реклама
Бургер менюБургер меню

Андре Моруа – Навелы (страница 16)

18px

– Ну, вядома… Але ўсё куды горш, чым я меркаваў спачатку… Баюся, што праз некаторы час мы расчаруемся… Ёсць рахункі, якіх я проста не разумею.

Так да канца ніхто і не разабраўся ў дзейнасці Геркула Дзюрука. Пэўнымі з'яўляюцца тры факты: акцыянеры не атрымалі ні аднаго су прыбытку, «Таварыства», праіснаваўшы некалькі цяжкіх гадоў, збанкруцілася, сам жа Геркул застаўся пры сваім багацці. Гэтая нячыстая камбінацыя адшыла ад мулата ўсіх, хто некалі добра ставіўся да яго. Геркул і Бланш замкнуліся ў сваім замку і нікуды не выязджалі.

Гадоў праз чатыры, а можа, праз пяць пасля іх жаніцьбы, дакладна не памятаю, мяне ўпершыню запрасілі ў Клеры. Бланш Дзюрук нейк дзіўна змянілася. Гэта слаўная жанчына, што была для мяне ўвасабленнем сілы і стойкасці, страшэнна схуднела. Яна стала нервовай, яе фламандскі румянец знік, вочы ўваліліся і палінялі. Я не знаходзіў ні праяў туберкулёзу, ні слядоў іншых захворванняў. Парушэнняў арганічных функцый не назіралася, але фізічныя прычыны гэтай змены вызначыць было няцяжка. Яе муж, чалавек ненасытнай пажадлівасці і, па ўсім відаць, наравісты і люты, яе вельмі стаміў. Некалькі разоў яна была цяжарнай, але дабром гэта не канчалася.

А тут яшчэ дадаліся сардэчныя трывогі. З таго часу як Бланш пачала траціць сваю прывабнасць, ён стаў здраджваць ёй. Спачатку, калі Дзюрук лавіў сельскіх дзяўчат, Бланш прыкідвалася, што не бачыць, спадзеючыся, паправіўшы сваё здароўе, вярнуць і мужа. Потым ён пусціўся ў залёты да маладой жанчыны з Пон-дэ-Лёра Мацільды Фраман, удавы архітэктара. Я яе добра ведаў, жанчына сумленная, але Геркул Дзюрук прыставаў як смала. Бланш увесь час пыталася ў мяне пра сваю саперніцу, горка плакала і скардзілася. Я прапісваў ёй для супакаення няшкодныя бромістыя кроплі.

Так мінула яшчэ два гады.

Вечарам у студзені 1897 года з Клеры прымчаўся на веласіпедзе слуга, пазваніў у мой дом і папрасіў мяне як мага хутчэй з'явіцца ў замак. «Пані вельмі дрэнна», – паведаміў ён. Як я ні пытаўся, ён мне нічога не растлумачыў, сказаў, што сам не ведае, што яго разбудзіў пан, загадаў мяне адшукаць, і толькі. Я прыехаў у брычцы і знайшоў маю кліентку распасцёртай на ложку. Яе сэрца не білася. Бланш сканала гадзіны дзве назад. Ніякіх сімптомаў, больш-менш сур'ёзных, што я назіраў у яе дагэтуль, я не мог прыгадаць, каб вытлумачыць раптоўную смерць такой маладой жанчыны, і, натуральна, без асаблівага давер'я пачаў распытваць яе мужа, спакой і вытрымка якога мяне вельмі ўразілі:

– Скажыце, нарэшце, што тут здарылася?

– Я сам не разумею, доктар… Вечарам Бланш, як звычайна, зайшла ў туалетны пакой. Перад сном яна заўсёды доўга прычэсваецца… Яна не вярталася, але я спачатку не прыдаў гэтаму значэння. І толькі праз гадзіну, занепакоіўшыся, паклікаў яе. Адказу не было, і я ўвайшоў… Яна сядзела непрытомная, з распушчанымі валасамі… Побач на падлозе валяўся грэбень… Каб не спінка крэсла, яна б упала таксама.

– Вы кажаце «непрытомная»? Значыць, тады яна яшчэ не была мёртвая?

