда, Ларан звярнуўся да Клер, якая, аўдавеўшы, стала наследніцай твораў Менетрые, з просьбай выкрасліць ролю Мірыны.

– Ва ўсякім разе, – сказаў ён, – мы з вамі ведаем, што ў п'есу яна трапіла выпадкова і ў першым варыянце яе не было. Дык чаму ж не аднавіць аўтарскую задуму?.. Тады роля Дэмасфена набыла б аскетычную суровасць, а гэта на карысць вобразу і мне бліжэй. Ну, і эканомія сродкаў. Не трэба шукаць гераіні.

Але Клер адмовіла далікатна і рашуча:

– Што вы, Ларан! Няўжо вам так цяжка знайсці актрысу? Пры вашых здольнасцях вы створыце яшчэ адну Мірыну. Даруйце, я не магу дазволіць папраляць п'есу майго мужа… Не будзем разлучаць тых, каго зблізіў Крысціян.

І Мірына, дачка натхнення і неабходнасці, па-ранейшаму ўпрыгожвае сцэну.

Нараджэнне майстра

Мастак П'ер Душ якраз канчаў нацюрморт – кветкі ў аптэчным слоіку і баклажаны на талерцы, – калі ў майстэрню ўвайшоў пісьменнік Поль-Эміль Глез. Некалькі хвілін Глез глядзеў, як працуе яго сябар, потым рашуча сказаў:

– Не!

Мастак перастаў падпраўляць баклажан і ў здзіўленні падняў галаву.

– Не, – паўтарыў Глез. – Не! Так ты ніколі не будзеш мець поспеху. Ёсць у цябе майстэрства, ёсць у цябе талент, і чалавек ты сумленны. Але твой жывапіс, галубчык, занадта просты, нават банальны. Ён не крычыць, не лезе ў вочы. У Салоне, дзе пяць тысяч палотнаў, твае карціны не прыцягнуць увагі сонных разявак… Не, П'ер Душ, поспеху мець ты не будзеш. А шкада.

– Але чаму? – уздыхнуў сумленны мастак. – Я малюю тое, што бачу. Стараюся выявіць тое, што адчуваю.

– Справа не ў гэтым, мой бедны сябра. У цябе ёсць жонка, галубчык, жонка і трое дзяцей. Кожнаму з іх трэба па тры тысячы калорый у дзень. А карцін куды больш, чым пакупнікоў, і дурняў куды больш, чым знаўцаў. То якім жа спосабам, П'ер Душ, ты мяркуеш выбіцца з натоўпу нікому не вядомых няўдачнікаў?