18+
реклама
18+
Бургер менюБургер меню

Андре Моруа – Навелы (страница 19)

18

Як і раней, ён нічога не рабіў. Я ні разу не чуў, каб ён браўся за свой раман, п'есу, філасофскі трактат, каб ён іх зрушыў з месца хаця б на адзін радок. Ён не рабіў нічога ў літаральным сэнсе. Ён не апублікаваў ніводнай кнігі, не напісаў ніводнага артыкула ў часопіс, ніводнай заметкі ў газету, ніколі не выступаў з прамовай. І зусім не таму, што яму цяжка было дабіцца, каб яго друкавалі. Ён быў знаёмы і нават сябраваў з лепшымі выдаўцамі, з адказнымі рэдактарамі часопісаў. І не таму, што ён даражыў сваёй незалежнасцю і свядома хацеў заставацца толькі гледачом. Наадварот, у ім развівалася прыродная прага да славы. Тут было спалучэнне прычын розных, але скіраваных у адно: нядбайства і бесклапотнасць, няўстойлівасць інтарэсаў, слабасць волі. Служыцель муз заўсёды чаго-небудзь пазбаўлены, і гэта «беднасць» прымушае яго адрывацца ад быту, узлятаць над зямлёй і шырока расплюшчанымі вачамі глядзець на жыццё. Шалон вельмі ўтульна ўладкаваўся ў жыцці і быў ім цалкам задаволены. Яго выключная лянота была адлюстраваннем яго шчасця.

Пісьменнікі называлі нашага друга «дарагі калега» і дарылі яму кнігі з аўтографам. Па меры таго як мы падымаліся па ступенях іерархічнай лесвіцы парыжскага свету, дзе ўсё да дробязі разлічана пры ўсім паказным лібералізме, Шалон прасоўваўся гэтак жа і без вагання далучаўся да гонару, які прыпадаў на долю каго-небудзь з нас. Мы заўсёды стараліся ахоўваць яго самалюбства, падобна таму, як свежаспечаны генерал, крыху саромеючыся свайго чыну, і не ўпэўнены, што яго далі па заслугах, цягне ўгору свайго таварыша па школе Сэн-Сір.

Каля нас пачалі круціцца маладыя людзі ў пошуках падтрымкі. Шалона, які жыў паміж нас як роўны, яны называлі «дарагі мэтр». Разумныя былі хлопцы, асцярожныя. Употай, магчыма, і распытвалі: «А што ён такое напісаў? Ці чытаў яго хто?» Часам які-небудзь няспрытны падліза расхвальваў перад ім «Блакітнага мядзведзя» альбо «Караля Калібана». «Прабачце, – са стрыманым абурэннем гаварыў Шалон, ускінуўшы галаву, – гэта сапраўды добрая рэч, але не мая». Аднак з усяго нашага «Саюза пяці» ён адзін ахвотна браў чытаць рукапісы і даваў парады, ад якіх, вядома, не было ніякай карысці, але заўсёды разумныя і бліскучыя.

Гэта дармавая слава расла так паступова, так натуральна, што мы ані не дзівіліся. Мы крыўдзіліся і лічылі абразай, калі нашага друга забывалі запрасіць на які-небудзь афіцыйны прыём «прадстаўнікоў літаратуры і мастацтва». Дарэчы, такога здарэння не было ніколі. Часам, калі выпадкова мы даведваліся, што вялікі мастак жыве ў галечы, забыты дзяржавай і народам, у нас на момант узнікала пытанне: як растлумачыць парадаксальны поспех Шалона? «Можа, гэта і несправядліва, – думалі мы, – але нічога не зробіш. Так было заўсёды. А потым у таго бедняка ёсць талент, а гэта таксама багацце».

Аднаго разу раніцай, прыйшоўшы да яго снедаць, я заўважыў у кутку пачцівага юнака, які раскладваў старыя часопісы. Шалон адрэкамендаваў яго: «Мой сакратар». Гэта быў тоненькі зграбны хлопец, выпускнік бібліятэчнага інстытута.