– Напэўна, была, бо да свядомасці яна так і не прыходзіла. Але тады я не здагадваўся. Я перанёс яе ў нашу спальню. Яна не паварушылася.

– Скажыце, апошнімі днямі ёй зрабілася горш?

– Не, доктар… Наадварот, учора за абедам яна была нават весялейшая.

– Як вы думаеце, былі ў яе карыстанні яды, наркотыкі? Магла яна прыняць што-небудзь такое?

– Ні ў якім разе, доктар… Толькі з майго дазволу. Я ўважна агледзеў спальню і туалетны пакой і не знайшоў ні флакона, ні цюбіка, ніякага прадмета, які выклікаў бы падазрэнне. Лякарствы, што захоўваліся ў белай шафцы, былі ўсе прапісаны мною. Я абследаваў цела. Ні драпіны, ні сіняка… Ніякіх пашкоджанняў. І я прыняў рашэнне.

– Пан Дзюрук, – сказаў я з горыччу. – Гэта вельмі сумна, але я не магу без экспертызы выдаць вам пасведчанне… Зрабіўшы так, я меў бы сур'ёзныя непрыемнасці ад органаў цывільнага нагляду. Прыйдзецца труп анатаміраваць з удзелам доктара-крыміналіста.

– Так, так, гэта неабходна, – адказаў ён. – Я сам хачу ўсё высветліць.

Анатаміраванне дало адмоўныя вынікі. Сэрца жанчыны не было кранута. Не знойдзена слядоў ні закупоркі сасудаў, ні разліцця крыві. Ніякіх доказаў натуральнай смерці. З другога боку, ніякіх слядоў атруты ў вантробах, ніякіх раненняў, а значыцца, ніякіх падстаў, каб прызнаць гвалтоўную смерць.

Вывад экспертаў быў аднагалосны: прычына смерці – параліч сэрца, што магло задаволіць закон, але не ўмяшчалася ў розум.

Пахаванне было ўрачыстым. З Арманцьера прыехаў палкоўнік, пастарэлы, згорблены, прыбіты горам. Да зяця ён аднёсся прыхільна, і яго прысутнасць прымусіла жыхароў Пон-дэ-Лёра быць ветлівымі з Геркулам Дзюрукам.

Ніхто б не паверыў, што пасля такой драмы мадам Фраман выйдзе замуж за Дзюрука. Я нават спадзяваўся, што яна наогул перастане з ім сустракацца, бо сам быў моцна закаханы ў Мацільду Фраман. Нельга сказаць, што яна была прыгожая. У яе абліччы было нешта схематычнае. Нос і падбародак стваралі як бы два падобныя трыкутнікі, нарысаваныя вельмі ж бо правільна, затое насмешлівыя вочы і рыжыя валасы падкрэслівалі белізну твару, ад якога веяла цяплом і душэўнай мяккасцю. Зусім юная ўдава архітэктара Фрамана (будаўніка завода ў Кеснэ), яна са свайго дома зрабіла рай для халасцякоў і асабліва для тых, хто, як я, любіў музыку. Убачыўшы, што яна не парвала сваёй дружбы з мулатам, я паспрабаваў без канкрэтнага абвінавачвання, паколькі ў мяне не было належных фактаў, пераканаць яе. Усміхнуўшыся, яна сказала:

– З гэтага нічога не будзе, дарагі доктар… Розум мне сведчыць, што вы гаворыце слушна, але…

– Але што? Вас зачаравалі?

– Ваша праўда, доктар… Тут нейкая магія.

Праз год пасля смерці Бланш яна стала, нягледзячы на бурныя пратэсты ўсіх яе сяброў, другой уладаркай замка Клеры. Пон-дэ-Лёр асудзіў яе рашэнне. Новую сям'ю Дзюрукаў грамадства не прызнала, і мы страцілі цудоўную гаспадыню дома. Мулат, які затаіў злосць за маю да яго варожасць, забараніў жонцы карыстацца маімі медыцынскімі паслугамі. Я перастаў з'яўляцца да іх. Ад слуг мы ведалі, што жывуць яны як быццам шчасліва. Муж і жонка час ад часу разам прыязджалі ў Парыж. Дзюрук арганізаваў каля сябе невялічкую фабрыку харчовых кансерваў і гэтым займаўся. Праз некалькі месяцаў пра іх забылі.

