18+
реклама
18+
Бургер менюБургер меню

Андре Моруа – Навелы (страница 20)

18

У самую пару яго росквіту Шалонам зацікавілася місіс Пэкс. Глэдзіс Ньютан Пэкс была багатай прыгожай амерыканкай, якая, як амаль усе амерыканкі, багатыя і прыгожыя, праводзіла (і цяпер праводзіць) большую частку года ў Францыі. Яна мае раскошную кватэру на вуліцы Францыска Першага і асабняк на поўдні. Яе муж, Уільям Ньютан Пэкс, з'яўляючыся старшынёй праўлення Ўніверсальнай Каўчукавай Кампаніі і некалькіх чыгунак, прыязджае ў Эўропу толькі на адпачынак.

Усе мы даўно ведалі місіс Пэкс, заўзятую прыхільніцу мастацтваў, якая захаплялася літаратурай, жывапісам і навейшай музыкай. Яна шмат увагі аддала Бельтара, калі той яшчэ толькі пачынаў: купляла яму палатно, папрасіла намаляваць яе партрэт і заказала партрэт місіс Джэрвіс, праз які ён праславіўся. Два гады яна расхвальвала сваім знаёмым Бельтара, арганізавала выстаўку яго карцін, давала абеды ў яго гонар і, нарэшце, запрасіла Бельтара правесці зіму ў яе асабняку ў Напулі на беразе мора, каб ён мог спакойна працаваць.

Потым да Бельтара прыйшоў поспех, а поспех – гэта тая мяжа, за якой канчаецца вялікая дружба місіс Пэкс. Жанчына яна з розумам, але ў сваёй любві да мастацкіх рэчаў трымалася поглядаў некаторых біржавых спекулянтаў, што баяцца стабільных каштоўнасцей і хапаюцца за дробныя акцыі, невядомыя шырокай публіцы, аб якіх яны ўжо маюць па сакрэту пэўныя звесткі. Яна любіць пісьменніка, якога не друкуюць, драматурга невыразнага, п'еса якога разы тры праскочыла ў авангардысцкім тэатры, кампазітара, накшталт Эрыка Саці, пакуль той не прыдбаў сабе вучняў, альбо эрудытаў рэдкага профілю, якіх-небудзь санскрытолагаў ці даследчыкаў старажытнага кітайскага жывапісу.

Праўда, мушу адзначыць, яна ніколі не апякала людзей нікчэмных і пасрэдных. У яе быў і спрыт і густ. Але страх перад банальным, агульнадаступным, мог яе адштурхнуць нават ад дасканалага. Я не ўяўляю, каб Глэдзіс Пэкс магла любіць Талстога альбо Бальзака. Адзенне ёй шыюць у найлепшых атэлье, яна не будзе насіць плацця, нават самага прыгожага і якое ёй падабаецца, калі ўбачыць у іншых такога ж фасону. Са сваімі пісьменнікамі і мастакамі яна абыходзіцца гэтак жа: аддае іх слугам, як толькі яе сябры прывыкнуць да іх.

Мабыць, я нясу адказнасць за тое, што нацэліў яе ўвагу на Шалона. Неяк раз вечарам на абедзе ў Элен дэ Тыянж мяне пасадзілі з ёю поплеч. І здарылася так, што гутарка зайшла пра яго, і я неасцярожна сказаў: не, ён ніколі не друкаваўся, але задумы ў яго грандыёзныя, і нават ёсць пачатыя работы.

– Вы іх бачылі?

– Так, але гэта яшчэ толькі нататкі. Няма пра што гаварыць.

Я сказаў без усякага намеру, аднак іменна тое, што магло больш за ўсё спакусіць місіс Пэкс. Адразу ж пасля абеду яна затрымала Шалона недзе ў кутку і, нягледзячы на ўсе спробы Элен іх разлучыць (гаспадыня не прызнавала манаполій у сваім салоне), не адпускала яго ўвесь вечар. Я назіраў за імі здалёк. «Гэта трэба было прадбачыць, – разважаў я… – Ва ўсякім разе Шалон ідэальны аб'ект для эксперыментаў місіс Пэкс. Яна шукае неапублікаванага, невядомага, схаванага ад вачэй… І вось перад ёю прадмет яе мар: пісьменнік без чытачоў, таямнічы аўтар яшчэ ненапісаных кніг. Фізік, які паступова разрэджвае паветра ў закрытай пасудзіне, імкнецца да абсалютнай пустаты. Глэдзіс Пэкс, адзін за адным мяняючы сваіх падапечных па прынцыпу найменшай прадукцыйнасці, набліжаецца да нуля. І ў Шалоне яго знаходзіць. Гэта цудоўнае супадзенне дзвюх блізкіх тэндэнцый павінна абаіх ашчаслівіць. Выходзіць, я ім памог».