Праз некалькі дзён Шалон прызнаўся нам, што плаціць яму трыста франкаў у месяц, і гэта немалы выдатак. «Але, – дадаў ён з пакорнасцю, – цяжка такім людзям, як мы, абыходзіцца без сакратара».

Вайна 1914 года гвалтам перайначыла жыццё кожнага. Бельтара стаў драгунам, Фабер – лётчыкам у Салоніках. Ламбер-Леклерк, паранены на фронце, вярнуўся з гонарам у Палату і заняў пост памочніка міністра. Шалон, пабыўшы салдатам пры інтэнданцтве, быў адкліканы аддзелам прапаганды і закончыў вайну ў Парыжы на вуліцы Францыска Першага. Пасля дэмабілізацыі ён зрабіў мне і Фаберу шэраг важных паслуг, бо праз доўгую адсутнасць мы страцілі кантакты з цэнтрам, ён жа, наадварот, заваяваў ласку новых і магутных сяброў.

Бельтара быў узнагароджаны баявым ордэнам, Фабер таксама, яшчэ раней. Ламбер-Леклерк дабіўся ад свайго калегі з ведамства мастацтваў, каб мяне ўключылі ў першыя пасля перамір'я цывільныя спіскі ўзнагароджаных. У мой гонар «Саюз пяці» наладзіў цудоўны абед у рэстаране расейскіх эмігрантаў – ікра, асятрына, «водка». Музыканты ў шаўковых кафтанах выконвалі цыганскія песні. Нам здалося (не іначай, як пад уплывам сумных мелодый), што ў той вечар Шалон крыху зажурыўся.

Я вяртаўся назад разам з Фаберам, які жыў непадалёку ад мяне. Была прыгожая зімовая ноч. Праходзячы праз Елісейскія Палі, мы ўспаміналі Шалона.

– Ах, небарака, – заўважыў я, – як гэта цяжка ў яго гады, азірнуўшыся ў мінулае, бачыць там адну пустату!

– Ты думеш, ён гэта ўсведамляе? – запытаў Фабер. – Алімпійская бесклапотнасць!

– Не ведаю. Па-мойму, яго жыццё нейк раздвойваецца. Калі ўсё добра, усюды запрашаюць, усюды прымаюць, ён забывае, што нічога для гэтага не зрабіў. Але ў глыбіні душы адчувае. Няясная трывога заўсёды пры ім і часам прабіваецца наверх, калі навокал занадта спакойна… Скажам, калі сёння вечарам вы ўсе з радасцю абмяркоўвалі мой твор, а я выступаў з тлумачэннем, ён, напэўна, заўважыў, што аб ім ніхто ні слова.

– Ёсць людзі, у якіх няма зазнайства, а значыцца, і зайздрасці.

– Безумоўна, але Шалон не з такіх. Для гэтага трэба быць альбо вельмі сціплым і казаць сабе: «Гэтыя рэчы не для мяне», альбо вельмі гордым і думаць: «Мне іх не трэба». Шалон хоча мець усё, але ён больш гультай, чым славалюб. Павер, становішча вартае жалю.

На гэтую тэму мы гаварылі доўга. Кожны з нас ставіўся да яго паблажліва. Кантраст паміж яго бясплоднасцю і нашай пладавітасцю рабіў нас чуллівымі, спагадлівымі, і мы шкадавалі Шалона.

Назаўтра Фабер і я пайшлі ў міністэрства да Ламбер-Леклерка.

– Ёсць у нас адна ідэя, – сказаў я яму, – з'явілася ўчора, калі мы з табой развіталіся. Ці не здаецца табе, што Шалону непрыемна бачыць нас усіх чатырох з ордэнамі і медалямі, а самому заставацца абдзеленым? Якое гэта мае значэнне? Ніякага, вядома, як і многае на свеце, – гэта толькі сімвал. А раз яно не мае значэння, то чаму б гэты сімвал не начапіць на грудзі Шалону?

– Я не маю нічога супраць, – адказаў Ламбер-Леклерк, – але ж патрэбны заслугі.

– Што? – запратэставаў намеснік міністра, разваліўшыся ў кутку канапы. – Не мог я сказаць такога глупства.

