реклама
Бургер менюБургер меню

Андре Моруа – Навелы (страница 18)

18px

На выстаўцы 1900 года я ўпершыню ўбачыў карціну Бельтара. Мяне вельмі здзівіла, што ён стаў мастаком, а яшчэ больш тое, што ў яго быў талент. Нас заўседы глыбока хвалюе, калі мы адкрываем нешта выдатнае ў чалавеку, з якім сябравалі з дзяцінства. Тое, што ў генія былі таварышы, уявіць лёгка, але цяжэй паверыць, што сярод тваіх таварышаў быў геній. Я яму напісаў. Ён запрасіў мяне да сябе. Яго майстэрня мне спадабалася, я пабываў там некалькі разоў і, пасля доўгага абмену пісьмамі і тэлеграмамі, арганізаваў абед «пяці». За абедам кожны расказаў, чым ён займаўся, скончыўшы ліцэй.

Шэраг даволі цікавых абставін прымусіў трох з нашай кампаніі адмовіцца ад кар'еры, выбранай для нас бацькамі. Каханкай Бельтара стала адна натуршчыца, з якой ён зрабіў для ўласнай забавы некалькі ўдалых эскізаў. Гэта жанчына зблізіла яго з мастакамі. Ён працаваў, меў поспех і, праз некалькі месяцаў, зусім адвярнуўся ад медыцыны.

Потым, апынуўшыся на поўдні, на сваёй радзіме, ён намаляваў безліч партрэтаў марсельскіх купцоў і, асабліва, іхніх жонак, зарабіўшы на гэтым тысяч дваццаць франкаў, што дало яму магчымасць, вярнуўшыся ў Парыж, працаваць для сябе. Ён мне паказаў карціны, у якіх «сцвярджаўся характар», як гаварылі тагачасныя крытыкі.

Фабера, які на вечары ў дзядзькі пазнаёміў гасцей з урыўкам са свайго сцэнічнага твора ў выкананні аматараў, расхваліў адзін стары пісьменнік, друг іхняй сям'і. Гэты добразычлівы чалавек, узяўшы над ім шэфства, парэкамендаваў Адэону паставіць яго першую п'есу «Стэп». Ламбер-Леклерк быў сакратаром у сенатара ад дэпартамента Ардэш, які абяцаў зрабіць яго супрэфектам. Я напісаў некалькі навел і прачытаў іх у прысутнасці «пяці».

Шалон слухаў нас уважна. Ён выказаў шэраг тонкіх і справядлівых думак аб маіх першых спробах, адзначыў, што сюжэт аднае з іх запазычаны з навелы Мерымэ і што мой стыль занадта набліжаецца да Варэса, якім я тады захапляўся. Ён бачыў пастаноўку п'есы Фабера і з выключным веданнем тэатральнай спецыфікі назваў яму сцэну, якую варта было перарабіць. Разам з Бельтара ён прайшоўся па яго майстэрні і з кампетэнтнасцю мастацтвазнаўцы разважаў аб імпрэсіянізме. Потым падтрымаў Ламбер-Леклерка, прааналізаваўшы палітычнае становішча ў дэпартаменце Ардэш з дзівоснай дакладнасцю. І да нас вярнулася ранейшае ўражанне, што Шалон самы бліскучы з нашай кампаніі, і мы, шчыра прызнаючы яго перавагу, у сваю чаргу папрасілі яго расказаць пра свой жыццёвы шлях.

У васемнаццаць гадоў, атрымаўшы ніштаватую спадчыну, ён пасяліўся ў невялічкай кватэры, аблажыўся кнігамі і працаваў, як ён казаў, адразу ў некалькіх кірунках. Перш за ўсё, ён пісаў вялікі раман, накшталт «Вільгельма Мейстэра» Гётэ, які павінен быў скласці першы том «Новай чалавечай камедыі». Таксама ён думаў аб драматычным творы, у якім былі б аб'яднаны дасягненні Шэкспіра, Мальера і Мюсэ. «Вы разумееце, я жадаю спалучыць фантазію з іроніяй, лёгкасць з глыбінёй». Нарэшце, ён пачаў «Філасофію духу» – «блізкую да Бергсана, – гаварыў ён мне, – але значны крок наперад у аналізе феномена інтуіцыі».