І сапраўды, з наступнага дня пачаўся перыяд Шалона ў жыцці Глэдзіс Пэкс. Было ўзгоднена, што ён абедае ў яе тры разы на тыдзень, што яна прыйдзе глянуць на яго чарнавікі, а ўзімку забярэ яго з сабой у Напуль, «каб ён мог спакойна працаваць». Некалькі дзён мяне трывожыла думка, як аднясецца місіс Пэкс да рукапісаў Шалона, якія, нават з яе пункту гледжання, надта ж мізэрныя. Але тут мне здрадзіла логіка, бо страх быў зусім дарэмны. Я сустрэў Глэдзіс Пэкс на другі дзень пасля, так сказаць, папярэдняй інвентарызацыі яго творчых дасягненняў. Яна была ў захапленні. «Тут тоіцца больш, – сказала яна, – больш зместу ў задумах вашага друга, чым у плённых здабытках Генры Джэймса…» І ўсё наладзілася.

Месяцы два смакавалі яны слодыч духоўнага збліжэння. За гэты час Глэдзіс Пэкс абвясціла ўсяму Парыжу, што рыхтуе выданне твораў непрызнанага генія. Гэтым геніем стаў наш Шалон. Яна знайшла яму выдаўца, дамовілася з перакладчыкам на ангельскую мову, адрэкамендавала яго многім выдатным чужаземцам, якія наведвалі Парыж, – Джорджу Муру, Луіджы Пірандэла, Гофмансталю, Сінклеру Льюісу. Потым, вычарпаўшы ўсе даступныя ёй спосабы рэкламы, яна папрасіла ў нашага друга які-небудзь тэкст.

Яе задаволіла б любая драбніца – нарыс, артыкул, некалькі гатовых старонак. Шалон, які, зразумела, у гэтыя два месяцы працаваў не больш, чым звычайна, нічога ёй даць не мог, у чым і прызнаўся з уласцівай яму шчырасцю. Але місіс Пэкс была не з тых жанчын, што пакідаюць геніяў, як неўзараную цаліну. За сваё жыццё яна ўжо дзесяць такіх апрацавала: прыгорне да сябе беднага, закінутага, нясмелага чалавечка, надзеленага невядома за што дзівосным дарам пісаць, маляваць, ствараць музыку, і праз некалькі месяцаў выпускае ў свет авеянага славай майстра. Яе цешыў самы працэс такога ператварэння. Уплыў яе быў вялікі, і дабівацца свайго яна ўмела. Глэдзіс Пэкс энергічна занялася выхаваннем Шалона, і, воляй-няволяй, ён павінен быў нешта рабіць.

Не ведаю, з чаго яна пачала, – кампліменты, напэўна, магчыма, абяцанні (не думаю, каб яна з ім какетнічала: Глэдзіс – жанчына халодная, натуры строгай), але аднойчы Шалон прыйшоў да мяне збянтэжаны.

– Хачу з табой параіцца, – кажа… – Місіс Пэкс прапануе мне на зіму свой дом у Напулі, каб я мог спакойна працаваць. Прызнацца, у мяне няма ніякага жадання пакідаць Парыж… І потым я зараз не ў форме… Хіба толькі, каб зрабіць ёй прыемнасць. Ёй вельмі спадабаўся мой раман, і мяне спакушае думка, што за два-тры месяцы адзіноты я, можа, яго закончу.

«Закончыць» раман, які не быў пачаты… Цікавая логіка! Але ён гаварыў сур'ёзна, і я не пярэчыў.

