реклама
Бургер менюБургер меню

Андре Моруа – Навелы (страница 17)

18px

Хто яна? Адкуль? Дзе ён яе падхапіў? Гэтага так і не ўдалося высветліць. Маладзенькая дзяўчына. Звалі яе Далорэс дэ Кеведа, але, нягледзячы на сваё імя, яна была францужанка, ва ўсякім разе па-французску гаварыла без акцэнту. І хоць я пазнаёміўся з ёю значна пазней, у пару яе сталасці, але скажу, што мне рэдка даводзілася бачыць жанчыну зграбнейшую. Чысценькі правільны твар, гладкія чорныя валасы, высокія круглыя бровы, выгляд уладарны і спакойны. Гэты Дзюрук, хоць і вялікі нягоднік, але ўмеў разбірацца ў жаночым харастве.

Пра сумеснае жыццё Дзюрука з жонкай ад трэцяга шлюбу нічога не магу расказаць. Паміж Клеры і Пон-дэ-Лёрам усякая сувязь парвалася. Ніхто туды не ездзіў і адтуль не прыязджаў. З 1902 да 1907 года над гэтым глухім кутком вісела заслона маўчання і варожасці. І вось, у кастрычніку 1907 года, разыграўся апошні акт гэтай дзіўнай драмы.

– Памерла Далорэс? – не выцерпела Элен дэ Тыянж.

– Не, мадам… Дзюрук быў знойдзены мёртвым у сваёй спальні. Я не абмовіўся: Геркул Дзюрук, а не яго жонка… Дзюрук, прасцёрты на кіліме перад ложкам, ужо не дыхаў, калі мой юны калега Герон быў выкліканы ў Клеры для неадкладнай дапамогі. За выключэннем таго, што гэта быў труп мужчыны, усе іншыя акалічнасці амаль супадалі з папярэднімі двума здарэннямі. Смерць здаровага чалавека. Ніякіх яўных прычын. Магчымы віноўнік двух злачынстваў на гэты раз сам стаў ахвярай.

Пракуратура Эўро для фармальнасці ўчыніла следства, якое, зразумела, нічога новага не дало.

– Зрэшты, – сказаў мне з прыкрасцю пракурор, – калі яна яго забіла, то так яму і трэба. Тут была, мабыць, законная самаабарона… Я яе доўга дапытваў… Яна магла б успомніць шмат жудасных фактаў, але тайны так і не выдала.

Трэцяя мадам Дзюрук атрымала ў спадчыну ўсю маёмасць свайго мужа, усе яго мільёны. Пражыўшы гадоў колькі адна, яна потым выйшла замуж за маркіза дэ Буаньі і пераехала ў Буаньі, што ў дэпартаменце Кроз… Замак, у якім жылі тры жонкі мулата, ахутаны ліхою славай, пуставаў, яго ніхто не хацеў купляць. Летась я пабываў там. Плюшч і дзікі вінаград аплялі яго сцены і вокны. Галіны ліп разбілі каляровыя вітражы капліцы. Дарожкі зараслі травой і зліліся з навакольным лугам. Гэта быў, можна сказаць, замак Спячай Прыгажуні ў зачараваным лесе…

– Але вы, мадам, нарадзіліся ў Пон-дэ-Лёры, – звярнуўся доктар да Элен дэ Тыянж, – і, напэўна, добра ведаеце замак Клеры-сюр-Ітон?

– Ды так, бачыла ў дзяцінстве ў гушчары дрэў, – прамовіла з усмешкай Элен. – Праклятая мясціна! Мы, дзеці, баяліся туды хадзіць… сама не ведаю чаму.

– Дазвольце вас запытаць, доктар, – пацікавіўся раманіст Бертран Шміт, – у чым тут сакрэт? Як вы самі тлумачыце гэтыя дзіўныя факты? Вы ж не верыце ў супадзенне?

– Вядома, не веру… Упэўнены, што тут былі тры забойствы… Але цікава, якім спосабам гэта зроблена? Я думаю, што ёсць нейкі туземны сакрэт, прывезены Дзюрукам з Афрыкі, падобны на смяротны ўкол тарэадора, які канцом сваёй шпагі дасягае сэрца праз нервовы цэнтр… Вы, можа, чыталі ў Фабра апісанне такіх насякомых, што колюць джалам у цэнтральны нерв ахвяру, пазбаўленую абароннага шчытка, і паралізуюць яе?.. У касцявым мозгу чалавека ёсць нервы і пункты, што кіруюць дыханнем… Як да іх дабрацца? Мабыць, іголкай?.. Але тут, безумоўна, патрэбен выключны спрыт, глыбокае веданне анатоміі. У некаторых першабытных плямён можа быць веданне інстынктыўнае, як і ў насякомых… Паспрабуй разбярыся!..