Я наведаў яго, і кватэра Шалона мне здалася на рэдкасць утульнай, асабліва, калі прыняць пад увагу, што жыў я тады ў танным пакоі дрэннай гасцініцы. Антыкварная мэбля, некалькі гіпсавых злепкаў з шэдэўраў Луўра, удалая копія з карціны Гольбейна, паліцы, застаўленыя кнігамі ў ціснёных вокладках, рысунак Фраганара ў арыгінале – усё сведчыла аб вытанчаным мастацкім гусце.

Ён пачаставаў мяне ангельскай цыгарэтай выдатнага смаку і колеру. Я папрасіў яго паказаць мне пачатак «Новай чалавечай камедыі», але нават першая старонка і тая не была закончана. Для п'есы была падрыхтавана пакуль што адна назва, а для «Філасофіі духу» – некалькі картак з нататкамі. Затое ён мне доўга паказваў маленькага «Дон-Кіхота» – выданне пары рамантызму, з цудоўнымі малюнкамі, толькі што ім купленае ў суседняга букініста, аўтографы Верлена, каталогі гандляроў карцінамі. Я з цікавасцю правёў у яго вечар – вельмі мілы таварыш.

Такім чынам, «Саюз пяці» аднавіў сваё існаванне і наша дружба стала нават мацнейшай.

Шалон, якому не было чаго рабіць, наладжваў сувязь між намі. Часта ён цэлыя дні праседжваў у майстэрні Бельтара. З таго часу як быў створаны партрэт місіс Джэрвіс, жонкі амерыканскага пасла, Бельтара ўвайшоў у моду. Шмат прыгожых жанчын з'яўлялася да яго, каб ён іх маляваў, і прыводзіла сваіх сябровак прысутнічаць на сеансе альбо хваліць гатовую работу. Майстэрня напаўнялася чарнавокімі аргенцінкамі, бялявымі амерыканкамі, ангелькамі-эстэткамі, якія параўноўвалі нашага таварыша з Уістлерам. Многія з гэтых дам прыходзілі знарок, каб пабачыць Шалона, які іх забаўляў і быў ім даспадобы. Бельтара, ацаніўшы адразу прыцягальную сілу агульнага нашага друга, з вялікім спрытам карыстаўся ім як прынадай. У Шалона было там сваё крэсла, направа ад крэсла – скрынка з цыгарамі, налева – пакунак з цукеркамі. Ён упрыгожваў сабой майстэрню і на сеансах не дазваляў дамам нудзіцца. Ён умеў нутром угадваць выйгрышную жывапісную кампазіцыю і ў гэтым быў проста незаменны. Ніхто лепш за яго не мог выбраць убрання і позы найбольш адпаведных той альбо іншай натуры. Надзелены рэдкім дарам адчуваць хараство і ўзаемасувязь колераў, ён без памылкі паказваў майстру які-небудзь жоўты альбо блакітны тон, які трэба было неадкладна ўхапіць. «Дружа мой, ты мог бы стаць мастацкім крытыкам», – гаварыў Бельтара ў захапленні ад яго здольнасцей.

– Так, я гэта ведаю, але не хачу разменьвацца, – мякка адказваў Шалон.

У гэтай майстэрні ён пазнаёміўся з мадам дэ Тыянж, з герцагіняй дэ Капры, з Селіяй Доўсан, з місіс Джэрвіс, і яны ахвотна запрашалі яго на абед. Для іх ён быў «літаратар», друг Бельтара, і гасцям яго рэкамендавалі так: «Пан Шалон, вядомы пісьменнік». Ён стаў дамашнім кансультантам па пытаннях мастацкіх навінак. Дамы вадзілі яго ў кнігарні, пыталіся, што чытаць, і прасілі быць іхнім літаратурным настаўнікам. Кожнай ён абяцаў прысвяціць адзін са сваіх раманаў, які будзе ўключаны ў «Новую чалавечую камедыю».

Многія з іх яму расказвалі сваю біяграфію. «Мне больш падабаецца, калі вы гаворыце пра сябе, – падахвочваў ён дам, – бо ў маёй шматтомнай эпапеі я закрану ўсе спружыны складанай жаночай душы». Яго лічылі стрыманым і хутка зрабілі сховішчам самых пікантных парыжскіх сакрэтаў. З'явіўшыся ў гасцінай, ён адразу пападаў пад абстрэл некалькіх пар зацікаўленых вачэй. Жанчыны знаходзілі, што ён добры псіхолаг, і ахвотна перад ім спавядаліся. Шырока ўжывалася такое азначэнне: «Шалон – увасабленне чуласці і здагадкі».

Аднойчы я сказаў яму:

– Ты павінен пісаць псіхалагічныя раманы. Ніхто лепш за цябе не выявіў бы сучаснага Дамініка[2] ў жаночым вобразе.