– Ну, тут ужо выбачай. Магу спаслацца на Фабера… Ты сказаў: «Патрэбен хоць бы нейкі выгляд заслуг».

– Гэта магчыма, – прамовіў Ламбер-Леклерк. – Я не служыў у ведамстве мастацтваў і пры ўсім жаданні не мог бы яго прасунуць, але я вам сказаў, што, калі б Шалон захацеў прайсці ў мяне па спіску забеспячэнцаў, зрабіць гэта вельмі легка.)

– Ён жа не ідыёт, – ізноў загаварыў расказчык. – Але і тое добра, што ты яго не прымушаў. Па спісках памяці паэта Эжызіпа Маро Шалон усё ж атрымаў ордэн. Прапануючы яму падпісаць заяву, я меў неасцярожнасць заўважыць (бо трошкі злаваўся, што ён лічыць гэта натуральным), колькі мы мелі турбот, каб зрушыпь справу з месца.

– Няўжо? – спахмурнеў ён. – А я думаў, гэта вельмі проста.

– Вядома, проста, каб у цябе былі заслугі…

Ён здзівіўся з такой шчырасцю, што я адразу змоўк.

Яго сябры і прыхільнікі справілі яму гучны банкет. Ламбер-Леклерк прывёў міністра асветы, праслаўленага прамоўцу. Былі там два акадэмікі, яшчэ адзін з Акадэміі Ганкураў, актрысы, мастакі і некалькі свецкіх львоў. Ва ўсіх быў цудоўны настрой. Чалавек – істота добразычлівая, калі ён спакойны і не зайздросціць. Шалон, які нікому не замінаў, быў кожнаму сімпатычны, і раз ужо знайшлася магчымасць паспрыяць яго шчасцю, усе з радасцю ўзяліся гэта рабіць. Тыя, хто быў там, разумелі і адчувалі, што герой гэтага свята – фікцыя, ілюзія, створаная іх уяўленнем. Яны былі нават удзячны Шалону за тое, што яго існаванне залежала ад іх ласкі, і смакавалі ў няпэўным зіхаценні яго поспеху сваю ўласную магутнасць, тое, што яны з нічога зляпілі фігуру. Людовік Чатырнаццаты любіў людзей, цалкам яму абавязаных, і гэта каралеўская рыса ўласціва многім абраннікам лёсу.

Калі ўсім прысутным падалі салодкае, хтосьці з паэтаў прачытаў прыгожыя вершы. Міністр сказаў кароткае слова: тэмпераментна, складна і з гумарам. Ён гаварыў аб сціплым і глыбокім уплыве Шалона на сучасную французскую літаратуру, аб яго красамоўстве, аб Рываролі і Малармэ. Госці стоячы віталі героя вечара. Нарэшце з чароўнай непасрэднасцю хораша выступіў Шалон. Яго слухалі ўважна ў атмасферы агульнай узрушанасці. Банкет удаўся на славу.

Выйшаўшы, я пасадзіў Шалона ў сваю машыну і сказаў яму:

– Добра, вельмі добра.

Ён усміхнуўся шчаслівы:

– О! Надзвычайна! І самае прыемнае, што ўсё рабілася шчыра, ад душы.

І, ведаеце, ён не памыляўся.

З таго часу кар'ера Шалона набыла імпэт. Яго жыццёвы шлях стаў гладкім і шырокім, як уезджаная магістраль. Ніякіх перашкод! Ні разу не ўпаў, не паслізнуўся. Перавага нікчэмнасці ў тым, што яе нельга ўшчаміць. І мы з задавальненнем прадбачылі ўжо стужку Ганаровага Легіёна на шыі нашага друга. Ужо ў некаторых сяброўскіх дамах пачалі гаварыць, што трэба яго прасунуць у Акадэмію. Герцагіня дэ Т… нясмела намякнула аб гэтым аднаму акадэміку, вялікаму майстру выбарчых спраў, і той сказаў ёй: «Так, так, мы думаем, але пакуль што яшчэ ранавата». З кожным днём на твар Шалона ўсё выразней клалася тая пагодлівая яснасць, што паходзіць ад спакойнай мудрасці ці ад сытага гультайства, якія, між іншым, нярэдка збліжаюцца.