– Але ж іголка пакідае сляды?

– Не адразу іх пазнаеш, калі іголка вельмі тонкая. І хто іх тады асабліва шукаў?.. Вас не ўразіла тая акалічнасць, што абедзве жонкі Дзюрука прычэсваліся перад смерцю? Тут міжвольна напрошваецца вывад, што ён сам узяўся прычасаць іх нанач і выкарыстаў момант, калі яны, седзячы да яго спіной, прыгнулі галаву.

– Магчыма, але ж і ён памёр.

– Старэючы, яшчэ больш закаханы ў Далорэс, ён мог забыцца і адкрыць ёй свой сакрэт. Ведаючы спосаб і баючыся, што ён калі-небудзь яе заб'е, альбо ўзненавідзеўшы мужа фізічна, яна яго нарэшце прыкончыла.

– Гісторыя выключная, але паверыць можна, – сказаў Бертран Шміт.

Памаўчаўшы, ён запытаў:

– Ну, а як сябе адчувае маркіз дэ Буаньі?

– Жыве і сёння ў добрым здароўі, – паведаміў доктар.

Кар'ера

У майстэрні жывапісца Бельтара кожную трэцюю суботу збіраліся: дэпутат Ламбер-Леклерк (цяпер ужо намеснік міністра фінансаў), раманіст Сіўрак і Фабер, аўтар п'есы «Кароль Калібан», з поспехам пастаўленай у тэатры Жымназ.

Аднойчы вечарам Бельтара пазнаёміў сяброў з маладым правінцыялам, сваім дваюрадным братам, якому вельмі хацелася стаць літаратарам.

– Гэты хлопец, – сказаў ён ім, – напісаў раман, па-мойму не горшы, чым у іншых. Прашу цябе, Сіўрак, прачытай, калі ласка. Мой брат нікога не ведае ў Парыжы, ён інжынер і жыве ў Баё.

– Шчаслівы чалавек! – прамовіў Фабер. – Вы напісалі кнігу, вы жывяце ў правінцыі і вы нікога не ведаеце? Лічыце, што вам пашанцавала, пане мой. Пачнуць спрачацца, хто першы выявіў скрыты талент, – і, калі вы зможаце ўдала стварыць вакол сябе легенду, праз год вы станеце больш славутым, чым сам Сіўрак, наш друг. Адно я вам, галубчык, параю: не высоўвайцеся… Баё! Гэта так добра – Баё… І зусім не таму, што ў вас няма асабістага абаяння, пане мой, а проста – чалавечая прырода церпіць геніяў толькі на адлегласці.

– Прыкіньцеся хворым, – аўтарытэтна параіў Ламбер-Леклерк. – На хваробе многія зрабілі бліскучую кар'еру.

– І чым бы ты ні займаўся, – дадаў Бельтара, – не кідай сваёй спецыяльнасці. Спецыяльнасць – найлепшы назіральны пункт для творчасці. Калі ты замкнешся ў сценах кабінета, ты будзеш пісаць кнігі на прафесійным узроўні, складзеныя як мае быць і нудныя да немагчымасці.

– Дурань! – пачуўся рэзкі голас Сіўрака. – «Спецыяльнасць – найлепшы назіральны пункт…» Як можаш ты, разумны чалавек, паўтараць падобныя штампы? Калі пісьменнік не знаходзіць матэрыялу ў сабе, ніякі «пункт» яму не паможа. Хіба Пруст выходзіў з дому? А Талстой выязджаў з Яснай Паляны? Калі ў яго пыталіся, хто такая Наташа, ён адказваў: «Наташа – гэта я». А Флабер…

– Выбачай, – не згадзіўся Бельтара. – Талстога акружала вялізная сям'я, і ў гэтым адна з крыніц яго сілы. Пруст наведваў рэстаран «Рыц», меў шмат сяброў, у якіх заўсёды мог пачарпнуць патрэбную інфармацыю. Што датычыцца Флабера…