У 1901 годзе, разгарнуўшы «Руанскую газету», я прачытаў пад назвай «Супадзенне ці злачынства» заметку аб смерці беднай Мацільды. Акалічнасці на дзіва нагадвалі тое, што я сам засведчыў калісьці. Лекар, выкліканы ўночы (гэта быў мой калега Фурэ), знайшоў нябожчыцу, як і я, распасцёртай на ложку, з распушчанымі валасамі. Ніякіх слядоў гвалту: ні пабояў, ні сімптомаў атручвання. І хоць я меў зуб на гэтага Фурэ (калега мой не вызначаўся сумленнасцю), аднак наладзіў з ім сувязь, і мы разам адправіліся ў Эўро да пракурора рэспублікі, каб скіраваць яго ўвагу на незвычайнае падабенства смерці дзвюх жанчын. Ён цалкам з намі згадзіўся, даручыў анатаміраваць труп аднаму з лепшых судовых экспертаў, які знарок прыехаў з Парыжа, і загадаў трымаць Дзюрука пад наглядам да высвятлення справы.

Выгляд у мулата быў журботны, але ён ані не трывожыўся.

Другое анатаміраванне, гэтак жа як і першае, было адмоўным.

– Ніколі ў маёй практыцы, – сказаў нам спецыяліст, – я не сустракаў больш цёмнага факта… Мыш'як? Не… Алкалоіды? Не…

– Ёсць яды, што не пакідаюць слядоў.

– Так… Вядома… Але ж трэба даказаць, што іх меў пры сабе абвінавачаны… Купіць іх цяжка… Асабліва яму… Кожны аптэкар, хто яго бачыў, адразу б успомніў… Яго партрэт і прыкметы мы паслалі ва ўсе навакольныя аптэкі і нават у Парыж. Ні ў адну з іх ён не заходзіў, калі не лічыць звычайных пакупак.

– А ці не мог ён прывезці з Афрыкі туземных ядаў?

– Магчыма… Але ўсе гатункі іхніх ядаў пакідаюць выразны след… А я паўтараю вам, ніводзін з унутраных органаў не быў пашкоджаны.

– А ці нельга дапусціць, што гэты Дзюрук мае здольнасць схіляць свае ахвяры да небывалых форм самазнішчэння? Я, здаецца, недзе чытаў пра туземцаў, што некаторыя з іх паміраюць, прымусіўшы сэрца спыніцца намаганнем волі… Гэтаму цяжка даць веры, але, як кажа Гамлет, «ёсць болей з'яў пад небам…»

– Усё магчыма, дарагі калега, але патрэбны доказы і яшчэ раз доказы… А калі іх няма, злачынца трэба адпусціць.

– Злачынца?.. Вы лічыце яго вінаватым?

– Ні хвіліны не сумняваюся… Няма і не можа быць выпадковага супадзення дзвюх аднолькавых таямнічых смярцей… Ва ўсякім разе матэматычная дапушчальнасць такога супадзення настолькі малая, што яе можна прыраўняць да нуля.

– А хіба вашы вывады не з'яўляюцца дастатковым доказам?

– Для вас і для мяне – так… Магчыма… Але я не ўяўляю, каб суд прысяжных мог абвінаваціць на падставе адных праўдападобных меркаванняў… Не, калі следства не дасць нічога больш грунтоўнага, прыйдзецца гэтага Дзюрука апраўдаць…

Так яно і было. Дзюрук вярнуўся ў замак Клеры, але ўсе яго служачыя паразбягаліся. Я думаў, што пасля такой агульнай няславы, ён куды-небудзь выедзе. Нічога падобнага! Ён упёрся ў сваё. Парк здзічэў. Ліпавыя альтанкі без догляду разрасліся так, што засланілі дом.

Мінула некалькі гадоў. І вось аднойчы Пон-дэ-Лёр з абурэннем даведаўся, што Дзюрук у Парыжы ажаніўся трэці раз і ў замку Клеры з'явілася новая гаспадыня. Гэта гісторыя пачала ўжо нагадваць прыгоды Сіняй Барады, і сёй-той з нашага кола прадказваў з цвёрдай упэўненасцю блізкую смерць неасцярожнай жанчыны.