– Ну што ж, – кажу, – цудоўна! Місіс Пэкс прапануе слушна. У цябе сапраўды вялікі талент, ты кожны дзень у звычайных гутарках пускаеш на вецер цэлыя раздзелы бліскучай кнігі. Калі просьба жанчыны, атмасфера захаплення і давер'я будуць спрыяць таму, што ты нарэшце запішаш тое, чым так шчодра дзелішся з намі, мы ўсе будзем вельмі рады… Згаджайся, стары, я падтрымліваю… Мы ўсе цябе падтрымліваем.

Ён падзякаваў і праз некалькі дзён наведаў мяне, каб сказаць, што выязджае. За цэлую зіму ён прыслаў нам пару паштовак. У лютым я адправіўся ў Напуль, каб яго пабачыць.

Асабняк містэра і місіс Пэкс вельмі прыгожы. Яны рэстаўрыравалі і прыстасавалі да сваіх патрэб невялічкі правансальскі замак-крэпасць, які ўзвышаўся над залівам. Суровасць будынка і подступаў да яго ў кантрасце з раскошай і адмысловым унутраным камфортам здзіўлялі, як чароўная казка. Кветнікі і дрэўцы былі размешчаны на тэрасах, выштукаваных з вынаходніцкай хітрасцю, бо каб іх прыляпіць да скалы, спатрэбіліся дзесяткі кубаметраў бетону. За шалёныя грошы гаспадары навезлі з Італіі кіпарысаў, і яны, як вартавыя, абрамлялі дзёрзка перайначаную людзьмі прыроду. Калі я з'явіўся, дварэцкі далажыў, што пан працуе і папрасіў пачакаць. Чакаў я даволі доўга.

– А! Дарагі мой! – сказаў Шалон, прыняўшы мяне нарэшце. – Дагэтуль я не ўяўляў, што такое работа. Пішу многа, спорна, з натхненнем. Думкі атакуюць, аглушаюць, бяруць у палон. Пяро проста не паспявае занатоўваць вобразы і мыслі. Яны б'юць фантанам з крыніцы ўзрушанай памяці. Скажы, ты калі-небудзь адчуваў такое?

Я сарамліва прызнаўся, што падобныя крызісы ад перапоўненасці бывалі са мной рэдка, і выказаў меркаванне, што яго натуры больш, чым мне, адпавядае бурны ўзлёт. Ад доўгага маўчання назапашаныя ім матэрыялы спрасаваліся і цяпер выбухнулі, як порах. Я правёў у яго ўвесь вечар. (Місіс Пэкс знаходзілася яшчэ ў Парыжы.) Цікавыя перамены заўважыў я. Раней адной з самых абаяльных яго асаблівасцей была выключная разнастайнасць размовы. Я не меў часу многа чытаць і даражыў тым, што ў асобе Шалона знаходзіў чалавека, які чытаў усё. Ён першы знаёміў мяне з дасягненнямі маладых. Куды б ні ішоў ён увечары – у тэатр ці з візітам – ніхто ў Парыжы не ведаў столькі гісторый, інтымных драм і пацешных анекдотаў. І самае важнае, што Шалон быў адным з тых рэдкіх сяброў, з якімі заўсёды можна было пагаварыць пра сваё, пра сваю работу, адчуваючы, што ён гэтым сапраўды цікавіцца і, слухаючы вас, не думае пра сябе. Пабыць з ім было вельмі прыемна.

Але ў Напулі Шалон стаў зусім іншы. За два месяцы ён не разгарнуў ніводнай кнігі, ні з кім не сустракаўся. Ён гаварыў толькі аб сваім рамане. Калі я пачаў расказваць пра нашых сяброў, ён трошкі паслухаў, потым выняў з кішэні блакнот і нешта запісаў.

– Ты што запісваеш? – пытаю.

– Ды так! Прыйшла ў галаву ідэя для маёй кнігі. Не хочацца, каб яна прапала.

Праз хвіліну, калі я працытаваў яму словы адной з кліентак Бельтара, ён ізноў выцягнуў блакнот.

– Ты што? У вар'яты падаўся?

– Дарагі мой, у мяне ёсць цудоўны персанаж, які шмат чым нагадвае Бельтара. Тое, што я пачуў, можна з поспехам выкарыстаць.