– Ніхто не спрачаецца, – перабіў Сіўрак, – але ўяві сабе Пруста без велікасвецкіх тэм… У яго б знайшлося, што сказаць… Ён аднолькава цікава гаворыць і пра сваю хваробу, і пра сваю спальню, і пра сваю старую служанку. Між іншым, я магу прывесці прыклад, які цябе цалкам пераканае, што нават самага дасціпнага розуму, пастаўленага ў найлепшыя ўмовы для назірання, мала, каб стварыць мастацкую рэч. Наш друг Шалон… У каго было больш часу і магчымасцей назіраць за рознымі пластамі грамадства? Шалон бачыў, і вельмі блізка, пісьменнікаў, мастакоў, камерсантаў, акцёраў, палітычных дзеячаў, дыпламатаў, быў сведкам самых патаемных сцэн чалавечай камедыі. А якія вынікі? На жаль, мы гэта ведаем!

– Шалон! – умяшаўся Ламбер-Леклерк. – А што з ім здарылася? Хіба ў каго з вас ёсць весткі пра Шалона?

– Мы заходзім у адну і тую ж кнігарню, – растлумачыў Сіўрак, – і я там зрэдку яго сустракаю, але ён робіць выгляд, што мяне не бачыць.

Малады правінцыял нахіліўся да гаспадара і ціха запытаў, хто такі Шалон.

– Сіўрак, – папрасіў Бельтара, – раскажы гэтаму хлопцу пра кар'еру Шалона. Для юнакоў прыклад павучальны.

Сіўрак выпрастаўся, сеў на край канапы і загаварыў. Голас у яго быў скрыпучы, кожны склад ён нібы адкусваў зубамі. Апавяданне ён пачаў так:

– Не ведаю, малады чалавек, ці чулі вы пра клас рыторыкі ў ліцэі Генрыха Чацвёртага, выпуск 1893 года. Гэты ліцэй, што суседзіць з Пантэонам, даў не менш выдатных выхаванцаў, чым Эколь Нармаль, адкуль выйшлі – Тэн, Прэво-Парадоль, Сарсэ і Эдмон Абу. Клас рыторыкі быў, як мне гаворыць кожны раз пры сустрэчы адзін з нашых былых настаўнікаў, «аранжарэяй славутых людзей», паколькі там вучыліся адначасова Бельтара, Ламбер-Леклерк, Фабер і я. Ламбер-Леклерк, як і тады ўжо, рыхтаваўся да грамадскай дзейнасці: разам з Фаберам пасля заняткаў любіў ацірацца на скачках…

– Ты хоць чын мой паважай! – нахмурыўся намеснік міністра.

– Тваё правасхадзіцельства быў адзіным сярод нас, хто з юнацкім запалам прадчуваў сваю будучыню. Бельтара схільнасці да малявання не выяўляў, Фабер і не марыў прабівацца ў драматургі. Наш выкладчык літаратуры стары Гамелен казаў яму: «Мой бедны Фабер, вы не адолееце французскай мовы да канца дзён сваіх». Думка слушная, але цяперашняя некультурная публіка з ёю не згаджаецца. Што датычыцца мяне, то найбольшай маёй эстэтычнай асалодай было маляваць Венеру на палях сшыткаў. Шалон дапаўняў нашу групу.

Гэта быў бялявы хлопец з тонкімі, прыгожымі рысамі твару. Працаваў ён мала, чытаў многа, умеў цудоўна выбіраць паэтаў і гальштукі і, дзякуючы свайму бездакорнаму густу, набыў між намі вялікі аўтарытэт. У той час, прачытаўшы «Гісторыю трынаццаці» Бальзака, мы вырашылі заснаваць, чацвёра нас і Шалон, «Саюз пяці». Кожны з «пяці» павінен быў падтрымліваць чатырох астатніх ва ўсім і заўсёды. Мы дамовіліся, што грошы, прызнанне, сувязі, усё, што мог прыдбаць адзін з «пяці», павінна было служыць нашым агульным інтэрасам. Гэта быў цудоўны праект, але ён так праектам і застаўся, бо, скончыўшы ліцэй, мы разышліся. Яго правасхадзіцельства і я падаліся ў юрысты, Фабер, якому трэба было зарабляць на жыццё, уладкаваўся да свайго дзядзькі ў банк. Бельтара пачаў займацца медыцынай. Ваенная служба разлучыла нас яшчэ больш, а потым перашкаджалі розныя акалічнасці. Шэсць гадоў мы амаль нічога не ведалі адзін пра аднаго.