– Ну так, я гэта ведаю, – адказаў ён з выглядам чалавека, які, па горла завалены справамі, вымушаны адхіліць тое, што ён рабіў бы з прыемнасцю. – Ну так, назіранняў хапае, але ў мяне ёсць пэўная мэта, і я не магу раскідацца.

У майстэрню часта заходзіў Фабер і браў яго з сабой на рэпетыцыі. З таго часу як з шумным поспехам пачаў ісці «Карнавал», Фабер стаў значнай фігурай у тэатрах Вялікіх Бульвараў. Ён прасіў Шалона падзяліцца свежым уражаннем, бо часам акцёры і рэжысёр да таго стамляліся, што гатовы былі адмовіцца ад п'есы. Шалон бліскуча спраўляўся са сваёй задачай. Ён выяўляў фальшывыя інтанацыі і расцягнутыя мясціны. Спачатку абураныя паводзінамі чужака, акцёры нарэшце прызналі яго. У процілегласць аўтару, свайму вечнаму ворагу, яны палюбілі гэтага чалавека, які нічога сабой не ўяўляў. Хутка ён стаў вядомым у тэатральных колах, спачатку як «друг пана Фабера», потым пад сапраўдным прозвішчам. Білецёры з паклонам выдзялялі яму крэсла ў абмен на ласкавую ўсмешку. Усё часцей і часцей яго пачалі заносіць у спіскі запрошаных на прэм'еры і «генералкі».

– Ты павінен стаць тэатральным крытыкам, у цябе так усё складна выходзіць, – параіў яму Фабер.

– О, напэўна! – адказаў Шалон. – Але ў кожнага свая прафесія.

У той год, калі кожнаму з «пяці» стукнула па трыццаць чатыры, мне прысудзілі Ганкураўскую прэмію за «Блакітнага мядзведзя», а Ламбер-Леклерка выбралі дэпутатам. Фабер і Бельтара яшчэ раней набылі шырокую вядомасць. «Саюз пяці» быў моцным, і без асаблівай натугі мы маглі рэалізоўваць рамантычны сцэнарый, прыдуманы намі ў ліцэі. Наш маленькі гурток павольна працягваў у розныя колы грамадства свае ўчэпістыя шчупальцы. У Парыжы мы былі сапраўднай сілай, тым больш эфектыўнай, што дзейнічала яна неафіцыйна.

Безумоўна, ёсць пэўная перавага, калі мастацкі гурток юрыдычна прызнаны. Рэпутацыя, набытая адным з яго членаў, аўтаматычна пераносіцца публікай на астатніх, і назва гуртка, калі яна ўдала выбрана, абуджае агульную цікавасць. Можна прабачыць культурнаму чалавеку 1835 года, што ён не ведаў Сэнт-Бёва, але ён не меў права абмінуць «рамантыкаў». Аднак ёсць і значныя невыгоды. Заняпад распаўсюджваецца на ўсіх гэтак жа, як і ўздым. Маніфесты і дактрыны – зручныя мішэні для масавай стральбы. Адзіночныя стрэлы не прыносяць такой шкоды.

Прафесіі ў нас былі розныя, і зайздрасць нас не раз'ядала. Мы склалі цудоўны калектыў узаемнай падтрымкі. Як толькі хто-небудзь з нас прабіваўся ў новы цікавы салон, ён так энергічна расхвальваў чатырох сваіх сяброў, што яго прасілі прывесці іх туды. Паколькі людзі ў большасці лянуюцца самастойна думаць, яны ахвотна карыстаюцца гатовым і чужыя ацэнкі робяць сваімі. Фабер – вялікі драматург, бо так гаварыў я, а я – «найглыбейшы з раманістаў», таму што гэта сцвярджаў Фабер. Калі мы ў майстэрні Бельтара наладзілі вечарынку ў стылі венецыянскіх свят васемнаццатага стагоддзя, нам было лёгка сабраць тут усіх, хто заслугоўваў увагі ў Парыжы. Відовішча было незвычайнае. Тры красуні выступалі ў невялічкай камедыі Фабера, дэкарацыі да якой аформіў Бельтара. Але ў вачах гасцей гаспадаром і душой дому быў Шалон. Ён меў шмат вольнага часу, быў повен абаяння і, зусім натуральна, стаў шэфам усіх нашых дамашніх мерапрыемстваў. Калі нам гаварылі: «Ваш цудоўны друг…», мы ведалі, што размова пойдзе аб ім.